У прыродзе ўсё імкнецца да раўнавагі. Пасля халоднай зімы ідзе шумная, гаманкая вясна, прыбраная ў свежую зеляніну лістоты і першыя кветкі. Праз пару дзён наступіць дзень вясенняга раўнадзенства, калі дзень практычна зраўняецца па працягласці з ноччу і на зямлі пачне гаспадарыць вясна. Нарэшце мы напоўніцу парадуемся цяплу і сонцу.
А ці ведалі вы, што нашы продкі ўшаноўвалі сонца, як Бога, і з надыходам першых вясновых дзянькоў радаваліся, што сонейка пачынае саграваць зямлю, абуджаць яе пасля зімовай спячкі? Таму і з’явілася традыцыя пячы бліны і аладкі — круглыя, якія па форме нагадваюць сонца. Лічылася, што, з’еўшы такую страву, чалавек атрымае часцінку сонечнага святла і цяпла.
У нашай краіне традыцыйна шырока адзначаецца масленічны тыдзень, не стаў выключэннем і бягучы год. Смачную і вясёлую Масленіцу мы адсвяткавалі пару дзён назад. Выдатна, што да народных традыцый далучаюцца школьнікі, іх бацькі і настаўнікі, таму што любоў да роднай зямлі абуджаецца ў тым ліку праз шанаванне традыцый нашых продкаў.
Напрыклад, у сярэдняй школе № 4 Дзяржынска Мінскай вобласці трэцякласнікі разам са сваёй любімай настаўніцай Таццянай Сяргееўнай Якімовіч віталі Масленіцу згатаванымі дома з бацькамі блінцамі сонечнага колеру. А ў суботні ранак 16 сакавіка адзначалі народнае свята навучэнцы і педагогі Бакштаўскай сярэдняй школы імя Марыі Мікалаеўны Чэрнік Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Мерапрыемства было арганізавана з мэтай прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам павагу да традыцый і звычаяў беларускага народа, інтарэс да яго песень, гульняў, вуснай народнай творчасці. Падчас рухавых гульняў бакштаўскія школьнікі патрацілі шмат энергіі, таму пасля ўдосталь ласаваліся смачнымі блінамі, з любоўю згатаванымі іх матулямі і бабулямі. Вось так школа развітвалася з зімой, вітаючы надыход вясны.
Па-свойму чакаюць надыходу вясны айчынныя аграрыі. Сельскагаспадарчая тэхніка, якая выйдзе на палеткі для вырошчвання ўраджаю-2024, зараз праходзіць неабходнае тэхнічнае абслугоўванне, каб нішто не парушыла планаў аграрыяў на багаты каравай. Прычым, па словах намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Леаніда Зайца, гатоўнасць сельгастэхнікі сёлета на 5% вышэйшая за ўзровень 2023 года. За мінулы год у нашай краіне куплена каля 10 тысяч адзінак тэхнікі на суму 1,8 млрд рублёў з усіх крыніц фінансавання. У тым ліку павялічаны закупкі камбайнаў — 880 адзінак, набыта кормаўборачная, глебаапрацоўчая і іншая самаходная тэхніка.
“Сёння гэта дае магчымасць больш аператыўна праводзіць усе віды палявых работ. Не выклікае сумненняў, што ўвесь машынна-трактарны парк і ўся тэхніка для правядзення комплексу палявых работ будзе гатова і выканае сваё прызначэнне”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Таксама, як паведаміў Леанід Заяц, ужо наступілі аптымальныя станоўчыя тэмпературы, якія садзейнічаюць правядзенню веснавых палявых работ. Глеба для сяўбы збожжавых культур падрыхтавана на 56 тысячах га плошчаў, пры гэтым засеяна 10 тысяч га. Пяць абласцей нашай краіны пачалі ўжо работы па сяўбе, хутка падключыцца і Віцебская вобласць.
Здымак з сайта pixabay.com выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Рыхтуецца да цёплых дзянькоў і сталічны рэгіён. У Мінску гэтай вясной плануюць высадзіць больш за 15 тысяч кустоў руж, пра што паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП “Мінскзелянбуд” Кацярына Кароткіна. Акрамя гэтага, па яе словах, у сталічных парках і скверах будуць высаджваць так званыя сакуры — дрэвы вішні, слівы, міндаля, якія адрозніваюцца прыгожым цвіценнем.
Усё ў нашым жыцці імкнецца да вясенняй раўнавагі. Сонца абудзіць да жыцця насенне, якое кінуць у глебу беларускія аграрыі, і кветкі, клапатліва высаджаныя на нашых вуліцах работнікамі зялёнай гаспадаркі. Аднак самае галоўнае, што чарговая вясна будзе ў Беларусі не толькі прыгожай, духмянай і сонечнай — яна будзе МІРНАЙ.