Выдавецкі дом «Педагагічная прэса» далучыўся да акцыі «Нашы дзеці»: мы завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу

- 15:12Новости

Прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Алены і Алега Усцінавых у вёсцы Жмураўка Рэчыцкага раёна.

Новы год і Каляды — самыя добрыя і чароўныя святы, якіх заўсёды з нецярпеннем чакаюць дарослыя і дзеці. Менавіта таму штогод у гэтыя дні ў рэспубліцы праходзіць акцыя “Нашы дзеці”.

Прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ўжо каторы год не застаюцца ў баку ад дабрачынных спраў. За час удзелу ў акцыі яны наведалі сацыяльны прытулак пры сацыяльна-педагагічным цэнтры Слонімскага раёна, што на Гродзеншчыне, прыёмную сям’ю Таццяны Гаўрыльчык на Віцебшчыне, а сёлета завіталі на Гомельшчыну — у дзіцячы дом сямейнага тыпу Алены і Алега Усцінавых у вёсцы Жмураўка Рэчыцкага раёна.

Дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская ўручыла бацькам-выхавальнікам і іх выхаванцам ноўтбук, прадуктовы кошык, сувенірную прадукцыю, а таксама салодкія падарункі.

Дарэчы, разам з прадстаўнікамі “Педагагічнай прэсы” дзіцячы дом сямейнага тыпу наведала намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Марына Балынская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Вольга Сталярова, а таксама дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Раева.

Алена Мікалаеўна і Алег Яўгенавіч з’яўляюцца замяшчальнымі бацькамі з 2004 года. Усё пачалося з жадання ўсынавіць дзіця, аднак вырашылі стаць прыёмнымі бацькамі і ўзялі на выхаванне са школы-інтэрната адразу дваіх дзяцей — Любу і Сцяпана, якія на той момант вучыліся ў 1 і 2 класах адпаведна. Зараз Любові ўжо 30 гадоў, яна маці дзвюх дачок, якіх Алена Мікалаеўна і Алег Яўгенавіч лічаць унучкамі і заўсёды радуюцца, калі тыя прыязджаюць у госці.

Сцяпан пасля заканчэння школы паступіў у Рэчыцкі дзяржаўны тэхнічны каледж, скончыў яго на выдатна і атрымаў спецыяльнасць “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”. Пасля паступіў у адзін з каледжаў Віцебска, скончыўшы які застаўся працаваць у Віцебску, ажаніўся, але таксама не забывае прыёмных бацькоў.

Пасля ў сям’і з’явілася Даша, якой зараз ужо 19 гадоў, яна студэнтка Мазырскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.

У 2010 годзе Алене і Алегу Усцінавым прапанавалі ­стаць бацькамі-выхавальнікамі. Яны доўга разважалі і ў выніку ў чэрвені 2011 года змянілі статус прыёмнай сям’і на статус дзіцячага дома сямейнага тыпу.

“Спачатку, вядома ж, было цяжка, — расказвае Алена Мікалаеўна. — Былі думкі наконт таго, што мы не справімся, што не трэба прадаўжаць гэтую справу, аднак пры гэтым немагчыма было ўявіць, як можна кінуць дзяцей, якім і так у жыцці несалодка. Хацелася, каб яны адчулі, што зна­чыць сям’я, падтрымка, узаемапавага, любоў, клопат, сямейныя традыцыі. Хацелася навучыць іх быць культурнымі і паспяховымі, сфарміраваць у іх уяўленне аб дабрыні і міласэрнасці”.

За ўвесь час у сям’і на выхаванні было 21 дзіця. Хтосьці прыйшоў у сям’ю ў раннім узросце, а хтосьці і ў падлеткавым. Двое дзетак былі ўсыноўлены, чацвёра вярнуліся ў біялагічныя сем’і, большасць з’яўляюцца выпускнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу Усцінавых.

Зараз муж і жонка выхоўваюць дзевецярых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзвюх біялагічных дачок. Дарэчы, аднаго з выхаванцаў бацькі-выхавальнікі забралі з прытулку за дзень да прыезду гасцей і, пакуль ідзе адаптацыя хлопчыка да сям’і, малы на момант нашага наведвання дзіцячага дома сямейнага тыпу знаходзіўся ў дзіцячым садзе.

Паміж членамі сям’і нала­джаны цёплыя, даверлівыя адносіны. Для кожнага дзіцяці ў Алены Мікалаеўны і Алега Яўгенавіча заўсёды знойдзецца доб­рае слова, бо, нягледзячы на тое, што ўсе дзеці розныя і ў кожнага няпросты лёс, ім аднолькава патрэбны любоў і клопат.

Бацькі-выхавальнікі стараюцца прывіваць дзецям здаровы лад жыцця, санітарна-гігіенічныя навыкі, якія, на жаль, у большасці дзяцей, што прыходзяць у сям’ю, не сфарміраваны, вучаць іх асновам бяспечнай жыццядзейнасці, далучаюць да культурнай спадчыны краіны. Так, дзеці пабывалі ў шматлікіх музеях, замкавым комплексе “Мір”, нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, мемарыяльных комплексах “Хатынь” і “Брэсцкая крэпасць”. Яны прымаюць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных дню горада Рэчыцы, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і іншых.

Сям’я вядзе актыўны лад жыцця: штогод выязджаюць на Браслаўскія азёры, рэгулярна наведваюць матчы ў спартыўна-забаўляльным комплексе “Мінск-Арэна”, страусавую ферму, заапарк. Нядаўна пабывалі ў Астраўцы, дзе пабудавана Беларуская атамная электрастанцыя.

Кожнаму дзіцяці важна адчуваць сябе любімым. Толькі ў тым выпадку, калі яно бу­дзе ўпэўнена, што жыве ў свеце не проста так, што яго любяць і яно патрэбна іншым, яго жыццё напоўніцца яркімі фарбамі і даверам да навакольных.

Вольга БАРТАЛЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА