Выхаванцы дзіцячага сада № 40 Мазыра прымяраюць на сябе розныя прафесіі

- 14:15Пресс-тур «Настаўніцкай»

Папрацаваць пілотам ці банкірам, стаць лепшым на сцэне ці спартыўнай пляцоўцы, пачаставацца ўласна вырашчанымі суніцамі ці кукурузай — гэтыя і безліч іншых магчымасцей маюць дашкаляты з дзіцячага сада № 40 Мазыра. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адпачываем і развіваемся

Гэты сад для выхаванцаў з’яўляецца куточкам дзяцінства, дзе хочацца спыніць бег часу, каб затрымаць бесклапотныя гадзіны. Хаця клопатаў у дзяцей тут нямала, усё ж такі ўсе яны — у задавальненне. Схаваўшыся ад ліпеньскай спякоты ў цяні пад шатрамі дрэў на тэрыторыі садка, знаёмімся з яго жыццём.

Загадчыца ўстановы Жанна Літвінюк пачынае для нас экскурсію:

— Наша тэрыторыя — аазіс з кветак, зеляніны, дрэў. У нас расце больш за 100 відаў розных раслін. Дзеці разам з педагогамі іх вывучаюць, даглядаюць. Бо наш сад — не толькі тэрыторыя для гульняў і забаў, але і пазнавальна-практычны цэнтр на працягу ўсяго года. Вось адна з пляцовак — “Гарадок Пазнайка”. Тут летам арганізоўваюцца гульні і забавы з пяском і вадой. Дзеці па чарзе прыходзяць сюды групамі, займаюцца, ставяць міні-доследы. А гэта “Музычны гарадок”. У ім нашы музычныя кіраўнікі арганізоўваюць разнастайную дзейнасць — ад вакальнай да танцавальнай.

Асаблівая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца інтэграванаму навучанню. На тэрыторыі сада 16 гульнявых участкаў — для кожнай з 16 груп. З іх 9 — для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Нашы выхаванцы маюць расстройствы аўтыстычнага спектра, сіндром Даўна, інтэлектуальную недастатковасць і інш. З 291 такіх 56 дзяцей, плюс 84 дзіцяці займаюцца з настаўнікамі-дэфектолагамі. Арганізаваць работу з імі няпроста, як і пад­рыхтаваць да работы з гэтымі дзецьмі педагогаў. А яшчэ складаней — знайсці паразуменне з бацькамі, якія выхоўваюць норматыповых дзяцей. Многія з іх не хочуць згаджацца з тым, што ўсе дзеці, незалежна ад іх стану здароўя і асаблівасцей, павінны выхоўвацца разам, — гаворыць Жанна Іванаўна.

А вось малышы зусім не адчуваюць перашкод ва ўзаемаадносінах. Гэта яскрава відаць, калі назіраеш за іх сяброўскімі зносінамі.

Педагогі ж робяць усё, каб дапамагаць дзецям і іх бацькам, у тым ліку і на тэматычнай пляцоўцы “Тэрыторыя моўных сцежак”.

— Тут з хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзяць заняткі 9 настаўнікаў-дэфектолагаў, створаны асобныя лакацыі для выхаванцаў і для бацькоў. Калі таты і мамы прыходзяць за дзецьмі, то могуць задаць дэфектолагу пытанні наконт свайго дзіцяці, узяць кансультацыйны матэрыял, неабходную літаратуру, — адзначае Жанна Літвінюк.

Спартыўны запал

Асаблівае значэнне ў садку надаецца ўмацаванню здароўя і развіццю рухальных уменняў і навыкаў. У будынку функцыяну­юць 2 спартыўныя залы (фізкультурная і трэ­нажорная), басейн, а на тэрыторыі — 2 спартыўныя пляцоўкі (вялікі і малы стадыёны), тэматычная пляцоўка “Спартыўны гарадок”.

Галоўны ж спартыўны дызайнер — кіраўнік фізічнага выхавання Аліна Адаміч. Так, па яе ініцыятыве нядаўна на тэрыторыі з’явілася фотазона на спартыўную тэматыку. Малыя з бацькамі тут фатаграфуюцца, разглядаюць карцінкі, даведваюцца пра новыя для сябе віды спорту. Для татаў і мам кіраўнікі фізвыхавання і творчая група стварылі і ўстанавілі каля спартыўнай пляцоўкі незвычайны метадычны дапаможнік — планшэт “Спартінфарм”.

— Ён падзелены на 2 функцыянальныя зоны. Адна з іх раздзелена па ўзроставых групах, можа прысвячацца аднаму дню ці цэламу тыдню. Мы падрыхтавалі ілюстрацыі, якія дэманструюць розныя віды дзейнасці нашых дзяцей, — рухавыя гульні, гульні з мячом і інш. На другой частцы — на таб­ло планшэта — размяшчаем дыдактычныя гульні для выхаванцаў і іх бацькоў, анонсы найбліжэйшых спаборніцтваў, — тлумачыць Аліна Уладзіміраўна.

Ад захаплення — да прафесіі

Не менш увагі ўдзяляецца і творчасці. У гэтым лёгка ўпэўніцца, калі завітаеш на “Вуліцу Тэатральную”, дзе дзеці пераўва­сабляюцца ў казачных герояў, спрабуюць сябе ў якасці артыстаў. Як адзначылі педагогі, лакацыя накіравана на тое, каб натх­ніць выхаванцаў больш чытаць, вучыць на па­мяць, запамінаючы свае ролі.

Аматараў неардынарна падыходзіць да вырабу прыгожых рэчаў заўсёды чакае “Горад майстроў”. Свае работы яны прапаноўваюць на “Гандлёвай плошчы”. Тут уве­дзена ў абарот галоўная валюта — усмешкі, а таксама добрыя словы, карысныя парады і інш. Узамен на гэта кожны можа атрымаць аўтарскую рэч ручной работы.

Адной з любімых пляцовак у дзяцей стаў “Горад прафесій”. Кожны дзень тут можна даведацца пра новую прафесію, прымераць форму яе прадстаўнікоў, паспрабаваць сябе ў новай ролі. Прафесійную тэматыку дня абазначаюць лялькі ў форменным аддзенні. Адпаведна, мяняецца і ўсё афармленне пляцоўкі — тут створаны шыкоўны дыдактычны матэрыял, шматфункцыянальныя дапаможнікі, гульні, якія распрацавалі самі педагогі.

Падчас наведвання ўстановы мы ўбачылі работу прадстаўнікоў дзвюх прафесій — эканамістаў і фларыстаў. Так, юныя супрацоўнікі “Усмешка-банка” прадэманстравалі сваю фінансавую дасведчанасць, расказваючы пра розныя віды плацежных картак, абмен валюты, тонкасці аплаты камунальных паслуг і выдачы крэдытаў. А фларысты паказалі, як даглядаць хатнія расліны летам, растлумачылі, як збіраць насенне садовых кветак, і нават прапанавалі за ўсмешку некалькі пачкаў сваёй прадукцыі — насення аксамітак.

Выхавальніца Вераніка Валянцінаўна Кіцук заўважае:

— Праз гульні дзеці прымяраюць на сябе прафесіі ўрача, кухара, цырульніка, закройшчыка, дызайнера, стыліста, міліцыянера, ратавальніка, дворніка і мноства іншых. Перадаць спецыфіку кожнай сферы дзей­насці нам дазваляюць наборы дыдактычных гульняў. Сярод іх ёсць больш простыя, азнаямленчыя (для малодшых дзяцей), і больш складаныя, з больш падрабязным вывучэннем прафесіі.

Агарод круглы год

Яшчэ больш дэталёва дзеці асвойваюць прафесію агародніка. Прычым ужо на практыцы — у сядзібе “Агародава”, якая размясцілася на 100 квадратных метрах за будынкам установы. Кукуруза і сланечнікі, гарбузы і кабачкі, суніцы і клубніцы, пятрушка і салата, перцы і таматы, фасоля, морква, буракі, капуста, розныя гатункі цыбулі — тут радуе ўраджаем усё!

Сядзіба аб’яднала ўсіх без выключэння выхаванцаў і педагогаў гэтай установы. Амаль усе дзеці жывуць у горадзе, і мала ў каго з іх ёсць бабулі і дзядулі ў вёсцы ці на дачы. Таму ім цяжка ўявіць, што такое праца на зямлі. У садку малым прапаноўваюць гэты занятак. А тыя толькі рады! Пакуль на сонцы грэецца вада ў стракатых леечках, дзеці знайшлі сабе занятак на ця­ністых градках — абразаюць сухое лісце з клубніц, акучва­юць перац і з нецярпеннем чакаюць, пакуль сонца цалкам схаваецца за будынак — толькі ў цяні можно будзе паліваць градкі.

— Гэты наш цэнтр пазнавальнай і практычнай дзейнасці працуе круглы год, бо рабоце на агародзе папярэднічае стварэнне ў кожнай групе, пачынаючы са студзеня — лютага, агарода на падаконніку. Дзеці вывучаюць асартымент агародніны, апісанне гатункаў на пачках з насеннем, вырошчваюць расаду, а потым высаджваюць яе на сядзібе. У нас шмат метадычных дапаможнікаў, гульняў, распрацовак, якія дапамагаюць наладзіць гэтую дзейнасць, — расказвае Жанна Літвінюк.

Знаёмства з раслінамі для дзяцей працягваецца на фітаградцы. На ёй, абазначаныя таблічкамі, растуць некалькі дзясяткаў лекавых культур. Гэта дзецішча кіраўніка фізвыхавання Вольгі Міхайлаўны Прахарчук, якая кожны раз хвалюецца, калі тут гаспадараць без яе, бо лёгка пераблытаць гаючыя зёлкі з пустазеллем і выпадкова вырваць. Разам з ёй дзеці вучацца су­шыць травы, гатаваць з іх міксы і ўпакоўваць іх у сашэ.

На працягу года педагогі з выхаванцамі праводзяць тэматычныя дні, святы і конкурсы. Дзеці вельмі любяць свята пасеву, першых усходаў, першага ўраджаю, дні яго дэгустацыі, конкурс на лепшы ўраджай на градках, на самы вялікі плод і іншыя.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА