Як дашкольніка зацікавіць беларускай казкай? Дапаможа метад «Скрайбінг»

- 10:50Образование, Портфолио

Як метад візуалізацыі «Скрайбінг» дапамог сфарміраваць у дашкольнікаў цікавасць да беларускай народнай казкі, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала выхавальніца дзіцячага сада № 16 Калінкавіч Наталля Бондарава.

— У век камп’ютараў і гаджэтаў у многіх дзяцей, на жаль, знікае цікавасць да казак і літаратурных твораў, — адзначае суразмоўніца. — Вядома, што казка мае вялікае значэнне для развіцця фантазіі і правільнага маўлення, вучыць жыццю, знаёміць з дабром і злом. Існуе шмат традыцыйных форм і метадаў работы па фарміраванні цікавасці да мастацкай літаратуры, але ж сёння выхаванцы патрабуюць асаблівага падыходу. Таму і выбар метаду «Скрайбінг» для мяне невыпадковы. Ён дазваляе проста і даступна растлумачыць сюжэт і змест твора, паглыбіцца ў яго сэнс. Дзякуючы скрайбінгу мае выхаванцы не толькі лепш разумеюць і запамінаюць казку, але могуць яе пераказаць.

Як усё адбываецца? Праз нагляднае прадстаўленне тэксту. Педагог не загружае дзяцей вялікім аб’ёмам інфармацыі, а прапануе алгарытм тэксту ў малюнках.

Н. Бондарава выкарыстоўвае магнітны, фланелеграфны і аплікацыйны скрайбінг, які падбірае ў залежнасці ад узросту выхаванцаў. Работа ідзе па этапах: выбар казкі, чытанне, вылучэнне галоўных персанажаў і ідэі, падбор малюнкаў і сюжэтаў да казкі.

— Спачатку я апрабавала гэты метад на пераказванні сюжэта невялікага верша Т. Кляшторнай «Паўцякалі цацкі», — расказала педагог. — Арыентаваліся на прымацаваныя да магнітнай дошкі карцінкі (алгарытм для пераказу). Паказваючы на кожны з малюнкаў указкай, дзіця паўтарала тэкст верша самастойна, затым хорам з іншымі дашкольнікамі, потым у парах і індывідуальна з апорай на карцінкі.

Наступны этап — пераказ тэкстаў большага аб’ёму — казак. Першай стала добра знаёмая дзецям «Курачка Раба». Н. Бондарава падрыхтавала яркія карцінкі: беларускую хату, курачку з яйкам, бабу з яйкам, дзеда з яйкам, дзеда і бабу, якія сядзяць на лаўцы, мышку, гняздо з яйкамі. Казку пераказвалі на беларускай мове.

Для таго каб цікавасць да працэсу не згасала, змяняецца выгляд скрайбінгу. Так, для азнаямлення з казкай «Каза-манюка» выхавальніца аформіла фетравы скрайбінг. Узяла карцінкі «Дзед», «Баба», «Дачка», «Каза», «Заяц», «Воўк», «Мядзведзь», «Певень» і тэатры масак, на лыжках, фартухоў, з выявай герояў казак, лялек бібабо з персанажамі казкі, трафарэты свойскіх жывёл, набор геаметрычных фігур і схем да іх, а таксама настольныя гульні «Даміно», «Свойскія жывёлы», «Лато», «Гісторыя слоў».

— Пераказ тэксту казкі пры дапамозе скайбінгу магчымы ў некалькіх варыянтах, — працягвае педагог. — Я чытаю казку, а дзіця, сінхронна са словамі, выкладвае фетравыя фігуры персанажаў. Або дашкаляты разам са мной пераказваюць тэкст казкі з апорай на ўжо размешчаныя на мальберце фетравыя карцінкі. Ім значна лягчэй прытрымлівацца алгарытму, абапіраючыся на малюнкі, калі перад вачыма ў выглядзе карцін «напісаны» тэкст казкі. Самае складанае для дзяцей у гэты момантпадабраць патрэбныя словы на беларускай мове.

Складаючы скрайбінг па казках, малышы могуць дапоўніць або змяніць сюжэт, пачатак ці канцоўку, уносіць у змест новаўвядзенні. Напрыклад, выхаванцы прыдумалі свой канец казкі «Мядзведзь»: «Гультай папрасіў прабачэння ў чараўніка, і яго не ператварылі ў мядзведзя, так ён і застаўся чалавекам і дапамагаў іншым збіраць мёд».

Н. Бондарава аб’яднала ўсе праграмныя казкі ў скрайбінгу ў «куфар казак». У яго ўвайшлі творы «Коцік, пеўнік i лісіца», «Як курачка пеўніка ратавала», «Мядзведзь», «Пшанічны каласок», «Каток — залаты лабок», «Пчала i муха», «Курачка Раба», «Каза-манюка». «Куфар», які ўяўляе сабой прыгожую скрынку з асобнымі канвертамі па казках, педагог размясціла ў так званым цэнтры пісьменнасці, дзе кожны выхаванец можа выбраць любую ўпадабаную казку і самастойна, у пары або падгрупе пераказаць яе, выкарыстоўваючы яркія карцінкі.

— Прымяненне скрайбінгу відавочна дае станоўчыя вынікі, — гаворыць педагог. — Дзеці хутчэй і больш якасна запамінаюць сюжэт казак і пераказваюць іх сумесна з дарослым, правільна ўжываючы і вымаўляючы словы і фразы. Яны ўмеюць адрозніваць празаічную і вершаваную мову, разумеюць жанравыя асаблівасці казкі, суперажываюць героям. Радуе, што ў дзяцей пашырыўся слоўнікавы запас беларускіх слоў, малышы часцей іх выкарыстоўваюць у штодзённым жыцці. А наш «куфар казак» ператварыўся ў займальную гульню для маіх выхаванцаў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы