Адна з вядучых устаноў адукацыі Мінска — гімназія № 12 — адзначыла юбілей. 45 гадоў назад установа адкрылася ў новым мікрараёне Паўднёвы Захад, узяўшы ў спадчыну нумар і лепшыя традыцыі школы, якая да гэтага размяшчалася на вуліцы Мяснікова. Педагагічная класіка і наватарства, высокі прафесіяналізм і энтузіязм педагогаў, канкурэнтаздольнасць і творчасць навучэнцаў арганічна спалучаюцца тут. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Паказваючы высокія вынікі, калектыў нашай гімназіі на працягу многіх гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы па асноўных паказчыках, якія характарызуюць якасць адукацыі, заваёўваючы аўтарытэт сярод педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці, — адзначае дырэктар гімназіі Кацярына Пятруша. — У 2022 годзе гімназія пяты раз паспяхова прайшла пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі на адпаведнасць заяўленаму статусу. У нас вельмі высокія паказчыкі і па якасці адукацыі, і па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, і па кадравым патэнцыяле — адпаведнасць статусу складае 94%. Гэта ацэнка работы ўсяго педагагічнага калектыву. А ён у гімназіі зладжаны і стабільны.
82% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 2 настаўнікі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 17 педагогаў з’яўляюцца ўладальнікамі нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”.
— Поспех гімназіі вызначаюць, па-першае, педагагічныя кадры. Ёсць такі лозунг: “Кадры вырашаюць усё”. Мне ён вельмі падабаецца, кадравыя пытанні для мяне заўсёды былі вельмі важныя. Старалася, каб побач знаходзіліся людзі, якія сапраўды любяць дзяцей і сваю работу, з’яўляюцца прафесіяналамі, якія працуюць на вынік. У мяне выдатныя намеснікі, якія заўсёды падтрымліваюць мае пачынанні. Усе яны знаходзяцца ў рэзерве кадраў. Дарэчы, са сцен навучальнай установы выйшла 18 педагогаў, якія дараслі да кіраўніцкіх пасад, — расказвае дырэктар. — Па-другое, у нас добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Пачатковая школа размяшчаецца ў асобным будынку, і адукацыйны працэс у ёй арганізаваны ў межах поўнага дня. У малодшых школьнікаў ёсць магчымасць у групе прадоўжанага дня выконваць дамашняе заданне, удзельнічаць у пазакласных мерапрыемствах, развіваць творчыя і камунікатыўныя здольнасці ў шматлікіх гуртках і секцыях. У нас дзейнічае адзіны ў горадзе рэсурсны цэнтр па біялогіі. Створана добрая база для правядзення ўрокаў хіміі. Дарэчы, раённыя алімпіяды па гэтым прадмеце праводзяцца на базе гімназіі. Цэнтр кітайскай культуры і пісьменства аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай, пастаянна папаўняецца літаратурай, вучэбнымі матэрыяламі. Па-трэцяе, нашы выпускнікі канкурэнтаздольныя. Сістэма профільнага навучання і факультатыўных заняткаў даюць добрыя вынікі. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у разнастайных інтэлектуальных і творчых конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. Штогод усе нашы выпускнікі паступаюць у прэстыжныя УВА.
Пачатковая школа — база для фарміравання асобы дзіцяці. Яшчэ да прыходу дзяцей у гімназію педагогі займаюцца развіццём будучых першакласнікаў. На базе пачатковай школы на платнай аснове арганізавана работа школы ранняга развіцця “Савяня”. Яе выхаванцы займаюцца ў гуртках “Цуды матэматычнай логікі”, “Грамацей”, “Азбука творчасці”, “Калейдаскоп”.
— Задача настаўнікаў пачатковых класаў — усебаковае развіццё дзіцяці. Педагогу важна разгледзець яго схільнасці, здольнасці, паказаць магчымасці для далейшай паспяховай самарэалізацыі, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дзіяна Новікава. — Як толькі дзеці прыходзяць у гімназію, для іх арганізоўваюцца заняткі па курсе “Уводзіны ў школьнае жыццё”, а настаўнік пачынае вывучаць дзяцей, прыглядаецца да іх. Ужо на гэтым этапе можна ўбачыць пэўныя асаблівасці пачаткоўцаў. На першай ступені ў нас адкрыты шэраг гурткоў, факультатываў: хтосьці спявае, хтосьці танцуе, хтосьці захапляецца матэматыкай, хтосьці вывучае мовы і інш. У пачатковай школе для вучняў праводзяцца тэматычныя тыдні, шматлікія спаборніцтвы. Паспяхова ўдзельнічаюць нашы выхаванцы і ў гарадскім фестывалі “Пазнанне і творчасць”, конкурсе “Юны матэматык”, у рэспубліканскіх конкурсах “Пчолка”, “Буслік”, “Лінгвісцяня”. Так, нядаўна Захар Юрчык на гарадскім фестывалі “Пазнанне і творчасць” адзначаны дыпломам (настаўніца Вольга Міхайлава). На раскрыццё талентаў вучняў паспяхова працуюць настаўнікі пачатковых класаў Марына Ізгачова, Юлія Міхайлус, Алена Васько і інш. Яны добра разумеюць, што работа з дзецьмі патрабуе ініцыятывы, дадатковага часу, чулых адносін.
Работа з высокаматываванымі і адоранымі вучнямі працягваецца ў сярэднім звяне і на старшай ступені навучання. Каардынуе гэтую дзейнасць цэнтр развіцця пазнавальных ініцыятыў, якім кіруе настаўніца біялогіі Ірына Багманян.
За апошняе дзесяцігоддзе алімпіядны рух у гімназіі набыў значныя маштабы. Для падрыхтоўкі навучэнцаў да інтэлектуальных спаборніцтваў на дапамогу настаўнікам прыходзяць выкладчыкі УВА (БДМУ, БДУ, БДЭУ). І гэтая работа дае плён. Сёлета на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы гімназіі заваявалі 6 дыпломаў па англійскай мове, хіміі, матэматыцы, кітайскай мове, фізіцы.
Паспяхова ўдзельнічаюць гімназісты і ў конкурсах навукова-даследчых работ. Так, на раённым конкурсе дыпломамі адзначаны Ксенія Краснова (настаўніца Алена Русецкая, работа па англійскай мове) і Мацвей Астапенка (настаўніца Марына Каласоўская, работа па гісторыі). Сёлета навучэнцы рыхтуюць на гарадскі этап тры работы: па матэматыцы (Дар’я Базылева), па кітайскай мове (Мацвей Астапенка) і па біялогіі (Сафія Канаш).
Кацярына Пятроўна Пятруша кіруе гімназіяй № 12 больш за 40 гадоў. Дырэктар установы з’яўляецца выдатнікам асветы СССР, выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, мае званне заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, узнагароджана мелалём “За працоўныя заслугі”
Гімназія № 12 стала адной з першых устаноў адукацыі сталіцы, дзе ў 1991 годзе з’явіўся эстэтычны ўхіл. У рамках факультатыўных заняткаў музычнай накіраванасці гімназісты вучацца ігры на фартэпіяна, скрыпцы, баяне, акардэоне, цымбалах, гітары, флейце, вывучаюць такія дысцыпліны, як “Сальфеджыа”, “Харавы клас”, “Вакальны ансамбль”, “Эстрадны вакал”, займаюцца народнымі, эстраднымі, сучаснымі бальнымі танцамі. У гімназіі дзейнічае шэраг творчых калектываў, сярод якіх — фальклорны ансамбль “Беларусачка”, хор “Натхненне”, ансамбль скрыпачоў “Капрычыа”, ансамбль цымбалістаў “Сярэбраныя струны”, танцавальны калектыў “Спатканне”. Штогод навучэнцы гімназіі пад кіраўніцтвам высокакваліфікаваных педагогаў (у гімназіі працуе папулярны беларускі гітарны кампазітар Святлана Ветушка) становяцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных, рэспубліканскіх, гарадскіх, раённых конкурсаў і фестываляў.
— Вельмі важна ў эпоху развіцця лічбавых тэхналогій, каб вучні не сядзелі ў гаджэтах, а былі заняты творчасцю, развіваліся духоўна, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Антаніна Татарыцкая. — Сёння ў дзяцей карыстаюцца папулярнасцю гітара і фартэпіяна. На харэаграфічным напрамку акцэнт змяшчаецца ў бок сучасных эстрадных танцаў. Плануем развіваць і тэатральны напрамак.
Яшчэ адзін важны кірунак, які ў гімназіі актыўна развіваюць, — профільнае навучанне. Яно мае даўнія традыцыі і больш чым 30-гадовую гісторыю. Сёлета тут арганізаваны тры профілі. Адкрыты хіміка-біялагічныя класы, ці, як іх называюць у гімназіі, медыцынскія. Акрамя вывучэння хіміі і біялогіі, вучні асвойваюць факультатыўны курс “Асновы медыцынскіх ведаў”, які вядуць выкладчыкі БДМУ. Звычайна навучальны год для навучэнцаў гэтага класа пачынаецца ў Мінскім НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, дзе заняткі праводзіць галоўны ўрач Алег Румо. У гэтым годзе ўрок доўжыўся амаль тры гадзіны, а некаторыя вучні маглі нават прысутнічаць на аперацыі. У выніку многія дзеці гараць жаданнем стаць урачамі і дапамагаць людзям. Больш за 850 навучэнцаў прайшлі праз гэты профіль і сталі медыкамі!
Акрамя хіміка-біялагічнага, у гімназіі дзейнічае эканамічны профіль, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка і замежная мова. А з 1 верасня адкрылі інжынерны клас, дзе на павышаным узроўні гімназісты асвойваюць фізіку і матэматыку (заключаны дагавор з БНТУ).
— Мэта інжынерных класаў — фарміраванне ў вучняў тэхналагічнай культуры, пазітыўнага стаўлення да інжынернай дзейнасці, падрыхтоўка іх да ўсвядомленага выбару прафесіі і навучання ў сценах тэхнічных УВА, — каменціруе намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Пляханава. — Факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій” праводзіць выкладчык БНТУ Настасся Янулевіч. Заняткі пабудаваны па модульна-блочнай сістэме, якая ўключае інфармацыйны, прафарыентацыйны, экскурсійны і практычны блокі. Навучэнцы наведалі 5 прадпрыемстваў краіны, апошняе з іх — “Рэгула”, дзе распрацоўваюць прылады для праверкі сапраўднасці дакументаў.
Лічу, што інжынерныя класы — гэта добры шанс для вучняў у будучыні атрымаць запатрабаваную прафесію і працаваць у вядучых кампаніях краіны. На наступны год плануем адкрыць мультыпрофіль і даць магчымасць старшакласнікам вывучаць на павышаным узроўні яшчэ матэматыку і інфарматыку.
Вынікова рыхтуюць вучняў да алімпіяд настаўнікі Ала Шылко, Іна Астравух (фізіка), Ганна Шаранкова (матэматыка), Ірына Багманян, Вольга Якімава (біялогія), Кацярына Патапава (хімія), Святлана Ляшковіч, Лізавета Стэльмах (кітайская мова).
Ужо 17 гадоў гімназісты асвойваюць кітайскую мову. Толькі сёлета ва ўстанову прыйшлі 32 першакласнікі, якія выказалі жаданне яе вывучаць.
— Сёння бацькі ахвотна запісваюць сваіх дзяцей на заняткі па вывучэнні кітайскай мовы. Яны бачаць, што мова вельмі запатрабавана, адкрываюцца шырокія перспектывы яе выкарыстання, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Алісіевіч. — Пасля заканчэння гімназіі некаторыя выпускнікі звязваюць сваё жыццё з кітайскай мовай, едуць вучыцца ў Паднябесную. Сярод іх — Ілья Антонаў, Аляксандра Літова, Варвара Чабаеўская.
Гімназія цесна супрацоўнічае з Інстытутам Канфуцыя пры МДЛУ і Інстытутам кітаязнаўства пры БДУ. Добрыя адносіны склаліся з кітайскім пасольствам. У цэнтры кітайскай культуры і пісьменства гімназіі дзеці знаёмяцца з культурай, традыцыямі і звычаямі Паднябеснай. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх праектах і мерапрыемствах, накіраваных на вывучэнне гісторыі, культуры, традыцый Кітая. Неаднаразова гімназісты атрымлівалі прэмію пасла КНР.
— Хочацца і далей бачыць гімназію паспяховай, каб яна была ў гушчы падзей, на пярэднім краі, каб у ёй заўсёды было цёпла, светла і ўтульна дзецям, каб яны ішлі сюды з радасцю, каб педагогам было камфортна працаваць і рэалізоўваць самыя смелыя задумы. Хацелася б, каб тое, што дасягнута сёння, атрымала працяг. Каб гімназія не стаяла на месцы, а пастаянна развівалася і квітнела, — гаворыць Кацярына Пятруша.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара