Выхаванне словам: як бібліятэкару сфарміраваць у вучняў патрыятычныя пачуцці

- 11:03Образование

Ці можа настаўнік паспяхова выхоўваць вучняў у адзіночку? Наўрад ці. У такой адказнай справе яму патрэбна дапамога. І ў першую чаргу бібліятэкара. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пад выразам “педагагічны калектыў” мы звычайна разумеем настаўнікаў пачатковых класаў, прадметнікаў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, педагогаў сацыяльных, педагогаў-арганізатараў, педагогаў-псіхолагаў. Пра бібліятэкараў ці наогул забываем, ці прыгадваем у апошнюю чаргу. Між тым гэта творчыя людзі, якія любяць дзяцей, могуць лёгка знайсці з імі агульную мову, прывіць любоў да слова, кнігі, сфарміраваць патрыятычныя пачуцці. Яны валодаюць якасцямі, патрэбнымі кожнаму педагогу. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца бібліятэкар Верхнядзвінскай гімназіі імя І.А.Макеянка Тамара Міхайлаўна Рыжая.

Родам яна з Бранскай вобласці, дзе і скончыла школу. Марыла стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры і нават здала два ўступныя экзамены ў магілёўскі педінстытут. Аднак вырашыла, што атрыманых балаў для паступлення не хопіць, забрала дакументы і паспрабавала аднесці іх у педагагічнае вучылішча. На жаль, прыём дакументаў там скончыўся, а вось у культасветвучылішчы працягваўся. Падала дакументы і ў той жа дзень здала экзамены. Чытала байку, урывак з прозы, верш. Для паступлення патрэбен быў яшчэ і добры музычны слых.

— Вось такім рознабакова адораным павінен быць бібліятэкар, а яшчэ любіць спорт. Скажам, праводзім мы рэпетыцыю літаратурнай вечарыны, а вучні раптоўна гавораць: “Давайце ў валейбол пагуляем, хоць 5 мінут”. Хіба адмовіш дзецям? Спусціліся ў спартыўную залу, пагулялі, а потым вярнуліся ў бібліятэку і працягваем рэпетыцыю. Дзеці цэняць, калі ты многае ўмееш. Ім тады цікава з табой, — дзеліцца Тамара Міхайлаўна. — Наогул, бібліятэкар — гэта ў першую чаргу выхавальнік. Мы з вучнямі не толькі абмяркоўваем літаратурныя творы, але і размаўляем на розныя тэмы. Пра моду, адносіны з аднагодкамі, бацькамі, настаўнікамі, пра шкоду тытуню, наркотыкаў і, вядома ж, пра каханне. Я стараюся шчыра адказваць на іх пытанні і дапамагаць вырашаць праблемы з пазіцыі маралі і хрысціянства, у аснову ставячы любоў, цярпенне і разуменне.

Галоўная задача бібліятэкара — сфарміраваць любоў да слова, кнігі. На думку Тамары Міхайлаўны, да чытання дзяцей трэба прывучаць. І гэта павінны рабіць у першую чаргу бацькі. Любоў да кнігі, выхаванне — усё ідзе ад сям’і.

— Яшчэ гадоў 20 назад дзеці лепш адчувалі слова, больш фантазіравалі, разважалі. Сучасным дзецям не хапае ўдумлівасці, яны не заўсёды здольны правільна выказаць свае думкі, аргументаваць меркаванне. Каб развіваць гэтыя навыкі, трэба шмат чытаць. “Словом можно убить, словом можно спасти, словом можно полки за собой повести…” Вось якая магутная сіла слова, — лічыць Тамара Міхайлаўна.

Як і ў кожнага бібліятэкара, у нашай гераіні ёсць любімыя творы. Яна любіць перачытваць “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага, творы Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі. Апошнім часам нанова адкрывае для сябе “Новую зямлю” Якуба Коласа. У гэтым творы, па словах бібліятэкара, для педагога ёсць шмат карысных падказак наконт эфектыўнага выхавання дзяцей. А байкі Кандрата Крапівы нават зачытвала сваім сёстрам, якія жывуць у Расіі. Тыя былі ў захапленні.

Актыўная дзейнасць школьнікаў можа праяўляцца на розных этапах падрыхтоўкі да мерапрыемства. Пажадана імкнуцца да таго, каб чытальнікамі і выканаўцамі была як мага большая колькасць дзяцей.

Літаратурныя вечарыны або сустрэчы ў літаратурна-музычнай гасцінай мэтазгодна ладзіць сумесна з настаўнікамі літаратуры і прадметаў мастацка-эстэтычнага цыкла. Толькі пры цесным узаемадзеянні паміж педагогамі і структурнымі падраздзяленнямі школы мерапрыемствы будуць мець поспех.

Слухаючы аповед Тамары Міхайлаўны пра літаратуру, адчуваючы, з якой цеплынёй і пяшчотай з яе вуснаў гучыць беларускае слова, не мог не пацікавіцца, ці складана было ёй, ураджэнцы Бранскай вобласці, вучыць беларускую мову.

— А я спецыяльна не вучыла, авалодала ў працэсе работы. У магілёўскім вучылішчы ў мяне выкладаў рэжысёр, які размаўляў толькі на беларускай мове. Памятаю свае першыя індывідуальныя заняткі. Я пастукала ў дзверы аўдыторыі і сказала: “Можно войти?”, а ён мне: “Калі ласка”. Шчыра кажучы, не зразумела, што ён мне адказаў. Выкладчык убачыў мой разгублены выгляд, усміхнуўся і сказаў: “Проходите, пожалуйста”. Гэта быў вельмі добры, уважлівы чалавек. Наогул, усе мае педагогі былі цудоўныя, многаму мяне навучылі. І па сцэнічным маўленні, і па рэжысуры, і па гісторыі тэатра — вялікае кола дадатковай інфармацыі я атрымала менавіта ў вучылішчы і не шкадую, што мая спецыяльнасць — “Бібліятэкар”, — прызнаецца Тамара Міхайлаўна.

 Тамара Міхайлаўна Рыжая:

— Вялікае значэнне ў фарміраванні літаратурнага густу, матывацыі да чытання адыгрываюць літаратурна-музычныя, літаратурна-мастацкія, музычна-драматычныя кампазіцыі, якія праводзяцца ў бібліятэцы.

Літаратурна-музычная кампазіцыя пашырае кругагляд, развівае творчую актыў­насць, павышае агульную культуру дзяцей. Выкарыстанне асобных яркіх дэталей афармлення дапамагае перадаць эпоху, данесці пэўную задуму, стварыць патрэбную эмацыянальную атмасферу. Найбольш мэтазгодна праводзіць такую кампазіцыю з навучэнцамі старшых класаў. Разам з літаратурна-музычнымі можна ладзіць і літаратурна-мастацкія кампазіцыі, дзе паэтычныя фрагменты спалучаюцца з відэаматэрыялам, а музычнае суправаджэнне можа быць фрагментарным ці ўключацца ціхім фонам.

Значную ролю ў фарміраванні ў вучняў любові да роднага слова адыгрывае конкурс “Жывая класіка”. Выхаванцы Тамары Міхайлаўны неаднаразова станавіліся прызёрамі гэтага конкурсу. Так, у 2018 го­дзе Кірыл Шульга перамог у катэгорыі “7—8 класы”, прачытаўшы ўрывак з апавядання Міхася Лынькова “Васількі”. Сёлета ў гэтай жа ўзроставай катэгорыі вучаніца Юлія Голубева заняла 2-е месца, выканаўшы верш Янкі Купалы “Жняя”.

— Гэты верш я невыпадкова прапанавала чытаць менавіта Юлі, — расказвае бібліятэкар. — Цудоўна ведаю характар, інтарэсы дзяўчыны. Толькі пры такім падыходзе можна раскрыць талент юнага чытальніка і паказаць магутнасць твора. Каб перамагчы ў рэспубліканскім конкурсе, патрэбна нейкая іскрынка. Цяпер Год міру і стварэння, а ў вершы паказана стваральная праца жняі. Народны касцюм, народная песня, якую дзяўчына пачынае спяваць пасля слоў “А яна — царыца — // Весела, шчасліва // Карануе песняй // Залатое жніва”, спевы птушак у якасці фону — усё гэта настройвае і слухачоў, і выканаўцу на адпаведны лад, кранае душу. Юля не толькі любіць чытаць і дэкламаваць вершы. Яна і ў пляжны валейбол выдатна гуляе, і ўдзельнічае ў алімпіядах па розных вучэбных прадметах. Таленавітыя дзеці таленавітыя ва ўсім. Калі яны фізікі, то абавязкова і лірыкі…

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара