Днямі Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі правёў для кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі Беларусі Рэспубліканскую навукова-практычную вэб-канферэнцыю “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі — інвестыцыі ў будучыню краіны”. Яе ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з лепшым вопытам і знайсці адказы на самыя актуальныя пытанні сістэмы дадатковай адукацыі.
Мы вас слухаем
Галоўная перавага новага фармату — магчымасць больш уважліва пазнаёміцца з вопытам калег, бо напярэдадні канферэнцыі на сайце ўстановы было змешчана амаль паўсотні матэрыялаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, у якіх аўтары расказалі пра асаблівасці работы сваіх устаноў, інавацыі, падыходы да вырашэння актуальных пытанняў дадатковай адукацыі. З імі мог пазнаёміцца кожны. На вэб-канферэнцыі ж быў агучаны лепшы вопыт.
Шырокая тэматыка канферэнцыі дазволіла ўдзельнікам закрануць актуальныя пытанні ў розных кірунках: партнёрства і ўзаемадзеянне з установамі дадатковай адукацыі дарослых у развіцці прафесійнай кампетэнтнасці кіраўніцкіх і педагагічных кадраў, эфектыўнасць рэалізацыі кластарнага падыходу, умацаванне супрацоўніцтва з міжнароднай супольнасцю работнікаў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і кампетэнтнымі арганізацыямі ў галіне развіцця дзіцячай і маладзёжнай творчасці, абнаўленне іміджу сучаснай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і інш.
Адкрываючы канферэнцыю, Таццяна Васільеўна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі, абгрунтоўваючы нагоду сустрэчы, адзначыла: “Мы ў чарговы раз вырашылі пагутарыць пра такія сур’ёзныя пытанні, як удасканаленне нашай дзейнасці, бо мы не можам стаяць на месцы, і ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбываецца шмат змяненняў. Час патрабуе адкрыцця новых запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах. Так, асабліва актуальныя пытанні развіцця тэхнічнай творчасці, вынаходства, рацыяналізатарства, далучэння нашых дзяцей і навучэнскай моладзі да сферы высокіх тэхналогій. Сёння на ўзроўні ўрада сур’ёзна прапрацоўваецца пытанне адкрыцця Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. У яго рабоце будзе выкарыстоўвацца вопыт замежных краін, у тым ліку суседніх. Супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйна-тэхнічнай творчасці наведвалі падобныя цэнтры ў Маскве, Казані, і, канечне, гэты вопыт будзе выкарыстоўвацца пры распрацоўцы канцэпцыі развіцця дзіцячага тэхнічнага парка. Сёння шмат новых кірункаў па кожным профілі. І мы хочам пачуць пра ваш вопыт, прадаставіць магчымасць вашым калегам яго выкарыстоўваць, што дасць сістэме новы штуршок”.
На тэхнічнай хвалі
Сапраўды, тэхнічную хвалю падхапілі многія ўстановы. Днямі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі распачаў работу гарадскі дзіцячы тэхнапарк. У Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі яшчэ два гады назад дзіцячым цэнтрам навуковых адкрыццяў стаў “Інапарк”. Па словах дырэктара ўстановы Наталлі Анатольеўны Алейнік, ён уяўляе сабой сучасны навукова-адукацыйны комплекс, які служыць платформай для атрымання дзецьмі інжынернай адукацыі і прызначаны даць ім магутную базу для паступлення ў тэхнічныя УВА (90% навучэнцаў цэнтра паступаюць у тэхнічныя УВА, выбіраюць інжынерны профіль). А будучы інжынер павінен валодаць не толькі асноўнай кампетэнцыяй, але і скразнымі, таму фармат праекта накіраваны менавіта на рознабаковую падрыхтоўку ў галіне электронікі, робататэхнікі і IT. У далейшым плануецца навучанне падлеткаў практычнай электроніцы і прататыпаванню.
Адной з найбольш інавацыйных галін у сферы дзіцячай тэхнічнай творчасці з’яўляецца адукацыйная робататэхніка, якая аб’ядноўвае класічныя падыходы да вывучэння асноў тэхнікі і сучасныя напрамкі — інфармацыйнае мадэляванне і праграмаванне. Лепшыя навучэнцы ўключаюцца ў спартыўныя каманды для ўдзелу ў спаборніцтвах. Так, у межах праекта “Інапарк” быў праведзены абласны турнір-спаборніцтва па робататэхніцы “Робаквест” (кірунак LEGO), навучэнцы ўстановы прынялі ўдзел у рэспубліканскім турніры па робататэхніцы і конкурсе JuniorSkills Belarus у кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”, былі праведзены першы абласны профільны лагер па робататэхніцы Edutainment, абласны конкурс па радыёэлектроніцы і робататэхніцы, на якіх выхаванцы “Інапарка” цудоўна паказалі сябе.
Да развіцця тэхнічнага кірунку актыўна падключаецца Гомельская вобласць. Так, у Жлобінскім раёне ўжо цяпер на высокім узроўні прадстаўлена сістэмнае адміністраванне, а ў мазырскім Клубе юных пажарных — курс спартыўнага праграмавання.
Руслан Сцяпанавіч Сідарэнка, дырэктар Камп’ютарнага цэнтра дзяцей і моладзі Светлагорска, расказаў пра сваю ўнікальную ўстанову дадатковай адукацыі. Камп’ютарны цэнтр быў створаны як партнёрскі праект Светлагорскага райвыканкама і акругі Мендып (Вялікабрытанія) і адкрыты ў 2002 годзе. Установа працуе па такіх напрамках, як асновы сеткавых тэхналогій, замежныя мовы (англійская, іспанская, італьянская), спартыўнае праграмаванне, стварэнне гульняў і анімацыі, адукацыйная робататэхніка, шахматы. У студзені 2017 года адкрыты новы напрамак “Адукацыйная робататэхніка”. Вынікі, атрыманыя выхаванцамі цэнтра ў конкурсах па робататэхніцы, вывелі Светлагорскі раён у лідары па дадзеным кірунку.
Прымяраем прафесіі
Многія педагогі падзяліліся вопытам у пашырэнні і ўдасканаленні прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў. Сваю дапамогу ў прафесійным самавызначэнні прапаноўвае дзецям педагагічны калектыў Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Як расказала дырэктар установы Алена Раманаўна Міклаш, для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту знаёмства з прафесіямі адбываецца праз заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, экскурсіі ў Навагрудскі цэнтр рамёстваў, на прадпрыемствы горада, сустрэчы з цікавымі людзьмі, праз гульнявыя праграмы “Кірмаш прафесій”. Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту прафарыентацыя знаходзіць свой працяг праз дзелавыя гульні “Тэлестудыя”, “У цырульні”, гульні “Галерэя мастака”, “Ганчарная майстэрня”, гульню-падарожжа “Свет прафесій”, конкурсы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзеці вывучаюць разнастайнасць рабочых прафесій: швачка, рамеснік (аб’яднанне па інтарэсах “Штучка”), вязальшчыца, рамеснік (“Мастацкае вязанне кручком”), ганчар-кераміст, мастак-афарміцель (“Народная кераміка”), робяць першыя крокі ў праектнай дзейнасці. Старшакласнікі прымяраюць на сябе спецыяльнасці праз прафесійныя спробы, фестывалі, экскурсіі на прадпрыемствы горада, у рэдакцыю раённай газеты “Новае жыццё”, на радыё “Навагрудскія навіны”, а таксама праз адкрытыя заняткі, конкурсы, дзелавыя гульні, інтэлектуальныя турніры раённага клуба “Наваградскія волаты”, майстар-класы аб’яднанняў па інтарэсах “Цырульніцкі гурток “Лонда”, “Мастацкае вязанне кручком”, узорнай студыі выяўленчай творчасці “Каляровы аловак”, заняткі ва ўзорным ансамблі танца “Свіцязяначка”. Перамогі на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях, конкурсах павышаюць матывацыю навучэнцаў і ўплываюць на іх свядомы прафесійны выбар. Многія выпускнікі “Свіцязяначкі” атрымліваюць прафесійную адукацыю ў навучальных установах Беларусі, працуюць ва ўстановах адукацыі раёна, кіруюць аб’яднаннямі па інтарэсах харэаграфічнага напрамку.
Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска мадэрнізаваць работу па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў дапамагае адукацыйны модуль “Праф-арыенцір”, які ўключаны ў аб’яднанні па інтарэсах выяўленчай творчасці. Як паведаміла дырэктар установы Валянціна Мікалаеўна Румава, першае паглыбленне ў прафесію праходзіць для дзяцей і падлеткаў падчас выстаў-конкурсаў розных узроўняў — ад раённых да міжнародных. Паспяхова праходзяць і першыя прафесійныя пробы навучэнцаў ад 14 гадоў праз арганізацыю другаснай занятасці па праграме “Горад майстроў” (з верасня па ліпень). Завяршаецца работа па стварэнні віртуальнага прафарыентацыйнага кабінета цэнтра.
Паспрыяем таленту
Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі засяродзіўся на паглыбленай рабоце з адоранымі дзецьмі. Дырэктар установы Наталля Яўгенаўна Бальшакова паведаміла, што сёння тут займаецца больш за 8000 навучэнцаў і 500 з іх уваходзяць у мабільны банк “Адораныя дзеці”. Гэта дзеці, якія прайшлі анкетаванне, дыягностыку на выяўленне ступені адоранасці, якія дасягнулі высокіх вынікаў у розных галінах дзейнасці: спорт, тэхнічная, мастацкая творчасць.
Гонар установы — 18 студый і 5 узорных калектываў. 6 лепшых творчых калектываў рыхтуюцца да прысваення звання “ўзорны” ў бягучым навучальным годзе. У 9 аб’яднаннях па інтарэсах арганізавана работа па індывідуальных праграмах з адоранымі навучэнцамі, асаблівая ўвага ўдзяляецца спосабам развіцця самастойнасці, творчага мыслення.
Для эфектыўнай работы з гэтымі вучнямі ў цэнтры рэалізоўваюцца інтэграваны праект “Тэатр лялек Puppetshow” (тэатральная дзейнасць на аснове паглыбленага вывучэння англійскай мовы), праект развіцця фестывальнага руху сярод дзяцей і моладзі “Атлас мастацтва”.
Цэнтр з’яўляецца ініцыятарам і каардынатарам традыцыйных значных фестываляў: гарадскіх (фестываль баявых мастацтваў “Паўночны цмок”, фестываль маладзёжнай альтэрнатыўнай творчасці “Маладзёжная хваля — 2018”, фестываль прафесій “Формула паспяховага выбару”), абласных (фестываль па спартыўных (бальных) танцах “Віцебск.Star”, фестываль-конкурс тэатраў моды “Подыум”), міжнародных (фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”, фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Дзве сястры — Беларусь і Расія”, музычны фестываль-марафон “Мелодыя сяброў”). Для тэхнічна адораных дзяцей дзейнічае праект “Тэхнасфера”. У межах праекта “Легенды і паданні Віцебшчыны” тэатра моды “Дзіва” дзеці ствараюць аўтарскія калекцыі. Сумесна з Беларускім тэатрам лялек ажыццяўляецца творчы праект “Творца жыве ў кожным з нас”.
Пра выніковасць работы з адоранымі дзецьмі сведчаць 779 узнагарод за перамогі ў конкурсах, спаборніцтвах, выставах і аглядах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў толькі за мінулы навучальны год. Узнагароджанне вучняў, якія маюць высокія вынікі, праходзіць традыцыйна на фестывалі дзіцячай творчасці “Лепш за ўсіх!”, адкрытым марафоне дасягненняў года “Феерверк талентаў”, цырымоніі занясення на дошку гонару цэнтра “Зорны п’едэстал”.
Пра вопыт падрыхтоўкі і рэалізацыі праграм павышанага ўзроўню для калектываў са званнямі “ўзорны” і “народны” расказаў Іван Іванавіч Васіленка, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці: “Сёння кіраўнікі калектываў, якія маюць званні “ўзорны” і “народны”, ужо працуюць па праграмах павышанага ўзроўню. У вобласці ў нас 5 праграм і яшчэ 10 праграм у запасе — гэта наша далейшая работа. Нам засталося толькі метадычна правільна іх абгрунтаваць, аформіць дакументальна і атрымаць пацвярджэнне ў Міністэрстве адукацыі”. Закрануў Іван Іванавіч і адну з асноўных праблем — адсутнасць матывацыі і ў педагогаў, і ў навучэнцаў: “На нашу думку, калі ў школах ёсць такая практыка, што профільная адукацыя на павышаным узроўні адлюстроўваецца ў атэстаце аб адукацыі, то мы хацелі б, каб уносіўся запіс аб праходжанні адукацыі на павышаным узроўні і ва ўстанове дадатковай адукацыі”.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў вэб-канферэнцыі, Т.В.Драпакова адзначыла актуальнасць гэтай тэмы і тыя складанасці, якія ёсць у педагогаў, што працуюць па праграмах павышанага ўзроўню, і анансавала: “У бягучым навучальным годзе мы будзем выдаваць пасведчанні аб праходжанні праграм на павышаным узроўні. І гэтае пытанне — на стадыі вырашэння. Ёсць загад аб парадку прадастаўлення праграм павышанага ўзроўню для зацвярджэння ў Міністэрстве адукацыі, распрацаваны алгарытм пакрокавага прадастаўлення адпаведных дакументаў. Наступным крокам будзе выдача пасведчанняў аб засваенні праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на павышаным узроўні. У найбліжэйшы час гэты дакумент паступіць ва ўсе рэгіёны. Я прашу вас сур’ёзна папрацаваць з ім з практычнага боку і ўнесці адпаведныя карэктывы і дапаўненні. Вашы прапановы мы абавязкова ўлічым”.
Каб шосты дзень стаў школьным
Спыняючыся на пытаннях планавання работы, Таццяна Васільеўна папрасіла асабліва засяродзіцца на арганізацыі шостага школьнага дня: “Мы заклікаем нашы ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаць каардынатарамі гэтай работы, бо пытанняў у гэтым кірунку шмат. Калі ўпаўнаважаныя ў правядзенні маніторынгу выязджаюць на месцы, то бачаць, што не заўсёды атрымліваецца зладжаная работа. Вельмі шмат напрацовак ва ўстановах адукацыі па шостым школьным дні, шмат іх і ў сістэме дадатковай адукацыі, але пры гэтым ёсць дзеці, якія не ахоплены дадатковай адукацыяй дзяцей і моладзі, ці заяўляюць, што ім нецікава, некамфортна ў школе і ва ўстановах дадатковай адукацыі. Нам ёсць што ўдасканальваць, ёсць неабходнасць рухацца наперад. Канечне, мы да гэтага гатовы, бо рэсурс у нас вялікі: у сістэме дадатковай адукацыі людзі працуюць па прызванні. Прымушаць дзяцей хадзіць у гурткі не трэба — яны ідуць туды выключна па жаданні”.
Прыкладам якаснай работы ў гэтым кірунку стала выступленне Таццяны Анатольеўны Цвірко, начальніка цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Яна прадставіла калегам створаную мадэль выхаваўчай работы, у аснове якой — рэгіянальныя праграмы па арганізацыі шостага школьнага дня: “У 2017 годзе цэнтрам выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі праведзена серыя выязных двухдзённых семінараў на базе сямі раёнаў вобласці па падрыхтоўцы і стварэнні рэгіянальнай мадэлі арганізацыі работы ў шосты школьны дзень з улікам асаблівасцей канкрэтных раёнаў, што дазволіла выпрацаваць адзіныя падыходы і стварыць сістэмнасць у рабоце”, — адзначыла Таццяна Анатольеўна і прывяла канкрэтныя прыклады.
Так, у Цэнтры дзіцячай творчасці Лагойскага раёна дзейнічае праграма “Суботні дзень: вольны час, творчасць, развіццё”, якая складаецца з 5 блокаў: школа лідара (з удзелам дзіцячых грамадскіх арганізацый), школа бяспекі (сумесна з супрацоўнікамі МНС), школа здароўя (па плане сумесных мерапрыемстваў з органамі аховы здароўя), школа “Спадчына” (з удзелам работнікаў культуры), бацькоўская школа “Дружная сям’я” (праца з сям’ёй). Праект “Прафесійны выбар дзяцей і моладзі пры дапамозе дзейнасці тэатральнага клуба ў шосты школьны дзень” рэалізоўваецца ў Цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. Акрамя гэтага, тут ажыццяўляецца праект “Дзень сельскага школьніка”, у межах якога арганізаваны выезды ў сельскія ўстановы адукацыі для правядзення майстар-класаў, выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, спартыўных мерапрыемстваў і адукацыйна-гульнявых праграм. Цэнтр дзіцячай творчасці Бярэзінскага раёна з’яўляецца раённым інавацыйна-адукацыйным цэнтрам па бяспецы жыцця-дзейнасці. Праводзіцца шырокая псіхолага-педагагічная асвета з навучэнцамі і бацькамі. У арсенале педагогаў-псіхолагаў — праграмы па сямейнай псіхалогіі, валеалогіі, прафілактыцы шкодных звычак і г.д. Папулярнымі з’яўляюцца сямейныя сустрэчы на базе клубаў па месцы жыхарства: музычныя і псіхолага-педагагічныя гасцёўні, тэматычныя трэнінгавыя праграмы па згуртаванні дзіцячага калектыву, развіцці лідарскіх якасцей. У Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” функцыянуе аб’яднанне па інтарэсах “Кругагляд”. Яго праграма накіравана на фарміраванне ведаў у галіне валеалогіі, уменняў супрацьстаяць негатыўным уздзеянням знешняга асяроддзя, навучанне бяспечным і адказным паводзінам у інтэрнэт-прасторы. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна ў шосты школьны дзень з’яўляецца культурна-адпачынкавай пляцоўкай для правядзення раённых конкурсаў і свят: агляду-конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст”, агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, конкурсу клубаў вясёлых і знаходлівых, фестывалю лідарскіх магчымасцей “Формула поспеху”. Тут жа праводзяцца сямейныя гасцёўні з выкарыстаннем розных форм: выставы, канцэртныя і гульнявыя праграмы, сустрэчы з бацькамі цікавых прафесій, творчыя заняткі “Мама, тата і малыш”, конкурс “Мама, тата, я — пеўчая сям’я”, экскурсіі ў музеі, дзелавыя гульні, тэматычныя кансультацыі педагога-псіхолага, працуе клуб “Сямейны ўік-энд”.
Этна- і полікультура
Багаты вопыт па этнакультурным выхаванні дзяцей і моладзі сродкамі дадатковай адукацыі прадставіў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яго дырэктар Надзея Васільеўна Васільчанка адзначыла і ролю аб’яднанняў па інтарэсах, якія вывучаюць і прапагандуюць народную беларускую культуру, і значэнне фестывальнага руху, і перавагі рэспубліканскіх праектаў (“Традыцыйная культура і дзеці”, “Беларускае народнае мастацтва і дзеці” і інш.). Дзіцячыя і маладзёжныя фальклорныя калектывы ўстаноў адукацыі актыўна прымаюць удзел у намінацыі “Народная творчасць” рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, якія праводзіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: “Дзень добры, свет!”, “Творчасць без межаў”, “АРТ-вакацыі”, “Млын моды”; выставачных праектах “Калядная зорка”, “Саламяны цуд”, “Залатая саломка”, “Чароўныя ўзоры”; конкурсе даследчых і праектных работ “Традыцыйная беларуская лялька”.
“Дадатковую адукацыю можна параўнаць з лесвіцай, па якой кожны можа прайсці столькі прыступак, на колькі хопіць сіл, здольнасцей, цікавасці. Наша задача — дапамагчы маленькаму чалавеку ступіць на першую, адчуць свае карані праз народную песню, гульню, танец, рамяство… У кожнага педагога свае арыенціры ў этнакультурным выхаванні дзяцей, галоўнае, каб яны мелі працяг у педагагічнай дзейнасці і далі пэўны вынік у выхаванні духоўна-маральных каштоўнасцей і сацыялізацыі ў сучасным свеце. Менавіта глыбокая павага наша і нашых дзяцей да самабытнай культуры і памяці продкаў з’яўляецца тым мастком, які злучае XXI стагоддзе з гісторыяй нашай Радзімы”, — адзначыла Надзея Васільеўна.
А Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна Мінска прадставіў свой вопыт па полікультурным выхаванні і сацыякультурнай інтэграцыі навучэнцаў-мігрантаў. Па словах дырэктара цэнтра Святланы Віктараўны Шмагарэўскай, ва ўстанове вучацца 6855 дзяцей.
З іх 1712 — некарэннай нацыянальнасці. Сярод іх — рускія, украінцы, яўрэі, палякі, армяне, афганцы, грузіны, карэйцы.
“Педагог, які працуе з навучэнцамі-мігрантамі іншакультурных груп, павінен быць гатовы да магчымага дысанансу паміж культурнымі традыцыямі сям’і навучэнца і патрабаваннямі адукацыі. Здольнасць эфектыўна працаваць з бацькамі гэтых дзяцей у сучасных умовах павінна разглядацца як найважнейшы фактар прафесійнай кампетэнтнасці педагога. Гэта асабліва важна, калі бацькі не гавораць на мове краіны знаходжання, а іх культурныя традыцыі адрозніваюцца ад прынятых у дадзеным грамадстве, — лічыць Святлана Віктараўна. — У нашым цэнтры дзеці і падлеткі, якія з’яўляюцца бежанцамі, маюць магчымасць азнаёміцца з традыцыямі і менталітэтам нашай краіны, разам з беларускімі школьнікамі ўдзельнічаюць у рабоце выязных адукацыйных лагераў, падчас трэнінгаў і ролевых гульняў падлеткі атрымліваюць шырокую інфармацыю па полікультурнай адукацыі, талерантнасці і бесканфліктным міжкультурным узаемадзеянні. Сталі традыцыйнымі нацыянальныя святы з удзелам беларускіх школьнікаў і дзяцей бежанцаў. Удзел у такіх мерапрыемствах дазваляе мігрантам захаваць сваю самабытную культуру, а беларускім дзецям пашырыць кругагляд і ўзбагаціць свае культурныя ўяўленні”.
Абнавіце імідж
Некалькі ўстаноў прадставілі вопыт па аднаўленні іміджу сучаснай установы дадатковай адукацыі. У прыватнасці, яны нацэлены на пераход ад прэзентацыі сваёй дзейнасці да задавальнення запытаў на адукацыйныя паслугі дзяцей і іх бацькоў.
Валянціна Мікалаеўна Смычкова, дырэктар Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва, закранула пытанні маркетынгавай дзейнасці для ўмацавання канкурэнтаздольнасці ўстановы. Яна засяродзілася на найбольш распаўсюджанай сферы маркетынгу — прадастаўленні дадатковых платных адукацыйных паслуг — і на тым, як зрабіць так, каб іх увядзенне не ўшчамляла правы дзяцей, асабліва з малазабяспечаных сем’яў.
Арганізатары канферэнцыі прапанавалі педагогам краіны абмеркаваць прадстаўленыя матэрыялы са сваімі працоўнымі калектывамі і падзяліцца на сайце цэнтра меркаваннямі і прапановамі па шэрагу важных пытанняў развіцця і ўдасканалення сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Беларусі.
Адна з прапаноў на педагагічным форуме, якая тычыцца павышэння канкурэнтаздольнасці ўстаноў, гучала так: “Сёння на рынку адукацыйных паслуг існуе дастатковы выбар устаноў, якія аказваюць паслугі дадатковай адукацыі. Якая ўстанова будзе абрана спажыўцамі, залежыць ад яе ўнікальнасці або ад іміджу. У сувязі з гэтым з’яўляецца неабходнасць абнаўлення праграмнага забеспячэння, павышэння ўзроўню прафесіяналізму і патрабавальнасці педагогаў, прыцягнення ва ўстановы адукацыі больш вопытных і вядомых педагогаў, папулярызацыі адукацыйных праграм, наяўнага перадавога педагагічнага вопыту і дасягненняў навучэнцаў, распрацоўкі арыгінальных адукацыйных напрамкаў установы адукацыі і многае іншае, што фарміруе іміджавыя характарыстыкі ўстановы дадатковай адукацыі і робіць яе адметнай і прыметнай на рынку адукацыйных паслуг. Станоўчы імідж можа быць сфарміраваны толькі з апорай на рэальныя перавагі ўстановы адукацыі. Але падтрыманне канкурэнтаздольнасці і прывабнасці ва ўспрыманні спажыўцоў дыктуе неабходнасць змены іміджу ўстаноў дадатковай адукацыі ў адказ на патрэбы насельніцтва, на развіццё інавацыйных педагагічных тэхналогій, змены эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, модных кірункаў”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.