Выбіраем інжынерную прафесію: як праходзяць тэхнічныя суботы ў Дуброўне

- 15:28Новости, Шестой день

Курс на выхаванне будучых вучоных — інжынераў, канструктараў, спецыялістаў у галіне камп’ютарных тэхналогій — выбрала сярэдняя школа № 2 Дуброўны імя Ю.Смірнова Віцебскай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вялікую ўвагу фізіцы, робататэхніцы і інфарматыцы ўстанова ўдзяляе ўжо не першы год: амаль кожны дзень вучні тут нешта канструююць, вылічваюць ці праектуюць. А ў гэтым навучальным годзе ў школе ў рамках профільнай групы інжынернага кірунку з’явіўся суботні факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”.

— Нашы юныя інжынеры так увайшлі ў смак, што факультатыўнага часу ў суботу ім ужо мала, таму яны застаюцца яшчэ на пару гадзін індывідуальна-групавых заняткаў, — гаворыць настаўніца інфарматыкі і кіраўнік факультатыву Вікторыя Карнеева. — Некаторыя нават выйшлі за рамкі праграмы і ствараюць свае крэатыўныя праекты. Суботнія заняткі наведваюць 11 вучняў 10-х класаў. Тэматыка розная: будоўля, электрыка, інжынерыя, эканоміка, 3D-мадэляванне і іншае. На наступных занятках, напрыклад, мы будзем вывучаць сельскагаспадарчыя машыны.

З энтузіязмам дзесяцікласнікі ствараюць свае 3D-мадэлі, інтэрактыўныя карты, камп’ютарныя гульні і расказваюць пра гэта так захапляльна, што немагчыма перастаць слухаць.

— З дапамогай “РОББО” я сканструя­ваў робатаў, якія збіраюць смецце. Спа­дзяюся, у будучыні яны дапамогуць лю­дзям збіраць яго ў цяжкадаступных месцах ці нават утылізаваць радыеактыўныя адходы, — расказвае пра тое, чым цяпер займаецца, Станіслаў Яўсеенка. — Другі мой праект — гульня-трэнажор для вывучэння англійскіх слоў, распрацаваная на мове Python. А ў лютым гэтага года я ўдзельнічаў у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Інжынеры будучыні”. Па яго ўмовах за 2 гадзіны трэба было сабраць складаную дэталь па чарцяжы, выкарыстоўваючы праграму трохвымернага праектавання “Компас 3D”. У выніку я заняў 3-е месца.

— Мяне вельмі цікавяць геаінфармацыйныя сістэмы, — расказвае дзесяцікласніца Аліна Вароніна. — Таму я стварыла свой праект — электронную карту “Славутасці Дуброўны”, маршрут пазначыла сінім колерам, а нашы славутасці — значкамі. Кожны значок актыўны — клікнуўшы па ім, можна прачытаць інфармацыю пра аб’ект, пагля­дзець фота і відэа. Карта размешчана на нашым школьным сайце, і кожны можа скарыстацца ёй, каб даведацца больш пра наш прыгожы край.

Гэта не адзіны праект, у якім дубровенскія вынаходнікі сумяшчаюць камп’ютарныя тэхналогіі і патрыятычнае выхаванне. Аднакласніца Аліны Карына Звяркова стварыла карту “Святыя месцы Дуброўны”, якая таксама даступна на сайце школы. А Арсеній Гарэлаў з дапамогай праграмы Unity працуе над стварэннем камп’ютарнай гульні, якая аднаўляе знакавыя баі часоў Вялікай Айчыннай вайны: Курскую бітву, бітву пад Сталінградам.

Ларыса Крыштопава, дырэктар сярэдняй школы № 2 імя Ю.Смірнова:

— Гадоў 10 назад у “Настаўніцкай газеце” заўважыла матэрыял пра рэспубліканскі конкурс “Хачу вучыцца ў STEM-класе” і падумала: чаму б і нам не паспрабаваць? У выніку наша ўстанова аказалася сярод лепшых! Мы былі адначасова і рады, і здзіўлены — думалі, усё ж такі горад у нас невялікі, школа звычайная… Але зразумелі, што мы можам! З таго часу ў школе развіваем тэхнічны напрамак. І дзеці ў нас таленавітыя, і педагогі выдатныя: настаўніца інфарматыкі Вікторыя Карнеева, а таксама мае намеснікі Свят­лана Веташкіна, Наталля Чарнаморцава шмат робяць для развіцця нашага навуковага кірунку. Па суботах у нас арганізаваны гурткі навукі і тэхнікі, тэматычныя гульні і конкурсы, зараз вось новы факультатыў. У школе дзейнічае інжынерна-тэхнічны цэнтр, ёсць STEM-лабараторыя, раз у чвэрць праходзіць STEM-тыдзень. Дарэчы, шосты школьны дзень для нас вельмі важны: гэта час, калі дзеці свабодныя ад іншых заняткаў і шчыра прысвячаюць сябе таму, што ім сапраўды цікава.

— Дзесяцікласнікі, якія ходзяць да мяне на факультатыў, пачалі цікавіцца сучаснымі тэхналогіямі яшчэ ў малодшых класах: праяўлялі здольнасці на ўроках, дадатковых занятках, перамагалі на конкурсах, — гаворыць Вікторыя Карнеева. — Імі ганарымся і я, і школа.

Адна з зорачак школы — вучань 9 класа Назар Зазыба, які па ўзросце яшчэ не падыходзіць для факультатыву, але ў гэтым годзе прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па курсе “Нанаіндустрыя і нанатэхналогія”, вытрымаўшы складаны адбор. Там хлопец распрацаваў свой праект на экалагічную тэматыку — па стварэнні сэнсарных датчыкаў вільготнасці з прымяненнем крышталёў меднага купарвасу.

— Пасля выкарыстання гэты купарвас распадаецца на маленькія часткі і можа паслужыць угнаеннем для раслін, плюс ён знішчае шкодныя бактэрыі ў глебе, — дзеліцца дзевяцікласнік. — Выву­чаць камп’ютарныя тэхналогіі я пачаў яшчэ ў 2 класе і, можна сказаць, вырас у гэтай школе як юны вынаходнік.

І ён такі не адзін: маленькіх навукоўцаў тут выхоўваюць змалку: для малодшых класаў па суботах у школе працуе гурток “Мадэлька” па робататэхніцы, кіраўнік — настаўніца пачатковых класаў Вольга Шабанава. Дзеткі, якія праявяць здольнасці, пазней працягнуць навучанне на занятках у Вікторыі Валер’еўны.

— У наступным годзе наш суботні факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” працягне сваю работу, — адзначае Вікторыя Карнеева. — Кабінет для яго выдатна абсталяваны: у нас ёсць 3D-прынтар, самыя сучасныя робататэхнічныя канструктары, медыя­праектар, ноўтбукі, графічныя планшэты. Галоўнае, каб самі дзеці былі зацікаўлены, а я веру, што ў Дуброўне яны ніколі не перавядуцца.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара