Выхоўвае на ўласным прыкладзе. Алгарытмы работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігара Ільюшчанкі

- 9:00Главная, Могилевская область, Образование

Сфарміраваць у вучняў выразную грамадзянскую пазіцыю і свядомую любоў да Радзімы — у гэтым бачыць сваю галоўную задачу кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 Чавус Ігар Ільюшчанка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Патрыятызм — гэта не толькі любоў да роднай зямлі. Гэта таксама гордасць за свой народ і краіну, павага да яе гісторыі. А яшчэ — канкрэтныя справы, накіраваныя на тое, каб Радзіма была квітнеючай, мірнай і спакойнай. Такія перакананні рознымі спосабамі імкнуся данесці да вучняў, — адзначыў Ігар Анатольевіч.

Упор у выхаванні мола­дзі педагог робіць на асабісты прыклад. Ён стараецца быць для школьнікаў арыенцірам у праяўленні мужнасці, справядлівасці, адказнасці. На занятках часта расказвае дзецям рэальныя гісторыі з уласнай біяграфіі. А жыццёвы шлях у Ігара Ільюшчанкі быў няпросты: ён удзельнік вайны ў Афганістане, два гады служыў у разведвальнай роце, прайшоў праз дзясяткі баявых аперацый, узнагароджаны медалём “За адвагу”.

— Нягледзячы на ўсе складанасці, з арміяй у мяне звязана шмат добрых успамінаў. Там я набыў шэраг важных якасцей, знайшоў сапраўдных таварышаў. Зараз у маладых людзей стаўленне да вайсковай службы не заўсёды пазітыўнае. Пераконваю юнакоў у адваротным, настройваю іх на тое, што мужчына абавязкова павінен атрымаць армейскі вопыт, — паведаміў Ігар Анатольевіч.

Выхаванне хлопчыкаў будучымі абаронцамі Айчыны для Ігара Ільюшчанкі — ­адзін з асноўных педагагічных прыя­рытэтаў. Дапрызыўнай падрыхтоўцы навучэнцаў ён удзяляе асаблівую ўвагу: курыруе аб’яднанне па інтарэсах “Юны патрыёт”, вучыць падлеткаў рукапашнаму бою, уменню хадзіць строем і абыходзіцца са зброяй.

— Акрамя фізічнага, для мяне важнае і маральнае развіццё вучняў. Заняткі з навучэнцамі не абмяжоўваюцца толькі класам або спартыўнай залай. Разам мы праводзім мноства мерапрыемстваў: ладзім тэматычныя гутаркі, выязджаем на экскурсіі. Асаб­лівы акцэнт раблю на далучэнні дзяцей да захавання памяці аб подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вядзём шэфства над ветэранамі, вывучаем гісторыю, добраўпарадкоўваем мемарыялы, — расказаў Ігар Анатольевіч.

Выхаваўчую работу Ігар Ільюшчанка выбудоўвае ва ўзаемадзеянні з бацькамі навучэнцаў. Педагог перакананы: сям’я адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні асобы дзіцяці, таму цеснае супрацоўніц­тва — неабход­насць.

— З сем’ямі вучняў знаходжуся ў пастаянным канструктыўным дыялогу. Ра­зам з бацькамі мы павінны размаўляць з дзецьмі на адной мове, даносіць да іх адзіныя ісціны. Інакш выхаваць у дзецях грамадзянскасць і патрыятызм наўрад ці атрымаецца, — лічыць Ігар Анатоль­евіч.

Па яго меркаванні, знакавым крокам у выхаваўчай рабоце стала адкрыццё ваенна-патрыятычных клубаў. Гэтыя фарміраванні істотна дапамагаюць выхоўваць актыўную, ініцыятыўную моладзь.

— У нашай школе ўжо другі год функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб “Абаронца”. Як кіраўнік заўважаю: у юнакоў мяняюцца погляды на армію. На свой грамадзянскі абавязак хлопцы глядзяць адказна, а некаторыя сур’ёзна задумваюцца аб магчымасці рэалізаваць сябе на ваеннай службе, у сілавых структурах. Думаю, на мысленне падлеткаў вельмі паўплывалі рэгулярныя выезды на ваенна-палявыя зборы і ў ваенныя часці. Навучэнцы жылі ў палатках, на свае вочы бачылі побыт салдат, выконвалі патрабаванні распарадку. Усё гэта выдатна гартуе перад вайсковай службай, — расказаў Ігар Ільюшчанка.

Пакуль у шэрагах “Абаронцы” 20 школьнікаў, але Ігар Анатольевіч упэўнены, што іх стане больш. Бо цікавасць у навучэнцаў ёсць, прычым у клуб імкнуцца ўступіць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі.

— Вядома, не ўсе хлопцы пойдуць служыць. Аднак кожны стане прыстойным грамадзянінам, гатовым працаваць на карысць роднай краіны. А калі ўзнікне патрэба — устане на абарону дзяржавы. У гэтым і ёсць ключавая значнасць ваенна-патрыятычнага выхавання, — заўважыў Ігар Ільюшчанка.

Выпрацаваныя Ігарам Ана­тольевічам падыходы прыносяць чаканыя вынікі. Пад яго кіраўніцтвам дзеці паспяхова выступаюць на спартыўных турнірах, спаборніцтвах па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Многія выбіраюць ваенную службу за аснову прафесіі, становяцца афіцэрамі.

— Поспехі навучэнцаў вельмі радуюць. Прыемны і давер дзяцей. Калі іду па вуліцах райцэнтра, з усіх бакоў чую прывітанні. Дзеці часта звяртаюцца да мяне з просьбамі ці па параду. Не забываюць і выпускнікі, шчыра дзякуюць за настаўленні. Іх удзяч­насць і тое, што ўсе вучні сталі дастойнымі людзьмі, шаную як узнагароду. Бо гэта на справе даказвае: мае педагагічныя намаганні не былі дарэмнымі, — падкрэсліў педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара