Выніковая практыка: гімназія Ганцавіч прадстаўляе магчымасці пазаўрочнай дзейнасці

- 13:42Пресс-тур «Настаўніцкай»

Педагагічны калектыў гімназіі Ганцавіч Брэсцкай вобласці працуе над рэалізацыяй кампетэнтнаснага
падыходу ў навучанні: ад засваення навучэнцамі сістэмы ведаў да фарміравання здольнасцей выкарыстоўваць іх на практыцы. У рамках гэтай работы лагічным працягам урокаў з’яўляецца пазаўрочная дзейнасць, якую і прадставілі ўдзельнікам прэс­туру педагогі і навучэнцы ўстановы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 — У вучэбным плане вялізны патэнцыял закладзены ў пазаўрочнай дзейнасці. Мы імкнёмся максімальна прыцягнуць у яе навучэнцаў, якіх у гімназіі 433, улічваючы іх інтарэсы і схільнасці, — адзначае дырэктар гімназіі Іна Бараноўская. — Зыходзячы з запытаў дзяцей, праводзяцца стымулюючыя, факультатыўныя заняткі, вядзецца работа аб’яднанняў па інтарэсах. Дарэчы, на трэцяй ступені 100 працэнтаў гімназістаў ахоплены пазаўрочнай дзейнасцю. На сёння гэтая практыка вельмі выніковая.

Па-­за межамі ўрокаў

Вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў англійскай мовы ў складзе Алены Дайлід, Ларысы Амельяновіч, Аксаны Лагвіновіч, Алы Татарыновіч і Таццяны Амельяновіч прадставіла сваю дзейнасць. Педагогі расказалі пра ролю аб’яднання ў развіцці творчых ініцыятыў настаўніка і навучэнцаў.

Англійская мова вывучаецца ў гімназіі на павышаным узроўні з 5 класа, і ў апошнія гады ўсё больш навучэнцаў выбіраюць яе для здачы на ЦЭ і ЦТ.

— Пазакласная дзей­насць па замежнай мове ўключае падрыхтоўку да алімпіяд, конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, ЦЭ і ЦТ, тэатральныя пастаноўкі, — расказвае настаўніца англійскай мовы Алена Дайлід. — Падрыхтоўка да алімпіяд і ЦТ — працаёмкі і доўгатэрміновы працэс. Мэтанакіраваная работа вядзецца з 5 класа на стымулюючых занятках, у старшых класах дабаўляюцца факультатывы. Алімпіяднікі, высокаматываваныя вучні займаюцца дадаткова ў канікулярны час. Для кожнага класа ствараем групу ў Telegram і Viber, дзе выкладваем правілы, табліцы, спасылкі на анлайн-практыкаванні і інш., адказваем на пытанні, якія ўзнікаюць. Для заняткаў сабрана база вучэбных відэа, прэзентацый, тэстаў, аўтарскіх распрацо-
вак.

Сёлета пад кіраўніцтвам Алены Яўгенаўны навучэнка 9 класа Ілона Гайчук прадставіла даследчую работу “Сакрэты лішніх слоў у межах ЦТ і ЦЭ”, якая была ўдастоена дыплома І ступені на раённай НПК і дыплома ІІІ ступені — на абласной.

— Тэма работы мае вялікую практычную каштоўнасць, — працягвае Алена Яўгенаўна. — Заданне на знаходжанне лішніх слоў складае 25% усяго тэста і 45,5% часткі В. Яно дае магчымасць набраць больш балаў, чым якое-­небудзь іншае. Праблема ў тым, што дапаможнік па пад­рыхтоўцы да ЦТ і ЦЭ змяшчае інфармацыю, як правільна прымяняць тое ці іншае правіла, якое слова з’яўляецца лішнім, але не тлумачыць, чаму яно з’яўляецца такім. Работу над гэтай тэмай мы пачалі ў 8 класе, азнаёміліся з заданнямі на знаходжанне лішніх слоў з моманту іх з’яўлення ў тэстах у 2010 годзе. Усе выпадкі лішніх слоў былі дакладна вывучаны для знаходжання агульных прымет, былі сфармуляваны правілы па кожным пункце і апісаны ў тэарэтычнай частцы работы з прывядзеннем прыкладаў. У практычнай частцы ўсе распрацаваныя правілы былі аформлены ў выгля­дзе табліцы. Сказы за перыяд з 2010 па 2023 год размеркаваны па тэмах і сабраны ў практыкаванні для паступовай адпрацоўкі. Прапанаваны і адказы. У выніку атрымаўся дапаможнік, якім мы карыстаем­ся з навучэнцамі.

Летась на абласной навукова-практычнай канферэнцыі вынікова выступілі дзесяцікласніца Ганна Бобка пад кіраўніцтвам Ларысы Амельяновіч з работай “Інтэртэкстуаль­насць у загалоўках газеты The Times і The San-Times” і дзесяцікласніца Злата Курылік пад кіраўніцтвам Аксаны Лаўрыновіч з работай “Адхіленні ад граматычнай нормы ў тэкстах англійскіх песень”. Дзяўчаты заваявалі дыпломы ІІІ ступені.

— Тэма “Адхіленні ад граматычнай нормы ў тэкстах англійскіх песень” была выбрана невыпадкова, бо аўтар работы прафесійна займаецца вакалам і ў яе рэпертуары шмат англамоўных песень, — расказвае настаўніца англійскай мовы Аксана Лаўрыновіч. — Былі прааналізаваны 74 песні, і высветлена, якіх памылак у іх больш, дадзены рэкамендацыі, выпушчаны буклет. У рабоце адзначана, што калі чалавек хоча выву­чаць англійскую мову па песнях, то ўвагу неабходна звярнуць на парушэнні часоў, паўторы, няправільнае ўжыванне займеннікаў.

Пашырыць лексічны запас, развіць артыстычныя здольнасці, раскрыцца ганцавіцкім гімназістам дапамагае тэатральны напрамак.

— Улічваючы той факт, што асновай любога працэсу навучання з’яўляюцца зносіны, стварэнне тэатра на англійскай мове дае магчымасць навучэнцам поўнасцю рэалізаваць сябе праз іх. Юныя артысты, удзельнічаючы ў пастаноўках, пераўвасабляюцца і знешне, і ўнутрана. У іх знікае моўны бар’ер, страх зрабіць памылку, — заўважае Ала Татарыновіч. — Створаны тэатралізаваныя пастаноўкі “Дзюймовачка”, “Дванац­цаць месяцаў”, “Салавей і ружа”, “Танцуючая прынцэса” і інш. Стала добрай традыцыяй, што нашы вучні прывозяць дыпломы з абласнога тэатральнага конкурсу “Асарці”. Так, у 2022/2023 навучальным годзе наша пастаноўка “Чарлі — шакаладная фабрыка” была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Індывідуальны маршрут

Па індывідуальным адукацыйным маршруце вя­дуць работу з адоранымі навучэнцамі настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Амельяновіч, настаўніца біялогіі Марына Новік, настаўнік матэматыкі Аршак Грыгаран, настаўніца фізікі Святлана Кавалевіч.

Святлана Кавалевіч працуе ў профільных фізіка-матэматычных класах. Сёлета педагог выкладае ў 10 інжынерным класе.

— Падрыхтоўка сучаснага інжынера мае стратэгічнае значэнне. Тыя навучэнцы, якія зараз ся­дзяць за партамі, будуць у далейшым вызначаць работу прадпрыемстваў і развіццё тэхналогій, — падкрэслівае Святлана Пятроўна. — Факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” пабудаваны па прынцыпе “ад тэорыі да практыкі”. Мы вывучаем разнастайнасць прафесій, знаёмімся з канкрэтнымі спецыяль­насцямі, наведваем прадпрыем­ствы, лабараторыі. Так, была праведзена экскурсія на мясцовы камбінат панэльнага домабудаўніцтва. У найбліжэйшы час плануецца паездка на МАЗ і ў лабараторыю БНТУ для знаёмства навучэнцаў з новымі тэхналогіямі, арганізацыяй выпрабаванняў. Ад заняткаў да заняткаў вучань ацэньвае ўсе спецыяльнасці, вызначае, падыходзяць яны яму ці не. Лічу, што гэта добрая ідэя, каб выпускнікі, якія будуць працаваць на пэўных прадпрыемствах, траплялі туды не выпадкова.

Факультатыўныя заняткі “Біялогія: абагульняючае паўтарэнне” для вучняў 10—11 класаў праводзіць Марына Новік. Яе вучні атрымліваюць дыпломы на разнастайных спаборніцтвах. На конкурсе “100 ідэй для Беларусі” дыплом пераможцы заваяваў Мікіта Лагодзіч за праект “Раслінныя і прыродныя індыкатары з капсульнай структурай”.

— У аснову маёй работы пакладзены шэраг прынцыпаў, — расказвае настаўніца. — Па-першае, дзяцей неабходна здзівіць, захапіць і зацікавіць. І ў гэтым плане біялогія вельмі спрыяльная глеба. У ход ідзе ўвесь арсенал нашага кабінета. Так, па тэме “Будова сцябла ліпы” мы выкарыстоў­ваем мікрапрэпараты, спілы ствалоў дрэў, плакаты, мультыборд з выхадам у інтэрнэт. А вось заха­ваць жаданне працаваць складаней: здзіўленне хутка праходзіць. Для падтрымання матывацыі абмяркоўваем з вучнямі, куды рухаецца біялогія, на якія спецыяльнасці здаецца гэты прадмет, разглядаем прыклады нашых выпускнікоў. Я патрабую не зубрэння матэрыялу, а яго разумення. Матэрыял даецца маленькімі блокамі і абавязкова правяраецца правільнасць яго разумення. Біялогія ўтрымлівае шмат тэрмінаў, таму для іх засваення вядуцца канспекты. Арганізоўваецца шматразовае паўтарэнне, каб матэрыял з блока рабочай памяці перавесці ў блок доўгатэрміновай памяці і ўстанавіліся дакладныя прычынна-выніковыя сувязі. Вельмі важна, асабліва ў рабоце з алімпіяднікамі, працаваць са шматлікімі крыніцамі інфармацыі. Складаючы канспект, вялікую інфармацыю мы сціскаем у тэзісы, сказ, словазлучэнне, слова. На першы план выходзіць уменне вылучаць самае галоўнае. А затым, наадварот, імкнёмся выцягнуць інфармацыю, разгар­нуць яе ў выглядзе сказаў. Абавязкова аналізуем вынікі работы, якія б яны ні былі. Каб не паўтараць памылак, з іх трэба рабіць высновы.

Запаветная сотня

Як арганізуецца пазаўрочная заня­тасць па развіцці ін­тэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў, расказалі настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Герман і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Шуляк. Педагогі паспяхова рыхту­юць навучэнцаў да здачы ЦЭ і ЦТ. Неаднаразова іх выхаванцы атрымлівалі стабальныя вынікі.

— Каб прывіць навучэнцам устойлівую цікавасць да вывучэння рускай мовы, выкарыстоўваю на факультатыўных занятках інтэрактыўныя метады ўзаемадзеяння. Прыярытэтам з’яўляецца арганізацыя дзейнасці ў выглядзе зносін, дыялогу, магчы­масць самавыяўлення, самарэалізацыі навучэнцаў, стварэнне сітуацыі поспеху. На занятках выкарыстоўваю такія метады, як “Завяршы фразу”, “Мазгавы штурм”, “Метаплан”, “Міні-даследаванне” і інш. Пры падрыхтоўцы да ЦЭ праводжу батлы па рашэнні тэстаў (два вучні роўных здольнасцей рашаюць тэст, хто перамагае — атрымлівае дзясятку), выкарыстоўваю аўтарскі прыём “Пагоня за сотняй” (навучэнец бярэ зборнік і рашае заданні з яго да таго часу, пакуль не набярэ 100 балаў). Гэта захапляе навучэнцаў, павышае іх матывацыю, дазваляе ўсвядомлена вывучаць матэрыял на высокім узроўні, — падкрэслівае Галіна Мікалаеўна.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Шуляк таксама сістэмна падыходзіць да падрыхтоўкі навучэнцаў да здачы выпускных экзаменаў. Яе факультатыў называецца “Беларуская мова: абагульняючы курс”.

— Зараз мы знахо­дзімся на фінішнай прамой, і атрымаць цудоўную трохзначную лічбу жадаюць усе адзінаццацікласнікі, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Вучні вя­дуць два сшыткі: з тэарэтычнымі звесткамі і для практычных заняткаў. Спачатку ў 10 класе старшакласнікі занатоўваюць пэўную інфармацыю, выконваюць тэматычныя тэсты па арфаграфіі, пунктуацыі, фанетыцы, арфаэпіі і інш. А далей пераходзім да практычных заняткаў, працуем з комплекснымі тэстамі, арыентуемся на мінулагоднія ЦЭ і ЦТ. Каб аблегчыць пра­цэс запамінання некаторых правіл, зняць псіхалагічны бар’ер пры рашэнні тэста, выкарыстоўваюцца прыём асацыяцый, скорагаворкі, вершы. Да таго ж стварылі сайт, на якім абменьваемся карыснай інфармацыяй, складаем буктрэйлеры.

Рэсурсны цэнтр

Вялікай папулярнасцю ў Ганцавіцкай гімназіі карыстаецца рэсурсны цэнтр па Scratch-праграмаванні і робататэхніцы, які пачаў сваю работу ў 2021 годзе, а з верасня 2022 года тут расчыніў дзверы і STEM-клас.

У цяперашні час ва ўстанове ёсць 3D-прынтар, робалабараторыя, робаплатформы, розныя наборы LEGO, схематэхнікі. На базе рэсурснага цэнтра праводзяцца заняткі аб’яднання па інтарэсах “Займальная робататэхніка”, якія наведваюць навучэнцы не толькі гімназіі, але і школ горада, ­раёна. Праводзяцца майстар-класы для настаўнікаў, бацькоў навучэнцаў.

Па словах настаўніцы інфарматыкі Таццяны Гурман, гімназія невыпадкова стала рэсурсным цэнтрам, бо яе навучэнцы маюць у сваёй скарбонцы шмат узнагарод на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Так, сёлета на рахунку гімназістаў два дыпломы VII Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні, дыплом абласнога этапу рэс­публіканскага конкурсу “Патрыёт. bу” і інш. Дзякуючы выніковаму ўдзелу ў спаборніцтвах, навучэнцы гімназіі праходзяць адборачныя этапы і ўдзельнічаюць у зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, як гэта было ў дзевяцікласніцы Лізаветы Гурман.

Навучэнцы прадэманстравалі гасцям свае распрацоўкі: танцуючага робата, робата-маніпулятара, робата, які працуе ад сонечнай батарэі, і інш.

Сістэма работы “ўрок — факультатыў — стымулюючыя заняткі” мае працяг на занятках аб’яднанняў па інтарэсах. Удзельнікам прэс-туру была прадстаўлена творчасць хору “Акварэль”, якім кіруе Аксана Зялёнка і рэпертуар якога ўключае народныя творы, творы беларускіх і рускіх кампазітараў, і аб’яднання па інтарэсах “Стыльныя штучкі” (кіраўнік Ірына Рабцэвіч). Дзяўчаты прадставілі калекцыю пад назвай “Жыхары Беларусі”. На кожнай сукенцы адлюстраваны жывёлы, выкананыя ў тэхніцы тэкстыльнай аплікацыі. Дарэчы, на конкурсе ArtPodium гэтая калекцыя заняла 1-е месца.

У межах пазаўрочнай дзейнасці сіламі навучэнцаў і педагогаў створана музейная экспазіцыя “Мы гэтай памяці верныя”, што была прадстаўлена настаўнікамі гісторыі і грамадазнаўства Інай Грушай і Аляксандрам Кавалеўскім. Пасля праходжання экскурсіі госці маглі праверыць свае веды ў гульні “Зарніца”, якая распрацавана ў асяроддзі Scratch.

***

Патэнцыял пазаўрочнай дзейнасці ў гімназіі плануюць развіваць, пашыраючы магчымасці факультатыўных і стымулюючых заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах, праз выкарыстанне адукацыйный прасторы гімназіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА