Што рабіць, калі раптам загарэліся шторы? Што прадпрымаць, калі адчуваеш уцечку газу? Як дапамагчы чалавеку, які папярхнуўся падчас яды і стаў задыхацца? Адказы на гэтыя і многія іншыя жыццёвыя пытанні ведаюць вучні Наталлі Мікалаеўны Мяцько, настаўніцы з 40гадовым стажам гімназіі № 2 Салігорска.
Амаль тры дзясяткі гадоў педагог вучыць асновам бяспекі гімназістаў рознага ўзросту. Яе вучні паспяхова выступаюць у рэспубліканскім конкурсе “Школа бяспекі” (праект Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. — Заўвага аўтара.), дзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі дэманструюць веданне асноў бяспекі жыццядзейнасці, удзельнічаюць у злётах юных інспектараў дарожнага руху. А апошнія 15 гадоў каманда салігорскай гімназіі № 2 уваходзіць у тройку лідараў на абласной алімпіядзе па правілах дарожнага руху сярод школьнікаў Мінскай вобласці.
Сістэма работы Наталлі Мікалаеўны выбудоўвалася, удасканальвалася і адточвалася гадамі. Яшчэ з тых самых часоў, як прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” быў абавязковым у школьнай праграме. Калі яго сталі выкладаць як факультатыўны, педагог пачала весці школу бяспекі і ЗЛЖ, адказваць за работу рэсурснага цэнтра па медпадрыхтоўцы і падрыхтоўцы юных ратавальнікаў-пажарных, працягваючы пры гэтым актыўна рыхтаваць сваіх вучняў да розных конкурсаў і спаборніцтваў. А яшчэ Наталля Мікалаеўна — удзельніца рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання дзелавой актыўнасці навучэнцаў на аснове ўключэння ў прадпрымальніцкія праекты”. Са сваімі вучнямі яна распрацавала і апрабавала праект “Падарожжа па вуліцах горада”, які дапамагае развіваць прадпрымальніцкія здольнасці навучэнцаў і фарміраваць дзелавую актыўнасць.
На рэспубліканскім конкурсе “Школа бяспекі” ўдзельнікі паказваюць зладжаную камандную работу, адказваюць на 100 пытанняў тэсціравання і дэманструюць дамашнія нарыхтоўкі ў туры “Я раскажу вам…”, дзе кожны на працягу мінуты выступае на пэўную тэму. Пасля гэтага гуляюць у камандны брэйн-рынг, а ў фінальным туры знаўцы дэманструюць кемлівасць у раўндзе па прынцыпе вядомай тэлевізійнай праграмы “Свая гульня”.
— Цяпер АБЖ як прадмет вывучаецца толькі ў 5 класе. Далей ён прысутнічае ў вучэбнай праграме, на жаль, толькі ў якасці факультатыву, — гаворыць педагог. — Я лічу важным захаваць сярод гімназістаў пераемнасць пакаленняў, калі старэйшыя вучаць малодшых. Таму пяцікласнікаў адпраўляю да малых у пачатковыя класы. Тут карысць двайная. Старэйшыя, праводзячы падчас тыдняў бяспекі або адзіных дзён бяспекі віктарыны па ПДР, квесты, спаборніцтвы, паўтараюць матэрыял, развіваюць прамоўніцкія якасці і становяцца ўпэўненымі ў сабе, а малодшыя цягнуцца ўслед за старэйшымі і пачынаюць з вялікай цікавасцю вучыцца.
Каманду хлопчыкаў і дзяўчынак з 5 па 7 клас, якія ўдзельнічаюць у абласной алімпіядзе па правілах дарожнага руху, настаўніцы дапамагаюць рыхтаваць учарашнія алімпіяднікі і сённяшнія навучэнцы 8—9 класаў. Прычым дапамагаюць па асабістай ініцыятыве, жадаючы акунуцца ва ўпадабаную атмасферу вучобы і творчасці.
— Пры падрыхтоўцы мы першапачаткова вучым правілы па кнізе ПДР, а таксама выкарыстоўваем дзіцячую анлайн-гульню па правілах дарожнага руху “Дарожны следапыт”. Там ёсць пытанні па геаграфіі, гісторыі, шмат задач, складзеных пры дапамозе фотаматэрыялу, знятага ў кожным раёне Мінскай вобласці. Мы з вучнямі разбіраем задачы па ПДР з вуліц Салігорска. А з малодшымі дзецьмі правілы дарожнага руху вывучаем у гульнявой форме, у тым ліку падчас настольных гульняў, — расказвае Наталля Мяцько.
Атрад ЮІР праводзіць растлумачальную работу ў школе па правілах дарожнага руху, выпускае насценгазеты, арганізуе спаборніцтвы, конкурсы, віктарыны, праводзіць заняткі з дзецьмі-веласіпедыстамі на пляцоўках. Такая ўнутрышкольная работа дапамагае папулярызаваць пытанні бяспекі дарожнага руху сярод дзяцей і падлеткаў, папярэдзіць няшчасныя выпадкі на дарозе, знізіць узровень дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.
Акрамя таго, у педагога напрацаваны матэрыял у выглядзе прэзентацый, табліц, тэстаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі скрупулёзна вывучаюць паняцці і тэрміны, прапрацоўваюць усе раздзелы, якія тычацца паводзін пешаходаў, веласіпедыстаў, а таксама тых, хто рухаецца на мапедзе або гужавой павозцы. Цікава, што дзіцячыя тэсты часта дарослым, якія разважаюць як вадзіцелі, аказваюцца не пад сілу.
Вучні Наталлі Мікалаеўны, адчуваючы ўпэўненасць у сваіх сілах, у многіх конкурсах арыентаваны на вынік і перамогу, а таму засмучаюцца, калі дапускаюць нават усяго адну памылку на спаборніцтвах.
Праводзячы заняткі, педагог падладжваецца пад дзяцей, у якіх шмат іншых факультатываў. Бывае, даводзіцца займацца і рана ў суботу, і вечарамі па нядзелях. Тэхніку катання на веласіпедах таксама кожнае дзіця адточвае тады, калі можа. Вясной і летам дзеці катаюцца дапазна, пакуль на вуліцы не сцямнее.
Наталля Мікалаеўна заўсёды ахвотна дзеліцца сваімі асабістымі напрацоўкамі з калегамі з іншых устаноў адукацыі Салігорскага раёна і рада, калі іх выкарыстоўваюць у рабоце. А яе вучні заўсёды гатовы ў якасці валанцёраў паўдзельнічаць у праграмах Чырвонага Крыжа або папрацаваць на гарадскіх мерапрыемствах ці ў летніх лагерах у Дзень бяспекі з супрацоўнікамі ДАІ і МНС, дэманструючы сігналы рэгуліроўшчыка на імправізаваных скрыжаваннях ці паказваючы на манекенах або ляльках, як праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы і аказваць першую медыцынскую дапамогу.
У гімназіі валанцёры-старшакласніцы вучаць першаклашак, што можна і што нельга рабіць пры апёку, тлумачаць другакласнікам, як спыняць кроў з носа. Прыходзячы ў 3 клас, расказваюць, як правільна тэлефанаваць у хуткую дапамогу і што неабходна гаварыць, вучняў 4 класа вучаць накладваць простыя павязкі, а з пяцікласнікамі вывучаюць сімптомы і адпрацоўваюць тактыку паводзін пры атрыманні цеплавога ўдару.
Педагог упэўнена, чым больш школьнікаў засвояць АБЖ, правілы паводзін на дарогах, тым бяспечней будзе іх жыццё. Пра тое, што вывучаныя ў дзяцінстве і адпрацаваныя да аўтаматызму правілы першай медыцынскай дапамогі ратуюць і дапамагаюць, педагог ведае не па чутках, а ад сваіх жа выпускнікоў, якія праз гады тэлефануюць і дзякуюць за тыя патрэбныя ўрокі, якія аднойчы сталі выратавальнымі.
Марына КУНЯЎСКАЯ.