Вынікі працы настаўніка — у поспехах вучняў

- 12:21Людзі адукацыі

Чытачы “Настаўніцкай газеты” прызвычаіліся бачыць імя актыўнага пазаштатнага аўтара Мікалая Навумчыка пад матэрыяламі, прысвечанымі падзеям адукацыйнага жыцця і педагогам Маларытчыны. На старонках прафесійнага выдання ён расказаў пра многіх з іх. Але асоба настаўніка-метадыста М.І.Навумчыка таксама вартая аповеду пра яе.

Мікалай Іванавіч родам з Драгічыншчыны. Пасля заканчэння Зарэчкаўскай сярэдняй школы планаваў паступіць на журфак БДУ, але для залічэння не хапіла аднаго бала. На выбар педагагічнай прафесіі ў пэўнай ступені паўплывала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Л.Ц.Сахашчык. М.І.Навумчык паспяхова закончыў Пінскае педвучылішча імя А.С.Пушкіна і філалагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. Спачатку выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 3 Маларыты, затым на працягу 5 гадоў узначальваў Маларыцкі раённы ліцэй, а пасля яго рэарганізацыі ў гімназію працуе намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце.У выбары прафесіі Мікалай Іванавіч не расчараваўся. “Гэта маё, — прызнаецца педагог, — хаця засталіся і журналісцкія інтарэсы. Адно другому не перашкаджае”.
У настаўніцкай рабоце Мікалаю Іванавічу больш за ўсё падабаецца бачыць радасць у дзіцячых вачах ад таго, што чамусьці навучыў. Радуюць і добрыя вынікі выхаванцаў на ЦТ, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. “Вынікі працы настаўніка красамоўна бачны ў поспехах вучняў”, — лічыць М.І.Навумчык.
Мікалай Іванавіч — педагог надзвычай творчы, працавіты і мэтанакіраваны. Настаўнік назапасіў вялікі вопыт павышэння якасці філалагічнай адукацыі вучняў праз выкананне рознаўзроўневых і іншых тэстаў пры вывучэнні найбольш важных тэм і раздзелаў школьнага курса беларускай мовы і літаратуры. Для гэтага педагог распрацаваў тэсты з улікам узроставых асаблівасцей вучняў і метадычныя рэкамендацыі для іх прымянення.
М.І.Навумчык — аўтар 130 публікацый на старонках навукова-метадычных часопісаў “Роднае слова” і “Беларуская мова і літаратура” (член рэдкалегіі), суаўтар двух дапаможнікаў для настаўнікаў з тэстамі для тэматычнага кантролю па беларускай мове ў 5—7 класах, актыўны лектар-практык Брэсцкага абласнога ІРА.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.