Выпускнікі Баранавіцкага каледжа машынабудавання — запатрабаваныя спецыялісты: попыт на іх значна перавышае прапанову

- 13:20Абитуриент, Образование

У Баранавіцкім дзяржаўным каледжы машынабудавання прыёмная кампанія ў самым разгары. За першыя два тыдні падалі дакументы каля сотні жадаючых. Усяго на першы курс сёлета набіраюць 212 чалавек, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Выбар прафесіі

— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі мы прапануем асвоіць з дзясятак прафесій ма­шынабудаўнічай сферы: станочнік шырокага профілю, электрамантажнік па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, токар, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, слесар па рамонце аўтамабіляў, слесар механазборачных работ, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрагазазваршчык, слесар-рамонтнік, — расказвае дырэктар каледжа Ігар Сібіраў. — Улічваючы, што большасць спецыяльнасцей у нас ма­шынабудаўнічага профілю, ільвіная доля нашых навучэнцаў — юнакі (каля 90%). Але ёсць і прафесіі, найбольш папулярныя сярод дзяўчат, напрыклад, аператар камп’ютарнай графікі.

Калі ў леташнюю прыёмную кампанію каледж папоўнілі 162 першакурснікі (42 абітурыенты не прайшлі па бале атэстата), то сёлета кантрольныя лічбы прыёму — 212 чалавек. З іх 112 плануецца набраць на такую запатрабаваную эканомікай краіны спецыяльнасць, як “Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці”, дзе рыхтуюць аператараў станкоў з праграмным кіраваннем (для параўнання, у мінулым го­дзе на яе набралі 28 навучэнцаў. — Заўвага аўтара). Прычым у адну з груп па гэтай спецыяль­насці будуць набіраць выпускнікоў 11 класа, вучыцца яны будуць усяго год.

З верасня, як чакаецца, вучэбны працэс зведае пэўныя змяненні. Каб выпускаць запатрабаваных рынкам рабочых, якія валода­юць неабходнымі навыкамі, цэнтр кампетэнцый тэхналогій металаапрацоўкі, які функцыянуе 14 гадоў, у хуткім часе папоўняць новыя фрэзерны і такарны станкі з лічбавым праграмным кіраваннем (ПК).

— Усяго ж для абноўленага цэнтра кампетэнцый за найбліжэйшыя некалькі гадоў плануецца закупіць шэсць адзінак сучаснага абсталявання. Да таго ж там з’явіцца вучэбны камп’ютарны клас, дзе будучыя аператары станкоў з ПК змогуць вучыцца праграмаванню, а таксама будзе добраўпарадкавана новая лабараторыя матэрыялазнаўства, — удакладняе Ігар Генадзьевіч. — На гэта выдзяляюцца немалыя бюджэтныя грошы.

Па яго словах, выпускнікі каледжа — запатрабаваныя спецыялісты. Попыт на іх значна перавышае прапанову. Асноўныя заказчыкі кадраў, з якімі супрацоўнічае каледж, гэта “Гандальмаш”, “Атлант”, “558 АРЗ”, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, “Ніва-Холдынг” і іншыя.

Практычнае навучанне і працаўладкаванне

Ад тэорыі да вытворчага навучання ў майстэрнях каледжа навучэнцы пераходзяць ужо на пачатку 1 курса і асвойваюць адну з кваліфікацый. На 2 курсе атрымліваюць яшчэ адну прафесію. А практыку на вытворчасці праходзяць на 3 курсе. І, дарэчы, за сваю работу ўсе практыканты атрымліваюць у сярэднім каля 500 рублёў у месяц, чым можа пахваліцца далёка не кожны каледж. Практычнае навучанне старшакурснікаў доўжыцца ад 6 да 8 месяцаў.

Выпускныя экзамены з прысваеннем разрадаў па выбраных прафесіях у выпускнікоў кале­джа прымаюць спецыяліс­ты прадпрыемстваў — заказчыкаў кад­раў. Каля паловы выпускнікоў на выніковых выпрабаваннях атрымліваюць павышаны разрад.

Атрыманне некалькіх кваліфікацый пашырае кола магчымасцей для працаўладкавання маладых спецыялістаў у будучыні. Да таго ж на платнай аснове за сімвалічныя грошы жадаючыя могуць за тры месяцы асвоіць яшчэ адну-дзве дадатковыя прафесіі. І гэтай магчымасцю штогод карыстаюцца каля 30% матываваных навучэнцаў. Самыя запатрабаваныя дадатковыя прафесіі — слесар па рамонце аўтамабіляў і аператар станкоў з праграмным кіраваннем.

Пры размеркаванні адміністрацыя ўстановы імкнецца ўлічваць пажаданні выпускнікоў і, калі тыя хочуць працаваць па месцы жыхарства, пры наяўнасці магчымасці задавальняе такія запыты. Сёлета, напрыклад, трое чалавек з Ляхавіч адправіліся працаваць на мясцовае прадпрыемства “Нана­Сплаў”.

Прыярытэт пры працаўладкаванні і выбары месца працы ма­юць тыя, хто паказвае найлепшыя вынікі ў вучобе. Улічваецца і сярэдні бал навучання, і актыўнасць у грамадскім жыцці, і ўдзел у прафесійных, а таксама творчых конкурсах.

— Пачынаючы з 1 курса кожны год навучання мы вядзём улік дзясяткі лепшых навучэнцаў, — тлумачыць кіраўнік каледжа. — Гэтыя звесткі размяшчаюцца ў адкрытым доступе і раз у паўгода абнаўляюцца. Да таго ж мы адпраўляем лісты з удзячнасцю баць­кам 10 лідараў кожнага курса. Наяўнасць такой Дошкі гонару матывуе навучэнцаў імкнуцца дэманстраваць добрыя вынікі падчас вучобы. Ёсць тыя, хто, аднойчы апынуўшыся ў гэтым спісе, імкнецца заставацца ў ім на працягу ўсіх гадоў навучання.

Час для творчасці, спорту і самаразвіцця

Сумаваць у вольны ад вучобы час юнакам і дзяўчатам няма калі. У каледжы працуюць аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастацкай самадзейнасці, спартыўныя секцыі, клубы і факультатывы. У кожнай вучэбнай майстэрні працуе сваё аб’яднанне па інтарэсах, дзе атрыманыя тэхнічныя навыкі токара, зваршчыка, фрэзероўшчыка, электраманцёра моладзь прымяняе разам з фантазіяй і творчасцю для стварэння дэкаратыўных руж, свяцілень, стылізаваных жывёл, робатаў з металу.

Ёсць у каледжы свая фотавідэастудыя, кулінарны клуб, а таксама адзіны ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны ўзорны духавы аркестр, у якім больш за два дзясяткі гадоў юнакоў і дзяўчат вучыць музычнай грамаце выканаўца і дырыжор Анатоль Лявонцьевіч Дрозд.

У аматараў спорту ёсць магчымасць наведваць секцыі па валейболе, баскетболе, футболе, настольным тэнісе. Лепшыя спартсмены адпраўляюцца на гарадскія і занальныя спаборніцтвы.

На базе цэнтра кампетэнцый праходзіць адкрыты абласны конкурс прафесійнага майстэрства па прафесіях токар і фрэзероўшчык, у якім навучэнцы і майстры вытворчага навучання становяцца нязменнымі пераможцамі. Таксама навучэнцы перамагаюць у абласным конкурсе “Лепшы навучэнец і лепшая навучэнка ў сіс­тэме прафесійнай адукацыі”, а яшчэ пастаянна прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе ProfSkills Belarus.

Гонар каледжа — музей баявой і працоўнай славы, якім кіруе выкладчык вучэбных прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла Святлана Дзянішчык. Захопленыя гісторыяй і краязнаўствам юнакі і дзяўчаты прымаюць удзел у дзейнасці атрада “Пошук”, створанага педагогам.

Адна з экспазіцый музейнай прасторы, дзе ёсць памяшканне, стылізаванае пад зямлянку, расказвае пра партызанскі рух і падполле на Баранавіцкай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, другая — пра баявы шлях 193-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Баранавіцкі раён. Яшчэ адна зала прысвечана генацыду беларускага народа ў гады вайны, ёсць экспазіцыя, якая знаёміць з гісторыяй каледжа, этапамі яго развіцця, лепшымі педагогамі і выпускнікамі.

Адзін з галоўных напрамкаў у рабоце музея — фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей у моладзі, выхаванне духоўных каштоўнасцей на аснове ведання гісторыі сваёй Радзімы, працоўных і патрыятычных традыцый беларускага народа.

Стаць майстрам

Атрымаўшы некалькі рабочых прафесій, большасць выпускнікоў БДКМ адпраўляюцца працаваць. Але ёсць тыя, хто працягвае профільнае навучанне на ўзроўні ССА.

Асвоіць спецыяльнасці “Тэхналагічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Тэхнічная эксплуатацыя тэхналагічнага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці” можна ў Жодзінскім дзяржаўным політэхнічным каледжы (філіял БНТУ); спецыяльнасць “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання” — у Белаазёрскім дзяржаўным каледжы электратэхнікі; спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія зварачнай вытворчасці (педагагічная дзейнасць)” — у Пінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы; спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” — у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы.

Сярод майстроў вытворчага навучання ёсць тыя, хто, прайшоўшы падобную адукацыйную траекторыю, вярнуўся праца­ваць у родны каледж і цяпер дзеліцца ведамі і ўменнямі з навучэнцамі.

— Знаёмцеся, Аляксей Сімаковіч, наш выпускнік. У гады вучобы атрымаў прафесію станочніка шырокага профілю і аўтаслесара, быў лепшым токарам вобласці сярод навучэнцаў каледжаў, затым працягнуў навучанне ў Пінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы, — прадстаўляе свайго былога вучня, а цяпер калегу майстар вытворчага навучання з 35-гадовым стажам Мікалай Шчэрба. — А зараз ён лепшы токар і фрэзероўшчык вобласці сярод майстроў і працягвае развівацца ў сваёй прафесіі, перамагаючы ў конкурсах рацыяналізатараў, прафмайстэрства і тэхнічнай творчасці.

Дарэчы, у гады навучання, па прызнанні Аляксея Сімаковіча, яго не адразу адабралі для ўдзелу ў конкурсе прафмайстэрства, прыйшлося праявіць настойлі­васць, якая была ўзнагаро­джана першым месцам. Уладкаваўшыся працаваць майстрам, ён завочна атрымаў вышэйшую інжынерна-педагагічную адукацыю ў БНТУ. А зараз ужо і яго вучні перамагаюць у прафесійных спаборніцтвах.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара