Вочна-дыстанцыйны рэспубліканскі семінар-прэзентацыя вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” для 1—4, 5—9, 10—11 класаў адбыўся ў народным музеі “Дзеці вайны” сярэдняй школы № 137 Мінска імя П.М.Машэрава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Дапаможнікі распрацаваны па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі. У іх аснову пакладзены матэрыялы расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай адзначыў, што сёння адной з найважнейшых задач з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне ў яго гістарычнай памяці. З гэтай мэтай вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
— Сёння мы бачым, якія жудасныя злачынствы былі здзейснены ў гады вайны. Важна, каб нашы дзеці эмацыянальна гэта пражывалі, адчувалі і разумелі. Генеральная пракуратура, акрамя расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, праводзіць работу для таго, каб гістарычная памяць жыла, каб можна было расказаць пра гэтыя факты дзецям, дапамагчы педагогам з пункту гледжання методыкі, метадалогіі правільна выкласці складаныя старонкі гісторыі, — адзначыў намеснік міністра.
Упершыню з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, трагедыяй і подзвігам беларускага народа ў гады вайны навучэнцы знаёмяцца ў 4 класе пры вывучэнні курса “Мая Радзіма — Беларусь”. Усе дзевяцікласнікі вывучаюць модуль “Вялікая Айчынная вайна”, які ўключае тэмы па гісторыі вайны, прадугледжаныя вучэбнымі праграмамі па сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі, вучэбнай праграмай факультатыўных заняткаў “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”.
У 2022 годзе былі абноўлены кампаненты ВМК “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”: вучэбны дапаможнік для навучэнцаў, хрэстаматыя, метадычны дапаможнік для настаўнікаў. У 2022/2023 навучальным годзе вучэбныя праграмы па гісторыі Беларусі для 9 і 11 класаў дапоўнены пытаннямі аб генацыдзе беларускага народа, удзеле калабарацыяністаў у рэалізацыі акупацыйнай палітыкі германскіх нацыстаў на тэрыторыі Беларусі.
У аўтарскі калектыў вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” ўвайшлі супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Валерый Талкачоў, Вікторыя Фіневіч, Валерыя Таратынка, а таксама спецыялісты НІА Алена Мох і Вольга Пеўзнер.
У выданнях раскрываецца паняцце “генацыд” і планы фашысцкай Германіі па яго ажыццяўленні, гаворыцца пра лагеры смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР, пра германскі акупацыйны рэжым і карныя аперацыі, гвалтоўны згон людзей на прымусовыя работы, дзейнасць калабарацыянісцкіх фарміраванняў, эканамічныя страты, нанесеныя нямецка-фашысцкімі акупантамі, аб судовых працэсах у дачыненні да нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, аб подзвігу беларускага народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Пракуратурай сумесна з Міністэрствам адукацыі праведзена важная і вельмі тонкая псіхалагічная работа (з далучэннем спецыялістаў-псіхолагаў) па стварэнні вучэбных дапаможнікаў, каб у велізарным масіве жудасных зверстваў, якія адбываліся на нашай зямлі, мы змаглі данесці дзецям аб’ектыўную інфармацыю, заснаваную на пэўных крыніцах і доказах, — адзначыў начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Валерый Талкачоў. — Дапаможнікі створаны для таго, каб нашы дзеці ведалі гістарычную праўду. Да 2021 года мы шмат гаварылі аб подзвігу савецкага і беларускага народа, але не заўважана было пытанне аб трагедыі і болю, якія зведала наша насельніцтва ў гады акупацыі. Таму органы пракуратуры сумесна з іншымі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі пачалі работу па расследаванні гэтых фактаў. Праводзіцца таксама інфармацыйная і ідэалагічная работа па данясенні гэтых звестак да падрастаючага пакалення.
Дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” выйшлі ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”.
— У кнігах асаблівая ўвага ўдзяляецца дзяржаўнай палітыцы ў галіне захавання гістарычнай памяці аб тых страшных падзеях, сабраны ўспаміны, у тым ліку дзяцей, чыё дзяцінства прыйшлося на ваенныя гады, архіўныя фатаграфіі. Дарэчы, з некаторымі здымкамі раней былі знаёмы толькі спецыялісты, — расказаў дырэктар выдавецтва Валянцін Навагродскі. — Пры падрыхтоўцы дапаможнікаў выкарыстоўваліся выданні, падрыхтаваныя Генпракуратурай: “Генацыд беларускага народа. Інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы і дакументы” (2022) і “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці. Інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы і дакументы” (2022).
— Асноўны змест вучэбных дапаможнікаў — гэта факты аб планамерным знішчэнні нацыстамі і іх памагатымі беларускага народа, паказанні сведак тых падзей. Для рэалізацыі дыдактычных функцый выкарыстаны шэраг сродкаў і прыёмаў. Важную ролю адыгрывае ілюстрацыйны матэрыял, частка якога з’яўляецца дакументальным пацвярджэннем злачынстваў нацыстаў. Для атрымання дадатковай інфармацыі выкарыстоўваюцца QR-коды, — адзначыла адзін з аўтараў дапаможнікаў загадчык лабараторыі гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Алена Мох.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара