Як лідар прафсаюзнай пярвічкі дзіцячага сада № 13 Кобрына далучае калег да святла вершаванага слова

- 14:15Профсоюзный лидер

Старшыня прафсаюзнай пярвічкі дзіцячага сада № 13 Кобрына кіраўнік фізічнага выхавання Наталля Нікалайчук шмат гадоў піша вершы, узначальвае гарадскую народную літаратурна-­паэтычную студыю “Белы бусел”. Святлом вершаванага слова яна ўпрыгожвае і жыццё прафсаюза. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рамонкі натхнення 

Свой першы верш Наталля Нікалайчук склала яшчэ ў школьныя гады, якія прайшлі ў Хабовіцкай базавай школе Кобрынскага раёна. Зрабіла гэта па просьбе настаўніцы, каб паўдзельнічаць у конкурсе. З таго часу вершаваныя радкі сталі нязменным спадарожнікам яе жыцця.

Падчас вучобы ў Пінскім педагагічным вучылішчы рашылася даслаць свае творы на беларускае радыё, і колькі ж было радасці, калі яны прагучалі ў эфіры праграмы “Вершы з-пад падушкі”. А ўжо стаўшы маладым педагогам, аднойчы наведала паэтычны клуб “Белы бусел” пры кобрынскім Палацы культуры. Прыйшла — і засталася на гады. З цягам часу клуб ператварыўся ў народную літаратурна-паэтычную студыю, а Наталля Нікалайчук стала адным з яе кіраўнікоў.

— Наш “Белы бусел” аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій. Дарэчы, я ў ім не адзіны педагог, — дзеліцца яна. — Дыяпазон маёй творчасці даволі шырокі — ад лірыкі да гумарэсак. Друкую свае вершы ў розных выданнях, выступаю з імі на мерапрыемствах, святах. Выпусціла два паэтычныя зборнікі — “Падары мне неба ў зорках” і “Рамонкавы пах”. Зараз працую над трэцім, у які ўвойдуць вершы для дзяцей на беларускай мове.  

Свой прафесійны шлях Наталля Мікалаеўна пачынала як настаўніца пачатковых класаў, а пасля нараджэння дачкі вырашыла прысвяціць сябе дашкольнай адукацыі. У кобрынскім дзіцячым садзе № 13 працуе ўжо больш за 20 гадоў. Спачатку была выхавальніцай, а потым узялася за кірунак фізічнага выхавання, што выдатна адпавядае яе энергічнай натуры.

Дзеці свайго педагога вельмі любяць, бо на яе занятках заўсёды цікава і весела. Яна літаральна на хаду складае дынамічныя пазітыўныя вершыкі, якія дабаўляюць запалу ў выкананне практыкавання, узнімаюць выхаванцам настрой. Па поўнай выкарыстоўвае Наталля Мікалаеўна патэнцыял снежнага надвор’я, якое гэтай зімой падарыла прырода. Праз заснежанае міні-поле на прысадаўскай тэрыторыі пракладзена лыжня, дзеці становяцца на лыжы і з задавальненнем катаюцца. А яшчэ гуляюць у хакей з мячом на снезе, коўзаюцца на санках, далучаюцца да іншых зімова-снежных актыўнасцей. 

З агеньчыкам у вачах 

Больш за два гады назад калектыў дзіцячага сада трэці раз даверыў Наталлі Нікалайчук узначаліць прафсаюзную пярвічку, якая аб’ядноўвае ўсіх без выключэння супрацоўнікаў. Чалавек актыўны і творчы, Наталля Мікалаеўна імкнецца напоўніць іх жыццё як карыснымі аздараўленчымі мерапрыемствамі, так і яркімі святамі. Складае і разам з калегамі ўвасабляе жывыя, крэатыўныя сцэнарыі. 

— Калі ўсе далучаны да дзейства, знаходзяцца ў руху, гэта куды весялей, чым звычайны фармат віншавання са святам. На Дзень настаўніка мы паставілі казку пра рэпку, ролі размеркавалі паміж членамі калектыву, а словы з гумарам перарабілі пад рэаліі нашага дзіцячага сада. На Новы год арганізавалі канцэрт, на якім кожны жадаючы мог паспрабаваць іграць на музычных інструментах. Трэба было ба­чыць, з якім задавальненнем людзі па­дыгрывалі вядомым кампазіцыям на лыжках, бубнах, маракасах, трашчотках і металафонах, — расказвае мая суразмоўніца. 

З нагоды Дня беларускай мовы, Сусветнага дня паэзіі і іншых свят педагог імкнецца парадаваць калег уласнымі вершамі. Запрашае ў госці іншых членаў літаратурна-паэтычнай студыі “Белы бусел”, каб яны таксама прадставілі свае лепшыя творы. Так што дзякуючы творчаму кіраўніку прафсаюзнай пярвічкі вершаваныя радкі ў сценах дзіцячага сада гучаць значна часцей, чым у многіх іншых.

Шчыра дзеліцца педагог з калегамі і яшчэ адным сваім захап­леннем. Яна цудоўна спявае, шмат гадоў удзельнічае ў хоры “Палескія перазвоны” кобрынскага Палаца культуры. Дарэчы, у рэпертуары калектыву ёсць і песні на яе словы. Выступленні Наталлі Нікалайчук і іншых вакалістаў хору вельмі ўпрыгожваюць мерапрыемствы ў дзіцячым садзе. 

Яркія здольнасці Наталлі Мікалаеўны неаднойчы адзначаліся на конкурсах, у тым ліку прафсаюзных. Сярод іх — рэспуб­ліканскі фестываль працоўных талентаў “Новыя імёны”, адкрыты фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў “Віцебскі лістапад”, раённы літаратурны конкурс аўтараў вершаў “Вайна. Перамога. Памяць”. А яшчэ яна з задавальненнем удзельнічае ў прафсаюзных флэшмобах. Падчас флэшмобу “Чытаем па-беларуску” педагог прадставіла сваю гума­рэску “Гараджанка”.

— Лічу, што ў рабоце прафсаюза шмат залежыць ад яго старшыні. Калі ўжо ўзяўся за гэтую справу, трэба рабіць яе з цікавас­цю, з агеньчыкам у вачах. Людзі гэта бачаць і далучаюцца больш ахвотна, — адзначае мая сураз­моўніца. — А яшчэ вельмі важна знаходзіцца на адной хвалі з членамі прафсаюзнага камітэта. Мне ў гэтым плане пашанцавала, у нас выдатная каманда. Вялікай падтрымкай у рабоце з’яўляецца і поўнае ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам дзіцячага сада. У нас адзіны настрой на тое, каб рабіць усё як мага лепш для людзей. 

І падтрымаць, і заахвоціць

У прафсаюзнай рабоце Наталлі Мікалаеўне дапамагае тое, што яна чалавек добразычлівы і камунікабельны, знаходзіць агульную мову практычна з любым чалавекам. Разам з тым лёг­касць творчай натуры гарманічна спалучаецца ў ёй з адказнасцю і ўдумлівасцю.

— Мая маці была інспектарам па кадрах, работа цётак таксама звязана з вядзеннем дакументацыі. У юнацтве я заўсёды гаварыла, што папяровымі справамі займацца ні за што не буду. Аднак у жыцця былі свае планы, — з усмешкай расказвае мая сураз­моўніца. — Стаўшы старшынёй прафсаюзнай пярвічкі, я асвоіла ўвесь патрэбны дакументаабарот, разабралася ў гэтай справе, асэнсавала яе. Люб­лю, каб з дакументамі быў поўны парадак, гэта, мабыць, у генах. Як член раённай прафсаюзнай рэвізійнай камісіі дапамагаю нала­дзіць работу новавыбраным старшыням іншых пярвічак.

Прафсаюзны лідар трымае руку на пульсе і ў тым, што тычыцца калектыўнага дагавора. Дакумент рэгулярна карэкціруецца, і, наколькі дазваляюць фінансавыя магчымасці, дадаюцца новыя пункты. Так, нядаўна ўвялі матэрыяльнае заахвочванне для тых супрацоўнікаў дзіцячага сада, якія на працягу года не бралі ліст непрацаздольнасці.

У калектыўным дагаворы ўстановы адукацыі прадугледжаны меры падтрымкі для розных катэгорый работнікаў. У ліку тых, хто можа разлічваць на дадатковую дапамогу, маладыя спецыя­лісты, вопытныя супрацоўнікі, бацькі непаўналетніх дзяцей, людзі з інваліднасцю. Так, часткова кампенсуецца кошт пуцё­вак у дзіцячыя летнія лагеры. Малазабяспечаным і мнагадзетным баць­кам аказваецца матэрыяльная падтрымка ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года. У 2025-м дапамаглі сабраць дзяцей у школу чатыром сем’ям.

Грашовая падтрымка аказ­ваецца членам калектыву як са шчаслівых нагод, такіх як уступ­ленне ў першы шлюб, нараджэнне дзіцяці, юбілей, так і з сумных: сур’ёзная хвароба, страта блізкіх ці нават калі чалавек стаў ахвярай злачынца. Лю­дзям з інваліднасцю выдзяляецца матэрыяльная дапамога на Дзень інвалідаў. Прад­угледжана грашовая выплата для супрацоўнікаў, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, незалежна ад таго, застаюцца яны працаваць далей ці не.

Ёсць і пэўныя пытанні, якія засмучаюць, не хавае мая суразмоўніца. Так, у складзе іх пярвічкі ўсяго адна актыўная пенсіянерка, а хацелася б бачыць больш. Тым не менш прафсаюз працягвае заставацца з ветэранамі працы на сувязі, запрашае на святочныя мерапрыемствы. Тут шчыра дзеляцца з усімі і вершамі, і песнямі, і цяплом сваёй душы. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара