Вучыць на пазітыве

- 11:55Педагагічная майстэрня

Вучыць дзяцей не думкам, а думаць — такім прынцыпам кіруецца ў сваёй рабоце настаўніца хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 3 Крупак Мінскай вобласці Алена Леанідаўна Мішына. Педагагічны такт і паслядоўнасць у прыняцці рашэнняў дазваляюць педагогу дабівацца разумення з боку навучэнцаў, стымулююць іх цікавасць, даюць магчымасць актыўна ўключацца ў работу. Настаўніца паспяхова рыхтуе сваіх выхаванцаў да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, у скарбонцы яе вучняў — узнагароды спаборніцтваў розных узроўняў. У 2017 годзе Алена Леанідаўна прымала ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і стала лаўрэатам раённага этапу.

— Чалавеку павінна пашанцаваць два разы ў жыцці: у каго нара­дзіцца і ў каго вучыцца, — гаворыць Алена Леанідаўна. —  Выбар прафесіі быў зроблены яшчэ ў школьныя гады, і на яго асаблівы ўплыў аказала настаўніца хіміі і біялогіі Наталля Аляксееўна Рудзік. Хімія і біялогія былі маімі самымі любімымі прадметамі ў школе. Вучоба ў інстытуце, а потым і гады работы ў школе пацвердзілі правільнасць гэтага выбару. Зараз прафесію педагога атрымлівае дачка Наталля.

А.Л.Мішына працуе ў школе ўжо 26 гадоў і лічыць перадумовай поспеху навучання найперш развіццё ў вучняў цікавасці да прадмета, па-другое, уменне педагога складанае тлумачыць проста, асабліва гэта тычыцца фарміравання практычных навыкаў, звязаных з рашэннем разліковых задач па хіміі. Калі гаварыць пра развіццё цікавасці да прадметаў, то тут правіла адно: вучыць на пазітыве праз практыка-арыентаваныя задачы і новыя педагагічныя тэхналогіі.

— Настаўнік за гады сваёй работы праводзіць шмат урокаў, аднак колькі з іх з’яўляюцца па-сапраўднаму якаснымі, такой статыстыкі бадай што няма ні ў саміх педагогаў, ні ў адміністрацыі, — разважае педагог. — Які ён, сучасны ўрок? Асабіста для мяне гэта якасны і эфектыўны ўрок. Эфектыўны ўрок — гэта максімальны вынік пры мінімуме выдаткаў. Мне вельмі імпануе формула эфектыўнасці ўрока М.І.Запрудскага, якая вылічваецца так: 45 хвілін падзяляецца на тую колькасць часу, якую настаўнік сапраўды працуе на ўроку, не адцягваючы сваю ўвагу на тэхнічныя моманты.

Алена Леанідаўна пераканана, што работа педагога на ўроку павінна быць дасканала прадуманай і абгрунтаванай, таму на сваіх занятках настаўніца імкнецца стварыц­ь атмасферу супрацоўніцтва — не столькі канкурэнцыі, колькі ўзаемадапамогі. Пры планаванні ўрока яна вызначае мэты як для сябе, так і для дзяцей, прычым школьнікі на занятках самі імкнуцца сфармуляваць іх. Калі дзеці разумеюць, да чаго павінны прыйсці падчас навучання, чаго дасягнуць, толькі ў такім выпадку ўрок будзе эфектыўным. Яшчэ адна ўмова сучаснага ўрока — практыка-арыентаваны падыход. Дарэчы, на працягу некалькіх гадоў настаўніца працуе над тэмай “Крупскі раён у хімічных задачах”. Вучні з цікавасцю і ахвотай рашаюць такія задачы і прымаюць удзел у іх складанні.

— Калі ў дзіцяці пасля ўрока застаюцца пытанні, я гэтымі заняткамі задаволена, значыць, яны прайшлі добра. Магчымы і такі варыянт, калі дзеці пайшлі з урока і ніводнага пытання не задалі — гэта таксама паказчык якаснага ўрока. Тым не менш лічу, што пытанні павінны быць. І, як правіла, яны заўсёды ёсць. Асабліва гэта тычыцца біялогіі, — адзначае А.Л.Мішына.

За гады работы ў школе ў метадычнай скарбонцы Алены Леанідаўны назбіралася шмат педагагічных тэхналогій, прадукцыйных метадаў і прыёмаў навучання. “Некаторы час я вельмі цікавілася пытаннямі актыўнай ацэнкі, аднак па той прычыне, што яна прадугледжвае доўгі перыяд невыстаўлення адзнак, такі момант для сябе лічу не зусім прымальным. Біялогія і хімія — практыка-арыентаваныя прадметы, і ў іх вялікая колькасць практычных і лабараторных работ. За іх выкананне проста немагчыма не паставіць вучням адзнакі, паколькі дзеці іх вельмі чакаюць. Таксама я цікавілася тэхналогіяй перавернутага ўрока. З прычыны спецыфікі нашых прадметаў нельга дазволіць дзіцяці наперад выканаць практычную работу, таму магчымасці перавернутага ўрока засталіся на ўзроўні цікавасці”.

На біялогіі любімымі відамі заданняў школьнікаў сталі хімічныя і біялагічныя дыктанты, складанне воблакаў слоў, знахо­джанне памылкі ў тэксце і інш. Такія заданні дазваляюць настаўніцы не быць статыстам на ўроку, не канстатаваць факты з падручніка, а выкарыстоўваць тое, што сапраўды будзе выклікаць цікавасць у школьнікаў. Акрамя таго, павышаюць матывацыю навучэнцаў і заданні праблемнага характару, якія часта пачынаюць і заканчваюць заняткі. Напрыклад, настаўніца прапануе патлумачыц­ь фразу “Сэрца, табе не хочацца спакою” (ці бывае спакой у сэрца?) альбо “У кіслату змясцілі залатыя ўпрыгажэнні. Што з імі адбудзецца?”.

На сёння Алена Леанідаўна аддае перавагу тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў і кейс-тэхналогіі, якія дапамагаюць рабіць вялікі тэарэтычны матэрыял кампактным, зразумелым, значным з пункту гледжання здароўезберажэння. І хаця пра выкарыстанне тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў ужо вельмі многа напісана, для А.Л.Мішынай знайсці ў ёй штосьці новае было важным і цікавым. У логіка-сэнсавых мадэлях педагогам быў уве­дзены новы каардынатны прамень, які яна назвала “Запомні”,  накіраваны на запамінанне практычнага прымянення рэчываў, прадметаў. Настаўніца абагульніла вопыт работы па гэтай тэме.

— Практычна для любой тэмы па хіміі і біялогіі можна пабудаваць логіка-сэнсавую мадэль. Вялікі аб’ём матэрыялу можна структураваць у выглядзе схемы. Па правілах яе складання, мадэль павінна мець ад 3 да 8 промняў, дзе кожны прамень штосьці абазначае. Калі гэтая мадэль звязана з хіміяй, звычайна вучні адзначаюць на промнях хімічныя і фізічныя ўласцівасці рэчыва, яго атрыманне. Такім чынам, унізе логіка-сэнсавай мадэлі размяшчаецца прамень “Запомні”. Ён звычайна ўяўляе сабой тэкст, які важны менавіта для дзіцяці ў якасці практыка-арыентаванага прымянення рэчыва. Калі гэта тычыцца біялогіі, то прамень накіраваны на фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Логіка-сэнсавыя мадэлі дапамагаюць вучням структураваць вялікі аб’ём матэрыялу, а потым запамінаць і ўзнаўляць яго. Яны дазваляюць рыхтавацца як да алімпіяды, так і да ЦТ, паколькі матэрыял заўсёды перад вачыма, — тлумачыць А.Л.Мішына.

Для біялогіі больш прыдатным настаўніца лічыць кейс-метад або метад канкрэтных сітуацый. Яго варта аднесці да метадаў актыўнага праблемнага эўрыстычнага навучання. Назва метаду паходзіць ад англійскага case — выпадак, сітуацыя і ад паняцця “кейс” — чамаданчык для захоўвання розных папер, часопісаў, дакументаў і інш. Сутнасць яго ў тым, што навучэнцам прапануюць асэнсаваць і знайсці рашэнне для сітуацыі, якая мае адносіны да рэальных жыццёвых праблем і апісанне якой адлюстроўвае пэўную практычную задачу. Адметнасцю гэтага метаду з’яўляецца стварэнне праблемнай сітуацыі на аснове фактаў з рэальнага жыцця. Пры гэтым сама праблема не мае адназначных рашэнняў. Для работы з такой сітуацыяй педагогу неабходна правільна паставіць вучэбную задачу, і для яе рэалізацыі падрыхтаваць кейс з рознымі інфармацыйнымі матэрыяламі (артыкулы, літаратурныя апавяданні, сайты ў інтэрнэце, статыстычныя справаздачы і інш.).

Кейс-метад прадугледжвае групавую работу. Сумеснымі намаганнямі кожная група навучэнцаў аналізуе кейс-сітуацыю і знахо­дзіць яе практычнае рашэнне. У выніку арганізоўваецца дзейнасць па ацэнцы прапанаваных рашэнняў і выбары лепшага ў кантэксце пастаўленай праблемы. Кейс-метад дазваляе актывізаваць тэарэтычныя веды па тым ці іншым курсе, практычны вопыт навучэнцаў, іх здольнасць выказваць свае думкі, ідэі, прапановы, уменне выслухоўваць альтэрнатыўны пункт погляду і аргументавана выказваць свой. Пры дапамозе гэтага метаду дзеці атрымліваюць магчымасць праяўляць і ўдасканальваць аналітычныя і ацэначныя навыкі, вучацца працаваць у камандзе, прымяняць на практыцы тэарэтычны матэрыял.

Як адзначае настаўніца, кейс-метад выкарыстоўваецца не на кожным уроку. Найбольш прыдатныя для яго тэмы па анатоміі. Напрыклад, вучні складалі кейс па тэме “Кругі кровазвароту” і свае веды дэманстравалі на біялагічным дыктанце. А вось тэмы, звязаныя з фарміраваннем навыкаў здаровага ладу жыцця, вывучаюцца калектыўна.

Вялікую ўвагу А.Л.Мішына ўдзяляе фарміраванню ў школьнікаў навыкаў даследчай дзейнасці.

— Знайсці вучняў, якія будуць займацца даследчай дзейнасцю, — справа няпростая, — адзначае Алена Леанідаўна. — Не ўсе дзеці адкрыта могуць падысці і ска­заць пра гэта, хтосьці проста пасаромеецца. І тут часта на дапамогу прыходзіць адміністрацыя, псіхолаг, вялікую ролю адыгрывае таксама сувязь з бацькамі. Звычайна гэтыя вучні праяўляюць сябе пасля ўрокаў, калі задаюць шматлікія пытанні. Як толькі з’яўляецца дзіця, якое задае пытанні ці просіць у чымсьці дапамагчы, на яго трэба адразу звярнуць увагу. У вучня ёсць пытанні — значыць яму цікава. Дарэчы, у даследчай дзейнасці і алімпіядах удзельнічаюць розныя школьнікі. Алімпіяднікі, як правіла, высока­матываваныя дзеці, уседлівыя, яны больш мэтанакіравана працуюць з вучэбным матэрыялам, а дзеці, якія займаюцца даследчай дзейнасцю, зацікаўлены канкрэтнай тэмай і нацэлены на канкрэтны вынік сваёй работы, і не факт, што далейшая іх спецыяльнасць будзе звязана з прадметам.

Тэматыка работ, напісаных вучнямі пад кіраўніцтвам А.Л.Мішынай, дастаткова разнастайная. Школьнікі даследавалі якасць вады ў Крупках і даказалі, што ў ёй павышаная колькасць жалеза, разглядалі колькасць свінцу ў кансервавых бляшанках, хларагенавую кіслату ў бульбе, актываваны вугаль і яго абсарбцыйныя ўласцівасці.

— У цяперашні момант мы пачалі даследчую работу па ўтылізацыі лекавых сродкаў, — расказвае Алена Леанідаўна. — Чаму менавіта лекавыя сродкі? А таму што часта яны ў нас застаюцца дома нявыкарыстанымі. Эколагі рэкамендуюць не даставаць лекі з блістараў, змяшчаць іх у поліэтыленавую ўпакоўку і ўтылізаваць як звычайнае смецце. Мы лічым, што гэта не зусім правільнае рашэнне, бо цэлафан гніць не будзе. Ёсць і такія рэкамендацыі: лекі дастаюцца з блістара, раствараюцца ў вадзе і выліваюцца ў глебу. Што з гэтага атрымаецца? Мы хочам правесці даследаванне, каб утылізацыя адбывалася правільна, з найменшымі стратамі для экалагічнага асяроддзя. Спадзяёмся, адказаць на пастаўленыя пытанні нам дапаможа і Цэнтр экалагічных рашэнняў.

У планах настаўніцы — арганізацыя далейшай даследчай дзейнасці школьнікаў і падрыхтоўка да алімпіяд, тым больш што такая работа дае свой плён. Дзевяцікласніца Паліна Мінеева на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрымала дыплом ІІІ ступені. Дыпломам на канферэнцыі даследчых работ адзначана Алена Ярышкіна.

— Лічу, што школа — шматколерная карцінка і адным махам яе не намалюеш. Тут многа розных колераў, адценняў, шмат дзяцей з рознымі характарамі, з рознымі жыццёвымі сітуацыямі. У школе ні адзін дзень не падобны да іншага, таму настаўнікам і падабаецца іх прафесія, таму многія з нас усвядомлена выбралі яе і працуюць на працягу столькіх гадоў, — адзначае А.Л.Мішына.

Хімічныя задачы ад Алены Мішынай

1. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў раёна складае 69 538 га. Кукуруза вырошчваецца на 8,35% плошчы. Для хімічнай праполкі кукурузы выкарыстоўваецца прэпарат “Таран”. Гэта гербіцыд для знішчэння пустазелля. Норма ўнясення — 25 грамаў на а­дзін гектар плошчы пасеваў. Разлічыць масу і хімічную колькасць прэпарату, неабходнага для апрацоўкі ўсіх пасяўных плошчаў у раёне, калі праводзіцца аднаразовая апрацоўка, а формула прэпарату С22Н19Сl23.

2. У раёне на плошчы 1500 га вырошчваецца лён. Норма высеву — 30 кг/га. Перад пасевам насенне апрацоўваюць борнай кіслатой — на 1 цэнтнер насення неабходна 100 грамаў кіслаты, сульфатам медзі — на 1 тону насення трэба 1,5 кг, сульфатам цынку — на 1 тону насення бяруць 2 кг рэчыва. Разлічыць масы і хімічныя колькасці ўсіх рэчываў, неабходных для перадпасяўной апрацоўкі насення лёну, якія былі выкарыстаны для высеву на ўсёй плошчы.

3. Для сельскагаспадарчых патрэб і будаўніцтва ў садовае таварыства “Надзея” завезлі нягашаную вапну. Якія ўмовы захоўвання гэтага рэчыва? Што з ім адбудзецца, калі яго пакінуць пад старым дахам? Напішыце ўраўненні хімічных рэакцый, якія характарызуюць уласцівасці рэчыва.

4. Шматгадовыя травы вырошчваюць у раёне на плошчы 14 490 га. Пах свежага сена абумоўлены, галоўным чынам, рэчывам, якое называюць кумарынам. У ім змяшчаецца 73,97% вугляроду, 4,11% вадароду і 21,92% кіслароду. Устанавіць найпрасцейшую формулу рэчыва, вылічыць масу сена, якую можна нарыхтаваць у раёне, калі са 100 гектараў можна нарыхтаваць 200 тон сена.

5. Ці выжывуць карасі ў возеры Сялява аб’ёмам 95 млн м3, у ваду якога трапіла 100 м3 сцёкавых вод, якія змяшчаюць 1600 кг аксіду серы (VI)? Таксічная канцэнтрацыя сернай кіслаты для карасёў 138 мг/л.

(У 1993 годзе на базе возера створаны Дзяржаўны гідралагічны заказнік, прамысловых прадпрыемстваў на тэрыторыі няма.)

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.