Электронны адукацыйны рэсурс Wordwall дапамагае вырашыць адну з галоўных задач адукацыйнага працэсу — павышэнне матывацыі школьнікаў да вучэбнага прадмета.
Працуючы з гэтым сэрвісам, я вызначыла шэраг яго станоўчых момантаў: наяўнасць гатовых матрыц-шаблонаў, магчымасць выбару шаблонаў і тэм для ўжо створанага задання (была віктарына — стала крыжаванка або пошук слова, прычым сэрвіс робіць гэта самастойна), магчымасць раздрукаваць створаныя матэрыялы ў фармаце PDF, заданні суправаджаюцца музычнымі і візуальнымі эфектамі.
Сэрвіс Wordwall даволі просты ў выкарыстанні і дапамагае ствараць практыкаванні, якія аптымальна падыходзяць як для інтэрактыўнай дошкі, так і для індывідуальнай работы за камп’ютарам, не патрабуе ад настаўніка спецыяльных ведаў і ўменняў, дазваляе ствараць інтэрактыўныя практыкаванні з выкарыстаннем выяў і тэстаў. Убудаваны пошукавік выяў Bing аўтаматычна знаходзіць і прапаноўвае выявы. Акрамя таго, рэдактар, які працуе анлайн, дазваляе выконваць практыкаванні дыстанцыйна і збіраць статыстыку выканання заданняў навучэнцамі. Заданні, створаныя ў сэрвісе, садзейнічаюць развіццю пазнавальнай цікавасці навучэнцаў. З дапамогай гэтага рэсурсу можна арганізаваць дыферэнцыраванае і індывідуальнае навучанне, ствараючы розныя тыпы практыкаванняў, напрыклад, друкаваныя ці інтэрактыўныя, з улікам індывідуальных магчымасцей кожнага дзіцяці.
Да шаблонаў гульняў, якія найбольш часта выкарыстоўваю на ўроках біялогіі, можна аднесці наступныя: “Супастаўленне”, “Флэш-карты”, “Прапушчанае слова”, “Выпадковае кола”, “Анаграма”, “Складанне пар”, “Крыжаванка”. Пры гэтым настаўніку пажадана выбіраць шаблоны, пры дапамозе якіх навучэнцы актыўна ўцягваюцца ў франтальную ці групавую работу на ўроку.
Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікае гульня “Выпадковае кола”, дзе заданні размяшчаюцца на сегментах кола, якое круціцца па кліку і выдае выпадковы вынік.
На этапе першаснага кантролю ведаў можна выкарыстоўваць практыкаванне “Прапушчанае слова”. Навучэнцам неабходна запоўніць прабелы ў тэксце, выбіраючы словы са спіса і перацягваючы іх у правільныя месцы. Таксама можна дабавіць дыстрактары — няправільныя варыянты, якія навучэнцы таксама ўбачаць у спісе.
Практыкаванне “Флэш-карты” з’яўляецца выдатным інструментам для правядзення франтальнага апытання ў класе, а таксама выкарыстоўваецца для самаправеркі ведаў навучэнцаў. На адным баку віртуальнай карткі размяшчаецца пытанне, на адваротным — правільны адказ, а па кліку картка пераварочваецца.
Мазгавой галаваломкай для навучэнцаў з’яўляецца інтэрактыўнае заданне “Анаграма”, дзе вучням неабходна адгадаць словы ці фразы, у якіх літары перамешаны.
На этапе кантролю ведаў можна выкарыстоўваць практыкаванне “Супастаўленне”. Гэта заданне на супастаўленне карцінак, сказаў, слоў. Праграма адразу паказвае правільнасць адказу, што дае навучэнцу магчымасць самастойна выправіць памылку, тым самым знімаючы напружанне і страх перад кантролем і ствараючы сітуацыю поспеху.
Як бачым, многія гульнявыя практыкаванні можна выкарыстоўваць як трэнажоры пры паўтарэнні вучэбнага матэрыялу, у якасці дамашняга задання, пры падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ.
На мой погляд, гэтая адукацыйная платформа можа быць цікавая настаўнікам любых дысцыплін. Інтэрактыўныя заданні, створаныя з дапамогай сэрвісу WordWall, дазваляюць праводзіць цікавыя ўрокі, робяць усіх навучэнцаў актыўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання, павышаюць матывацыю да вучобы і ствараюць умовы для павышэння якасці навучання.
Святлана АЎРАМЕНКА,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Сянна
імя З.І.Азгура Віцебскай вобласці