Як арганізаваны набор у 1-я класы Іўеўскай пачатковай школы і што робіцца для адаптацыі першакласнікаў

- 9:00Главная, Образование

З 12 чэрвеня ў краіне пачаўся набор у 1-­я класы школ і гімназій. Як ён арганізаваны ў Іўеўскай пачатковай школе і што робіцца ва ўстанове для таго, каб працэс адаптацыі першакласнікаў праходзіў лёгка, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі дырэктар школы Аляксандр Раманюк і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Аксана Ляжневіч.

А.Раманюк:

— Уступная кампанія ў нашай установе адукацыі праходзіць спакойна, ніякага ажыятажу няма. У горадзе ёсць тры ўстановы адукацыі, якія прымаюць першакласнікаў: Іўеўская сярэдняя школа, наша пачатковая школа і гімназія № 1. На 8 ліпеня ўжо было пададзена 18 заяў. Сёлета мы плануем прыняць 40 навучэнцаў — гэта два класы.

— Чым прываблівае ваша ўстанова адукацыі бацькоў і іх дзяцей?

А.Раманюк:

— Па-першае, спрыяльнымі ўмовамі, якія тут створаны для дзяцей. Наша школа можа пахваліцца добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Усе вучэбныя кабінеты абсталяваны альбо мультыбордам, альбо інтэрактыўнай дошкай, альбо тэлевізарам. У кожнага педагога ёсць ноўтбук ці камп’ютар. Для першакласнікаў арганізаваны сон, выдзелены гульнявыя памяшканні, абсталявана цудоўная прышкольная тэрыторыя са стадыёнам і спартыўным гарадком. Дарэчы, мы задавальняем запыты бацькоў на групу прадоўжанага дня на 100%. У мінулым годзе са 170 нашых выхаванцаў 150 наведвалі прадоўжанку. Прычым з ліку навучэнцаў 1—2 класаў ахоплены ўсе. Для бацькоў гэта вельмі зручна.

Спецыфіка нашай установы адукацыі ў тым, што пачатковая школа знаходзіцца пад адным дахам з дзіцячым садам. Таму пытанні пераемнасці ў сістэме “дзіцячы сад — пачатковая школа” вырашаюцца паспяхова. Бацькі і педагогі адзначаюць, што дзецям ва ўстанове адукацыі такога тыпу вельмі ўтульна і камфортна, бо тут сабраны вучні па ўзросце, з агульнымі інтарэсамі. Малодшыя школьнікі з розных паралелей сябруюць, сумесна бавяць час у групе прадоўжанага дня падчас рухавых гульняў, наведвання гуртковых заняткаў і спартыўных секцый.

Слава аб установе адукацыі перадаецца з вуснаў у вусны. З дзейнасцю школы бацькі таксама знаёмяцца на яе сайце, падчас бацькоўскіх сходаў, якія праводзяцца штогод вясной.

А.Ляжневіч:

— Установа адукацыі прываблівае баць­коў і іх дзяцей сваімі дасягненнямі. Літаральна аб кожным настаўніку школы можна сказаць, што ён працуе творча, з іскрынкай. І гэта не толькі звязана з наяўнасцю першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і стажам работы больш за 20 гадоў. Працуючы з малодшымі школьнікамі, настаўнік не старэе, падтрымлівае сябе ў добрай форме, імкнецца быць актыўным, крэатыўным, у яго своеасаблівая станоўчая энергетыка. І ў многім ад таго, ці спадабаецца ён вучню ў пачатку навучання, залежыць, ці палюбіць дзіця школу, ці будуць добра ўспрымаць яе бацькі.

Педагогі маюць аўтарытэт сярод бацькоўскай грамадскасці і педагогаў раёна, вобласці, краіны, трансліруюць свой вопыт на розных мерапрыемствах. Яны актыўна выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: інфармацыйна-камунікацыйныя (Жанна Міхалькевіч распрацавала блог “Вместе весело шагать”, патэнцыял якога прымяня­юць усе настаўнікі пачатковых класаў пры правядзенні вучэбных заняткаў, пры падрыхтоўцы да алімпіяд, конкурсаў), мнагамерную дыдактычную тэхналогію (Ганна Захар), тэхналогію развіцця крытычнага мыслення (Алена Арлова, Вольга Трацякевіч), перавернутае навучанне (Ірына Круміна), тэхналогіі візуалізацыі (Алена Арлова) і інш.

На інтэлектуальных спаборніцтвах нашы навучэнцы дасягаюць высокіх вынікаў. Навучэнка 4 класа Лізавета Раманюк заваявала дыплом І ступені на абласным этапе рэс­публіканскага конкурсу “Жывая класіка” і выйшла ў фінал яго заключнага этапу.

Па ініцыятыве нашай установы адукацыі для стымулявання вучняў да заняткаў англійскай мовай і матывавання педагогаў праводзіцца гарадская алімпіяда. У мінулым навучальным годзе ўсе 12 навучэнцаў, якія прадстаўлялі на ёй нашу школу, сталі пераможцамі. Дарэчы, выхаванцы пачынаюць вывучаць замежную мову яшчэ ў дзіцячым садзе. Прыемна адзначыць, што нашы трэцякласнікі і чацвёртакласнікі выступаюць на раённай прадметнай алімпіядзе за 4 і 5 клас і займаюць прызавыя месцы.

— Ці могуць бацькі выбіраць настаўніка?

А.Раманюк:

— Пры прыёме заяў бацькі пазначаюць, да якога настаўніка яны хочуць аддаць сваіх дзяцей. Часам не заўсёды атрымліваецца задаволіць гэтыя запыты, але мы імкнёмся пачуць кожнага.

Сёлета набіраюць 1-я класы Ганна Тадэвушаўна Захар і Жанна Станіславаўна Чэрнэль. Гэта вопытныя педагогі. Да таго ж яны вельмі падобныя і па тэмпераменце, і па манеры выкладання, і па сваіх педагагічных выніках і дасягненнях. Пра гэта сведчаць апошнія алімпіяды і конкурсы. Ж.Чэрнэль заняла 2-е месца ў намінацыі “Пачатковыя класы” ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”.

Дзесьці пасля 15 жніўня ў нас збіраецца круглы стол, удзельнікамі якога становяцца кіраўніцтва ўстановы і педагогі, якія будуць працаваць у 1-х класах. Пры камплектаванні класаў звычайна зраўноўваецца колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама ўлічваюцца пажаданні бацькоў наконт будучых педагогаў. Імкнёмся зрабіць так, каб гіперактыўныя дзеці не трапілі да аднаго настаўніка, каб камфортна было і дзіцяці, і педагогу. Аблягчае работу і нам, і бацькам школа будучага першакласніка “АБВГДэйка”, якая штогод праходзіць з канца верасня па красавік.

— На чым робіцца акцэнт на падрыхтоўчых занятках?

А.Ляжневіч:

— Сёлета заняткі па падрыхтоўцы да школы наведвалі 22 дзіцяці. Былі арганізаваны дзве групы, у кожнай з якіх настаўнікі, якія выпускалі 4-я класы, праводзілі заняткі па трох адукацыйных галінах: знаёмства з навакольным светам, развіццё маўлення і навучанне грамаце, фарміраванне матэматычных уяўленняў. Яны прымянялі разнастайныя заданні, накіраваныя на авалоданне навыкамі чытання і пісьма, развіццё назіральнасці, лагічнага мыслення, маўлення, фарміраванне графічных уменняў, а таксама на замацаванне тэм, якія вывучаліся дашкольнікамі. Заняткі арганізоўваліся ў гульнявой форме з улікам псіхафізічных асаблівасцей дзяцей з выкарыстаннем разнастайнага нагляднага дэманстрацыйнага матэрыялу, інфармацыйных тэхналогій. Пры правядзенні заняткаў прымяняўся вучэбны наглядны дапаможнік для дашкольнікаў “Падрыхтоўка да школы” (рабочы сшытак).

Апошнія два гады ў нас рэалізуецца прынцып “кожны з настаўнікаў працуе ў кожнай са сфарміраваных груп”. Педагогі пачынаюць прыглядацца да дзяцей, падбіраюць да кожнага дзіцяці запаветны ключык, як, дарэчы, і да бацькоў. Часам, каб зрабіць заўвагу дзіцяці, трэба спачатку пагутарыць з яго бацькамі. У выніку дзеці знаёмяцца з усімі настаўнікамі, ведаюць, якія ў іх патрабаванні. Педагогі ж адзначаюць, што ў 1 класе вельмі выразна можна ўбачыць тых дзяцей, якія хадзілі на падрыхтоўку, і тых, якія не. Як правіла, у дзяцей, якія наведвалі “АБВГДэйку”, адаптацыя не выклікае ніякіх праблем.

— Якім павінна быць дзіця, падрыхтаванае да школы?

А.Ляжневіч:

— Дзіцячы псіхолаг Л.Венгер лічыў, што быць падрыхтаваным да школы — не зна­чыць умець чытаць, пісаць і лічыць. Быць падрыхтаваным да школы — значыць быць падрыхтаваным усяму гэтаму навучыцца.

Што ж уключае падрыхтоўка да школы? Гатоўнасць да школы падраздзяляецца на фізіялагічны, псіхалагічны і пазнавальны аспекты, кожны з якіх уключае ў сябе шэраг складнікаў. Усе віды гатоўнасці павінны гарманічна спалучацца ў дзіцяці. Калі штосьці не развіта альбо развіта не ў поўнай меры, то гэта можа паслужыць праблемай у навучанні ў школе, зносінах з равеснікамі, засваенні новых ведаў і г.д. Па-першае, дзіця павінна быць падрыхтавана да навучання фізічна: стан яго здароўя павінен дазваляць паспяхова асвойваць адукацыйную праграму. У дзіцяці павінны быць развіты дробная маторыка, каардынацыя руху. Псіхалагічны аспект уключае ў сябе інтэлектуальную гатоўнасць (у дзіцяці павінен быць запас пэўных ведаў, яно павінна арыентавацца ў прасторы — як прайсці ў школу, дадому, імкнуцца да атрымання новых ведаў, у яго павінны быць развіты памяць, маўленне, мысленне), асобасную і сацыяльную гатоўнасць (дзіця павінна ўмець узаемадзейнічаць з равеснікамі і дарослымі, разумець і прызнаваць аўтарытэт дарослых, адэкватна рэагаваць на заўвагі дарослых і равеснікаў, разумець, што дрэнна, а што добра), эмацыянальна-валявую (уседлівасць, разуменне дзіцем, для чаго яно ідзе ў школу, здольнасць выконваць заданне, якое яму не зусім даспадобы, і інш.). Важна, каб дзіця валодала навыкамі самаабслугоўвання: умела завязаць шнуркі, апрануцца, надзець шапку.

А.Раманюк:

— Бацькі адыгрываюць важную ролю ў адаптацыі дзяцей да школы. Яны павінны матываваць іх. Што тычыцца ўстановы адукацыі, то ў нас матывацыйныя моманты самыя сур’ёзныя. Пасля кожнай чвэрці праводзяцца лінейкі, на якіх уручаецца каля 500 дыпломаў, сертыфікатаў па розных напрамках — пачынаючы з інтэлектуальных спаборніцтваў і заканчваючы спартыўны­мі і творчымі дасягненнямі. Таксама размяшчаем партрэты дзяцей на Дошцы гонару.

— Што робіцца для таго, каб працэс адаптацыі першакласнікаў быў мяккім і бязбольным?

А.Ляжневіч:

Адаптацыя да школы — гэта перыяд прыстасавання дзіцяці да ўмоў установы адукацыі. Гэта значыць, малыш прывыкае да рэгулярных урокаў, новых людзей, настаўнікаў і аднакласнікаў.

Каб працэс адаптацыі дзіцяці да школы працякаў спакойна і лёгка, каб дзіця паступова прывыкла да новых умоў, навучылася адпавядаць новым патрабаванням і новай ролі, наладжаны цесны кантакт з педагогамі дашкольнай установы. Праводзяцца сумесныя мерапрыемствы для вучняў і дашкольнікаў, такія як узаеманаведванне ўрокаў і заняткаў, удзел у выхаваўчых і спартыўных мерапрыемствах, прысутнасць на ўрачыстых лінейках, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама сумесныя мерапрыем­ствы педагагічных калектываў: метадычныя масты, педсаветы.

Перыяд адаптацыі першакласнікаў да школы даволі доўгі: псіхалагічная адаптацыя доўжыцца прыкладна чатыры тыдні, фізіялагічная даўжэй — да васьмі тыдняў. За гэты час дзіця прывыкае не толькі да новай дзейнасці, але і да самога настаўніка: да яго голасу, спосабу выяўляць эмоцыі, да патрабаванняў, заўваг і пахвал. Дзіцяці патрэбна падтрымка педагога. У першыя дні ў школе дзеці асабліва востра перажываюць сваю няспрытнасць, памылкі, няўдачы. Таму нас­таўнікі імкнуцца не канцэнтраваць увагу на праліках дзіцяці, не паказваць неадабрэнне ні словамі, ні жэстамі, ні мімікай, а, наадварот, праяўляюць увагу да яго, аказваюць псіхалагічную падтрымку, ствараюць сітуацыю поспеху для кожнага, выкарыстоўваюць пахвалу, адабрэнне.

Галоўная асаблівасць адаптацыі перша­класнікаў — гульнявая дзейнасць, добра знаёмая дашкалятам. Настаўнікі прапаноўваюць гульні, у якіх схавана вучэбная задача. Садзейнічае адаптацыі частая змена відаў дзейнасці і відаў заданняў.

Сацыяльная адаптацыя першакласніка прадугледжвае наладжванне сяброўскіх сувязей з настаўнікам і аднакласнікамі. Настаўнікі імкнуцца выбудаваць адукацыйны працэс такім чынам, каб дзіця зразумела, што настаўнік — гэта надзейны памочнік, да якога можна звярнуцца па падтрымку, а сярод аднакласнікаў можна знайсці верных сяброў. Каб згуртаваць дзяцей, сфарміраваць дружны класны калектыў, педагогі імкнуцца пазнаёміць дзяцей адно з адным, праводзяць гульні на згуртаванне, арганізоўваюць сумесныя займальныя заняткі, калектыўна-творчыя справы.

Сёння 25% дзяцей марудлівыя, яшчэ столькі ж — гіперактыўныя, ёсць дзеці, якія пішуць левай рукой, вельмі сарамлівыя, плаксівыя, таму педагогі імкнуцца праяўляць цярпенне, знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці, каб яно адчувала сябе камфортна. Пасля заканчэння курса “Уводзіны ў школьнае жыццё” праводзіцца квест-гульня альбо свята пасвячэння ў першакласнікі, дзе ва ўрачыстай атмасферы вучням уручаюцца буквары.

— Як зараз праводзіцца падрыхтоўка да новага навучальнага года?

А.Раманюк:

— Мы імкнёмся падтрымліваць школу ў добрым стане. Практычна кожны год робім невялікія касметычныя рамонты, а сродкі, якія зарабляе ўстанова, накіроўваем на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёлета плануем папоўніць спартыўную базу, а таксама набыць літаратуру для дзіцячай бібліятэкі. Прадпісанні СанПіНа, якія былі нам дадзены, ужо практычна выкананы. 1 верасня школа гасцінна расчыніць дзверы для сваіх выхаванцаў.

У новым навучальным годзе будзем развіваць інфармацыйную адукаванасць нашых навучэнцаў. Плануем працягнуць працаваць па праекце “Інфарматыка без разеткі” з дашкольнікамі і праводзіць факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” для пачаткоўцаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і з архіва школы