У Год добраўпарадкавання ў калектыву сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага мноства ідэй па азеляненні прылеглай тэрыторыі.

— Участак вакол нашай школы складае амаль 3 гектары. Імкнёмся рацыянальна выкарыстоўваць гэтую плошчу, рабіць тэрыторыю прыгожай і квітнеючай. Вясной пастаянна распрацоўваем планы добраўпарадкавання, па якіх ствараем новыя архітэктурныя аб’екты і ландшафтныя зоны, — расказала дырэктар Алена Караткевіч.
Істотную частку прышкольнай зямлі займае парк Перамогі. На ўваходзе ў навучальную ўстанову стройнымі радамі раскінуліся каштаны і ліпы. Гэтыя дрэвы высаджвалі педагогі і навучэнцы звыш 50 гадоў назад у памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Парк з’яўляецца своеасаблівым напамінам аб гераічных подзвігах абаронцаў Радзімы.
Высадка зялёных сімвалаў памяці ў 2-й кіраўскай школе — ужо добрая традыцыя. На 70-годдзе Вялікай Перамогі тут заклалі пладовы сад, а сёлета высадзілі яшчэ 80 яблынь.
— Малады сад стаў не толькі актам глыбокай павагі да гісторыі, але і важным выхаваўчым момантам для навучэнцаў. Яны ўнеслі асабісты ўклад у стварэнне зялёнага помніка, усвядомілі неабходнасць захавання гістарычнай памяці. Сад будзе расці і развівацца разам з дзецьмі, нагадваць ім аб значнасці мінулага для мірнай і светлай будучыні. Дарэчы, клопат аб садзе возьмуць на сябе непасрэдна вучні.
На тэрыторыі ў нас таксама ёсць агарод. Стараемся ўсяляк далучаць хлопцаў і дзяўчат да цыкла сельскагаспадарчых работ, — адзначыла Алена Міхайлаўна.
На школьных градках вырошчваецца бульба. Навучэнцы ўсебакова ўцягнуты ў гэты працэс: апрацоўваюць глебу, займаюцца праполкай, дапамагаюць у зборы ўраджаю. Штогод з агарода збіраюць па 300—400 кг карыснай агародніны, якая накіроўваецца на харчаблок. Сюды ж трапляюць і яблыкі з саду. Садавіннаагароднінная прадукцыя выкарыстоўваецца для патаннення харчавання.
— Праца ў садзе і на агародзе дазваляе вучням зразумець, як шмат сіл трэба ўкласці, каб яблык і бульба апынуліся на стале ў школьнай сталовай. Гэта вельмі патрэбна сучасным дзецям, — заўважыла Алена Караткевіч.

Ва ўстанове ў найбліжэйшы час пройдзе высадка каля 500 кветак і 50 кустоў.
— Большасць саджанцаў вырошчвалі самі. Плануем зрабіць дзве новыя маляўнічыя клумбы, разнастаіць зялёнымі насаджэннямі ўжо існуючыя зоны адпачынку, высадзіць алею з туй. У летні перыяд зоймемся рамонтам бегавой дарожкі і спартыўнай пляцоўкі на школьным стадыёне. Наогул спраў па навядзенні парадку вялікая колькасць, — паведаміла Алена Міхайлаўна.
Адметна, што ў стваральнай працы па добраўпарадкаванні заўсёды задзейнічаны навучэнцы. Сумесна з педагогамі дзеці азеляняюць тэрыторыю, дадаюць у яе яркіх фарб. Так яны вучацца быць адказнымі за тое асяроддзе, у якім сталеюць і жывуць.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





