Педагогі нашай школы вялікую ўвагу ўдзяляюць краязнаўчай рабоце. Праз вывучэнне гісторыі малой радзімы ў дзяцей фарміруюцца важныя маральныя якасці.
У школе створаны краязнаўчы куток, у якім сабрана многа экспанатаў: вышыванкі, ткацкія вырабы, глечыкі, рэчы, звязаныя пруткамі, прылады працы… Аднойчы вучні захацелі даведацца пра іх аўтараў, пазнаёміцца з майстрамі і стварыць альбом, каб пакінуць нашчадкам інфармацыю пра тое, якія людзі жылі ў наш час, чым займаліся.
Сабраўшы кароткую інфармацыю пра народных умельцаў, юныя краязнаўцы сустрэліся з імі, узялі інтэрв’ю, азнаёміліся з работамі, зрабілі фотаздымкі. Дзеці даведаліся, што большасць майстроў — самавучкі, якія сталі ўмельцамі дзякуючы стараннай і карпатлівай працы. Для многіх з іх рамяство — гэта хобі.
Самыя распаўсюджаныя ў нашым аграгарадку віды рамяства сярод жанчын — вышыванне крыжыкам, вязанне пруткамі. Аказалася, што майстры жывуць зусім побач. Так, выхавальніца групы прадоўжанага дня Любоў Васільеўна Савіловіч ахвотна паказала свае работы, падзялілася сакрэтамі вязання пруткамі.
Развіваць творчыя здольнасці вучняў дапамагае таленавіты педагог Ніна Якаўлеўна Багданец, якая вучыць іх маляваць у розных тэхніках. Яе выхаванцы — прызёры не толькі раённых, але і рэспубліканскіх конкурсаў.
Кавальскай справай у нашай вёсцы займаецца Ігар Міхайлавіч Калюціч. У яго доме можна ўбачыць шмат вырабаў, створаных уласнымі рукамі. Двор гаспадара ўпрыгожваюць каваны плот, альтанка, лаўкі, мангал у выглядзе паравоза, кот з пушкай і многае іншае.
Майстар расказаў вучням пра асаблівасці гарачай і халоднай коўкі.
Школьнікі добра ведаюць і мясцовага ўмельца Антона Фёдаравіча Салуйчыка, які займаецца лозапляценнем. У вёсцы не абысціся без кошыка! Дзяцей уразіла самаадданасць майстра, яго ўлюбёнасць у сваю справу. У год з-пад яго рук выходзіць каля 500 кошыкаў.
Шмат цудоўных фларыстычных работ пакінуў у спадчыну таленавіты зямляк Аляксандр Аляксандравіч Дырман, які знаходзіўся ў нястомным пошуку розных цудаў прыроды. Кожны кавалачак драўніны ў руках майстра ператвараўся ў казачны персанаж, прыгожы грыбочак. Аднавяскоўцы з радасцю набывалі яго вырабы з прыроднага матэрыялу.
Школьнікі працягваюць вывучаць творчасць народных умельцаў-землякоў і папаўняюць краязнаўчы куток інфармацыяй пра іх.
Таццяна АЛЯКСЕЕВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лунінскага ясляў-сада — сярэдняй школы Лунінецкага раёна.