Як дзіцяці пасябраваць з настаўнікам і прадметам?

- 9:20Педагагічная майстэрня

Работа з нізкаматываванымі навучэнцамі на ўроку гісторыі

Калі настаўнік працуе з адоранымі навучэнцамі, эфектыўнасць яго работы відавочная. Пры рабоце ж з нізкаматываванымі дзецьмі поспехі, якія б яны ні былі, рэдка бачаць, і такі настаўнік будзе ў цені. Інакш кажучы, работа з нізкаматываванымі навучэнцамі — праца часта няўдзячная, цяжкая і з сумніўнай эфектыўнасцю.

Усе мы розныя. Так склалася і павялося, што нашы адрозненні набываюць розныя формы і ўзроўні. Выяўляецца гэта і ў адукацыі. Не ўсім дадзена вучыцца на “дзевяць”-“дзесяць”, пытанне адораных і адстаючых будзе мець месца заўсёды. Аднак гэта зусім не значыць, што настаўніку ў гэтым выпадку нічога нельга зрабіць. Настаўнік можа многае, у тым ліку і павысіць узровень ведаў у любой катэгорыі навучэнцаў, любога ўзроўню навучанасці. Настаўнік, хоць і не чараўнік, аднак мае пэўныя рычажкі, якія мы называем падыходамі, прыёмамі і методыкамі ў сваёй рабоце.

Вядома, што кожнае дзіця па-свойму ўспрымае інфармацыю, нават самую простую. Настаўнік не павінен ставіць перад сабой нешта неажыццявімае. Асноўная мэта павінна быць бачнай і рэальна здзейсненай, а менавіта: падняць узровень ведаў вышэй. Наколькі вышэй і ў чым гэта будзе выяўляцца — пакуль не так важна.

Кожны вучань унікальны па-свойму, а большасці педагогаў хочацца ўсё ж абагульнена-сярэдняга вучня з выдатнымі здольнасцямі. Асаблівае значэнне тут набывае ўмацаванне ўсіх бакоў умення дзіцяці вучыцца.

Праблемы ў пытаннях нізкай матывацыі можна падзяліць на пяць асноўных прычынных катэгорый:

1) нізкая эфектыўнасць навучэнца на ўроку;

2) нізкая інтэнсіўнасць навучэнца ў вучэбнай дзейнасці;

3) слабае або адмоўнае ўзаемадзеянне з класам і настаўнікам;

4) нізкі ўзровень паспяховасці навучэнца па прычыне недахопаў у ведах;

5) нізкі ўзровень матывацыі навучэнца.

Калі мы вызначым дакладную прычыну нізкай паспяховасці навучэнца і яго агульную нізкую матывацыю да навучання, трэба даведацца і пра агульную прыналежнасць навучэнца да той ці іншай катэгорыі.

Нізкая эфектыўнасць навучэнца на ўроку можа сведчыць пра тое, што дзіцяці, магчыма, некамфортна працаваць у пэўных умовах. Яму можа быць холадна, яно можа быць галоднае, яно заглядваецца на сонейка, не можа засяродзіцца, або яму проста не падыходзяць тыя ці іншыя формы работы, якія прапануе класу настаўнік. Па гэтай прычыне неабходна дыферэнцыраваць заданні для навучэнца такім чынам, каб ён бачыў толькі свой узровень і заданні таго ўзроўню, на які яму належыць падняцца. Чым больш зразумелыя заданні для навучэнца, тым больш ён верыць у поспех і імкнецца штосьці зрабіць.

У якасці прыкладу прывяду заданне з дакумента, якое навучэнец можа выканаць пісьмова ці вусна. Для таго каб вызначыць, дзе ў яго будзе атрымлівацца лепш, варта ўдакладніць, ці зразумеў ён заданне. Няхай ён прагаворыць вам яго сваімі словамі.

“(Царь) указал с Москвы… послать… ратным людем, которые от цынги больны, вина и уксусу и збитню… для того чтоб в Полоцку и в Витепску ратным людем болезнь не множилась, и от той болезни не помирали”.

Разумеючы дакумент, навучэнцу будзе прасцей адказаць на кантрольнае пытанне “Як вы думаеце, пра што сведчыць гэты дакумент?”.

Пры нізкай інтэнсіўнасці навучэнца на ўроку эфектыўным спосабам у рабоце настаўніка будзе магчымасць займацца пісьмова ці вусна. Справа ў тым, што першапачатковая крыніца гэтага — тэмперамент навучэнца. Бясспрэчна, складана падагнаць марудлівага ці прытрымаць хуткага. Варта толькі сказаць, што ўлік унутраных псіхаэмацыянальных асаблівасцей навучэнцаў дае свой вынік. Варта прадугледзець комплекс вучэбна-выхаваўчых мер, якія будуць накіраваны на стварэнне патрэбнай псіхалагічнай атмасферы для стварэння сітуацыі поспеху.

Мы наўрад ці зможам штосьці зрабіць у спробах павысіць інтэнсіўнасць навучэнца, але вось раскрыць яго здольнасці за канкрэтны прамежак часу можам. Такім чынам, калі з тэмпераментнымі навучэнцамі сітуацыя больш зразумелая, то марудлівасць дзеянняў некаторых дзяцей — гэта праблема цэлага ўрока. У гэтым выпадку варта даць дзіцяці запаўняць табліцу, дзе крупінкі яго ведаў будуць максімальна бачныя.

МанархГады кіраванняУнутраная палітыкаЗнешняя палітыкаЭканамічныя пераўтварэнніКультура
      

Нярэдка бываюць сітуацыі, калі дзіцяці некамфортна працаваць у сваім класе і/ці з пэўным настаўнікам. Разумны педагог заўважыць гэта і не будзе адказваць непрыязнасцю на непрыязнасць, а створыць пэўны матывацыйны фон, каб дзіця змагло “пасябраваць” і з настаўнікам, і з прадметам. Дапусцім, што тут пытанне ў матывацыі, паколькі ў іншых выпадках непрыязнасці ляжалі б праблемы з плоскасці работы педагога-псіхолага.

Для матывацыі падлетка больш важнай, чым адзнака настаўніка, аказваецца схаваная ў адзнацы інфармацыя пра яго магчымасці. Адзнака настаўніка павышае матывацыю, калі яна адносіцца не да здольнасцей вучня ў цэлым, а да тых намаганняў, якія прыкладае вучань пры выкананні задання.

Пры выстаўленні адзнакі настаўнікам для заахвочвання матывацыі выкарыстоўваецца такі прыём, калі педагог параўноўвае поспехі не з поспехамі іншых вучняў, а з ранейшымі вынікамі. Гэта дае магчымасць дзіцяці паглядзець на сябе збоку і ажыццявіць пасільныя дзеянні па прадмеце, галоўная задача якіх — паказаць лёгкасць выканання.

Для гэтага падыходзяць заданні з датамі на суаднясенне.

А) 1557 г.  1. Канец казацка-сялянскай вайны

Б) 1566 г.  2. Устава на валокі

В) 1588 г.  3. Другі Статут ВКЛ

Г) 1651 г.  4. Трэці Статут ВКЛ

Пры нізкім узроўні паспяховасці па прычыне недахопаў у ведах настаўніку варта звярнуць увагу на падбор і распрацоўку дыдактычнага матэрыялу. Варта таксама распрацаваць графік кансультацый, які будзе планавым для педагога на навучальны год. Іншымі словамі, дзіця павінна быць у пастаяннай форме па прадмеце, нягледзячы на ​​ўзровень. Варта забяспечыць індывідуальныя заняткі, якія б змаглі прывіць цікавасць да прадмета не толькі даверлівымі зносінамі з педагогам, але і ўзаемадзеяннем у малой групе. Прычым заданні могуць быць любымі пасільнымі для навучэнца.

І апошняя прычына — нізкі ўзровень матывацыі навучэнца. Гэтая прычына можа як вынікаць з папярэдняй, так і быць аўтаномна-самастойнай. Для гэтай прычыны маюцца наступныя рэкамендацыі:

арганізаваць жорсткі кантроль за выкананнем заданняў і даручэнняў настаўніка, аднак быць больш лаяльным пры выстаўленні нізкіх адзнак;

ажыццяўляць дыферэнцыяцыю як пры вусным, так і пры пісьмовым апытанні;

пастарацца самому знайсці падыход да навучэнца;

даносіць да навучэнца канкрэтыку таго, што чакаецца ад яго пры падрыхтоўцы дамашняга задання.

Такім чынам, пры рабоце з нізкаматываванымі навучэнцамі варта распрацаваць строгі план індывідуальнай работы. Якую б дзейнасць навучэнцы ні ажыццяўлялі, яны павінны мець псіхалагічную поўную структуру — ад разумення і пастаноўкі мэт і задач праз выкананне дзеянняў, прыёмаў, спосабаў да ажыццяўлення дзеянняў самакантролю і самаацэнкі.

Аляксандр ШАБЕЛЬСКІ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ваверскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.