“Выдатны прыклад патрыятызму, самаахвярнасці, чалавечай годнасці”

- 17:28Краязнаўства

Краязнаўцы часта даследуюць былыя шляхецкія сядзібы.Усё ж такі гэта архітэктурныя жамчужыны Беларусі, наша гордасць, спадчына, месцы прыцягнення турыстаў. Свая архітэктурная жамчужына ёсць і ў Чашніцкім раёне — былы палац Валадковічаў. Ці адновіцца яго ранейшая веліч? Як хутка пачнецца рэстаўрацыя? Што дзеля гэтага робяць настаўнікі і вучні? Якую ролю ў выхаванні маладога пакалення адыгрывае вывучэнне лёсу прадстаўнікоў знакамітага роду? Адказы знойдзем разам з настаўнікам англійскай мовы Іванскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Віктарам Вільгельмавічам ГРЫБКО.

Беларусь справядліва называюць краінай замкаў. Але ці не згубіліся за старадаўнімі вежамі Ліды, Міра, Любчы, Гродна, Нясвіжа, Крэва няхай і не настолькі магутныя і велічныя, але не менш перспектыўныя ў турыстычным плане будынкі колішніх шляхецкіх сядзіб? У адрозненне ад замкаў многія з іх знаходзяцца ў зусім не прывабным стане. Там, дзе некалі гучалі паланэзы і мазуркі, цяпер толькі кавалкі бітай цэглы, шкла, нярэдка смецце. Дзе раней віравала жыццё — самотныя руіны палацаў і гаспадарчых пабудоў, а яшчэ магутныя дубы і таполі, пасаджаныя некалі былымі ўладальнікамі мясцін. Самотныя руіны, магутныя дрэвы — усё гэта ёсць і ў Іванску.

А яшчэ тут ёсць моцная гістарычная памяць, якая захоўваецца дзякуючы краязнаўчай няўрымслівасці нашага сённяшняга героя рубрыкі.

“З вучнямі і калегамі мы даследуем помнікі археалогіі, тапаніміку Іванскага сельсавета, знакамітую бітву на Уле часоў Лівонскай вайны, тэму Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўваем паходы, экскурсіі па адметных мясцінах. Але самай цікавай, істотнай для нас, цэнтральнай тэмай з’яўляюцца Валадковічы. Чаму лёс прадстаўнікоў гэтага роду займае такое важнае месца ў нашай дзейнасці? Таму што на аснове аповеду пра жыццё Валадковічаў можна паспяхова будаваць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Іх лёсы — цудоўны прыклад патрыятызму, самаахвярнасці, чалавечай годнасці”, — па­дзяліўся Віктар Вільгельмавіч.

Калі гаварыць пра адда­насць Радзіме, то ў якасці прыкладу можна прывесці лёс Аляксандра Валадковіча, які нарадзіўся ў 1806 годзе ў Іванску. Пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў ён эмігрыраваў у Францыю, працаваў паслом гэтай краіны ў Швецыі, але да канца жыцця захоўваў у сэрцы любоў да роднага краю. Апошнім яго пажаданнем было пахаваць яго ў Парыжы, а вось сэрца Аляксандра Валадковіча, па яго завяшчанні, было выразана, заспіртавана і прывезена на радзіму і змешчана ў радавой капліцы. На надмагільным помніку можна прачытаць такую прыгожую эпітафію: “Целам з Францыяй, сэрцам з Ра­дзімай”.

Валадковічы былі вядомыя не толькі сваёй шчырай любоўю да Радзімы, але і заможнасцю, мецэнацтвам. Марцін Валадковіч быў фундатарам манастыра ў Грозаве (Капыльскі раён), на яго сродкі пабудавана царква Святога Мікалая. А Міхал Валадковіч быў фундатарам касцёла кармелітаў у Мінску. Адзін з прадстаўнікоў роду Валадковічаў, Канстанцін, ахвяраваў вялікую суму Ягелонскаму ўніверсітэту ў Кракаве на навучанне і ўтрыманне бедных студэнтаў і нават арганізаваў для іх інтэрнат. Апошні ўладальнік Іванска з роду Валадковічаў Вінцэнт заснаваў школу для каталіцкай моладзі. Самых адораных вучняў ён за свае грошы адпраўляў вучыцца ва ўніверсітэты.

Прыкладам самаахвярнасці з’яўляецца жыццё жонкі Густава Валадковіча (аднаго з сыноў Вінцэнта Валадковіча) Ізабелы ў гады Другой сусветнай вайны. Падчас акупацыі яна жыла ў Варшаве і хавала ў сваім доме яўрэйскіх дзяцей, якія збеглі з варшаўскага гета. За гэты ўчынак пасля вайны яна атрымала званне праведніка народаў свету. Усе яе сыны ўдзельнічалі ў супраціўленні. Напрыклад, Вінцэнт быў рэдактарам падпольнай газеты і загінуў падчас Варшаўскага паўстання 1944 года.

Усю гэтую інфармацыю Віктар Вільгельмавіч збіраў літаральна па крупінках. Складанасць пошукаў была ў тым, што ўсе дакументы адносна Валадковічаў былі на польскай мове, некаторыя на лацінскай. Таму настаўніку ў працэсе краязнаўчай дзейнасці давялося вывучыць польскую мову. Педагог падзяліўся цікавым назіраннем: спачатку краязнавец пачынае шукаць інфармацыю, а потым ужо сама інфармацыя шукае яго, з’яўляюцца кантакты, сувязі, новыя знаёмыя, абмен каштоўнымі звесткамі. У 2009 годзе ў школьны музей завітаў чашніцкі ксёндз, якому Віктар Вільгельмавіч перадаў па просьбе адной журналісткі матэрыял пра Валадковічаў, а праз пэўны час у польскай газеце з’явіўся артыкул з фотаздымкамі экспазіцыі іванскага музея. Гэты артыкул прачытала ўнучка апошняга ўладальніка Іванска з роду Валадковічаў. Так завязалася міжнароднае супрацоўніцтва. Па электроннай пошце Віктару Вільгельмавічу прыйшоў ліст з Нідэрландаў ад дачкі Эльжбеты Валадковіч-Мараўскай. У выніку перапіскі экспазіцыя музея папоўнілася копіямі фотаздымкаў, дакументаў адносна іванскага маёнтка.

“І вось у 2010 годзе яны прыехалі да нас у госці. Эльжбета Валадковіч, якой цяпер, дарэчы, 96 гадоў, яе сын Роберт і дачка Ізабела. Яны і цяпер дасылаюць мне розныя дакументы. А я ў адказ дасылаю ім новую інфармацыю, якую ўдаецца знайсці па Валадковічах. Эльжбета расказала пра сваіх маці, брата, пра сваё жыццё да Другой сусветнай вайны, у пасляваенны час. Іх жыццё — прыклад няпростага лёсу, таго, як людзі не змірыліся са складанымі абставінамі, змагаліся, выжывалі. Тая ж Эльжбета працавала на абутковай фабрыцы, потым выйшла замуж за пасла Польшчы ў Нідэрландах. Іх жыццё паказвае, што ніколі не варта засмучацца, трэба захоўваць жыццёвы аптымізм, чалавечую годнасць і жыццё абавязкова ўсталюецца. Яшчэ запомнілася, як нашы госці падчас прыезду ў Іванск з хваляваннем слухалі паланэз Агінскага, як пані Эльжбета гладзіла каменне руін палаца, як разам з сям’ёй на каленях пад дажджом малілася на месцы радавой капліцы. Вось ён, выдатны прыклад памяці пра сваіх продкаў”, — паведаміў настаўнік.

Макет сядзібы ў школьным музеі.

Па словах Віктара Вільгельмавіча, прапановы па аднаўленні сядзібы Валадковічаў, наданні ёй новага жыцця выказваліся неаднойчы, былі нават канкрэтныя крокі. Так, у сярэдзіне 90-х гадоў ­адзін мінскі прадпрымальнік выкупіў сядзібу, хацеў у флігелі зрабіць гасцініцу, невялікі магазін, а ў падвале бар. Ён накрыў новым шыферам дах, паставіў вокны, дзверы, але з-за жыццёвых абставін не завяршыў справу. Пасля гэтага ўсё зноў прыйшло ў заняпад. ­Адзін год быў вялікі снегапад і столькі снегу насыпала на дах, што абваліліся і шыфер, і кроквы. Сёння для аднаўлення сядзібы патрэбны значныя фінансавыя ўкладанні. Былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Васіль­еўна Марозава (сёння яна працуе старшынёй сельвыканкама) рабіла пэўныя захады. Яна распрацавала праект для атрымання гранта, склала бізнес-план. Віктар Вільгельмавіч дапамог перакласці праект на англійскую мову. Ці ўдасца рэалізаваць задумы, пакажа час.

“У першую чаргу можна рэканструяваць будынак флігеля, які захаваўся ў больш-менш добрым стане. Калі б там была, скажам, кавярня, аформленая ў стылі ХІХ стагоддзя, то сюды б прыязджалі людзі з усяго раёна. Можна было б зрабіць і невялікую гасцініцу, а яшчэ экспазіцыю, прысвечаную Валадковічам і сядзібна-паркаваму ансамблю. Тэрыторыю былой ся­дзібы можна аформіць як цэнтр адпачынку. На месцы капліцы Валадковічаў паставіць інфармацыйныя стэнды з фотаздымкам 1928 года драўлянай капліцы. Гэты здымак ёсць у школьным музеі. Каля ўваходу ў парк можна змясціць стэнд з інфармацыяй пра цяперашнюю і ранейшую плошчу парку, пра дрэвы, якія раслі раней і растуць тут сёння. Зноў жа, захаваліся старыя фотаздымкі прысад. Рэшткі астатніх будынкаў сядзібы можна было хаця б закансерваваць, каб сцены далей не разбураліся ад дажджу і снегу. І канечне, паставіць стэнды са старымі выявамі экстэр’еру і інтэр’ера палаца. На беразе сажалкі можна пабудаваць альтанку, а саму сажалку зарыбіць. Задум па аднаўленні ся­дзібы шмат і трэба працаваць у напрамку іх рэалізацыі”, — падзяліўся настаўнік.

Будынак былога флігеля.

Калісьці сядзіба Валадковічаў была цэнтрам сацыяльна-эканамічнага развіцця краю. Першы тэлеграф, першая тэлефонная лінія, першая электрычнасць на сённяшняй тэрыторыі Чашніцкага раёна з’явіліся менавіта ў Іванску. Пры Валадковічах былі пабудаваны папяровая фабрыка, бровар, цагляны і дахоўкавы заводы. Валадковічы былі прагныя і да ведаў, захапляліся даўніной. У іх палацы знаходзілася вялікая бібліятэка, якая налічвала каля 10 тысяч тамоў, шмат з якіх былі старадрукамі, нават у скураных пераплётах. У скарбніцы захоўвалася срэбра, шаблі з дзяржальнамі, упрыгожанымі скурай яшчара, калекцыя слуцкіх паясоў, а на сценах палаца віселі радавыя партрэты аж з XVI стагоддзя.

Многае з гэтага багацця згінула ў віхуры часу, аднак дзякуючы Віктару Вільгельмавічу нешта ўдалося вярнуць, літаральна выратаваць. Педагогі-краязнаўцы ро­бяць усё магчымае, каб захаваць для наступных пакаленняў памяць пра былую веліч шляхецкіх сядзіб. На жаль, многія з іх усё яшчэ чакаюць свайго аднаўлення.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.