Апошнім часам мы ўсё часцей чуем пра сіндром дэфіцыту ўвагі ў школьнікаў. Коратка гэтую праблему называюць СДУГ. Што гэта? Дыягназ, асаблівасць? У чым прычына і характарыстыка гэтай з’явы?
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Сіндром дэфіцыту ўвагі — гэта не пра тое, што дзецям не хапае ўвагі і клопату, і не пра тое, што нехта гэтай увагі не даў. Гэта пра асаблівасць канцэнтрацыі ўвагі. Дэфіцыт азначае складанасць засяроджання на пэўных задачах, у прыватнасці вучэбных. Сіндром СДУГ як паводзінскае і неўралагічнае расстройства развіцця ўзнікае ў дзіцячым узросце. Пэўную ролю адыгрывае асяроддзе, генетыка, біялагічныя фактары.
Сіндром складаецца з трох асноўных сімптомаў: дэфіцыт аб’ёму ўвагі, гіперактыўнасць і імпульсіўнасць. Вось слоўны партрэт такога дзіцяці: яно не сядзіць на месцы, слухаючы, не чуе, раптам ускрыквае, падрываецца, некуды бяжыць, дрэнна кантралюе свае паводзіны і эмоцыі. Яно разумее, як сябе можна паводзіць, а як нельга, у адрозненне ад дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра (РАС), але ўсё ж не можа паводзіць сябе належным чынам. Такія паводзіны дзіця дэманструе не толькі ў школе, яно праяўляе сябе імпульсіўна і рассеяна ў розных сацыяльных сітуацыях. Вучоныя, педагогі, урачы і псіхолагі цяпер заняты пошукам шляхоў дапамогі дзецям са СДУГ, якія вучацца ва ўстановах адукацыі. Бо дзіця са СДУГ адчувае тры тыпы цяжкасцей: пачаць работу, утрымаць увагу на пастаўленай задачы і завяршыць работу.
Выбар педагогамі прыёмаў работы з навучэнцамі са СДУГ павінен праводзіцца з улікам ведання функцыянавання нервовай сістэмы і галаўнога мозга.
У першую чаргу важна падрыхтаваць педагога да прыняцця дзіцяці са СДУГ у класе. Паралельна павінна ісці падрыхтоўка бацькоў навучэнца са СДУГ, іншых дзяцей класа і іх бацькоў. Тут важнае як агульнае фарміраванне талерантных адносін у соцыуме, так і разуменне таго, што для асаблівага дзіцяці павінны быць створаны асаблівыя ўмовы. Важна, каб дзіця перад навучаннем прайшло абследаванне на прадмет фізічнага развіцця і неўралагічных асаблівасцей. Сюды ўваходзіць праверка зроку і слыху, эндакрыннай сістэмы, псіхалагічнае абследаванне.
Для забеспячэння аптымальнай маршрутызацыі дзіцяці са СДУГ бацькам і педагогам неабходна працаваць у тандэме. З канкрэтных рэкамендацый трэба выконваць наступнае: вызначыць месца дзіцяці ў класе (саджаць за першую ці за апошнюю парту); паставіць дадатковую парту, за якую навучэнец меў бы магчымасць перамяшчацца ў працэсе ўрока. Педагогу трэба дапамагчы дзіцяці выбудаваць рухі ад больш маштабных і рызыкоўных да менш маштабных і менш бяспечных.
Дзеці са СДУГ балюча і агрэсіўна ўспрымаюць крытыку, таму не варта фіксаваць увагу на іх недахопах, займацца павучаннем, лепш паспрабаваць пераключыць увагу на штосьці цікавае. Дарэчы, цікавасць — гэта тое, што садзейнічае павышэнню дамафіну ў мозгу і робіць у далейшым магчымай канцэнтрацыю ўвагі ў навучэнцаў са СДУГ.
Ні ў якім разе настаўніку нельга дапускаць насмешкі ў адрас гэтых дзяцей.
Гіперактыўным дзецям трэба дазволіць прымяняць і праяўляць сваю энергію, выказваць агрэсіўныя тэндэнцыі сацыяльна прымальным чынам.
Прымяняючы індывідуальны падыход, дзіцяці са СДУГ трэба даваць цікавыя заданні на ўроках, чаргуючы іх з нецікавымі для яго, якія яно павінна выканаць. Інтэлектуальныя заданні для дзіцяці са СДУГ варта драбіць па аб’ёме. Вусныя заданні ўспрымаюцца складана, яны павінны быць максімальна канкрэтнымі і кароткімі. У працэсе навучання матэрыял важна падаваць структурна і па магчымасці наглядна. Дзіця павінна бачыць, які аб’ём заданняў яму трэба выканаць і ў якой паслядоўнасці. Пажадана, каб поспех і старанне дзіцяці ўзнагароджваліся не толькі адзнакай. Навучэнцу са СДУГ можна прапанаваць наглядны дакладны пералік дзеянняў, за выкананне якіх яно можа атрымаць узнагароду.
Для настаўнікаў хочацца падкрэсліць: важна не грэбаваць дынамічнымі паўзамі падчас урока; часцей хваліць навучэнца са СДУГ не столькі за вынік, колькі за праяўленую ўвагу; падчас урока можна выкарыстоўваць пераключальнікі для адпачынку. Дзіцяці са СДУГ павінна аказвацца комплексная дапамога. І тут, вядома, многае залежыць ад супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў. Калі выпадзе адно за звёнаў дапамогі, складана чакаць станоўчага выніку. Але калі ўсё ідзе зладжана ў камандным суправаджэнні, да падлеткавага ўзросту многія складанасці навучэнцу са СДУГ удасца скарэкціраваць. Давайце разумець такіх дзяцей, прымаць і сумеснымі намаганнямі дапамагаць ім адаптавацца ў соцыуме.
Наталля КАРАЛЬКОВА,
педагог-псіхолаг Магілёўскага абласнога ЦКРНіР
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту