Вучыць не ўсіх, а кожнага: у новым дадатку «Партфоліа» — эфектыўны педагагічны вопыт

- 16:25Новости

Штомесячны дадатак да «Настаўніцкай газеты» выйдзе ў свет 26 верасня.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 22 Мінска Галіна Чэпелева запрашае завітаць на кірмаш метадычных прыёмаў «Іду на ўрок», які штогод праводзіцца ва ўстанове адукацыі.

Асаблівасці прымянення прыёмаў мнематэхнікі разглядае настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Баранавіч Святлана Кісялёва. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Мазыра Ірына Казачэнка прапануе выкарыстоўваць на занятках лінгвістычныя гульні, якія становяцца ўнікальным сродкам, што ператварае вывучэнне роднай мовы з сумнага завучвання ў займальную прыгоду.

Прыёмы павышэння матывацыі школьнікаў прадстаўляе настаўніца сярэдняй школы № 11 Наваполацка Іна Быкава.

Логіка-сэнсавыя мадэлі выкарыстоўвае на сваіх уроках настаўніца матэматыкі Верхнядзвінскай гімназіі імя І.А. Макеянка Людміла Якаўлева. ЛСМ дазваляюць убачыць усю тэму цалкам і кожны фрагмент паасобку. З іх дапамогай можна паказаць параўнальную характарыстыку паняццяў, формул, знайсці падабенства і адрозненні, вызначыць прычынна-выніковыя сувязі. Пра асаблівасці работы педагога — у артыкуле Надзеі Церахавай «На адным дыханні».  

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Галіна Галуза ўпэўнена: калі ў тэму не ўключаны краязнаўчы матэрыял, звязаны з гісторыяй малой радзімы, то такі ўрок не будзе эфектыўным. У матэрыяле «Эдутон, хранограф, квілт» педагог знаёміць з развіццём краязнаўчага напрамку ў гімназіі.

Як падрыхтаваць пераможцаў алімпіяд, дзеліцца настаўніца англійскай мовы Рэчыцкай раённай гімназіі імя В.П. Маргелава Святлана Панкевіч. А ў «Клубе «Крыштальны журавель» майстар-клас па тэме «Прекрасное далеко, не будь ко мне жестоко, или Урок воспитывает и развивает» прадстаўляе настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Алена Дубанос. З дапамогай яго педагогі змогуць удасканаліць свае ўменні фармуляваць выхаваўчыя і развіццёвыя задачы ўрока.

«Гуляйце ў беларускае! Любіце сваё! Толькі пры гэтай умове голас вашых вучняў у дыялогу культур будзе гучаць моцна і ўпэўнена», — перакананы настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 35 Мінска імя Я.І. Міркоўскага Наталля Шостак і Алена Парэчына. У суаўтарстве з калегамі педагогі распрацавалі інтэлектуальны конкурс і прапануюць настаўнікам скарыстацца яго матэрыяламі.

Прыемнага чытання!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара