Выхавальніца групы прадоўжанага дня Ганна Хаўста плануе асвойваць новыя платформы, не спыняючыся на блогу

- 9:00Главная, Образование

Выхавальніца групы прадоўжанага дня Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Ганна Хаўста вядзе дзённік, толькі не асабісты, а прафесійны, і не на папяровых старонках, а ў інтэрнэце. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Да гэтага шмат друкавалася ў раённай газеце. Тады мяне заўважылі і прапанавалі весці аўтарскі блог “Шчаслівы быць настаўнікам”. Бязмерна ўдзячна рэ­дакцыі выдання за такую магчымасць. Такім чынам я паказваю, як быць шчаслівым педагогам. Бо ў сілах настаўнікаў зрабіць шмат карысных рэчаў. Часам ад гэтага залежыць лёс маленькага чалавека, — запэўнівае Ганна Хаўста.

Педагог лічыць блог своеасаб­лівым інструментам для развіцця. Тут яна сама выбірае спосаб дэманстрацыі асабістай працы. Акрамя гэтага, у блогу трансліруе заняткі і іншыя моманты дзейнасці групы прадоўжанага дня. Педагагічны блог — выдатная магчымасць падзяліцца і абмяняцца вопытам з калегамі. А яшчэ з дапамогай яго Ганна Хаўста падтрымлівае сувязь з бацькамі сваіх вучняў.

— Мой блог паўплываў у першую чаргу на мяне саму. Я стала больш мэтанакіраванай. Што тычыцца яго ўплыву на асноўную работу, то яна стала больш якаснай і прадукцыйнай. Бо вядзенне аўтарскага блога — гэта публічная дзей­насць. Самая галоўная тэма ў блогу — пачатковая школа. У рубрыцы “Разважаем РАЗАМ!” расказваю пра школу па абодва бакі стала. У руб­рыцы “Лайфхакі шчаслівага настаўніка” дзялюся ідэямі цікавых мерапрыемстваў для дзяцей. Таксама праводжу падрабязныя майстар-класы для работы з малодшымі школьнікамі. А ў рубрыцы “Наша творчасць” мы дзелімся з чытачамі тым, што ў нас атрымалася, якія яркія эмоцыі выклікала. Акрамя калонкі на партале, вяду Instagram. Там падрабязна ўсё не распісваю, літаральна 2—3 сказы па кожным ві­дзе дзейнасці. Бацькі вучняў заўсёды ў курсе, чым і калі займалася іх дзіця. Больш цесныя зносіны ў са­цыяльных сетках дазволілі з’яднаць бацькоўскі калектыў. Таты і мамы пачалі актыўна абмяркоўваць дасягненні і вынікі сваіх дзяцей, што пазітыўна адбіваецца на паводзінах вучняў і іх стаўленні да школы ў цэлым. У хуткім часе ствару канал у Telegram. Там зраб­лю большы ўхіл на відэа. Думаю, што ён выкліча шмат станоўчых эмоцый у вучняў і іх бацькоў. Разумею, што мне неабходна рэгулярна весці асабісты блог, тады мая справа будзе жыць, блог бу­дзе развівацца далей. Ён мяне моцна захоплівае, на яго не шкада сіл і часу. У будучыні гэта бу­дзе больш прадуманы і цікавы прадукт. Я ўжо задумваюся зрабіць першае інтэрв’ю з кімсьці з адукацыйнай сферы, — дзеліцца планамі Ганна Уладзіміраўна.

Настаўніца заўважае, што бацькі вучняў не цікавяцца інфармацыйнымі куткамі ў класе. Аднак самі часта звяртаюцца з запытам аб правядзенні кансультацый або падрыхтоўцы інфармацыі па пытаннях, звязаных з выхаваннем сваіх дзяцей. Педагог упэўнена: каб выправіць такую супярэч­насць, неабходна выкарыстоўваць віртуальныя інфармацыйныя пляцоўкі, такія як мабільныя месенджары і сацыяльныя сеткі.

— Мы жывём у сучасным грамадстве ў эпоху лічбавізацыі. Адным з яе элементаў з’яўляецца пераход да віртуальных зносін з выкарыстаннем розных мабільных дадаткаў і сацсетак. Тэмп жыцця расце, і адчуваецца пастаянны дэфіцыт часу. Усё гэта прыводзіць да таго, што час, які бацькі мо­гуць прысвячаць зносінам з педагогам, скарачаецца. Таму важная для развіцця дзіцяці інфармацыя можа страчвацца. І гэтую праблему неабходна вырашаць. А выйсце тут адно — дасведчанае напаўненне інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы, — адзначае педагог.

Далей Ганна Хаўста плануе асвойваць новыя платформы. Яна пастаянна ўдасканальвае свой блог. Педагог хоча, каб і любімая школа была на слыху. Ганна Ула­дзіміраўна настроена прыносіць карысць грамадству і сваёй краіне праз дзейнасць у інтэрнэце.

— Я ўсім сэрцам люблю нашу родную Беларусь. Дарэчы, планую ў блогу запуск рубрыкі патрыятычнай накіраванасці “Я люблю Беларусь!”. У рубрыцы мы пакажам на ўласным прыкладзе, што любоў да Радзімы і патрыятычныя пачуцці фарміруюцца паступова, у працэсе назапашвання ведаў і ўяўленняў пра навакольны свет, гісторыю і традыцыі свайго народа, — рас­казвае настаўніца.  

Падчас вучобы ў каледжы Ганна Уладзіміраўна пераканалася, што настаўнік — значна больш, чым прафесія. Для яе гэта стан душы. Зносіны з дзецьмі, магчымасць дзяліцца вопытам, прастор для творчасці дазваля­юць педагогу атрымліваць асалоду ад працы. Вядома, настаўніца сутыкаецца з некаторымі праблемамі ў школе, але працоўныя будні напоўнены вялікай колькасцю светлых і натхняльных момантаў, якія, па яе словах, кампенсуюць любыя непрыемнасці. Вучні Ганны Ула­дзіміраўны актыўна со­чаць за ёй. Яны з нецярпеннем чакаюць выхаду новых публікацый. А нядаўна дзеці пачалі спаборні­чаць паміж сабой у гульні “Чый лайк будзе першым”.

— Ім прыемна бачыць сябе на фота і чытаць словы, якія я пра іх пішу. У нас часта быва­юць чэленджы і марафоны. Мае маленькія сябры ва ўсім прымаюць актыўны ўдзел. Нядаўна ў нас право­дзіўся конкурс “Кароль і каралева каліграфіі”. Я купіла вельмі прыгожую карону для атмасфернасці. Усе дзеці былі ў захапленні. Пакуль у сістэме адукацыі абмяркоўвалася пытанне важнасці правільнага і прыгожага почырку, у нашай групе прадоўжанага дня ўсе дзеці старанна выводзілі кожную літарку і імкнуліся атрымаць перамогу ў конкурсе. Калегі таксама мяне чытаюць, падтрымліваюць. У нас ёсць чат, дзе мы абменьваемся інфармацыяй, я пастаянна дзялюся там сваімі публікацыямі. Мяне акружаюць вельмі шчырыя і добрыя людзі. Менавіта дзякуючы іх ка­ласальнай падтрымцы разумею, што ўсё раблю правільна і рухаюся ў патрэбным кірунку, — адзначае Ганна Уладзіміраўна.

Кожны дзень педагог вучыцца разам з дзецьмі. Для Ганны Хаўста вучні — яе сапраўдная матывацыя. Ад іх яна заўсёды адчувае поўную аддачу. Настаўніца дзеліцца, што выхаванцы пастаян­на дораць ёй новыя ідэі. Напрыклад, нядаўна яны папрасілі зра­біць падарункавыя сертыфікаты за добрыя паво­дзіны, якія бу­дуць даваць ім права самастойна вы­браць суседа па парце на адзін вучэбны дзень або нічога не ра­біць 30 мінут. Калі такія сертыфікаты выклічуць станоўчыя эмоцыі, то Ганна Уладзіміраўна па­дзеліцца гэтым паспяховым вопытам у блогу.

Працуючы з дзецьмі, педагог назірае, як многія з іх знаёмяцца з інтэрнэтам з даволі ранняга ўзросту. Практычна ўсе дзеці, іх бацькі маюць асабістыя старонкі ў той ці іншай сацыяльнай сетцы. Гэта вельмі актуальна, і тут шмат станоўчых бакоў, запэўнівае настаўніца. Інтэрнэт у абмежаванай колькасці можа быць карысны, бо прапануе вялікія магчымасці для творчага росту. Існуе вялікая колькасць развіццёвых гульняў, вучэбных праграм, з дапамогай якіх дзеці вучацца маля­ваць, здымаць і манціраваць відэа, вывучаюць замежную мову, наведваюць віртуальныя музеі і многае іншае. У інтэрнэце можна атрымаць адказы практычна на ўсе пытанні, мець зносіны з сябрамі з розных гарадоў і краін і знаходзіць новых знаёмых па інтарэсах.

— Паважаныя калегі, сучасныя рэаліі ў галіне адукацыі нас абавязваюць ісці ў нагу з часам, быць карыснымі і цікавымі не толькі дзецям, але і іх бацькам. Навучыцца гэтаму могуць усе, быў бы толькі настрой і жаданне. Не бойцеся, спрабуйце, укараняйце! Заўсёды памятайце, што планета Зямля — тэрыторыя асабістай адказнасці і бязмежных творчых ідэй. Быць шчас­лівым педагогам — магчыма! Сябры, запрашаю вас стаць чытачом майго блога “Шчаслівы быць настаўнікам”, каб расці, ставіць перад сабой мэты і абавязкова іх дасягаць. Давайце гэта рабіць ра­зам, — падагульняе Ганна Ула­дзіміраўна.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота з архіва Ганны Хаўста