Назіраючы за дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту, я звярнула ўвагу на тое, што яны не праяўляюць цікавасці да эканоміі вады і цяпла: пакідаюць адкрытым кран з вадой, выходзячы з групы, не зачыняюць дзверы. Заўважыла ў іх і цяжкасці пры прыдумванні сюжэта падчас гульняў “Сям’я”, “Магазін”, “Аптэка”.
Такім чынам, узнікла неабходнасць сфарміраваць у дзяцей уяўленні аб эканоміі і беражлівасці праз спецыяльна арганізаваную і нерэгламентаваную дзейнасць. Я ўдзяліла ўвагу стварэнню адпаведнага развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя ў групе. Сабрала ілюстрацыйны матэрыял для азнаямлення дзяцей з паняццямі “святло”, “цяпло”, “вада”, “эканомія”, “беражлівасць”.
Гульнявы цэнтр у групе прадстаўлены вялікай колькасцю дыдактычных гульняў і варыятыўнымі заданнямі па замацаванні вышэйназваных паняццяў: “Дапамажы матулі купіць прадукты”, “У нашым кафэ смачная і карысная ежа”, “Турыстычны паход”, “Што хутчэй купяць?”, “Якія бываюць даходы?”, “Хто працуе, а хто гуляе”, “Грошы — тавар” і г.д.).
Падчас сюжэтна-ролевых гульняў “Сям’я”, “Школа”, “Аптэка” выхаванцы бяруць на сябе розныя ролі, ствараючы рэальную сітуацыю, расказваюць пра крыніцы сваіх даходаў, а я праз уключэнне праблемных пытанняў “Не прывезлі сыравіну, няма работы…”, “Адключаная электраэнергія”, “Адключаная гарачая вада”, “Не працуе тэлефон” звяртаю ўвагу на тое, што асноўнай крыніцай жыцця з’яўляецца праца і прырода.
Насычанасць і разнастайнасць дапаможнікаў, атрыбутаў, дыдактычнага матэрыялу дазваляе штодзень арганізоўваць гульнявую дзейнасць, гутаркі, заняткі, на якіх дзеці атрымліваюць новыя ўяўленні і прымяняюць на практыцы ўжо атрыманыя веды і навыкі.
Эканамічным зместам узбагачаюцца заняткі па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” (“Грошы”, “Попыт — прапанаванне”, “Патрэбы чалавека ў сям’і”, “Даходы і расходы сямейнага бюджэту”, “Эканомія і беражлівасць у сям’і”), на якіх вырашаюцца задачы па фарміраванні ўяўленняў пра спосабы эканомнага і беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў у сям’і і групе.
З выхаванцамі арганізоўваю пазнавальныя гутаркі і выяўленчую дзейнасць па тэме, а для іх бацькоў праводжу кансультацыі, складаю памяткі, рэкамендацыі. У дзіцячым садзе праводзіўся адзіны дзень беражлівасці, калі прайшла выстава дзіцячых малюнкаў і плакатаў, у якіх нагадваюць аб неабходнасці своечасова закрываць краны, выключаць святло, берагчы цяпло.
Гульні па эканоміцы
“Даражэй — танней”
Мэта: фарміраваць веды дзяцей аб розных відах тавараў, іх класіфікацыі; вучыць выкарыстоўваць жыццёвы вопыт у аналізе кошту тавараў і прымяняць пры гэтым арыфметычныя дзеянні, раскладваючы ў паслядоўнасці ад дарагога да таннага і наадварот;
1-ы варыянт. Дзеці павінны размясціць карткі па меры ўзрастання цаны на тавар і наадварот.
2-й варыянт. Дзеці раскладваюць па дзве карткі і з дапамогай знакаў вызначаюць, які з тавараў даражэйшы, а які таннейшы.
3-ці варыянт. Дзецям на выбар прапануецца выбраць адну з картак і сказаць, чаму менавіта гэты тавар трэба купіць у першую чаргу.
Настольная гульня “Сям’я. Сямейны бюджэт”
Гульня прызначана для дзяцей ад 4 гадоў і старэйшых.
Мэта: фарміраваць уяўленні аб грошах як крыніцы даходу, аб сямейным бюджэце і яго планаванні.
Правілы гульні. Гульцы кідаюць кубікі і перамяшчаюцца наперад на столькі пунктаў, колькі кропак выпала на кубіку. Перамагае той, хто першым дабярэцца да фінішу.
Ала КРАЎЧУК,
выхавальніца Заастравецкага дзіцячага сада
Клецкага раёна
У нумары “Настаўніцкай газеты” ад 21 лютага 2023 года выйшаў метадычны дадатак “Партфоліа”. Цікава будзе ўсім: і педагогам, і бацькам, і непасрэдна самім дзецям.