Малады настаўнік, які толькі пачынае працаваць у школе, нярэдка губляецца пад цяжарам абавязкаў і адказнасці, што кладзецца на яго плечы. Як дапамагчы яму пераадолець узнікаючыя цяжкасці і ўпэўніцца ў правільнасці прафесійнага выбару — ведаюць ва Уздзенскай раённай гімназіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Да дасканаласці асобы
“Ад ведаў — да дасканаласці асобы” — пад такім дэвізам працуе калектыў гімназіі. Ва ўстанове ствараюцца ўсе ўмовы для адукацыі, выхавання і самаадукацыі навучэнцаў: тут дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па геаграфіі, раённыя рэсурсныя цэнтры пачатковых класаў, дапрызыўнай падрыхтоўкі, англійскай мовы, раённы цэнтр бяспекі “Дапамажы сабе сам”.
Настасся Ліхадзіеўская і Мікіта Жук з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Таццянай Бондар
Для задавальнення адукацыйных патрэб навучэнцаў арганізавана профільнае навучанне, на старшай ступені створаны ваенна-патрыятычная група з вывучэннем факультатыўнага курса “Гатовы Радзіме служыць!” і група педагагічнай накіраванасці, у якой навучэнцы асвойваюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” (у межах міжшкольнага факультатыву). Сёлета адкрыўся і спартыўны клас, заняткі ў якім праводзіць трэнер спартыўнай школы. У гэтым годзе ў гімназіі завяршаецца рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў”. Навучэнцы ўстановы паспяхова прымаюць удзел у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Так, у мінулым навучальным годзе навучэнец 11 класа Алег Быстрымовіч стаў уладальнікам дыплома І ступені па замежнай мове (настаўніца Людміла Амельянчук), а навучэнец 10 класа Яўген Сілівончык заваяваў дыплом ІІ ступені на алімпіядзе па геаграфіі (настаўніца Марыя Шаруенава).
З трывалай матывацыяй
Гімназія з’яўляецца і своеасаблівым эпіцэнтрам дзейнасці з маладымі спецыялістамі. Тут вядзецца эфектыўная работа па адаптацыі пачынаючых педагогаў на першым рабочым месцы, паспяхова дзейнічае і сістэма настаўніцтва. Да таго ж намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Таццяна Бондар кіруе раённай школай маладога настаўніка, і значныя мерапрыемствы для пачынаючых спецыялістаў ладзяцца менавіта на базе гімназіі.
— Да нас у гімназію штогод прыходзяць маладыя спецыялісты. Так, летась у педагагічны калектыў уліліся трое пачынаючых настаўнікаў, а сёлета — яшчэ двое: настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Мікіта Жук і настаўніца тэхнічнай працы Аліна Зубовіч, — адзначае дырэктар установы Вольга Мыслівец. — Прычым Мікіта Жук — выпускнік педагагічнага класа нашай гімназіі. Гэта вельмі актыўны, ініцыятыўны малады чалавек. Зарэкамендаваў сябе з лепшага боку яшчэ падчас летняй аздараўленчай кампаніі — працаваў у лагеры. Зараз з’яўляецца і педагогам-арганізатарам. Яму належыць ідэя стварэння гімназічнага Telegram-канала. Малады педагог проста гарыць сваёй работай.
Дырэктар заўважае, што ўстанове шанцуе з моладдзю: прыходзяць матываваныя спецыялісты, якія маюць высокі ўзровень падрыхтоўкі і хочуць застацца ў прафесіі.
У мінулым годзе цёпла прынялі ў гімназічны калектыў настаўніцу пачатковых класаў Настассю Ліхадзіеўскую. Як прызнаецца педагог, да сённяшняга дня ёй аказваецца падтрымка як з боку яе куратара — вопытнай настаўніцы пачатковых класаў Алены Пыка, так і з боку адміністрацыі, калег. Кожны гатовы прыйсці на дапамогу.
— Я скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, — расказвае Настасся Ліхадзіеўская. — Задоўга да паступлення вырашыла, што буду настаўніцай. Люблю дзяцей і лічу, што кожнае з іх таленавітае па-свойму, а настаўнік павінен дапамагчы яму самарэалізавацца, падштурхнуць да самаўдасканалення. У рабоце з малодшымі школьнікамі прыцягвае найперш іх аддача. Спачатку былі цяжкасці ў запаўненні дакументацыі, у падтрыманні дысцыпліны, аднак дзякуючы падказкам калег удалося вырашыць гэтыя пытанні. Так, падтрымліваць дысцыпліну дапамагаюць шматлікія метады і прыёмы. Напрыклад, у пачатку вучэбнага дня малюю на дошцы тры шкалы, якія адпавядаюць пэўнаму раду парт у класе. Рад, у якім магніцік застанецца ніжэй за ўсіх, выйграе і атрымлівае пэўныя бонусы. Гэта спрацоўвае, і вучні імкнуцца паводзіць сябе добра.
Сёлета адчуваю сябе больш камфортна і ўпэўнена. Ведаю, да чаго быць гатовай. Планую арганізаваць даследчую дзейнасць сваіх выхаванцаў. Хочацца, каб тэмы прапаноўваліся дзецьмі і перапляталіся з іх інтарэсамі.
І прадметнік, і класны кіраўнік
Вопытныя педагогі з першых дзён падтрымліваюць пачынаючых настаўнікаў. За маладымі спецыялістамі замацоўваюцца настаўнік-прадметнік і класны кіраўнік, бо, як правіла, моладзь бярэцца і за класнае кіраўніцтва. Настаўнікі-прадметнікі дапамагаюць маладым калегам азнаёміцца з праграмай па прадмеце, даюць рэкамендацыі па каляндарным і паўрочным планаванні, наведваюць і абмяркоўваюць іх урокі, дапамагаюць парадай.
Педагог-настаўнік спрыяе раскрыццю прафесійнага патэнцыялу маладога спецыяліста, прыцягвае яго да ўдзелу ў грамадскім жыцці калектыву, фарміруе ў яго грамадска значныя інтарэсы, садзейнічае развіццю агульнакультурнага і прафесійнага кругагляду, творчых здольнасцей і прафесійнага майстэрства.
Ён выхоўвае ў пачынаючым педагогу патрэбу ў самаадукацыі і павышэнні кваліфікацыі, імкненне да авалодання інавацыйнымі тэхналогіямі навучання і выхавання.
— Работу з маладымі спецыялістамі пачынаем з анкетавання, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Бондар. — Першая анкета ацэньвае стаўленне да праблемы прафесійнай адаптацыі і росту маладога настаўніка. Затым вызначаецца сумесная праграма работы пачынаючага настаўніка з вопытным педагогам. Прааналізаваўшы анкеты, складаем план работы, уключаючы ўсе сферы дзейнасці педагога: і як настаўніка-прадметніка, і як класнага кіраўніка. Абавязкова ўключаем гадзіны псіхолага па пытаннях адаптацыі ў сучаснай школе, напрыклад гадзіну зносін “Раскажы пра сябе”.
Арганізаваны ў гімназіі круглы стол “Асноўныя праблемы маладога настаўніка” дапамог акрэсліць асаблівыя цяжкасці ў пачынаючых педагогаў. Сярод іх былі адзначаны пытанні дысцыпліны і парадку на ўроку, метадычны аспект урока, афармленне дакументацыі, узаемадзеянне з бацькамі.
Маладыя настаўнікі прымаюць удзел у псіхалагічных трэнінгах, дзелавых гульнях, дыспутах, конкурсах, круглых сталах, абараняюць свае творчыя работы. Так, былі праведзены семінар-практыкум “Метадычныя асновы сучасных вучэбных заняткаў”, практычныя заняткі “Мадэляванне тэхналагічнай карты ўрока”, майстар-клас “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі як сродак павышэння якасці ўрока”. Жывы водгук выклікалі метадычныя рэцэпты “Як стварыць сітуацыю поспеху на ўроку”. Пачынаючыя педагогі самі становяцца экспертамі: прысутнічаюць адно ў аднаго на ўроках, наведваюць заняткі сваіх вопытных калег, абменьваюцца меркаваннямі.
Кожны малады спецыяліст вядзе сваё партфоліа, куды ўносяцца педагагічныя ідэі, знаходкі, дасягненні, распрацоўкі ўрокаў, класных гадзін, анкеты і г.д. Гэта дае магчымасць убачыць дынаміку прафесійнага росту маладога настаўніка, сведчыць аб яго здольнасцях, самаарганізацыі, камунікатыўных навыках, патрэбе ў практычнай самарэалізацыі.
Уся гэтая работа паскарае працэс уваходжання настаўніка-пачаткоўца ў адукацыйнае педагагічнае асяроддзе. Ён адчувае сябе больш упэўнена, умацоўваецца ў правільнасці выбару прафесіі. У выніку маладыя калегі смела ідуць на атэстацыю, расце іх прафесіяналізм.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Уздзенскага райвыканкама Вольга Кароль:
— Маладыя педагогі прыходзяць ва ўстановы адукацыі раёна штогод. Сёлета ў педагагічную сям’ю раёна ўліліся 10 маладых спецыялістаў. Як правіла, моладзь мае добры запас тэарэтычных ведаў, а вось практычныя навыкі набывае на месцах. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб пачынаючыя педагогі заставаліся ў нас працаваць, таму аказваем ім рознабаковую дапамогу. Для знаёмства і згуртавання маладых педагогаў арганізоўваем сустрэчы са старшынёй райвыканкама, турыстычныя злёты. Дапамагаем у пошуку жылля, у тым ліку і арэнднага. Ва ўстановах за моладдзю замацоўваюцца вопытныя настаўнікі. Прапрацоўваецца пытанне пераводу маладых спецыялістаў на кантрактную форму работы, што дасць магчымасць павялічыць ім заработную плату.
На сёння, дарэчы, раён адчувае патрэбу ў педагогах-псіхолагах і педагогах сацыяльных. Сёлета нашым выпускнікам было выдадзена 8 мэтавых накіраванняў у БДПУ. Гэта, думаю, дапаможа вырашыць сітуацыю.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара