Выключэнне са стэрэатыпа: пагутарылі з Ягорам Осіпавым, які вучыць пачаткоўцаў у школе № 34 Бабруйска

- 11:59Образование

Педагогі мужчыны гэта звычайна фізрукі, гісторыкі, фізікі. Сярод настаўнікаў пачатковых класаў іх сустрэнеш рэдка. У гэтым плане сярэдняя школа № 34 Бабруйска не апраўдвае звыклы стэрэатып, бо тут вучняў-пачаткоўцаў вучаць адразу тры мужчыны. Самы малады з іх Ягор Осіпаў. У прафесіі ён усяго трэці год, але паспеў ужо яскрава заявіць пра сябе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З прафесійнай будучыняй вызначыўся без роздумаў. З дзяцінства ведаў — буду настаўнічаць. Шмат у чым на гэта паўплываў прыклад матулі. Яна ў мяне таксама педагог — выхавальніца ў дзіцячым садзе. Часта заходзіў да яе на работу. Заўсёды падабалася бавіць час з малышамі. Напэўна, тады і ўзніклі думкі наконт таго, каб таксама пайсці па педагагічным шляху. А зацвердзіўся ў гэтым рашэнні дзякуючы сваім школьным настаўнікам і трэнеру — яны ў мяне былі цудоўныя, — паведаміў Ягор Вітальевіч.

Сваю мару ён ажыццявіў. Скончыў Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна і стаў настаўнікам пачатковых класаў. Але першыя працоўныя крокі зрабіў у іншым профілі.

У родным мне Пінску не хапіла месцаў, каб працаваць па спецыяльнасці. Мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Вопыт быў цікавы, усё атрымлівалася, але нешта цягнула ў пачатковыя класы. Адпрацаваў тэрмін размеркавання і рашыўся на літаральныя перамены ў жыцці. Так і апынуўся ў 34-й бабруйскай школе, — падзяліўся Ягор Осіпаў.

Тут, у Бабруйску, юнацкае імкненне Ягора Вітальевіча рэалізавалася ў поўнай меры. Паўгода ён упэўнена вядзе па дарозе ведаў свой 1 “В” клас.

Спачатку былі пэўныя цяжкасці. Патрабаваўся час, каб знайсці агульную мову з бацькамі. Мамы і таты былі здзіўлены, што першым настаўнікам у дзяцей будзе мужчына, — з усмешкай гаворыць Ягор Осіпаў.

Свой падыход Ягор Вітальевіч знаходзіў і да навучэнцаў. Ён упэўнены: гэта важна, бо ўзаемаразуменне паміж настаўнікам і вучнямі ў многім уплывае на вучэбную паспяховасць.

У маім класе дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожнае дзіця — асоба, індывідуальнасць. Да ўсіх трэба знайсці свой ключык, выбудаваць даверныя адносіны. А яшчэ — згуртаваць іх, такіх розных, у адзіны калектыў, — адзначыў малады педагог.

Наладзіць кантакт з навучэнцамі ў Ягора Осіпава атрымалася. Першакласнікі з цеплынёй гавораць пра свайго настаўніка.

Ягор Вітальевіч — крыху строгі, але добры. Вучыцца нам падабаецца, бо ўрокі вельмі цікавыя, — расказалі першакласнікі Глеб Міхалап, Каця Арэшка і Ліза Мароз.

Заняткі ў Ягора Осіпава на самай справе займальныя і нестандартныя. На ўроках ён актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, гуманна-асобасную тэхналогію Аманашвілі.

Заняткі стараюся напаўняць таксама практыкаарыентаванасцю, каб дзеці выразна ведалі, дзе яны могуць прымяніць атрыманыя веды ў штодзённасці. Не забываю і пра творчасць. Некалькі разоў прыносіў на ўрок гітару: іграў вучням, мы разам спявалі. Такія моманты вельмі аб’ядноўваюць і надоўга запамінаюцца, — перкананы Ягор Вітальевіч.

Значную ўвагу Ягор Осіпаў удзяляе не толькі навучанню, але і выхаванню. Сфарміраваць асобу, закласці ў дзіця добрыя звычкі і якасці — гэта ў ліку прыярытэтаў яго педагагічнай дзейнасці.

Неверагодна творчы, крэатыўны, захоплены працай. Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, ужо выбудаваў сваю стратэгію эфектыўнага навучання, — так характарызуе Ягора Осіпава дырэктар школы Ірына Мікалаеўна Матузава.

У гэтых словах кіраўніцтва няма перабольшання. Малады настаўнік сапраўды ўмее захапіць навучэнцаў вучобай. Аднак дзеля гэтага пастаянна знаходзіцца ў прафесійным самаразвіцці. За набыццём новых ведаў пайшоў і на фестываль “Прызванне — педагог”. У выніку стаў уладальнікам сімвала конкурсу — “Залатога пяра”.

Перамога была нечаканай. Але галоўнае, што даў конкурс — перакананне ў тым, што педагогіка — маё прызначэнне, — заўважыў Ягор Вітальевіч.

Фестываль стаў для Ягора Осіпава таксама моцным штуршком да далейшага руху ў прафесiйным удасканаленні. Зараз у яго планах — заканчэнне вучобы ў БДПУ імя Максіма Танка, асвойванне новых перадавых адукацыйных методык і тэхналогій.

Імкнуся станавіцца лепшым, каб даваць усё самае лепшае сваім вучням, — падкрэсліў педагог.

Дарэчы, у сярэдняй школе № 34 Бабруйска вялікую ўвагу ўдзяляюць рабоце з маладымі спецыялістамі. Пачынаючым педагогам аказваюць усебаковую падтрымку ў прафесійным станаўленні. Ва ўстанове дзейнічае школа маладога педагога, школа маладога класнага кіраўніка, развіты інстытут настаўніцтва. За кожным пачынаючым настаўнікам замацаваны больш вопытны калега, які дапамагае ўвайсці ў працоўныя будні, асэнсаваць новую сацыяльную ролю, паверыць у сябе. Акрамя таго, педагогаў падтрымліваюць таксама ў вырашэнні жыллёвых і бытавых пытанняў. Не забываюць і пра стымуляванне на прафесійны рост. Такая сістэмная работа дае адпаведныя вынікі. У школе даволі высокі паказчык замацавання маладых спецыялістаў. І яны выдатна праяўляюць сябе. Так, ужо два гады запар мясцовыя маладыя настаўнікі становяцца ўладальнікамі галоўнага сімвала абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”.   

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара