Як арганізаваць карысны і эмацыянальна насычаны адпачынак, ведаюць педагогі Гомеля і раёна. Меж іх самаадданасці і творчасці не існуе. Што заахвочвае настаўнікаў і кіраўнікоў да актыўнай дзейнасці, даведаліся падчас прэс-туру.

Як заўважыла начальнік аддзела адукацыі Гомельскага раёна Кацярына Пляга, уся справа — у дзецях, у іх жаданні не толькі набываць новыя веды, але і перажываць новыя эмоцыі. Новыя эмоцыі з радасцю спасцігаюць і педагогі, у прыватнасці Лапацінскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, дзе не першы год вядзецца даследчая работа па вырошчванні не тыповых для нашага клімату раслін. Або студэнты — важатыя аздараўленчага лагера “Сожскі бераг”, якім кожны дзень змены прыносіць столькі эмоцый, што іншым разам цяжка ўспомніць чарговасць іх з’яўлення. Але маладым людзям з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна падабаецца такі рытм жыцця. Педагагічная практыка з новымі прафесійнымі здабыткамі, сябры, калегі, дзеці — усё гэта ўзбагачае. Моладзь любіць рух, а дзеці — яшчэ больш. Таму паміж практыкантамі і выхаванцамі заўсёды канэкт.
Карыснае баўленне часу
Для нас, прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, новыя эмоцыі азначаюць толькі адно — натхненне.

Канкрэтна я адчула яго ў сярэдняй школе № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля — прама ў фае, калі дырэктар Алена Лянкова разам са сваімі вучаніцамі пачалі знаёміць з адметнасцямі ўстановы, якіх тут нямала.
З 2002 года школа носіць імя першага дырэктара, поўнага кавалера ордэна Славы, ганаровага грамадзяніна горада Гомеля, заслужанага настаўніка БССР Мікалая Афанасьевіча Лебедзева.
Яшчэ 44-я школа — школа сучасных тэхналогій у навучанні, бо педагогі прымяняюць самыя новыя методыкі выкладання, выкарыстоўваючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе.
Гэта і спартыўная школа — на яе базе працуюць аб’яднанні па інтарэсах па розных відах спорту (навучэнцы маюць узнагароды рэспубліканскага ўзроўню, годна прадстаўляючы сваю ўстанову на спартыўнай ніве).
Творчая школа, бо дае магчымасць кожнаму раскрыць свой творчы патэнцыял, а вакальны, харэаграфічны, тэатральны калектывы з’яўляюцца прызёрамі і дыпламантамі розных конкурсаў.
Інтэлектуальная школа, таму што ў яе скарбонцы — перамогі вучняў у конкурсах даследчых работ абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, перамогі на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 100-бальныя вынікі на ЦЭ і ЦТ (сёлета выпускніца Лізавета Карпенка здолела набраць 400 балаў), высокі працэнт паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.

Патрыятычная школа, бо ў 1983 годзе ўрачыста быў адкрыты музей баявой і працоўнай славы. На працягу многіх гадоў члены клуба “Шукальнік”, створанага на базе музея, па крупінках аднаўляюць хронікі падзей Вялікай Айчыннай вайны. Нам жа ўдалося далучыцца да гістарычнага квеста, які для сваіх вучняў арганізавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Рамізава.
Гэта і добрая школа: навучэнцы штогод прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі “Ад сэрца да сэрца”. У школе створана супольнасць “Міласэрнасць”, дзейнасць якой накіравана на аказанне дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу.
Ці ўгадваюцца ўсе гэтыя характарыстыкі летам? Безумоўна.
На канікулах вучні 44-й школы працягваюць развіваць інтэлектуальны і творчы патэнцыял, патрыятычныя пачуцці і працоўныя навыкі.
Якраз падчас нашага знаходжання ва ўстанове дзейнічалі лагер працы і адпачынку “Мастерок” і выхаваўча-аздараўленчы “Патрыёт”.

Як адзначыла кіраўнік першага Марына Бародка, дзяўчаты-падлеткі, якія наведваюць “Мастерок”, не толькі шыюць пасцельную бялізну, кухонныя ручнікі, але і зарабляюць грошы на кішэнныя расходы. Самі дзяўчаты заўважылі, што такое баўленне часу летам — выдатная магчымасць і капейку зарабіць, і швейныя навыкі пракачаць, ды і час весела правесці ў размовах са школьнымі сяброўкамі.
“Патрыёт” наведваюць школьнікі малодшага ўзросту. Для іх падрыхтавана вялікая экскурсійная праграма па памятных месцах, музеях Гомеля.

А калі яны застаюцца ў школе, то таксама не сумуюць: напрыклад, становяцца ўдзельнікамі экалагічнай гульні.
Начальнік лагера Вольга Балашчанка лічыць, што такія гульні дапамагаюць далучаць дзяцей да грамадска карыснай дзейнасці, што ў сваю чаргу развівае патрыятычныя пачуцці.

Ну, а пачуцці бязмежнага захаплення выклікалі супрацоўнікі мясцовага МНС, якія і форму далі прымераць, і цікавымі фактамі падзяліліся (усіх здзівіла, што вада з пажарнага шланга льецца з хуткасцю 40 літраў у секунду), і нават сапраўднае воднае шоу зладзілі.
Выхаванне — у стварэнні
Сярэдняя школа № 32 Гомеля ўразіла тэрыторыяй — вялікай і дагледжанай.

Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Ала Нікіфарава, добраўпарадкаваннем яны ўсур’ёз пачалі займацца ў 2020 годзе. Акрэслілі фронт работ, распрацавалі праграму, склалі паэтапны план. А далей пачалася работа па далучэнні да карыснай справы навучэнцаў і бацькоў. Трэба адзначыць, яна адразу прынесла свой плён — пачалося актыўнае супрацоўніцтва ў межах шматлікіх акцый, якія арганізоўваліся ў школе.

На тэрыторыі ўстановы выпускнікамі пасаджаны алея руж (і ўвогуле кветак тут шмат), алея туй, у невялікім ябланевым садзе з прыгожай агароджай чакаецца новы ўраджай. Ёсць тут і невялікае лавандавае поле. Яшчэ пасаджана клумба, праект якой распрацавалі і ўвасобілі выключна педагогі.

Усё гэтае хараство патрабуе догляду, чым займаюцца дзеці на летніх канікулах. Працоўнае выхаванне гарманічна ўпісваецца як у агульную выхаваўчую сістэму навучальнай установы, так і ў летнюю працоўную занятасць дзяцей. Як, зрэшты, і патрыятычнае выхаванне, бо адно без другога немагчыма.
— Як можна выхаваць патрыёта, калі ён не будзе здольны прыносіць карысць сваёй краіне? — тлумачыць дырэктар.
Гэтым летам у сярэдняй школе № 32 дзейнічалі студэнцкі, валанцёрскі атрады, аздараўленчы лагер “Патрыёт”, лагер працы і адпачынку “Старт”.
Для дзяцей, якія праводзяць летнія канікулы дома, арганізавана дзейнасць прышкольнай аздараўленчай пляцоўкі, куды можна прыйсці раніцай або ўвечары і пад наглядам педагога пазаймацца спортам, пагуляць у рухавыя гульні. Асаблівая ўвага ўдзяляецца цяжкім падлеткам, дзецям з праблемных сем’яў.

У дзень нашага наведвання школы ўдзельнікі аздараўленчага лагера “Патрыёт” прымалі ўдзел у гульні “Зарнічка”.
Яны з ахвотай дэманстравалі нам выдатныя навыкі страявой, медыцынскай падрыхтоўкі, уменне трапна страляць у цэль і працаваць у камандзе. У лагеры два атрады, якія падчас гульні спаборнічалі паміж сабой. З дзецьмі на спартыўнай пляцоўцы былі настаўнік фізкультуры і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні школы. Кожны з іх стараўся падбадзёрыць дзяцей, а таксама сачыў за парадкам. Не менш насычаныя ў лагеры і іншыя дні — для дзяцей арганізоўваюцца экскурсіі, квест-гульні (напрыклад, “Азбука бяспекі”), тэматычныя дні.

Асобна выкарыстоўваюцца выхаваўчыя магчымасці школьнай экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, з сямейнымі гісторыямі вучняў і настаўнікаў, музея гісторыі міліцыі, а таксама этнаграфічнага музея “Беларуская хатка”.

— Летам важнай з’яўляецца арганізацыя другаснай занятасці дзяцей. У чэрвені ў нас працаваў студэнцкі атрад. Была арганізавана працоўная дзейнасць падлеткаў на базе Каранёўскага лясніцтва. Акрамя таго, выкарыстоўваем патэнцыял школьных праектаў другаснай занятасці. У гэтым годзе ў нас было 4 такія праекты. У красавіку мы закончылі будаваць агароджу для яблыневага саду. Летам дзеці рамантавалі кнігі, школьную мэблю і шылі кухонныя ручнікі. Тым самым яны атрымалі магчымасць зарабіць за пяць дзён 75 рублёў, — адзначыла дырэктар школы Ала Нікіфарава.
— Для дзяцей важныя падтрымка і ўвага, таму імкнёмся ствараць максімальна камфортныя ўмовы, — рэзюмавала начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Святлана Амінава.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





