Вучні Алены Колас з сярэдняй школы № 9 Мазыра не лічаць фізіку складаным прадметам. Педагог умее тлумачыць матэрыял лёгка і зразумела, абапіраючыся на жыццёвыя прыклады, эксперыменты і пачуццё гумару. Заданні складае так, каб кожны мог выканаць іх, зыходзячы са свайго ўзроўню ведаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Алена Уладзіміраўна скончыла сярэднюю школу № 5 Мазыра. Фізіку ў яе выкладаў Уладзімір Іванавіч Селязнёў. Пасля ўніверсітэта больш за 20 гадоў працавала поруч са сваім педагогам у роднай школе.
— Жыццёвыя і прафесійныя ўрокі Уладзіміра Іванавіча засталіся са мной назаўжды, — дзеліцца Алена Колас. — Ён вельмі творчая асоба, вядомы многім як аўтар кніг па займальнай фізіцы і іншых прадметах. Дарэчы, ілюстрацыі да сваіх выданняў ён робіць самастойна. Зараз Уладзімір Селязнёў на заслужаным адпачынку, але працягвае займацца творчасцю.
У сярэдняй школе № 9 Мазыра, дзе шосты год працуе Алена Колас, на высокім узроўні арганізавана выкладанне фізікі і матэматыкі, функцыянуюць інжынерныя класы. Вучні Алены Уладзіміраўны паспяхова здаюць ЦЭ і ЦТ і паступаюць у прэстыжныя УВА. Выпускнікі падтрымліваюць цёплыя адносіны з педагогам, прыходзяць да яе, дзеляцца сваімі поспехамі.
Усе, хто бываў на ўроках у Алены Колас, адзначаюць, што праходзяць яны ў камфортнай абстаноўцы, вучні не баяцца задаваць пытанні, калі чагосьці не разумеюць. 45 мінут пралятаюць непрыметна.
— Не ўсе могуць рашаць складаныя фізічныя задачы, але павінны разумець, што фізіка вывучае тое, што нас акружае, дапамагае растлумачыць розныя з’явы, развівае логіку і памяць, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Пры тлумачэнні новай тэмы я абапіраюся на ўжо атрыманыя дзецьмі веды, часта стаўлю праблемнае пытанне і прапаную вучням выказаць сваё меркаванне. Не тлумачу адразу, а даю магчымасць самастойна прыйсці да высновы. Праз навадныя пытанні разам знаходзім правільны адказ. Важную ролю адводжу эксперыменту. Толькі абапіраючыся на атрыманы вопыт, уменне самастойна думаць і рабіць высновы, можна атрымаць моцныя веды.
Яшчэ настаўнік павінен быць тонкім псіхолагам, адчуваць дзіця, яго настрой, фізічны стан, ведаць, чым яно жыве. Адно добра танцуе, другое — спявае, трэцяе — займаецца спортам. Першаму можна даць заданне падрыхтаваць дадатковы матэрыял па фізіцы танца, другому — па фізіцы ў спорце, трэцяму — у жывой прыродзе, а нехта з задавальненнем штосьці намалюе. У маім кабінеце захоўваецца шмат малюнкаў, плакатаў, зробленых дзецьмі. Ёсць нават мой партрэт.
— Лепшы крытэрый ацэнкі глыбіні засваення вучэбнага матэрыялу — уменне рашаць задачы, — працягвае педагог. — На сваіх уроках я выкарыстоўваю шматузроўневыя задачы, якія складаюцца з некалькіх адносна самастойных задач. Кожная наступная частка такой задачы дапаўняе, а часам паглыбляе папярэднюю. Па змесце яны бываюць двух тыпаў. У задачах першага тыпу да адных і тых жа зыходных даных фармулюецца некалькі якасных або колькасных пытанняў. У задачах другога тыпу змест паступова развіваецца: уводзіцца новая інфармацыя, новыя зыходныя даныя і патрабаванні.
Шматузроўневыя задачы падыходзяць для дыферэнцыяцыі вучэбнага працэсу. Заданні прадугледжваюць тры ўзроўні складанасці. Перш за ўсё, гэта простыя рэпрадуктыўныя заданні: на класіфікацыю, вызначэнне паняццяў, пазнаванне формул, разлік велічыні па гатовай формуле. Далей ідуць заданні для вучняў з сярэдняй паспяховасцю, якія патрабуюць прымянення формул, умення атрымліваць з іх невядомыя велічыні, ведання фізічных правіл і законаў. Заданні трэцяга ўзроўню складанасці разлічаны на тых, хто свабодна і творча аперыруе ведамі.
— Пры рашэнні шматузроўневых задач усе ў класе працуюць актыўна, у сваім тэмпе, — працягвае Алена Уладзіміраўна. — Хтосьці выконвае самыя простыя заданні, а іншыя не трацяць час на простыя, а рашаюць больш складаныя задачы. Мая роля ў гэтым працэсе — кансультаваць вучняў, ствараць камфортнае асяроддзе на ўроку, паказваць значнасць ведаў для кожнага вучня.
Распрацоўваць такія заданні не цяжка, галоўнае — улічваць узровень падрыхтоўкі кожнага вучня і класа ў цэлым.
Калектыўнае рашэнне трохузроўневай задачы нарастаючай ступені складанасці
(на прыкладзе графічнай задачы)
Тэма ўрока: “Перамяшчэнне, каардыната і шлях пры роўнапераменным руху” (9 клас).

1-ы ўзровень:
* апішыце рух цела на кожным участку. Вызначце хуткасць цела праз 1 с, 2 с.
2-і ўзровень:
* вызначце праекцыі паскарэння цела на кожным участку;
* знайдзіце шлях і перамяшчэнне цела за 10 с.
3-і ўзровень:
* вызначце шлях і перамяшчэнне цела за 7 с.;
* пабудуйце графікі залежнасці а (t), x (t).
Кожны год вучні Алены Колас заваёўваюць дыпломы на раённым этапе алімпіяды па фізіцы. Дыпломы на абласным этапе летась атрымалі сямікласнік Арцём Будкоўскі і дзесяцікласнікі Алена Каляга і Уладзіслаў Грыб, які і сёлета быў узнагароджаны на абласным узроўні. Вучні Алены Колас з’яўляюцца пераможцамі міжрэгіянальных прадметных алімпіяд і міжнароднай алімпіяды “Сузор’е талентаў”. Іх прыклад натхняе іншых. Малодшым вучням, якія толькі далучаюцца да алімпіяднага руху, дапамагаюць старэйшыя, якія ўжо маюць адпаведны вопыт.
— Ужо ў 7 класе ёсць вучні, якія праяўляюць цікавасць да ведаў, што выходзяць за рамкі школьнага падручніка. Адным падабаецца займацца эксперыментальнай дзейнасцю, іншым — рашаць задачы, — расказала Алена Колас. — Як выявіць такіх дзяцей? Яны дапытлівыя, настойлівыя ў пошуку адказаў, задаюць глыбокія пытанні, імкнуцца разважаць, маюць добрую памяць.
У рабоце з адоранымі дзецьмі Алена Уладзіміраўна прытрымліваецца некалькіх ключавых прынцыпаў. Па-першае, гэта максімальная самастойнасць вучняў, бо самыя трывалыя веды фарміруюцца пры самастойным рашэнні задач, рабоце з літаратурай. Пры гэтым настаўнік тактоўна кантралюе дзяцей, арганізоўвае калектыўныя разборы і аналіз задач. Наступны прынцып — актыўнасць ведаў. Алімпіядныя заданні патрабуюць прымянення ўсіх раней засвоеных ведаў, іх пастаяннага паглыблення, пашырэння, удакладнення. Для паспяховага ўдзелу ў алімпіядзе важны прынцып апераджальнага ўзроўню складанасці. Таксама варта аналізаваць вынікі мінулых алімпіяд, каб выяўляць хібы, недахопы і знаходкі, не ўлічаныя раней. У кожнага алімпіядніка павінна быць свая праграма падрыхтоўкі. І, нарэшце, важнае значэнне мае псіхалогія. Варта падтрымліваць у дзяцей здаровыя амбіцыі, веру ў свае сілы, імкненне да поспеху. Пераможцамі на алімпіядзе становяцца не ўсе, але не трэба здавацца ў выпадку няўдачы, трэба шмат працаваць на вынік.

Алена Колас наведвае семінары і фестывалі, абменьваецца вопытам з творчымі педагогамі, настаўнікамі-метадыстамі і ўдзельнікамі прафесійных конкурсаў. Многія з іх праходзілі падрыхтоўку на базе папулярнага летняга метадычнага лагера для настаўнікаў фізікі “Альхоўка”, дзе Алене Уладзіміраўне таксама пашчасціла пабываць і пазнаёміцца з многімі цікавымі калегамі, з якімі яна працягвае падтрымліваць сувязь.
— У снежні мінулага года для настаўнікаў Беларусі была арганізавана паездка ў навуковы горад Дубна Маскоўскай вобласці. Мне выпаў гонар пабываць там, стаць адной з 15 прадстаўнікоў нашай краіны, якія выкладаюць у інжынерных класах, — адзначае Алена Колас. — Горад Дубна вядомы сваім Аб’яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў. На працягу тыдня група беларускіх настаўнікаў вывучала эксперыментальныя ўстаноўкі, NICA (звышправодзячы калайдар пратонаў і цяжкіх іонаў), наведвала лабараторыі ядзерных даследаванняў і высокіх энергій. Прайшлі сустрэчы з навукоўцамі, семінары і лекцыі супрацоўнікаў АІЯД, майстар-класы і практыкумы па рашэнні задач, лабараторныя работы і адукацыйныя экскурсіі. З асаблівай цікавасцю настаўнікі знаёміліся са зместам вучэбна-метадычнага комплексу для расійскіх школьнікаў “Інжынеры будучыні”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва А.КОЛАС





