Урок — асноўная форма выхаваўчага працэсу ў школе. Бясспрэчна, што пры рэальных зносінах настаўніка і вучня маральныя каштоўнасці перадаюцца ад сэрца да сэрца.
Сучасныя вучэбныя праграмы маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял. Для яго рэалізацыі неабходна мэтанакіравана праводзіць адбор зместу вучэбнага матэрыялу, які павінен паказваць навучэнцам прыклады патрыятызму, духоўнасці, грамадзянскасці, гуманізму, праўдзівай маральнасці.
Пачаць урок матэматыкі можна з рашэння такіх заданняў, якія прывядуць да стварэння праблемнай сітуацыі. Так, вывучаючы тэму “Плошча трохвугольніка, прамавугольнага трохвугольніка, ромба”, навучэнцы робяць невялікія, але вельмі важныя адкрыцці новых формул. Такі прыём нясе ў сабе вялікі выхаваўчы патэнцыял: выхаванне інтэлектуальнасці, сілы волі, творчай самастойнасці. Рэалізацыя эстэтычнага выхавання адбываецца праз адкрыццё формул самімі навучэнцамі, дзе настаўнік звяртае ўвагу на іх прыгажосць.
Эфектыўнасць выхаваўчай работы ў працэсе навучання матэматыцы ў тым, што яна праводзіцца на розных этапах урока: пры вусным лічэнні, пастаноўцы мэт і задач, у працэсе авалодання тэорыяй прадмета, пры рашэнні задач, рэфлексіі, пры выкананні дамашняга задання.
У вучняў значную цікавасць выклікаюць задачы з практычным, эканамічным і экалагічным зместам, задачы аб розных прафесіях людзей, а таксама задачы, якія ўтрымліваюць матэрыял аб іх малой радзіме, краіне.
Задачы з экалагічным зместам
Задача. Працягласць жыцця таполі ў горадзе не больш за 70 гадоў, а ў лясным масіве ў 2,5 разу больш. Якая працягласць жыцця таполі ў лесе? Ад чаго адбываецца зніжэнне працягласці жыцця дрэў у горадзе?
Задача. Белавежскі зубр, буры мядзведзь, барсук і рысь занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Даўжыня цела зубра дасягае 3 м 50 см. Яна роўная даўжыні цела мядзведзя і рысі. Даўжыня цела мядзведзя такая ж, як і даўжыня трох барсукоў. Вызначце даўжыню цела мядзведзя, барсука і рысі, калі цела барсука карацейшае, чым цела рысі, на 30 см. Якія жывёлы Беларусі яшчэ занесены ў Чырвоную кнігу і чаму?
Задача. Два дубы за сезон (з мая па верасень) засвойваюць з паветра 240 г сярністага газу. Дуб жыве 400 гадоў. Колькі сярністага газу знішчае дуб за сваё жыццё? Якое экалагічнае значэнне мае дуб у прыродзе?
Задача. За 20 мінут пры пажары згарае да 18 дрэў у лесе. Якая колькасць дрэў загіне ад агню праз 1,5 гадзіны? Назавіце магчымыя прычыны пажараў у лесе?
Другое пытанне ў гэтых задачах фармулюецца з выхаваўчай мэтай.
Задачы на ваенна-патрыятычную тэматыку маюць вялікі выхаваўчы аспект, яны дапамагаюць развіваць грамадзянска-патрыятычныя якасці і маральныя каштоўнасці сучаснай моладзі. Да іх складання далучаюцца самі вучні. Гэта спрыяе развіццю не толькі матэматычных здольнасцей, але і фарміраванню грамадзянскіх якасцей асобы, выхаванню любові да роднага горада.
Задачы на ваенна-патрыятычную тэматыку
Тэма “Кругавыя дыяграмы”
Спачатку вучням расказваецца пра гераізм партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, а затым прапануецца задача.
Задача. 3 красавіка 1944 года брыгада “Перамога” разграміла варожы гарнізон у вёсцы Вострава Зэльвенскага раёна, захапіўшы 2 гарматы, 2 мінамёты, 2 станковыя, 5 ручных кулямётаў і 21 вінтоўку. Пабудуйце кругавую дыяграму, якая адлюстроўвае захоп ваеннага арсенала ворага.
Тэма “Працэнты”
Задача. 375 000 беларускіх партызан змагаліся супраць нямецкіх захопнікаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. З іх 48% былых партызан пасля вызвалення Беларусі працягнулі службу ў радах дзеючай арміі. Колькі партызан працягнулі служыць у войску?
Тэма “Модуль ліку”
Задача. Расшыфруйце назву кнігі, выдадзенай у кожным раёне вобласці нашай краіны, у якой прыведзены прозвішчы большасці салдат і афіцэраў — прадстаўнікоў многанацыянальнай Краіны Саветаў, якія загінулі смерцю храбрых у баях за выгнанне гітлераўцаў з нашай тэрыторыі, размясціўшы адказы прыкладаў у парадку змяншэння.
|-3,5| : |-0,7| |
|-2,3| ∙ |2,5| |
|-24,2| – – |-5,8| |
М |
А |
П |
|1 1/3| – – |-1 2/15| |
|-12/7| ∙ ∙ |7/8| |
|-5,2| – |-6,4| |
Т |
Я |
Ь |
Для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вядучую ролю адыгрываюць урокі, на якіх вучні рашаюць задачы, цікавыя па змесце, з некалькімі спосабамі рашэння. Галоўным зместам работы на такіх уроках з’яўляецца не толькі засваенне тэарэтычнага матэрыялу, але і выпрацоўка і рэалізацыя сумеснай ацэнкі спосабаў рашэння матэматычных задач. Першы крок да эканамічнага, экалагічнага, маральнага і іншага ўспрымання матэматыкі адбываецца праз рашэнне задач рознымі спосабамі.
Прыгажосць матэматыкі і ўзаемасувязь усіх яе частак школьнікі пачынаюць бачыць, калі вучацца самастойна знаходзіць больш простыя, а значыць, і больш прыгожыя рашэнні задач. Самы моцны выхаваўчы момант урока адбываецца тады, калі настаўнік разважае ўголас, вядзе думку вучняў і пошук дакладнага кроку рашэння задачы, нешта не прымае, замяняе па ходзе, каменціруючы прычыну. Гэта натхняе дзяцей на сумесны пошук вырашэння таго ці іншага пытання, у ходзе якога яны займаюць актыўную пазіцыю, для рэалізацыі настрою калектыўнага пошуку. Выхаванне асобы вучня адбываецца, калі вынікі іх работы цалкам супадаюць са зместам параграфа, яны ўсведамляюць адказнасць за сказанае і зробленае на ўроку, з’яўляецца ўпэўненасць у сваіх здольнасцях.
Выхаванне і развіццё пачуцця павагі і адказнасці за людзей вакол, за выбар прафесіі адбываецца праз задачы аб дзейнасці людзей розных прафесій, у ходзе рашэння якіх вучні ўсведамляюць, што ўсе матэрыяльныя набыткі жыцця атрыманы працай.
Задачы пра працу
Задача. У магазін завезлі 250 кг мяса, прадалі за 1 дзень 65%. Колькі мяса засталося?
Задача. Пасадзілі 300 000 насення, узышло 240 000 насення. Які працэнт усходжасці?
Задача. Вызначыць, колькі пакетаў мукі спатрэбіцца для гатавання 75 боханаў чорнага хлеба, калі на
адзін такі бохан спатрэбіцца 300 грамаў мукі. У 1 пакеце — 1 кілаграм мукі.
Задача. Урач назначае пацыенту лекі, прымаць іх трэба па 0,25 г тры разы на дзень на працягу двух тыдняў. Якую найменшую колькасць упаковак неабходна набыць, калі ў адной упакоўцы змяшчаецца 10 таблетак па 0,25
У падручніках матэматыкі закладзены матэрыял, які дае падрастаючаму пакаленню вялікія магчымасці для эканамічнага выхавання. Навучыцца самастойна або з дапамогай бацькоў падлічыць на месяц бюджэт сям’і, эканомію электраэнергіі, з няспраўнага крана ўцечку вады дзеці могуць, рашаючы задачы з эканамічным зместам.
Задачы з эканамічным зместам
Задача. Адзін гектар асінавага лесу дае штогод каля 10 м3 прыросту драўніны. Колькі дроў можна нарыхтаваць з 7 га асінавага лесу, не прычыніўшы яму значнай шкоды, калі пры нарыхтоўцы страчваецца пятая частка драўніны?
Задача. З 200 кг макулатуры вырабляюць 150 кг паперы. Колькі сшыткаў будзе выраблена з 288 кг макулатуры, сабранай вучнямі 8 класа, калі 10 сшыткаў важаць 270 г? Колькі кг драўніны сэканомілі вучні нашага класа?
Задача. Пры фізіялагічнай патрэбе 2—3 л у суткі ў сярэднім кожны чалавек ужывае 1,7 л вады за суткі. Знайдзіце, якую колькасць вады ў сярэднім ужываюць усе вучні класа за суткі, за год?
Задача. Колькі спатрэбіцца меднага купарвасу і свежагашанай вапны, каб прыгатаваць раствор для апырсквання яблыневага саду плошчай 2 га (плошча харчавання аднаго дрэва 10 × 10 м)? Норма расходу на адно дрэва складае 14 л, а для падрыхтоўкі раствору на 10 л вады бяруць 20 г меднага купарвасу і 40 г вапны.
Выпускнік школы павінен увайсці ў дарослае жыццё не толькі з ведамі па вучэбных прадметах, але і з мінімумам прававых, этычных ведаў і ўменняў, каб не згубіцца ў ім, набыць навыкі камунікацыі, арганізацыйныя здольнасці, знайсці сваё месца ва ўмовах рынку, новай эканомікі, азнаёміцца з азбукай бізнесу, умець арганізаваць сваю сям’ю.
Таццяна БАРЭЛЬ,
настаўніца матэматыкі
сярэдняй школы № 41 Гродна