Як аказваюць псіхалагічную дапамогу навучэнцам у маладзечанскай санаторнай школе

- 16:15Новости, Психолог в школе

Маладзечанская санаторная школа-­інтэрнат арыентавана на лячэнне скаліёзу ў дзяцей і з’яўляецца адной з шасці такіх устаноў у Беларусі. Штогод тут вучацца больш за 200 дзяцей, якія жывуць у Мінскай вобласці, з дыягназам “ідыяпатычны скаліёз 2—4­-й ступені” і іншымі дэфармацыямі пазваночніка.

З верасня па чэрвень школа становіцца другім домам для навучэнцаў 3—9 класаў, якія пражываюць ва ўстанове кругласутачна, у перыяд ад чвэрці да года, і толькі на выхадныя, канікулы і святы прыязджаюць да бацькоў.

Асаблівасці школы вызначаюць шэраг цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца навучэнцы: адаптацыя да новых умоў жыцця і навучання, выбудоўванне адносін з аднагодкамі ў новым калектыве, уменне жыць у соцыуме без пастаяннай дапамогі і падтрымкі бацькоў, прывыканне да рэжымных момантаў школы. Многія дзеці камплексуюць з-за скрыўлення пазваночніка, знешніх парушэнняў паставы, нашэння гарсэта, маюць цяжкасці ў самапрадстаўленні.

Адной з асаблівасцей работы санаторнай школы з’яўляецца зменны склад дзяцей. На пачатак навучальнага года дзеці, якія прыбылі, уяўляюць сабой стракаты калектыў з рознымі інтарэсамі, навыкамі, ведамі, прывычкамі, мадэлямі паво­дзін. Школьнікі трапляюць у стрэсавую сітуацыю: разлука з домам, блізкімі, новая атмасфера, акружэнне, патрабаванні, неабходнасць наладжваць мноства кантактаў з дарослымі і аднагодкамі. У перыяд адаптацыі да новага калектыву і новых умоў пражывання дзеці адчуваюць павышаную напружа­насць, неспакой, стрэс, страх. Усе гэтыя асаблівасці могуць права­каваць крызісныя сітуацыі і патрабуюць псіхолага-педагагічнай падтрымкі школьнікаў.

Найбольш актуальнай задачай псіхолага з’яўляецца стварэнне псіхолага-педагагічных умоў для паспяховай адаптацыі навучэнцаў да асаблі­васцей адукацыйнага працэсу. Адаптацыйны перыяд у санаторнай школе можа доўжыцца ад некалькіх дзён да месяца. Гэта час прывыкання да звычаяў і распарадку дня, заваявання месца ў новым дзіцячым калектыве і наладжвання адносін з педагогамі. Чым хутчэй дзіця знойдзе сабе сяброў, чым часцей яно будзе ўдзельнічаць у гульнях і іншых мерапрыемствах, тым хутчэй і лягчэй пройдзе адаптацыйны перыяд.

Аднак калі адны дзеці прывыкаюць да новых умоў хутка, то для іншых пераход у новую школу можа стаць сур’ёзнай праблемай. Цяжкасці з адаптацыяй, як правіла, абумоўлены асобаснымі асаблівасцямі дзяцей, такімі як няўпэўненасць у сабе, нізкая самаацэнка, асаб­лівасці тэмпераменту і г.д. Некаторыя дзеці вельмі прывязаны да бацькоў, дому і балюча перажываюць разлуку з сям’ёй.

У такіх выпадках дапаможа індывідуальная работа з дзіцем. На кансультацыях і занятках у дзяцей ёсць магчымасць разабрацца ў сабе, павысіць самаацэнку, пазбавіцца ад трывожнасці і эмацыянальнай напружанасці, наладзіць добрыя адносіны з аднагодкамі і бацькамі.

Важнай умовай аказання псіхалагічнай дапамогі навучэнцам у санаторнай школе з’яўляецца канфідэнцыяльнасць, таму ў кожнага дзіцяці ёсць магчымасць быць выслуханым і прынятым у сваіх перажываннях без страху выкрыцця.

Вырашэнне псіхалагічных праблем навучэнцаў не толькі садзейнічае іх асобаснаму развіццю, але і шмат у чым уплывае на эфектыўнасць лячэння скаліёзу, паколькі няўпэўненасць у сабе, адсутнасць даверу да самых блізкіх — мамы і таты, негатыўныя думкі, пачуццё віны, страх застацца без дапамогі і падтрымкі з’яўляюцца псіхалагічнымі прычынамі развіцця скаліёзу ў дзяцей.

Адной з найважнейшых умоў паспяховай адаптацыі навучэнцаў у школе з’яўляецца падтрымка бацькоў. Для таго каб гэтая падтрымка была максімальна эфектыўнай, вя­дзём асветніцкую работу з бацькамі на індывідуальных кансультацыях, размяшчаем рэкамендацыі на сайце школы, у бацькоўскіх чатах, у школьнай газеце “Санаторная”, дзе прапаноўваюцца рэкамендацыі, як правільна эмацыянальна падтрымліваць дзяцей, адэкватна рэагаваць і дапамагаць ім у канкрэтных сітуацыях.

Паспяховай адаптацыі школьнікаў садзейнічае цеснае супрацоўніцтва педагога-псіхолага з педагогамі (выхавальнікамі, класнымі кіраўнікамі). Дзякуючы сістэмнай зладжанай рабоце ўсяго калектыву школы па адаптацыі, мы бачым станоўчыя вынікі: дзеці камфортна адчуваюць сябе ў школе, эмацыянальна ўстойлівыя, умеюць пераадольваць стрэсавыя сітуацыі, эфектыўна ўзаемадзейнічаць з аднагодкамі, вырашаць канфлікты, што дазваляе ім дасягнуць галоўнай мэты — станоўчага выніку ў лячэнні скрыўлення пазваночніка.

У санаторнай школе не толькі арганізаваны працэс навучання і лячэння, але і створаны ўмовы для асобаснага росту і творчага развіцця навучэнцаў. Часам у дзяцей раскрываюцца таленты, якія ў іх школах заўважыць не паспелі ці дзеці саромеліся іх паказаць, а з санаторнай школы амаль кожны едзе з граматай за тыя ці іншыя дасягненні. Многія дзеці, якія пабывалі тут аднойчы, хочуць вярнуцца сюды зноў. А ўвесь сакрэт у цёплай, добразычлівай атмасферы, у любові і клопаце, якімі педагогі стараюцца акружыць дзяцей.

Таццяна ІГНАТОВІЧ,
педагог-псіхолаг Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната