Яе праекты прызнаюцца лепшымі: якую міратворчую дзейнасць вядзе гімназія № 2 Брэста

- 13:25Новости

Гімназія № 2 Брэста стала Школай міру два гады назад. Яе міратворчыя праекты двойчы прызнаваліся лепшымі ў вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Праект «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь» — гэта інавацыйная форма пазакласнай і пазашкольнай работы, — адзначае дырэктар гімназіі Раман Гранічны. — У гімназіі створана аб’яднанне «Юныя міратворцы», куды ўвайшлі вучні 8—11-х класаў. Яны займаюцца захаваннем гістарычнай памяці, даглядаюць помнікі і месцы пахаванняў загінуўшых воінаў, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, клапоцяцца аб ветэранах войнаў і працы, дзецях-сіротах і дзецях з інваліднасцю, мнагадзетных сем’ях. Юныя міратворцы праводзяць трэнінгі па здаровым ладзе жыцця ў фармаце «роўны вучыць роўнага», дапамагаюць жывёлам. Пра ўсе свае мерапрыемствы яны расказваюць у гімназічнай газеце «ЮнМір».

Міратворчы праект гімназіі «Шлях да вялікага сэрца» атрымаў дыплом I ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы міратворчы праект Школы міру — 2023». Установа рэалізавала яшчэ адну ініцыятыву — «Мір у сям’і — мір на зямлі», у рамках якой вучні разам з бацькамі стварылі кнігу «Герой маёй сям’і», буклеты і электронную кнігу «Малая радзіма маёй сям’і», зборнік прэзентацый «Традыцыі маёй сям’і», правялі конкурс «Сям’я года» і высадзілі алею дрэў. Праект быў адзначаны дыпломам I ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы міратворчы праект Школы міру 2023/2024 навучальнага года».

— Юныя міратворцы далучаліся да акцыі па зборы манет для памятнага знака «Жывая памяць удзячных пакаленняў», які быў адкрыты ў ліпені 2024 г. у Брэсцкай крэпасці, — расказаў дырэктар гімназіі. — Акцыя праходзіла ў рамках праекта «Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням», што рэалізуе дабрачынны фонд імя Аляксея Талая.

Гімназісты сустракаюцца з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Больш за дзесяць гадоў падтрымліваюць сяброўства з жыхаром блакаднага Ленінграда, мараком-падводнікам, капітанам 1 рангу Валерыем Касатонавым. У гімназіі з яго ўдзелам прайшла дыялогавая пляцоўка «Памяць сэрца — памяць пакаленняў». Падчас такіх сустрэч вучні атрымліваюць не толькі гістарычныя веды, але і перажываюць моцныя эмоцыі, пачуццё гордасці за сваіх продкаў.

Другое месца гімназісты занялі ў абласным квізе «Ведаць, каб памятаць», які быў арганізаваны Брэсцкім абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру ў супрацоўніцтве з абласной калегіяй адвакатаў і пры падтрымцы мясцовага аддзялення Міжнароднага грамадскага фонду імя палкаводца Г.К. Жукава.

Юныя міратворцы ўдзельнічалі ў 1-м злёце міратворчых атрадаў Школ міру Брэсцкай вобласці і двойчы ў фестывалі дзіцячай міратворчасці «Дзеці за мір». На сёлетнім фестывалі ў Віцебску гімназісты з Брэста былі ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені. Паездка запомнілася дзецям знаёмствам з гістарычнымі і памятнымі месцамі горада, дзе яны акунуліся ў побыт партызанскага атрада, а на месцы былой партызанскай стаянкі смажылі на агні сала і хлеб. Моладзь танцавала на дыскатэцы дружбы, падарожнічала на трамваі міру і па Дзвіне на рачным трамвайчыку.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы