«Выхаванне прававой культуры і грамадзянскай свядомасці павінна ісці поруч». Эксперты – аб рабоце з моладдзю

- 9:31Компетентно

Чарговая сустрэча на “Экспертнай пляцоўцы” Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” была прысвечана тэме выхавання ў моладзі прававой культуры, грамадзянскай адказнасці і прымеркавана да ўступлення нашай краіны ў перадвыбарны год, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У круглым стале прынялі ўдзел:

  • Аляксандр Лук’янаў, першы сакратар ЦК БРСМ;
  • Алена Балдоўская, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь;
  • Аксана Мыцько, рэдактар аддзела сацыяльнай работы Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”;
  • Мікіта Рачылоўскі, старшыня Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь;
  • Марына Лянчэўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • Наталля Бушная, дырэктар гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска.

—  Неяк мне давялося ўдзельнічаць у дыялогавай пляцоўцы на тэму адзінства грамадзянскай супольнасці і дзяржавы, якая праходзіла ў адным з прафесійных каледжаў сталіцы. Адзін са спікераў папрасіў навучэнцаў назваць грамадскія аб’яднанні, якія дзейнічаюць у Беларусі. Успомнілі толькі БРСМ, піянерыю і прафсаюзы. З партыямі сітуацыя была яшчэ горшая. Не без падказкі з боку педагогаў назвалі хіба што камуністаў і ліберал-дэмакратаў. Назі­раць за гэтым было сумна…

Падзяліцеся, як вы ацэньваеце ўзровень прававой культуры, грамадска-палітычных ведаў і грамадзянскай свядомасці нашай моладзі?

Ці ёсць у гэтым пытанні пазітыўныя зрухі? У чым недапрацоўваем?

 

Наталля Бушная:

— На мой погляд, зрухі дакладна ёсць. Мы ўсе зрабілі высновы з падзей жніўня 2020 года. Давайце прызнаем — самі і выхавалі некаторых прадстаўнікоў маладога пакалення, якіх пабачылі ў той складаны час у не самым прыемным святле. У нарматыўна-прававых дакументах, на якія абапіраюцца ў сваёй працы педагогі, заўсёды была чырвонымі літарамі прапісана важнасць патрыятычнага выхавання моладзі. Але на практыцы, на жаль, у гэтым напрамку недапрацавалі. Была нейкая ўнутраная ўпэўненасць, што сённяшнія дзеці абавязкова і безумоўна пяроймуць памяць пакаленняў, традыцыі і каштоўнасці нашага народа, як у свой час гэта зрабілі мы. Але ў век інтэрнэту і гаджэтаў міжпакаленныя ланцужкі аслабелі. І ў выхаваўчай рабоце патрэбна была перазагрузка. 

Трэба адзначыць, Міністэрства адукацыі адрэагавала хутка і ўсебакова, ініцыіраваўшы шмат важных навацый. Так, ужо ў 2021 годзе мы пачыналі навучальны год з таго, што 9 класы сталі дадаткова вывучаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ў рамках праекта “ШАГ”, а з 2022 года па гэтай тэме ўведзены абавязковы факультатыў. Школьныя музеі ўсюды папоўніліся экспазіцыямі па генацыдзе беларускага народа. Уведзена новая пасада — кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Новая чвэрц­ь у школе цяпер пачынаецца з цырымоніі ўрачыстага вынясення сцяга Рэспублікі Беларусь і выканання Дзяржаўнага гімна.

Важна разумець, што прававая культура ўключае ў сябе як кагнітыўны, так і дзейнасны аспект. На ўроках грамадазнаўства, факультатыўных занятках па правах чалавека навучэнцы атрымліваюць у адпаведнасці з узростам усе патрэбныя веды. Але каб яны не прайшлі міма свядомасці, трэба замацоўваць іх практычнай дзейнасцю, накіраванай на фарміраванне грамадзянскай адказнасці. Вельмі добра, што цяпер мы ўдзяляем гэтаму асаблівую ўвагу.  

Пры Цэнтрвыбаркаме Беларусі плануецца стварыць маладзёжную камісію.

Аляксандр Лук’янаў:

— Згодны з вамі. Выхаванне прававой культуры і грамадзянскай свядомасці павінна ісці поруч. І на гэта накіраваны шэраг праектаў і ініцыятыў БРСМ, якія рэалізуем разам з установамі адукацыі нашай краіны.

У апошні час значна актывізавалі ў сваёй рабоце кірунак прававой асветы мола­дзі. Сумесна з Міністэрствам адукацыі, Нацыя­нальным цэнтрам прававой інфармацыі, Следчым камітэтам, Беларускім рэспуб­ліканскім саюзам юрыстаў, Беларускай рэс­публіканскай калегіяй адвакатаў і іншымі структурамі пачалі праекты, аб’яднаныя назвай “Сіла закона”. Гэта і пляцоўка адкрытых дыялогаў, на якой моладзь мае магчымасць паслухаць дасведчаных экспертаў, абмеркаваць новыя законапраекты, унесці свае прапановы па ўдасканаленні нашага заканадаўства. Гэта і рэспубліканскі прававы турнір для старшакласнікаў на веданне асноў Канстытуцыі. Дарэчы, калі ў першым турніры ў 2021 годзе прымалі ўдзел 16 тысяч навучэнцаў, у 2022-м — ужо 26 тысяч. Гэта і рэспубліканская інтэлектуальна-прававая гульня “Сіла закона: мы і права” для моладзі з няпрофільных юрыспрудэнцыі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Вялікі выхаваўчы эфект даюць нашы шматлікія валанцёрскія праекты. Такія як удзел у рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, у дабрачынных рэспуб­ліканскіх акцыях “Нашы дзеці”, “Ад усёй душы”, дапамога бежанцам і, як зусім нядаўна, пацярпелым ад землетрасення жыхарам Турцыі і Сірыі і іншыя. Усе гэтыя акцыі да­юць моладзі годныя прыклады таго, як павінен паступаць сапраўдны чалавек, грамадзянін, патрыёт. 

Напрыканцы студзеня мы запусцілі новую маштабную ініцыятыву — інфармацыйна-­асветніцкую акцыю “Заліковая размова”. Лідары меркаванняў, вядомыя эксперты ідуць у каледжы і ўніверсітэты і расказваюць моладзі пра грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне і за яе межамі. Пытанні ад навучэнцаў і студэнтаў гучаць самыя розныя, у тым ліку і даволі вострыя. Усе спікеры гатовы да адкрытай размовы, даюць аргу­ментаваныя адказы.

Мікіта Рачылоўскі:

— Як адзін са спікераў, які прымае ўдзел і ў “Заліковай размове”, і ў многіх іншых адкрытых дыялогах, магу адзначыць — такі фармат узаемадзеяння цікавы моладзі. Загадзя нацэльваем установы адукацыі, што нам не патрэбна прыгожая карцінка залы. Запрашаюцца не толькі актывісты з ужо сфарміраванымі патрыятычнымі поглядамі, з бачаннем перспектыў, якія адкрыты для кожнага. Мы імкнёмся ахапіць і моладзь, якая не да канца разумее, што і чаму сёння адбываецца, ігнаруе магчымасці для самарэалізацыі, право­дзіць час у TikTok ці цікавіцца не зусім зразумелай літаратурай, становячыся часткай нейкіх субкультур. Як правільна сказаў Аляксандр Сяргеевіч, мы не баімся вострых пытанняў і гатовы на іх адказваць.

Адным з пацвярджэнняў таго, што мо­ладзь стала больш цікавіцца грамадска-палітычнай дзейнасцю, імкнецца быць яе часткай, з’яўляецца рост папулярнасці маладзёжнага парламентарызму. Ва ўсіх раёнах краіны створаны маладзёжныя саветы, якія працуюць ва ўзаемадзеянні з мясцовымі Саветамі дэпутатаў. Дэлегаты ад іх аб’яднаны ў нашым Моладзевым парламенце пры Нацыя­нальным сходзе, які выбіраецца тэрмінам на два гады. Дарэчы, калі ў першым скліканні ў яго склад уваходзіла 70 чалавек, то ў другім скліканні нас ужо 138.

Марына Лянчэўская:

— Азіраючыся назад, магу сказаць, што прававая культура была даволі нізкай не толькі ў моладзі, але і ў дарослых. У многіх дарослых аўдыторыях таксама не змаглі б назваць больш за пару-тройку грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Але зараз пад уплывам падзей унутры і за межамі краіны грамадзянская супольнасць стала больш сталай. І моладзь імкнецца да таго ж. Вельмі важна скарыстаць гэты патэнцыял цікаўнасці, каб дапамагчы падлеткам, юнакам стаць больш адукаванымі ў плане права. Як справядліва адзначыла Наталля Ула­дзіміраўна, мы ўсе зрабілі высновы з падзей 2020 года. Робіцца сапраўды шмат на ўсіх узроўнях. Не магу не заўважыць, як актыўна, крэатыўна падыходзіць да справы БРСМ.

Але супакойвацца рана, і гэта тычыцца ў тым ліку барацьбы за розумы моладзі. Вельмі важна, каб работа, якую мы цяпер праводзім, была сістэмнай. Павінна быць і тактыка, і стратэгія. Калі будзе тактыка без стратэгіі, перамога немагчыма, а калі адна стратэгія — перамога будзе, але ісці да яе будзем вельмі марудна. Неабходна крок за крокам праводзіць тактычныя мерапрыемствы, каб павышаць прававую культуру моладзі. А стратэгія нам зразумелая, яна адна. Трэба, каб у нашай моладзі на ўзроўні свядомасці было разуменне: я люблю сваю краіну, ведаю яе гісторыю, ганаруся сваімі продкамі, паважаю дзяржаўныя сімвалы.   

Год да выбараў

— Ужо праз год, 25 лютага 2024 года, пройдзе адзіны дзень галасавання, калі мы адначасова будзем выбіраць дэпутатаў і парламента, і мясцовых Саветаў. Перадвыбарны год асаблівы. Хто і як, на ваш погляд, павінен тлумачыць моладзі навацыі электаральнай кампаніі, важнасць яе правядзення і недапушчальнасць дэструктыўнага “разгойдвання” грамадства?

Алена Балдоўская:

— Работа па павышэнні прававой дасведчанасці мае значэнне ў любой сферы жыццядзейнасці. Выбарчае права не выключэнне — гэта права на кіраванне дзяржаўнымі справамі, і кожны павінен разумець, якая яго роля ў гэтым працэсе. Размаўляць аб гэтым з дзецьмі, моладдзю вельмі важна. Сёння існуе столькі крыніц інфармацыі, што нават мы, дарослыя, часам блытаемся, дзе праўда, дзе няпраўда. Абавязкова трэба даводзіць да дзяцей, дзе можна ўзяць аб’ектыўную, вывераную з пункту гледжання права інфармацыю. У нашай краіне механізмаў і спосабаў яе атрымання дастаткова.

Што да падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі, то работа ў гэтым кірунку праводзіцца ўжо даўно, пачынаючы з грамадскага абмеркавання праектаў закона аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс, законаў аб Усебеларускім народным сходзе, аб асновах грамадзянскай супольнасці. І ўстановы адукацыі, і БРСМ, і іншыя грамадскія аб’яднанні, і парламент праводзяць сустрэчы з насельніцтвам, у тым ліку з моладдзю. Цэнтральная выбарчая камісія са свайго боку таксама актыўна ажыццяўляе ўзаемадзеянне і са студэнтамі, і са школьнікамі. Дарэчы, у абноўленым Выбарчым кодэксе ўпершыню закладзена, што ў пералік функцый Цэнт­р­выбаркама ўваходзіць і прававая асвета. 

Падчас сустрэч імкнёмся даступна патлумачыць, што такое электаральная кампанія, што мы будзем рабіць, каго і як выбіраць. Акрамя таго, рэгулярна запрашаем падлеткаў і моладзь да нас у Цэнтрвыбаркам, у парламент, каб яны на свае вочы пабачылі, што як працуе. Уражанняў ва ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў заўсёды шмат, гэта дапамагае знімаць існуючыя бар’еры, таму будзем працягваць працаваць у гэтым напрамку. Увогуле, наша агульная задача ў перадвыбарны год — актывізавацца і знаходзіць тыя формы ўзае­мадзеяння, якія дадуць патрэбны вынік.

Алена Балдоўская: Абавязкова трэба расказваць дзецям, дзе можна ўзяць аб’ектыўную, вывераную з пункту гледжання права інфармацыю. У нашай краіне механізмаў і спосабаў яе атрымання дастаткова.

Наталля Бушная:

— Хачу адзначыць, што Цэнтрвыбаркам у зносінах з моладдзю дэманструе асаб­лівую актыўнасць і адкрытасць. Можа, таму, што яго старшыня Ігар Васільевіч Карпенка сам у мінулым педагог, ён ведае, як і аб чым гаварыць з моладдзю і чаму гэта важна.

Як дырэктар гімназіі трымаю ў галаве — некаторым нашым адзінаццацікласнікам сёння ўжо 17 гадоў: праз год, у лютым, яны першы раз прыйдуць галасаваць. Абавязкова будзем гаварыць з імі пра гэта на класных гадзінах, сустрэчах. Паста­раемся знайсці нейкую цікавую форму, каб атрымалася не звычайнае мерапрыемства, а падзея, якая запомніцца.  

Алена Балдоўская:

Першае галасаванне — гэта сапраўды асаблівы момант. Мы са свайго боку таксама думаем аб тым, як зрабіць яго больш запамінальным. Напрыклад, ёсць ідэя замест памятнага каляндарыка ўручаць флэшкі са знакавай інфармацыяй аб нашым заканадаўстве. Зразумела, у сучасным, цікавым для маладога чалавека фармаце.

Марына Лянчэўская:

— Абсалютна згодна з тым, што пад­рыхтоўка моладзі да выбарчай кампаніі — наша агульная справа. Кожны з дэпутатаў парламента заўсёды імкнецца як мага часцей бываць у маладзёжных аўдыторыях. І ў перадвыбарны год, зразумела, гэтая работа будзе пад асаблівай увагай. Правільна сказаў Мікіта Святаслававіч — аўдыторыя для такіх сустрэч павінна быць разнапланавая. Ва ўсіх установах адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска, ад якога я выбрана дэпутатам, добра ведаюць: не трэба садзіць у залу толькі выдатнікаў і актывістаў, я хачу чуць самые розныя меркаванні і пытанні.

Сёння ў нашым заканадаўстве шмат навел, сутнасць якіх важна данесці да мола­дзі. Абноўлены Выбарчы кодэкс, прыняты законы аб Усебеларускім народным схо­дзе, аб асновах грамадзянскай супольнасці, аб палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях. Калі мы своечасова не растлумачым, напрыклад, у чым плюсы адзінага дня галасавання ці чаму мы не плануем падчас выбарчай кампаніі 2024 года выкарыстоўваць электроннае галасаванне, інфармацыю аб гэтым ім ужо ў скажоным выглядзе могуць навязаць іншыя. А самае галоўнае — данесці да моладзі: калі яны ідуць галасаваць — не паслугу некаму робяць, а выбіраюць сваю будучыню і будучыню сваёй краіны. Ім тут жыць і працаваць.

Мікіта Рачылоўскі:

— Кожны з членаў Моладзевага парламента ў сваіх рэгіёнах таксама актыўна кантактуе з моладдзю ў школах, каледжах, інстытутах. Дарэчы, сярэдні ўзрост нашых маладых парламентарыяў — 25 гадоў, яны ненамнога старэйшыя за хлопцаў і дзяўчат, з якімі даводзіцца сустракацца. Выдатна разумеюць сваю аўдыторыю, з’яўляюцца для яе наглядным прыкладам таго, што для матываванай моладзі ў нашай краіне адчынены ўсе дзверы. У перадвыбарны год у тэматыку сустрэч будзем больш актыўна ўключаць пытанні, якія тычацца электаральнай кампаніі.  

Увогуле, год будзе насычаны. Працягнем працаваць над пошукам, развіццём і падтрымкай перспектыўных маладзёжных лідараў. Так, у наступным месяцы збіраемся зноў рэалізоўваць праект “Лідарская платформа “Каманда будучыні”, дзякуючы якому падрыхтавана ўжо каля 160 актывістаў. Рыхтуемся да правядзення першай Беларускай маладзёжнай парламенцкай лігі дэбатаў, падчас якой абмяркуем актуальныя пытанні. Гатовы прыняць удзел у стварэнні маладзёжнай камісіі пры Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Наталля Бушная: На ўроках грамадазнаўства, факультатыўных занятках па правах чалавека навучэнцы атрымліваюць у адпаведнасці з узростам усе патрэбныя веды. Але каб яны не прайшлі міма свядомасці, трэба замацоўваць іх практычнай дзейнасцю.

Алена Балдоўская:

Сапраўды, мы рыхтуемся да фарміравання такой структуры. Думаем над працэдурай: як адбіраць туды маладых людзей, хто будзе гэта рабіць. Ёсць думка скарыстацца дапамогай Моладзевага парламента. Плануецца, што члены мала­дзёжнай камісіі змогуць удзельнічаць у пасяджэннях Цэнтральнай выбарчай камісіі, выязджаць разам з яе членамі на месцы ў якасці наглядальнікаў і г.д. Такім чынам, моладзь будзе бачыць, чым займаецца Цэнтр­выбаркам, што такое выбары. Дарэчы, у арганізацыі работы новай структуры можа дапамагчы расійскі вопыт. У Расійскай Федэрацыі маладзёжныя выбарчыя камісіі актыўна працуюць у многіх рэгіёнах. 

Аляксандр Лук’янаў:

— Мы сустракаліся з прадстаўнікамі такіх маладзёжных структур пры выбарчых камісіях Расіі. Хачу адзначыць, што ў рамках узаемадзеяння з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі БРСМ падпісаў 19 пагадненняў аб супрацоўніцтве, у якія ўключаны ў тым ліку абмен вопытам правядзення электаральных кампаній. 

Як вядома, БРСМ мае вялікі вопыт удзе­лу ў выбарчых кампаніях, якія праходзілі ў нашай краіне. Гэта работа ў складзе ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў, ва ўчастковых камісіях, у якасці назіральнікаў, па правядзенні так званых экзітполаў. Зразумела, будзем актыўна ўдзельнічаць і ў будучых выбарах. Такія праекты, як “Сіла закона”, дапамогуць нам вывесці гэтую работу на больш якасны ўзровень. Напрыканцы мінулага года Ігар Васільевіч Карпенка правёў сустрэчу з актывам БРСМ і Мола­дзевага парламента, растлумачыў навелы ў Выбарчым кодексе, іншыя важныя аспекты. 

Можна сказаць, ужо стаў брэндам наш мабільны дадатак “Твой участак”, які дапамагае выбаршчыкам пабудаваць найбольш хуткі маршрут да месца галасавання пешшу, на грамадскім транспарце, на аўтамабілі. У апошнюю кампанію, звязаную з рэферэндумам, мы сутыкнуліся з моцнай DDoS-атакай з тэрыторыі краін Захаду, якая заблакіравала гэты дадатак. Але такія рэчы нас не спыняць, будзем аднаўляць яго да будучых выбараў, павышаць якасныя характарыстыкі.

У новым статусе

— Яшчэ адна навацыя нашага грамадска-палітычнага жыцця — наданне новага, канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу. На вашу думку, якая павінна быць прадстаўленасць у ім моладзі? Чым маладому чалавеку будзе карысны такі вопыт?

Алена Балдоўская:

— Частка дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу будзе выбірацца — гэта прадстаўнікі як мясцовых Саветаў дэпутатаў, так і грамадзянскай супольнасці. У мясцовы Савет дэпутатаў можна быць выбраным з 18 гадоў. Такім чынам, маладыя людзі, якія стануць дэпутатамі пасля выбараў у адзіны дзень галасавання, будуць мець поўнае права вылучацца дэлегатам УНС. Члены грамадзянскіх аб’яднанняў, якія выкажуць жаданне ўдзельнічаць у выбарах ва УНС, змогуць прэтэндаваць на вылучэнне таксама пасля дасягнення 18 гадоў. Магчымасць ёсць, галоўнае — жаданне праявіць сябе і паўдзельнічаць у гэтай рабоце. Згодна з заканадаўствам, першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым складзе адбудзецца не пазней чым праз 60 дзён пасля адзінага дня галасавання. 

Марына Лянчэўская: Важна данесці да моладзі: калі яны ідуць галасаваць — не паслугу некаму робяць, а выбіраюць сваю будучыню і будучыню сваёй краіны. Ім тут жыць і працаваць.

Аляксандр Лук’янаў:

— БРСМ як суб’ект грамадзянскай супольнасці абавязкова скарыстаецца правам удзельнічаць у гэтым працэсе. Мы ўжо прыступілі да распрацоўкі крытэрыяў і механізма выбрання дэлегатаў УНС. У яго павінны ўвайсці не толькі прадстаўнікі кіраўніцтва нашай арганізацыі, а і звычайныя члены, годныя гэтага хлопцы і дзяўчаты. Такія, як курсанты Ваеннай акадэміі, якія на пачатку гэтага месяца выратавалі на пажары мужчыну. Як ударны экіпаж у Клецкім раёне, які намалаціў больш за 5 тысяч тон збожжа. Як маладыя навукоўцы, якія прэзентуюць свае дасягненні на выставе “Беларусь інтэлектуальная”. Таленавітая, актыўная, мэтанакіраваная моладзь.

Марына Лянчэўская:

— Я была дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу. Гэта асаблівая падзея ў жыцці нават дарослага, вопытнага чалавека. Уяўляю, якія пачуцці ўзнікнуць, калі аказацца ў яго складзе ў маладым узросце. У мяне б, напэўна, выраслі крылы!.. Моладзь абавязкова павінна стаць часткай гэтай каманды. Каб яны адчулі, што ім давяраюць удзельнічаць у прыняцці важных для краіны стратэгічных рашэнняў, набылі новыя веды, вопыт і атрымалі дадатковую матывацыю да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Ігара ГРЭЧКІ