Гульня-падарожжа па творчасці Я.Маўра для вучняў 7—8 класаў.
Мэта: выявіць і пашырыць веды вучняў па творчасці Я.Маўра, развіваць лагічнае мысленне школьнікаў, вуснае маўленне, пазнавальную актыўнасць, хуткасць рэакцыі, уменне працаваць у камандзе, садзейнічаць выхаванню ў дзяцей цікавасці да твораў вядомага пісьменніка.
Абсталяванне: партрэт Я.Маўра, выстава кніг пісьменніка, карткі з заданнямі для каманд.
Эпіграф: “Янка Маўр з тых чараўнікоў слова, якія здатны зрабіць магчымасць немагчымага. Па сутнасці, нікуды не выязджаючы, ён дазваляе чытачам наведаць шмат якія краіны, а яшчэ запрашае ў не менш захапляльнае падарожжа — у глыбокую гісторыю” (Алесь Марціновіч).
Ход мерапрыемства
Настаўнік. Як вядома, у беларускай літаратуры шмат таленавітых, яскравых, самабытных пісьменнікаў. Але асобна хочацца вылучыць постаць Я.Маўра, творы якога даўно занялі ганаровае месца ў скарбонцы лепшых здабыткаў айчыннай літаратуры. Варта адзначыць, што і сёння яны працягваюць заваёўваць сэрцы сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак. Кнігі пісьменніка абуджаюць фантазію, прыцягваюць арыгінальнасцю і пазнавальнасцю, вабяць рамантыкай прыгод і падарожжаў, шчырасцю і праўдзівасцю аповеду, маляўнічым апісаннем прыроды экзатычных краін і роднай Беларусі.
Давайце праверым, ці добра вы ведаеце творчасць знакамітага чараўніка слова, ці былі пільнымі і назіральнымі ў час чытання. З радасцю запрашаю вас прыняць удзел у гульні. Камандам жадаю ўдачы! (У гульні ўдзельнічаюць тры каманды. За кожны правільны адказ камандам налічваецца 1 бал.)
I конкурс. “Рэальныя факты”(конкурс капітанаў).
Вызначыць, якія факты ўзяты з біяграфіі Я.Маўра.
1. Нарадзіўся ў горадзе Оршы ў сям’і служачага.
2. Іван Луцэвіч — сапраўднае імя і прозвішча Я.Маўра.
3. Удзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з’ездзе.
4. Працаваў настаўнікам матэматыкі.
5. Аўтар першага беларускага рамана для дзяцей “Амок”.
6. Не быў у краінах, пра якія пісаў.
7. Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча.
8. Здзіўляў усіх энцыклапедычным кругаглядам.
9. Добра іграў на скрыпцы.
10. Выдаў падручнікі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” і “Методыка роднае мовы”.
11. Валодаў міжнароднай мовай эсперанта.
12. Любіў язду на веласіпедзе.
13. Народны пісьменнік БССР.
14. Па характары быў спакойны, стрыманы, разважлівы.
Даведка: 3, 5, 6, 8, 9, 11, 12, 14.
II конкурс. “Літаратурны калейдаскоп”. Па ўрыўках пазнайце твор.
1. І вось тут прычапілася да нас чорная кошка, жаласна мяўкае, трэцца каля ног. А як толькі мы спынімся, яна, азіраючыся, ідзе назад. Пойдзем мы далей — яна зноў даганяе нас, крычыць, блытаецца між ног, забягае наперад, нібы не пускае ісці ў той бок. Справа ясная: яна хоча, каб мы пайшлі за ёю кудысьці назад. Нічога не зробіш: калі яна так выразна і настойліва патрабуе — трэба ісці. (“Багіра”.)
2. Гэта быў шчыры, мімавольны крык дзіцячай душы. У ім былі і крыўда, і расчараванне, і надзея, і горкі папрок да нас, дарослых і разумных людзей.
Два словы толькі было ў гэтым крыку:
— Дзядзька! Шапка!.. (“Шчасце”.)
3. Бацька пачаў кідаць у сына зямлёй, трэскамі. Хлопчык схамянуўся, заварушыўся, пачаў азірацца.
Кракадзіл, відаць, ужо заўважыў яго і асцярожна пачаў набліжацца да берага. Праз некалькі мінут ён зрабіўся смялей: мусіць, заўважыў, што гэта не паляўнічы, а дзіцянё. Вось ужо галава з’явілася ля самага берага.
Хлопчык убачыў страшыдла, закрычаў і кінуўся бегчы, але вяроўка тарганула яго, і ён паваліўся на зямлю. (“Незвычайная прынада”.)
4. Мужчына выцягнуў з кішэні манету і, паказаўшы хлопчыку, кінуў яе ў мора.
— Піль…
Не паспела манета апусціцца на дно, як хлопчык нагнаў яе і вынырнуў з вады, трымаючы грошы ў зубах. (“Лацароні”.)
5. Жанчына націснула званок. Дзверы адчыніла паўнаватая жанчына з маладжавым тварам і сівымі валасамі.
— Ведаеш, мама, каго я прывяла? — весела сказала дачка і таемна прашаптала: — Гэта той самы госць, якога мы ўсе калісьці ратавалі ад немцаў. (“Сям’я”.)
6. Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку. (“Палескія рабінзоны”.)
7. Ляжыць Новая Гвінея каля самага экватара; значыць, там стаіць вечнае лета. Не трэба дбаць ні аб апале, ні аб цёплым адзенні, ні аб шчыльнай хаце.
Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны. (“У краіне райскай птушкі”.)
8. Бліндаж ажывіўся. Адны давалі музыку голасам, другія на губах, іншыя пляскалі рукамі. Замест турэцкага барабана грукалі нямецкія гарматы.
Ці магла падумаць Кацярына Васільеўна, што яе сціплую лыжку будуць сустракаць з такой урачыстай музыкай? (“Драўляная лыжка”.)
III конкурс “Хто ёсць хто?”. Па апісанні пазнайце літаратурнага героя і назавіце твор.
Худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. (Мірон, “Палескія рабінзоны”.)
Прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам. (Віктар, “Палескія рабінзоны”.)
Чалавек сярэдняга росту, жоўты, з вузкімі касымі вачыма. Відаць было, што гэта кітаец. Адзенне яго складалася толькі з портак і кашулі, але і ад іх засталася толькі назва, бо гэта былі адны анучкі, звязаныя рознымі сцябельчыкамі і карэньчыкамі. (Чунг-лі, “У краіне райскай птушкі”.)
Высокі мужчына, гадоў пад сорак. Чысты, голены твар яго выказваў гордасць і самаўпэўненасць. Ён заўсёды быў спакойны. Спакойна выслухваў непрыемнасць, спакойна загадваў біць насмерць якога-небудзь слугу, калі той завінаваціцца ў чым. (Скот, “У краіне райскай птушкі”.)
Гэта быў не малады ўжо, але вёрткі, хітры, дасціпны чалавечак з бегаючымі вочкамі і казлінай бародкай. (Грэк Кандаракі, “У краіне райскай птушкі”.)
Гэта быў чалавек гадоў дваццаці пяці, апрануты ў вельмі дзіўную вопратку: яна была пашыта з птушыных скурак. (Нгара, “Сын вады”.)
Малады чалавек гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў. (Саўчук Андрэй Аляксандравіч, “Палескія рабінзоны”.)
На каменных прыступках сядзеў хлопчык гадоў дванаццаці і боўтаў нагамі па-над вадою. Чорныя валасы, чорныя вялікія вочы і цёмны загарэлы худы твар. На плячах кавалкі кашулі, з-пад якой на тры чвэрці галеецца загарэлае цела. (Джузепе, “Лацароні”.)
IV конкурс “Цікавая батаніка”. Здагадайцеся, пра якія расліны ідзе размова.
Бурыя грыбы, — нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавалі ім нейкі асаблівы выгляд. (Смаржы.)
Гэтае дрэва мае тую асаблівасць, што адначасна на ёй могуць быць і кветкі, і зялёныя плады, і спелыя. І кожны месяц на працягу двухсот год дрэва дае па дваццаць — дваццаць пяць арэхаў. (Какосавая пальма.)
Невялікае дрэва з нейкім дзіўным лісцем: не то хваёвыя іглы, не то звычайныя вузкія лісцікі. Дзве паловы ліста складалі нібы жалабок, а каля ліставай пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі. (Ціс.)
Трава з зубчастым, складаным лісцем. На верхавіне сцябла парасонамі сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. (Валяр’ян.)
Бліжэй да вады размясціліся так званыя ____ дрэвы, карэнні ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, так што можна пад імі хадзіць. (Мангравыя.)
Купка не то травы, не то кустоў з вялікімі прыгожымі залаціста-жоўтымі кветкамі. Некаторыя сцяблы дасягаюць двух метраў вышыні. Лісце прадаўгаватае, тоўстае, нібы тлустае. Ад кветак ішоў моцны пах. (Азалія.)
Гэта быў нібы куст з доўгімі сцябламі, дробным светленькім лісцем і дробненькімі жоўценькімі кветкамі. Прыладзіўся ён на галіне стажком і, здаецца, з зямлёй ніякай сувязі не меў. (Амела.)
V конкурс “У свеце жывёл”. Пазнайце жывёл па апісанні.
Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. (Дзік.)
Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры — руды з белымі плямамі. Самая галоўная адзнака — канец хваста, які заўсёды бывае чорным. (Гарнастай.)
Гэты “нехта” не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам. (Чарапаха.)
Каля берага паказалася бліскучая цёмна-бурая круглая галава з белай плямай на носе. У роце незнаёмы “злодзей” трымаў рыбіну. (Выдра.)
Вельмі падобны да мядзведзя, толькі меншы і належыць да пароды куніц. Ён зусім няшкодны: жывіцца карэннямі, ягадамі, чарвякамі. На ўловы выходзіць уначы. Узімку спіць у сваёй нары, як мядзведзь. Вельмі любіць чыстату. (Барсук.)
Хвост шырокі, нібы рыдлёўка, і пакрыты не поўсцю, а нейкай луской. Пальцы задніх ног злучаны плеўкай, як у гусей. На пярэдніх жа пальцах плеўкі няма, затое кіпцюры вострыя, а на другім пальцы нават падвойныя. Густая бураватая поўсць аж блішчыць на сонцы. (Бабёр.)
Магутны звер ішоў неяк трывожна. То спыніцца, то пачне нагамі рыць зямлю, то схіліць сваю галаву і пачне сапці. Плечы яго здаваліся нейкай скалой, за якой хавалася рэшта цела. Горб не толькі не шкодзіў, але, здавалася, упрыгожваў яго. (Зубр.)
VI конкурс “Мудрэц з душою хлапчука” (каманды дэманструюць загадзя падрыхтаваныя прэзентацыі).
Журы падводзіць вынікі. Аб’яўляецца і ўзнагароджваецца каманда-пераможца.
Настаўнік. Я.Маўр — адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Але спадчына пісьменніка — гэта не толькі захапляльныя дзіцячыя творы. Яна ўключае і п’есы, і байкі, і публіцыстыку, і вострыя фельетоны. Наогул, асоба мастака слова шматгранная. Варта адзначыць не толькі пісьменніцкі талент, але і душэўныя якасці Янкі Маўра. Ён, па словах С.Грахоўскага, “на шчырасць адказваў шчырасцю, на дабрату — патроеным дабром. Вечна жывы і вясёлы настаўнік дзяцей і пісьменнікаў, шчыры і патрабавальны чалавек з вачамі прарока і душой хлапчука”.
Хачу пажадаць, каб цудоўныя кнігі Я.Маўра сталі вашымі надзейнымі сябрамі!
Вольга ХМАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы №14 Наваполацка Віцебскай вобласці