Выдатны падарунак да Дня настаўніка атрымалі педагогі і вучні Брэстчыны

- 10:21Новости

Кіраўнікам 13 аддзелаў па адукацыі вобласці ўручылі ключы ад 23 спецыялізаваных мікрааўтобусаў МАЗ вытворчасці ААТ “Брэстмаш”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўрачыстай цырымоніі перадачы аўтатранспарту ўдзельнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, генеральны дырэктар ААТ “МАЗ” — кіруючай кампаніі холдынга “БЕЛАЎТАМАЗ” Валерый Іванковіч і іншыя ганаровыя госці.

— У сельскіх рэгіёнах Брэстчыны падвоз дзяцей да месца вучобы ажыццяўляюць 350 школьных аўтобусаў. Нягледзячы на невялікі працэнт зношанасці аўтапарка, ён штогод абнаўляецца дзеля большага камфорту і бяспекі маленькіх пасажыраў. Так, летась набыты 71 спецыялізаваны аўтамабіль, а ў маі бягучага года — яшчэ 25 за кошт сродкаў абласнога бюджэту. У наступным годзе ўстановы адукацыі атрыма­юць 25 адзінак аўтатранспарту, у тым ліку за кошт рэспубліканскага бюджэту. Наша мэта — забяспечыць роўныя магчымасці для ўсіх дзяцей з улікам іх асаблівых патрэб, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абл­выканкама Наталля Каліноўская.

У Бярозаўскі раён адправіліся адразу два аўтамабілі: для школы і ЦКРНіР. Для ўстановы спецыяльнай адукацыі мікрааўтобус дапрацавалі, абсталяваўшы аўтаматычным пад’ёмнікам.

— Гэта якасны транспарт. І дзеці, і іх бацькі задаволены. Усе выхаванцы нашых устаноў забяспечаны камфортным і бяспечным падвозам, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Алена Саковіч.

Выпуск школьных мікрааўтобусаў ААТ “Брэстмаш” наладзіла летась па заказе Міністэрства адукацыі Беларусі. Пры распрацоўцы транспарту спецыялісты прадпрыемства ўлічылі патрабаванні да перавозкі дзяцей на пасажырскіх сядзеннях, а таксама інвалідаў-калясачнікаў. Каля кожнага сядзення ў салоне — кнопка для сувязі з вадзіцелем і паліца для ручной паклажы. Сістэма кандыцыяніравання паветра — персанальная. Ля пярэдніх дзвярэй — высоўная прыступка, ля задніх — пандус. Прыняты тэхнічныя меры для дадатковай бяспекі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота: Telegram-канал галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама