Як лагішынскія школьнікі вывучаюць гісторыка-культурную спадчыну малой радзімы

- 15:05Духовность и патриотизм, Новости

У Лагішынскай сярэдняй школе Пінскага раёна выкарыстоўваюць інавацыйныя падыходы да арганізацыі духоўна­-маральнага і грамадзянска-­патрыятычнага выхавання вучняў. Падрабязней пра гэта даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове распрацаваны патрыятычны праект — культурна-асветніцкі марафон “Моладзь — будучыня краіны”, мэта якога заключаецца ва ўсебаковым вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы.

— Педагогі з дзецьмі право­дзяць актыўную пошукава-да­следчую дзейнасць па вывучэнні падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Лагішынскага сельвыканкама: сустракаюцца з відавочцамі і ўдзельнікамі вайны, збіраюць іх фотаздымкі і ўспаміны пра ўдзел у баях з фашыстамі, жыццё ў акупацыі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікалай Новак. — Сабраныя матэрыялы захоўваюцца ў школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі. Праўда пра вайну, якую вывучаюць дзеці, — гарантыя таго, што гісторыя краіны і Вялікай Перамогі ніколі не будзе скажона і перапісана.

У рамках марафону школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсе “Гісторыя ў асобах”. Спаборніцтва адыграла важную ролю ў фарміраванні каштоўнасных арыенціраў, павагі да дасягненняў землякоў і адказнасці за духоўна-матэрыяльную спадчыну роднага краю праз пошукавую і творчую дзейнасць. Класныя калектывы прэзентавалі матэрыялы (эсэ, нататкі, сачыненні, вершы, апавяданні, фота­здымкі) пра самабытных асоб Піншчыны, аформленыя ў выглядзе альбома. 

— Конкурс “Па слядах гісторыі…” дапамог актуалізаваць веды вучняў пра Вялікую Айчынную вайну і павысіць цікаваць да гісторыі малой радзімы шляхам збору інфармацыі пра ўдзель­нікаў вайны і яе падзеі на тэрыторыі Лагішынскага сельвыканкама, — гаворыць Мікалай Новак. — Конкурсныя работы былі затым аформлены ў кнігу “Па слядах лагішынскай гісторыі…”.

Не менш цікавым і пазнавальным атрымаўся і конкурс “Гістарычны хранограф”, які дазволіў прайсціся сцежкамі пасляваеннага мінулага на тэрыторыі пасёлка. Вучні рыхтавалі стужку часу, дзе ў храналагічнай паслядоўнасці наносілі падзеі, якія адбываліся ў тутэйшых мясцінах.

Конкурс “Мінулае. Сённяшняе. Будучыня” сістэматызаваў веды школьнікаў пра ваенныя і пасляваенныя падзеі на тэрыторыі Піншчыны, а таксама акрэсліў перспектывы яе далейшага развіцця. Удзельнікі спаборніцтва рыхтавалі мастацкія выступленні, якія прысвячаліся мінуламу (сцэнкі на ваенную тэматыку), сённяшняму (песні ці танцы пра той час) і будучыні (пасланне ­нашчадкам). Конкурсныя работы былі аформлены ў каталог “Лагішын: мая гісторыя”.

— Мерапрыемствы, арганізаваныя ў рамках праекта, аказалі магутны выхаваўчы ўплыў на школьнікаў, якія пераканаліся ў неабходнасці захавання гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў, самабытных традыцый беларускага народа, навучыліся рабіць правільны маральны выбар у розных жыццёвых сітуацыях, што станоўча адбілася на зніжэнні колькасці правапарушэнняў сярод непаўналетніх, — заўважае Мікалай Новак. — Вынікам марафону стаў дапаможнік “Гісторыя майго Лагішына”, падзелены на раздзелы (“Лагішын напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны”, “Вызваленне Лагішына, жыццё мірных жыхароў у гады акупацыі”, “Ветэраны вайны”). Педагогі выкарыстоўваюць гэты дапаможнік на класных і інфармацыйных гадзінах, падчас выхаваўчых і іншых мерапрыемстваў.

— Важную ролю ў адукацыйным працэсе адыгрывае школьны музей, які на працягу амаль 70 гадоў з’яўляецца цэнтрам краязнаўчай работы ва ўстанове, — працягвае Мікалай Новак. — Музейны фонд, які складаецца з 9 пастаянных раздзелаў (“Лагішын у мінулым”, “Сялянскі побыт”, “Барацьба народная”, “Лагішынская вера”, “Гісторыя школы” і інш.), налічвае больш за 2 тысячы экспанатаў, у тым ліку звыш 500 арыгінальных. На іх базе рэгулярна ствараюцца часовыя тэматычныя выставы. Актыўна ўкараняюцца музейныя ўрокі, якія замацоўваюць і паглыб­ляюць веды школьнікаў па асобных тэмах. Музейны экспанат выступае не толькі як ілюстрацыя, але і як крыніца для вывучэння.

Музейныя ўрокі праводзяцца на аснове музейнай выставы з прымяненнем інтэрактыўных тэхналогій, што робіць вывучэнне гісторыі роднага краю больш цікавым і змястоўным, чым звычайныя заняткі. На дапамогу прыходзяць гульнявыя сітуацыі, інтэрактыўны дыялог, тэатралізацыя…

— Музейны ўрок — яркі прык­лад маляўнічай ілюстрацыі гістарычных падзей, — заўважае Мікалай Новак. — На такіх занятках дзецям не бывае сумна, бо яны не сядзяць за партамі, а пазна­юць музейныя прадметы, гуляючы і спаборнічаючы адно з адным у кемлівасці і знаходлівас­ці: разгадваюць загадкі, расшыфроўваюць рэбусы, адпраўляюцца ў часавыя падарожжы і нават самі становяцца героямі ў гісторыі. Такая форма работы дазваляе пераадолець праблему адарванасці навуковых ведаў ад жыцця. Краязнаўчыя матэрыялы — дзейсны сродак павышэння якасці ведаў і ўменняў вучняў па розных прадметах.

Па словах Мікалая Новака, асабліва эфектыўныя ў музейнай педагогіцы гульнявыя тэхналогіі, тэхналогіі калектыўных творчых спраў, праблемнага і індывідуальнага навучання. Вялікая ўвага ўдзяляецца інтэрактыўным метадам і прыёмам.

— На музейных уроках не абысціся без дыдактычнага і інфармацыйнага асяроддзя, — гаворыць Мікалай Новак. — Крыніцай інфармацыі выступаюць аўдыя- і відэафонды, мультымедыйныя прэзентацыі, карты, схемы, фотаздымкі, малюнкі, плакаты… Дзякуючы музейнай дзейнасці, вучні набываюць карысныя кампетэнцыі: як самастойна адшукаць неабходныя звесткі, як працаваць з першакрыніцамі, як планаваць работу, час і прагназаваць вынікі, як весці дыялог, дыскусію, інтэрв’ю і вуснае апытанне, як выкарыстоўваць сродкі нагляднасці пры выступленні, як адказваць на незапланаваныя пытанні. А для настаўніка гэта апрабацыя новых форм музейнай камунікацыі, нетрадыцыйных форм урокаў і комплексны сродак навучання і выхавання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ