Хто не ведае пра гістарычную веліч Нясвіжа? Хто не хацеў бы пазнаёміцца з Нясвіжам? Хто не бачыў фотаздымкі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу? Сярод педагогаў такіх людзей дакладна няма. Нясвіж — тое месца, куды турыстычная сцяжына не зарасце ніколі. Сюды хочацца вяртацца. Тут заўсёды цікава. І галоўная заслуга ў гэтым супрацоўнікаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, а таксама калектываў устаноў адукацыі, якія актыўна вывучаюць і папулярызуюць славутасці роднай зямлі. І, канечне, вялікі дзякуй Радзівілам, якія на працягу стагоддзяў стваралі гэтыя славутасці. Нясвіж і Радзівілы — як цела і душа, як дрэва і лісце, як сонца і яго промні. Пад промнямі сакавіцкага сонца прагуляемся па нясвіжскіх вулачках і прысадах.
У палацава-замкавым ансамблі ХVI—ХIХ стст. сумясціліся прыёмы сярэдневяковага дойлідства з рэнесансам, барока, класіцызмам, мадэрнам і мастацтвам мясцовых майстроў.
Аб’ект № 1
У дні вясновых канікул на вуліцах Нясвіжа асабліва шматлюдна. Тысячы навучэнцаў з усёй краіны знаёмяцца ў гэтыя дні з багатай гісторыяй старадаўняга горада, лёсам яго былых уладальнікаў. Групы экскурсантаў змяняюць адна адну каля ратушы, Слуцкай брамы, а потым абавязкова накіроўваюцца да палацава-замкавага ансамбля. Нясвіжскі палац — № 1 сярод экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, што рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў. Знакаміты палац — № 1 і ў спісе аб’ектаў, якія рэкамендуецца наведаць замежным турыстам для азнаямлення з архітэктурнай і гістарычнай спадчынай нашай краіны. Наогул, Нясвіж варта наведаць кожнаму беларусу, неабыякаваму да мінулага роднай зямлі. Менавіта з такімі неабыякавымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, удзельнікамі інтэлектуальнага турніру “Пазнай свой край” рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, мы і наведаем Нясвіж, а яшчэ абавязкова азнаёмімся з работай, што праводзіцца ў мясцовых установах адукацыі па папулярызацыі культурнай і гістарычнай спадчыны Нясвіжчыны.
Кубак старога замка
Амаль для ўсіх юных краязнаўцаў з сярэдняй школы № 15 і гімназіі № 3 Баранавіч, гімназіі № 1 Віцебска, сярэдняй школы № 1 Акцябрскага імя А.Р.Салаўя, гімназіі № 1 імя Я.Карскага Гродна, сярэдняй школы № 5 Магілёва, сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага, Нясвіжскай гімназіі, гімназіі № 31 Мінска (удзельнікаў турніру “Пазнай свой край”) гэта было першае наведванне Нясвіжа. Адпаведна, і ўражанняў (самых станоўчых і прыемных) — дзясяткі або нават сотні. Па-першае, шыкоўная тэатральная зала, у якой праходзіў турнір, не магла не выклікаць захапленне. Было відаць, як хлопчыкі і дзяўчынкі ў перапынках паміж конкурснымі заданнямі з цікавасцю разглядвалі элементы ўбрання залы (а колькі фотаздымкаў было зроблена на смартфоны падчас экскурсіі!). Па-другое, ветлівая і ўрачыстая атмасфера турніру, якую стварылі яго арганізатары (Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”). Нясвіж невыпадкова быў выбраны месцам правядзення турніру. Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Анатольеўна Сіманоўская, такі выбар сімвалічны, паколькі ў Нясвіжскім палацы захаваны традыцыі шматвекавой гісторыі Беларусі.
— Мы рады вітаць на гасціннай нясвіжскай зямлі, якая здаўна славіцца сваёй гісторыяй, культурай, традыцыямі. На гэтай зямлі немагчыма жыць, працаваць, вучыцца, не займаючыся краязнаўствам, не вывучаючы гісторыю і культуру свайго краю. І мы гэтым займаемся. У нас праходзіць мноства мерапрыемстваў краязнаўчай накіраванасці. Шмат мерапрыемстваў мы праводзім разам з Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж”. Наш горад — гэта горад-помнік, дзе кожны яго куточак прасякнуты гісторыяй. Прыемна, што ў Год малой радзімы наша сумеснае мерапрыемства “Кубак старога замка” набывае статус рэспубліканскага. Паспяховай гульні і прыемных уражанняў ад знаходжання ў нашым цудоўным Нясвіжы! — звярнулася да гасцей намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Святлана Анатольеўна Шатрун.
Слуцкая брама — унікальны помнік барока. Сёння гэта адзіная з пяці брам, якія ў канцы XVI — пачатку XVII стст. з’яўляліся часткай сістэмы гарадскіх умацаванняў.
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” яшчэ ў 2012 годзе стаў ініцыятарам правядзення інтэлектуальнай гульні “Кубак старога замка” для навучэнцаў устаноў адукацыі Нясвіжскага раёна. Потым да гульні далучыліся і іншыя раёны Мінскай вобласці. Сёння палац адчыніў свае дзверы для ўдзельнікаў інтэлектуальнага турніру “Пазнай свой край”. Турнір праводзіўся па тэме “Архітэктура Беларусі” (каманды павінны былі паказаць веды пра месцазнаходжанне, час узвядзення архітэктурных помнікаў, пра архітэктараў, уладальнікаў, пра архітэктурна-мастацкі стыль, гістарычныя ці культурныя падзеі, звязаныя з аб’ектамі ў розных куточках Беларусі) і складаўся з трох тураў: “Інтэлект-буквар”, “5х5”, “Крыжаванка”. У першым туры камандам прапаноўваліся пытанні, адказ на якія пачынаўся з літары алфавіта. Другі тур складаўся з 5 тэматычных катэгорый, кожная з якіх уключала 5 рознаўзроўневых пытанняў. У трэцім туры камандам неабходна было за 7 хвілін рашыць крыжаванку. Пераможцы і прызёры спаборніцтва вызначаліся па суме балаў трох тураў. Найбольшую колькасць балаў набрала каманда Віцебскай вобласці (кіраўнік Алена Андрэеўна Андрэева), 2-е месца заняла каманда Нясвіжскага раёна (кіраўнік Таццяна Іванаўна Кабанава), 3-е месца — каманда Гродзенскай вобласці (кіраўнік Аляксандр Аляксандравіч Швед).
— Музей-запаведнік займаецца шматграннай, цікавай работай. Мы збіраем цікавыя экспанаты, прадметы, выстаўляем іх, але гэтыя прадметы без наведвальнікаў нішто. Сюды павінны прыходзіць людзі, і ў першую чаргу падрастаючае пакаленне, дзеці. Таму музей-запаведнік вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з наведвальнікам-школьнікам. У гэтым нам дапамагаюць, у прыватнасці, навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Менавіта яны сёння праводзілі для вас інтэлектуальную гульню. Вашы веды нас уразілі, на большасць пытанняў вы давалі правільныя адказы. У нашай гульні прайграўшых няма, ёсць толькі пераможцы, — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Вячаслаў Іванавіч Мазалеўскі.
Выдатнай узнагародай для ўдзельнікаў турніру сталі не толькі дыпломы, кубкі, медалі, памятныя прызы, але і экскурсія па Нясвіжскім палацы. Пра што даведаліся экскурсанты? Прапануем нашым чытачам акунуцца ў эпоху Радзівілаў, прагуляцца па старадаўнім горадзе.
Архітэктурная жамчужына
“CONDITVM ANNO DOMINI 1583”. Нават не ведаючы лацінскай мовы, не складана здагадацца, што гэты надпіс на шыльдзе, размешчанай на ўваходнай браме палаца-замка, азначае год заснавання. Менавіта ў 1583 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка (яго партрэты можна ўбачыць у сценах палаца, а бюст — у Старым парку) заклаў новую рэзідэнцыю славутага роду на месцы драўлянага замка. Удзел у яго будаўніцтве прымаў італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні.
За больш чым 400-гадовую гісторыю замак шмат разоў перабудоўваўся, і сёння ён спалучае рысы многіх стыляў. У самім горадзе былі ўзведзены каменныя будынкі брам (захавалася знакамітая Слуцкая брама), кляштароў бернардзінцаў, дамініканцаў, езуіцкі касцёл Божага Цела, ратуша. Падчас Паўночнай вайны, нягледзячы на значны арсенал, замак быў моцна пашкоджаны, шведскія войскі знішчылі абарончыя ўмацаванні замка і горада. У XVIII стагоддзі замак быў адноўлены. Менавіта такім яго бачаць цяпер наведвальнікі. Значны ўклад у аднаўленне будынка зрабіў Міхаіл Казімір Радзівіл (Рыбанька). Работы па добраўпарадкаванні замка і горада працягнуў Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы як Пане Каханку — найбольш яркі і знакаміты прадстаўнік роду, значная палітычная фігура свайго часу. Менавіта ў часы жыцця Караля Станіслава Радзівіла Нясвіжскі замак дасягнуў свайго найбольшага росквіту.
Касцёл Божага Цела ўзводзіўся з 1587 па 1593 год па праекце італьянскага архітэктара Джавані Бернардоні па загадзе Мікалая Хрыстафора Радзівіла (Сіроткі). Храм з’яўляецца першым збудаваннем у стылі барока на тэрыторыі Беларусі. У паўпадвальным памяшканні касцёла знаходзіцца радавая крыпта Радзівілаў.
Падчас вайны 1812 года Дамінік Радзівіл ваяваў на баку Напалеона і адступіў разам з французскай арміяй. Шматлікія скарбы замка былі вывезены ўглыб Расійскай імперыі. Да 1875 года замак знаходзіўся ў запусценні, калі за аднаўленчыя работы ўзялася Марыя Дарота дэ Кастэлян Радзівіл. Дзякуючы хадайніцтву князя Антонія Радзівіла перад імператарам Мікалаем ІІ, былі вернуты многія канфіскаваныя ў 1812 годзе скарбы. У ХХ стагоддзі ў замку неаднойчы мяняліся гаспадары, не абмінулі палац і войны. У 2001 годзе помнік быў перададзены Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж”. У 2012 годзе тут былі завершаны рэстаўрацыйныя работы.
Кожнага наведвальніка Нясвіжскага палацава-замкавага комплексу ўражваюць шыкоўныя інтэр’еры. Усяго ў замку налічвалася каля 300 пакояў і 12 парадных залаў. Залатая, Каралеўская, Гетманская, Мармуровая, Паляўнічая — гэтыя залы і цяпер уражваюць не толькі сваім унутраным убраннем, але і назвамі. У залах палаца часта праводзяцца міжнародныя форумы, канферэнцыі. Адным з мерапрыемстваў стаў нядаўні рэспубліканскі інтэлектуальны турнір “Пазнай свой край”. Дарэчы, пра скарбы. І цяпер існуюць легенды пра схаваныя незлічоныя багацці Радзівілаў. А хто не чуў легенду пра Чорную Панну Нясвіжа (прывід знакамітай Барбары Радзівіл)?
Экскурсійнае бюро
Пра гэтыя, а таксама іншыя легенды, сваім гасцям захапляльна расказваюць не толькі супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, але і Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна, на базе якога з 2014 года працуе дзіцячае экскурсійнае бюро. Яго работнікі распрацавалі некалькі экскурсій, квестаў, краязнаўчых гульняў, рэгулярна (а падчас канікул асабліва часта) сустракаюць гасцей з устаноў адукацыі не толькі Нясвіжскага і найбліжэйшых раёнаў, але і аддаленых куточкаў краіны.
— Экскурсійнай работай і папулярызацыяй гісторыка-культурнай спадчыны раёна мы заняліся па ініцыятыве былога старшыні райвыканкама, які прапанаваў нам распрацаваць экскурсійныя маршруты па раёне. “Маленькія сэрцы вялікага раёна” — так называўся першы маршрут працягласцю 70 км, якім мы ахапілі найбольш значныя ў гістарычным плане мясціны. Са згаданым маршрутам мы працуем і цяпер. У 2014 годзе на базе цэнтра адкрылася дзіцячае экскурсійнае бюро. Сутнасць яго работы — прыцягнуць навучэнцаў да вывучэння роднага краю. Сёлета плануем вывесці праект на абласны ўзровень. Формамі работы з вучнямі ў рамках дзейнасці бюро з’яўляюцца заняткі, семінары, практыкумы, квесты, паходы, экскурсіі, трэнінгі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна Ніла Вячаславаўна Ачкас.
Пад кіраўніцтвам загадчыка аддзялення экскурсійна-краязнаўчай работы Яўгеніі Ігараўны Юхо навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах экскурсійна-краязнаўчага і турыстычнага напрамку вывучаюць літаратуру па гісторыі роднага краю, вядуць пошукавую і аналітычную работу, распрацоўваюць маршруты экскурсій, удзельнічаюць у конкурсах турыстычна-краязнаўчай і патрыятычнай накіраванасці. “Для дзяцей мы рэгулярна арганізоўваем паходы выхаднога дня, турыстычныя спаборніцтвы, спартыўныя мерапрыемствы, вандроўкі на веласіпедах, квесты, экскурсіі, гульні-падарожжы, віртуальныя экскурсіі “Па слядах Радзівілаў”, “Гісторыя старадаўніх замкаў”, “Пазнаём Еўропу”, “Незвычайныя помнікі Беларусі”, “Нязведаная Нясвіжчына”, прэзентацыю архіўных матэрыялаў “Гісторыя Нясвіжа на фотаздымках”, даклады і выступленні членаў клуба “Гісторыя маёй сям’і — гісторыя майго горада”, “Тут родныя трымаюць карані”, “Мялі, мялі, млын”, “Геаграфічныя назвы Нясвіжа як праяўленні тапонімаў”, “Семантыка айконімаў Нясвіжскага раёна”. Мы з калегамі спадзяёмся, што дзейнасць дзіцячага экскурсійнага бюро спрыяе таму, што нашы выхаванцы стануць прафесійнымі экскурсаводамі або краязнаўцамі, запатрабаванымі і матываванымі на работу ў родным рэгіёне”, — падзялілася Яўгенія Ігараўна.
Асаблівая роля ў дзейнасці экскурсійнага бюро адведзена адукацыйна-экскурсійнай праграме “Нясвіжчына гістарычная”, якая ўключае такія экскурсійныя маршруты, як “Нясвіж — жывая легенда”, “Таямніцы Фарнага касцёла”, “Радзівілаўскі парк — захавальнік старадаўніх легенд”, “Дарогі памяці”, “Маленькія сэрцы вялікага раёна”, “Нясвіжчына праваслаўная”, “Сядзібы Нясвіжчыны”, квест-экскурсія “Падарожжа ў часе”, квест па парку “У пошуках скарбаў”, квест па горадзе “Нясвіжскія лабірынты”.
У 1586 годзе Нясвіж атрымаў прывілей на магдэбургскае права. У гэтым жа годзе тагачасны ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Сіротка абавязаў гарадское кіраўніцтва пабудаваць каменную ратушу. Праз 10 гадоў загад быў выкананы.
— З 2016 года наша ўстанова ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”. У рамках праекта атрыманы 26 веласіпедаў і электробус. Быў створаны экскурсійны маршрут на электробусе “Радзівілаўскі парк — захавальнік старадаўніх легенд”, экскурсійны веламаршрут “Таямніцы Старога парку”, распрацаваны аўдыягід. Падчас экскурсій вучні знаёмяцца з гісторыяй стварэння Старога і Марысінага парку, з паркавымі скульптурамі і легендамі, даведваюцца пра вядомых асоб, чыё жыццё звязана з Нясвіжам. Абодва маршруты былі паспяхова рэалізаваны ў мінулым і працягваюць дзейнічаць у бягучым навучальным годзе. Электробус і веласіпеды таксама выкарыстоўваюцца ў правядзенні краязнаўчых мерапрыемстваў, — паведаміла Ніла Вячаславаўна.
Заўсёды цікава
Як бачым, у таго, хто хоча даведацца пра таямніцы гісторыі Нясвіжа, яго легенды і паданні, выбар багаты. Можна паслухаць супрацоўнікаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, можна заказаць экскурсіі ў дзіцячым экскурсійным бюро Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. Можна проста прагуляцца па старадаўніх вулачках, азнаёміцца з асаблівасцямі архітэктуры гарадской ратушы, Слуцкай брамы, Фарнага касцёла, шыкоўнага палаца, іншых помнікаў, якія з’яўляюцца нашымі архітэктурнымі жамчужынамі. У Нясвіж абавязкова захочацца вярнуцца. Тут заўсёды цікава.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.