Як дзякуючы педагогам аб’екты гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны набываюць прывабны турыстычны выгляд? Адказ карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведаўся падчас падарожжа па Шуміліншчыне.
Варта захоўваць
Даўно падлічана, колькі старадаўніх храмаў, замкаў, палацаў упрыгожваюць Беларусь. Вядома колькасць рэк, азёр і нават дубоў-старажылаў, якія не адно стагоддзе сваёй магутнай кронай шапочуць аб падзеях мінулага. А вось колькі вялізных, замшэлых валуноў ляжыць на ўзбочынах дарог, сярод палёў і лясоў, дакладна не скажа ніхто. Адно бясспрэчна — гэта таксама наша спадчына, якую варта захоўваць, перадаваць наступным пакаленням…
Амаль 20 гадоў настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка Шуміліна Святлана Аляксандраўна Петухова вывучае самы вялізны валун на Беларусі. У многім дзякуючы актыўнасці педагогаў раёна, падтрымцы мясцовай улады, тэрыторыя вакол валуна добраўпарадкавана, а каля прыроднай славутасці рэгулярна падтрымліваецца чысціня. Але так было не заўсёды.
Прыгадваю сваё першае падарожжа да каменнага волата ў ваколіцы вёскі Горкі ў 2015 годзе. Быў сонечны чэрвеньскі дзень. Над валуном — высокае блакітнае неба з аблокамі, наўкола — зараснікі фіялетавага лубіну і кусты з маладым зялёным лісцем. Фотаздымкі атрымаліся яркімі, насычанымі летнімі колерамі. Адно засмучала — высокая, амаль у чалавечы рост трава, ад чаго валун здаваўся меншым і выглядаў занядбаным.
Памятаю словы настаўнікаў пра тое, як добра было б абсталяваць тут зону адпачынку з кантэйнерам для смецця, інфармацыйнымі знакамі, расказаць пра валун у СМІ, сацсетках, што павысіла б прывабнасць аб’екта, яго турыстычную папулярнасць.
Лепш не чапаць
За гэты час многае змянілася. Пра валун зняты дзясяткі рэпартажаў, відэаблогаў. Трава рэгулярна абкошваецца, з’явіліся альтанкі, сметніцы. Устаноўлены інфармацыйны знак, які сведчыць, што камень мае даўжыню 11, шырыню больш за 5, вышыню амаль 3 метры, а вагу каля 292 тон.
Валун сапраўды ўражвае, як уражваюць і адносіны некаторых людзей да прыроднай славутасці.
— Колькі ўжо ні гаварылі, ні пісалі, але па-ранейшаму знаходзяцца тыя, хто запіхвае ў расколіны валуна папяровыя купюры. Няўжо людзі думаюць, што такім чынам павысяць узровень сваёй заможнасці? Наўрад ці, а вось каменю наносіцца вялізная шкода. Папера пад дажджом размакае, зімой вільгаць крышталізуецца і расколіны павялічваюцца. Лепш гэтыя грошы аддаць на дабрачынныя справы. Была б рэальная карысць. Часам чую прапановы пачысціць камень ад моху. Маўляў, так ён стане больш прыгожым. На маю думку, рабіць гэтага не трэба. З’яўленне моху на валуне — натуральны працэс. Камень тут ляжыць тысячагоддзямі, і не трэба яго чапаць, — падзялілася Святлана Аляксандраўна.
Цалкам згодзен з педагогам. Не чапаць — лепшае, што мы можам зрабіць дзеля захавання Вялікага каменя. І не толькі яго. Колькі прыродных аб’ектаў было пашкоджана або знішчана праз неабдуманае ўмяшанне чалавека! Незайздросны лёс мог напаткаць і гэтага каменнага волата. Але, дзякуй богу, у 1970-я гады геолагі змаглі пераканаць меліяратараў не знішчаць камень. Валуновыя прыгоды на гэтым не скончыліся. Калі ствараўся знакаміты музей валуноў, вучоныя вырашылі перавезці Вялікі камень у Мінск.
Прыгналі грузавую платформу, некалькі пад’ёмных кранаў, але не змаглі падняць волата — настолькі ён урос, зрадніўся з зямлёй, на якую яго прыцягнуў апошні ледавік. Так што, сапраўды, чапаць не варта, а лепш прыехаць і палюбавацца аб’ектам у яго натуральным асяроддзі, тым больш валун выдатна дапаўняе мясцовыя краявіды, з’яўляецца прыроднай жамчужынай Шуміліншчыны, а яшчэ ўваходзіць у пералік экскурсійных аб’ектаў, рэкамендаваных для наведвання Міністэрствам адукацыі.
Найбольш часта, асабліва на канікулах, тут можна ўбачыць настаўнікаў і вучняў Шумілінскага раёна. Напрыклад, Святлана Аляксандраўна толькі ў гэтым годзе наведвала валун тройчы. Такія паездкі актыўна пачаліся ў 2007 годзе, калі разам з калегамі яна распрацавала эколага-краязнаўчы маршрут ад Шуміліна да Вялікага каменя. Зняты таксама 10-мінутны фільм “Геалагічныя помнікі Шумілінскага раёна”.
Святлана Петухова з кнігай Антона Параскевіна “Валуны роднай старонкі”
— Валун, хутчэй за ўсё, прыцягнуў у наш край з тэрыторыі сучаснай Фінляндыі ледавік. Гэта граніт-рапаківі, або гнілы камень. Ён утварыўся ў выніку вывяржэння магмы і яе ўкаранення ў пустэчы зямной кары на значнай глыбіні. Там ён набыў поўнакрышталічную структуру. Камень адрозніваюць зярністая паверхня і наяўнасць расколін. У колеры спалучыліся ружовыя і шэрыя адценні, што абумоўлена складам: большая частка — граніт, астатняя — кварц, біятыт, мускавіт, рагавая падманка. На жаль, пад уздзеяннем сонечных прамянёў, вады, ветру, перападаў тэмператур камень паступова разбураецца, аб чым сведчаць шматлікія расколіны на яго паверхні, — расказала настаўніца геаграфіі.
Таямнічыя гукі
Акрамя назвы Вялікі камень, у гэтага ўнікальнага помніка прыроды ёсць яшчэ адна — Чортаў камень. Чаму яна ўзнікла, здагадацца не цяжка. Відаць, нейкія містычныя рэчы адбываліся каля яго. Калісьці побач з валуном праходзіў Кацярынінскі тракт, яго рэшткі і цяпер можна заўважыць сярод хмызняку (на думку Святланы Аляксандраўны, можна было б аднавіць кавалачак тракту, які таксама стаў бы прыцягальным турыстычным аб’ектам). Месца гэтае было глухім, і часта тут стаялі густыя туманы. Падарожнікі, калі праязджалі па тракце, нярэдка чулі гукі, падобныя на жалобныя крыкі дзяцей. Найбольш жаласлівыя людзі спыняліся, хадзілі шукаць тых дзяцей.
— На такія пошукі адправіўся неяк і мой дзед. Разам з сябрам яны вырашылі праверыць, хто ж там крычыць. Дарога была ім добра знаёмая, але яны заблукалі. Здаецца, ведаюць, куды трэба ісці, а валун знайсці не могуць. Пасля таго яны заракліся хадзіць да Чортавага каменя, гаварылі, што гэта нячыстая сіла водзіць, збівае з правільнага шляху. Пазней яны здагадаліся, хто крычыць. Аказваецца, гэта зайцы. Вясной, калі яны дзяруцца, то ўтвараюць гукі, падобныя на крыкі дзяцей.
Мая мама родам з гэтых мясцін. Яна расказвала, што дзеці пастаянна гулялі каля валуна. Асабліва запомнілася ёй, што зімой у мароз накачаешся па снезе, падыдзеш да каменя, пакладзеш на яго далоні — і адчуваеш цеплыню. Старыя людзі хадзілі летам да валуна праграваць сваю спіну. Лажыліся на яго, нібы на печ, лячылі радыкуліт. Наогул у кожнага, хто глядзіць на валун, узнікаюць пэўныя асацыяцыі. Камусьці ён нагадвае карабель, іншы бачыць у ім вялізнага кіта. Мне, напрыклад, здаецца, што гэта асілак, які лёг, склаў рукі і прыпадняў сваю доўгую бараду, — паведаміла Святлана Аляксандраўна.
На свае вочы
Метадыст Шумілінскага РВМК Надзея Каротчанка
Ні адзін фотаздымак, нават зроблены ў пару залатой восені, не перадасць прыгажосць і веліч Вялікага каменя. Гэты ўнікальны аб’ект нашай прыроднай спадчыны варта ўбачыць на свае вочы. Тым больш што хутка пачынаюцца восеньскія канікулы — выдатны час для экскурсій. Чым не нагода адправіцца ў падарожжа па Шумілінскім раёне?
Перад паездкай я раіў бы зайсці ў бібліятэку і прачытаць кнігу выпускніка 1-й шумілінскай школы, урача, краязнаўца Віктара Васільевіча Улюценкі (больш вядомага пад псеўданімам Антон Параскевін) “Валуны роднай старонкі”. Там вы знойдзеце шмат цікавай інфармацыі.
Акрамя Вялікага каменя, можна азнаёміцца з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Да іх мы і адправімся разам з настаўнікамі Башнеўскай базавай школы і Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай.
Архітэктурныя славутасці
Першым такім аб’ектам стане царква Святога Сергія Раданежскага, якая больш за стагоддзе ўпрыгожвае вёску Лескавічы. Педагогі Башнеўскай базавай школы не толькі вывучаюць гісторыю храма. З праваслаўным прыходам наладжана цеснае супрацоўніцтва, а ўстанова адукацыі некалькі гадоў з’яўляецца ўдзельніцай абласнога праекта па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў.
Валянціна Скірман сярод этнаграфічнай экспазіцыі Башнеўскай базавай школы
— За апошнія гады мы з калегамі арганізавалі шмат адукацыйных экскурсій па Шумілінскім раёне і Беларусі з наведваннем арганізацый і прадпрыемстваў, навучальных устаноў, музеяў, выстаў, гістарычных месцаў, прыродных аб’ектаў. Наш калектыў у рамках абласнога творчага праекта “Укараненне мадэлі духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” неаднаразова наведваў храмы Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Шуміліне, Святога Сергія Раданежскага ў Лескавічах, Свята-Ануфрыеўскі храм у Обалі. Асабліва цесныя сувязі наладжаны з прыходам храма Святога Сергія Раданежскага, — паведаміла дырэктар Башнеўскай базавай школы Валянціна Анатольеўна Скірман.
Царква Святога Сергія Раданежскага ў Лескавічах
Па яе словах, Свята-Сергіеўскі храм быў пабудаваны ў 1878 годзе з цэглы і бутавага каменю ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Лёс храма ў ХХ стагоддзі пакручасты. Богаслужэнні перыядычна забараняліся, пэўны час будынак быў прыстасаваны пад клуб і нават збожжасховішча. Потым храм вярнулі вернікам.
Незайздросны лёс напаткаў яшчэ адну архітэктурную адметнасць Лескавіч — сядзібны дом Хлюдзінскага. Ён узводзіўся ў пачатку ХХ стагоддзя з цэглы і каменю. Аднак хутка пачалася Першая сусветная вайна, гаспадар пакінуў сядзібу і прыгожы дом, гаспадарчыя будынкі пачалі прыходзіць у заняпад. У адрозненне ад царквы замак не аднавіўся. Аднак настаўнікі ўпэўнены, што надаць другое жыццё старым будынкам можна. Яны знаходзяцца побач з дарогай на Шуміліна, і ў адным з іх можна, напрыклад, размясціць аб’ект грамадскага харчавання.
— Адзін з распрацаваных намі адукацыйных маршрутаў (эколага-краязнаўчы “Блакітныя пацеркі”) маштабны і ахоплівае азёры басейна Заходняй Дзвіны. Маршрут вельмі маляўнічы ў любую пару года, таму падарожжа захапляльнае, садзейнічае выхаванню ў вучняў любові да роднай зямлі. Дзецям падабаюцца паходы па родным краі. Мы з імі рэгулярна наведваем Вялікі камень каля Горак, рэшткі сядзібы Уладзіслава Хлюдзінскага, парк, храм Святога Сергія Раданежскага ў Лескавічах. Дарэчы, пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі 1-й шумілінскай школы Таццяны Васільеўны Дарафеевай створаны 3D-макет замка Хлюдзінскіх. У 2022 годзе па ініцыятыве настаўніцы пачатковых класаў Валянціны Сямёнаўны Пахоменка мы адкрылі ў школе зменную экспазіцыю “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына”. Для гэтага было выдзелена асобнае класнае памяшканне, — паведаміла настаўніца матэматыкі Марына Ягораўна Аляксеенка.
Настаўніца пачатковых класаў Валянціна Пахоменка
Па словах Валянціны Сямёнаўны, сённяшнія музейныя прадметы калісьці захоўваліся ў сем’ях настаўнікаў, работнікаў школы. Хоць экспазіцыя невялікая, але тут утульна, нібы ў бацькоўскім доме. Напрыклад, посцілкі перадала настаўніца пачатковых класаў Рычарда Віктараўна Міраненка. Яны дасталіся ёй у спадчыну ад мамы. Падобныя цёплыя словы можна сказаць пра кожны экспанат.
Не толькі ініцыятыўнасць
Чым знакамітая Обаль? На гэтае пытанне многія з нас, не задумваючыся, адкажуць: “Камсамольскім падполлем часоў Вялікай Айчыннай вайны”. Больш за тое, многія гады Обальская сярэдняя школа носіць імя падпольшчыцы Героя Савецкага Саюза Зінаіды Мартынаўны Партновай. Пра дзейнасць падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы” мы яшчэ даведаемся на старонках “Настаўніцкай газеты” ў адным з лістападаўскіх нумароў. А пакуль што прагуляемся каля архітэктурнай славутасці Обалі — велічных рэшткаў палаца Грабніцкіх.
Аб’ект цікавы не толькі сваімі архітэктурнымі рысамі, але і гісторыяй. Напрыклад, у гэтым будынку ў даваенны час знаходзілася школа сялянскай моладзі. Яе вучнямі якраз і былі будучыя “юныя мсціўцы”. Будынак пад школу быў перададзены ў 1921 годзе ў не самым прыдатным для вядзення заняткаў стане: у двухпавярховым цагляным доме адсутнічалі аконныя рамы, дзверы, печы разбураны. Аднак намаганнямі настаўнікаў і вучняў да кастрычніка 1924 года будынак аднавілі.
Макет палаца, які знаходзіцца ў Обальскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза З.М. Партновай
Праз 10 гадоў у школе былі ўжо добра абсталяваныя сталярныя і слясарныя майстэрні, кузня з горнамі, нават свая электрастанцыя. Гэты факт сведчыць пра тое, што асаблівая ўвага ўдзялялася працоўнаму выхаванню моладзі, у прыватнасці працы на зямлі. Школа, па сутнасці, была невялікай доследнай станцыяй. Праца на прышкольным участку ўсяляк заахвочвалася, вучням выдаваліся нават працоўныя кніжкі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы размясцілі ў будынку шпіталь. У пасляваенны час тут быў інтэрнат Обальскага керамічнага завода. Пажар у сярэдзіне 1990-х моцна пашкодзіў будынак. Сёння рэшткі палаца ўзяты пад ахову дзяржавы.
Намеснікі дырэктара Обальскай сярэдняй школы Таццяна Мамыка і Вольга Баранава ў музейным пакоі “Беларуская хатка”
— Руіны, сапраўды, уражваюць. Нядзіўна, што ўбачыць іх у Обаль прыязджаюць людзі з розных куточкаў Беларусі. Канечне, палац варта аднавіць. Але для гэтага патрэбна не толькі ініцыятыўнасць мясцовых жыхароў, але і значныя фінансавыя ўкладанні, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Обальскай сярэдняй школы Таццяна Леанідаўна Мамыка.
***
Начальнік аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Аксана Генадзьеўна ТАЛСТАЯ:
— Сёлета наш раён адзначае 100-годдзе. Каб школьнікі ганарыліся роднай Шуміліншчынай, ім варта ведаць яе прыродныя, архітэктурныя славутасці. З гэтай мэтай настаўнікі распрацавалі шэраг экскурсійна-турыстычных маршрутаў. Кожны з іх абавязкова пралягае праз самы вялікі валун на Беларусі, які знаходзіцца каля вёскі Горкі. Дарэчы, Вялікі камень уключаны ў спіс аб’ектаў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для наведвання навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Адметны раён не толькі валуном. Ёсць і цікавыя помнікі архітэктуры. У прыватнасці, царква Святога Сергія Раданежскага і рэшткі сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах, былы палац Грабніцкіх у Обалі. Кожны з гэтых аб’ектаў вывучаецца педагогамі. Напрыклад, валунамі многія гады займаюцца ў сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка Шуміліна. Помнікі архітэктуры даследуюць у Башнеўскай базавай школе і Обальскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай.
Прыязджайце да нас на Шуміліншчыну, любуйцеся яе прыгажосцю. Мы заўсёды рады гасцям!
Хочацца вярнуцца
Дарогі Шуміліншчыны ў пару залатой восені
Падчас маёй першай камандзіроўкі ў Шумілінскі раён настаўнікі дзяліліся думкамі пра тое, як добра было б абсталяваць каля Вялікага каменя зону адпачынку. Мінула некалькі гадоў — і сёння тэрыторыя вакол прыроднай славутасці радуе вока: чыста, дагледжана, сюды хочацца вярнуцца. Упэўнены, былыя палацы таксама набудуць другое жыццё, а педагогі, канечне ж, не застануцца ў баку ад гэтай справы. У многім дзякуючы іх ініцыятыўнасці, неабыякавасці наша прыродная і гісторыка-культурная спадчына набывае прывабны турыстычны выгляд. І так не толькі ў Шумілінскім раёне.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара