Педагог-арганізатар сярэдняй школы № 123 Мінска, рэжысёр-пастаноўшчык і сцэнарыст Каляднага балю моладзі ў Ленінскім раёне сталіцы, уладальніца ордэна Маці і медаля Еўфрасінні Полацкай і проста шчаслівая мама шасці дзяўчынак і аднаго хлопчыка Юлія Казлоўская расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, як змагла рэалізаваць сябе не толькі ў сям’і, але і ў прафесіі.
— Усе, хто даведваецца пра тое, што ў мяне шэсць дзяўчынак і сёмы хлопчык, звычайна жартуюць: “Вы з мужам так сыночка чакалі!”, — гаворыць Юлія Мікалаеўна.
За сямейным шчасцем і дабрабытам маёй суразмоўніцы стаіць няпростая жыццёвая гісторыя. Нараджэнне першай дачкі для Юліі і яе мужа Леаніда стала сапраўдным цудам, Божым дарам. Маладой маме тады было 24 гады.
— Да гэтага ў мяне былі тры няўдалыя спробы стаць мамай. На жаль, усе цяжарнасці заміралі, — працягвае Юлія. — Урачы разводзілі рукамі, маўляў, вы з мужам здаровыя, нічым не можам дапамагчы. Так у маё жыццё прыйшла малітва і вера ў Бога. Добрыя людзі параілі з’ездзіць у Жыровіцкі манастыр, дзе я сустрэлася са старцам Мітрафанам. Аб ім гаварылі як аб святым, які меў дар прадбачання, і ішлі да яго параіцца. І нават пасля смерці старца на яго магілу людзі нясуць запіскі. Мяне ён супакоіў, што ўсё будзе добра, лекі не патрэбны, благаславіў, даў малітву да цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і адправіў акунуцца ў манастырскую крыніцу. Наступны раз у манастыр я прыехала на сёмым месяцы цяжарнасці і дала зарок, што колькі Бог дасць дзяцей, столькі буду нараджаць. Гэта было нашым з мужам узаемным рашэннем.
…Падрасціўшы дачушак, Юлія Мікалаеўна адчула імкненне падарыць сваю ўвагу і любоў іншым дзецям. За плячыма ў яе было 7 гадоў музычнай школы па класе фартэпіяна і вучоба ў БДПУ на настаўніка пачатковых класаў і музыкі.
Значнай падзеяй у прафесійным жыцці Юліі стаў першы Калядны баль моладзі “Вера, Надзея, Любоў”, які адбыўся ў сярэдняй школе № 123 Мінска ў 2017 годзе з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Мерапрыемства тады рыхтавалі пры падтрымцы заснавальніка і пачынальніка бальнай харэаграфіі, заслужанага работніка культуры нашай краіны Лідзіі Кац-Лазаравай. Праграму сфарміраваў педагог дадатковай адукацыі Антон Гапановіч, які сёння працуе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна і з’яўляецца членам прэзідыума Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі. А Юлія Казлоўская, пераймаючы вопыт майстроў бальнай справы, займалася пастаноўкай танцаў. Так у школе ўзнікла штогадовая традыцыя баляў. А ў мінулым годзе прайшоў першы Калядны баль устаноў адукацыі Ленінскага раёна Мінска “Любові невычэрпная крыніца…”. Свята, якое было прысвечана захаванню сямейных каштоўнасцей, як рэжысёр-пастаноўшчык і сцэнарыст падрыхтавала Юлія Казлоўская. Другі Калядны баль Ленінскага раёна адбываецца сёння, 10 студзеня.
— Баль — гэта не проста танцы, гэта атмасфера радасці, разняволення, адпачынку. Мы не рэстаўрыруем балі Сярэднявечча або ХІХ стагоддзя, а адаптуем класіку пад сучаснасць, — гаворыць Юлія Мікалаеўна. — Праграму штогод абнаўляем. Сёлетні наш раённы баль называецца “Гукі міру, дабра і любові”. Менавіта з гэтай пазіцыі мы гаворым пра свята Раства. Адкрые яго традыцыйны цырыманіяльны танец паланэз. Будуць вальсы (вялікі фігурны, крыштальная рапсодыя, вальс Н.Паганіні), кантрдансы, катыльён і менуэт, полькі (чэшская, гусарская і кантры), бальная гульня “Вальс з веерам”, пастановачны танец “Рэха кахання”. Пройдзе танцавальны майстар-клас для гасцей балю. Уся праграма выконваецца пад жывы акампанемент аркестра “Няміга”. З каляднымі спевамі выступіць дзіцяча-юнацкі хор “Ладдзя” нядзельнай школы пры храме.
Баль на Каляды прадугледжвае сур’ёзны дрэс-код. У дзяўчынак гэта доўгая сукенка пастэльных тонаў, пальчаткі, сабраная акуратная прычоска. У юнакоў — касцюм, белая кашуля, бабачка, пальчаткі і класічны абутак. Зусім не абавязкова, каб маладыя людзі мелі танцавальную падрыхтоўку. На думку педагога, яна нават перашкаджае. Баль павінен быць даступным для самых звычайных дзяцей. Каб удзел у ім стаў заахвочваннем за добрую вучобу або іншыя дасягненні. Падрыхтоўка да свята пачынаецца за 3 месяцы. Рэпетыцыі праходзяць 2—3 разы на тыдзень у актавай зале 123-й школы. Сюды прыходзяць 40 пар удзельнікаў — вучні 10—11 класаў.
Сёлета 24 пары прадстаўляюць школы Ленінскага раёна, 16 юнакоў — курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, а з імі будуць вальсаваць 16 дзяўчат са 123-й школы.
Некаторыя дзеці займаюцца бальнымі танцамі пад кіраўніцтвам Юліі Казлоўскай на працягу 5—6 гадоў. Са сваімі падапечнымі з 7—9 класаў 123-й школы педагог у мінулым годзе ўпершыню падрыхтавала новае свята — Грамнічны баль, прымеркаваны да хрысціянскага свята Грамніцы. Адзначаецца свята 15 лютага, як і Сусветны дзень праваслаўнай моладзі. У гэты дзень у 123-й школе праходзіць дыялогавая пляцоўка з удзелам навучэнцаў Ленінскага раёна “Моладзь і выклікі сучаснага грамадства”.
— Грамнічны баль, у адрозненні ад Каляднага, у большай ступені маладзёжны, у тым ліку і па патрабаваннях да знешняга выгляду ўдзельнікаў, — гаворыць Юлія Мікалаеўна. — На такое свята дзяўчынкам можна надзець больш кароткую (да шчыкалаткі) сукенку, валасы дапускаецца распусціць і завіць. Хлопчыкам замест пінжака дазволена надзець камізэльку. Аднак бальны этыкет усімі выконваецца абавязкова.
Падрыхтоўка баляў праходзіць ва ўзнёслай атмасферы любові і творчасці. Штодзень я назіраю за асобаснай трансфармацыяй сваіх падапечных. Калі ў пачатку на рэпетыцыі да мяне прыходзяць самыя звычайныя падлеткі, то на балях яны паводзяць сябе як сапраўдныя дамы і кавалеры.
Юлія Казлоўская вядзе заняткі ў школьным тэатральным гуртку “Майстэрства пераўвасаблення”, дзе сёлета падрыхтавала “Калядную гісторыю” — інклюзіўны міні-спектакль для вучняў пачатковых класаў, у якім разам са звычайнымі дзецьмі ўдзельнічалі вучні з асаблівасцямі, у тым ліку з аўтызмам і сіндромам Даўна.
— Магчыма, і на нашых балях хутка з’явяцца інклюзіўныя пары, — гаворыць педагог. — Да творчых мерапрыемстваў мы далучаем і падлеткаў, чые паводзіны называюць складанымі, дэвіянтнымі. Паназіраўшы за работай тэатральнага гуртка, за падрыхтоўкай да баляў, дабрачыннай дзейнасцю навучэнцаў-валанцёраў, яны таксама імкнуцца паўдзельнічаць у цікавых і карысных справах. Падыход можна знайсці да кожнага дзіцяці, калі разумець матывы яго ўчынкаў, быць з ім на адной хвалі.
На працягу 15 гадоў сярэдняя школа № 123 Мінска супрацоўнічае з храмам Андрэя Першазванага. Навучэнцы школы з 1 па 4 клас наведваюць факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”, а ў 5—6 класах — “Духоўнасць і патрыятызм”. У 2017 годзе ва ўстанове быў створаны кабінет музейных экспазіцый праваслаўнай культуры, а з 2024 года тут функцыянуе рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні Ленінскага раёна. Зараз пад кіраўніцтвам Юліі Казлоўскай вядуцца падрыхтоўчыя работы па адкрыцці музея праваслаўнай культуры. У кабінеце прадстаўлены экспазіцыі пра жыццё Е.Полацкай, К.Тураўскага, Ф.Скарыны і С.Слуцкай. Пад зашклёнымі вітрынамі бачым старадаўнія царкоўныя кнігі, прадметы царкоўнага набажэнства, царкоўнае начынне, старажытныя іконы. А побач — адзенне, якое носяць святары. Асобная экспазіцыя прысвечана Бібліі. Святое Пісанне прадстаўлена на латыні, іўрыце, грэчаскай і беларускай мовах. Ёсць факсімільнае выданне Бібліі Ф.Скарыны. Многія рэчы былі перададзены ў музей школы з храма.
— Звярніце ўвагу на экспазіцыю “Царкоўнасць і дзяржаўнасць”, дзе прыведзены словы нашага Прэзідэнта: “Духоўнае адраджэнне — залог росквіту нацыі” і размешчаны фотаздымкі з сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з Высоканачаллем Беларускай Праваслаўнай Царквы, — гаворыць Юлія Казлоўская. — Экспазіцыю “Духоўнасць і сучаснасць” мы дапоўнім QR-кодамі з карыснай інфармацыяй. Плануем зрабіць экспазіцыю, прысвечаную мітрапаліту Філарэту, з фотаздымкамі з яго асабістага архіва. У працэсе вырабу знаходзяцца стэнды “Навука і рэлігія”, якія раскажуць дзецям пра вядомых навукоўцаў, якія былі вернікамі. Асобны стэнд прысвечаны генацыду беларускіх святароў у гады вайны.
***
Сваіх дзяцей Юлія і Леанід выхоўваюць у веры, прывіваюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.
— У вялікіх сем’ях, дзе старэйшым дзецям часта даводзіцца прыглядаць за малодшымі, усе сталеюць хутчэй, у кожнага фарміруецца адна з найважнейшых якасцей — адказнасць за сябе і блізкіх. Так было і ў нашай сям’і, — гаворыць Юлія Мікалаеўна. — Сёння самая дарослая наша 24-гадовая Кацярына працуе выкладчыкам. Яна дапамагае мне ў падрыхтоўцы да свят, з’яўляецца вядучай на Калядных балях. Другая дачка Ксенія працуе адміністратарам дзіцячага развіццёвага цэнтра, выйшла замуж і нарадзіла дачку Міланню. Трэцяя дачка Марыя таксама замужам, скончыла педагагічны каледж і працуе выхавальніцай у дзіцячым садзе. Чацвёртая Таццяна заканчвае музычны каледж імя М.І.Глінкі, іграе на трубе. Усе яны скончылі музычную школу. Зараз 10-гадовая Алена атрымлівае музычную адукацыю, асвойвае інструмент фагот, а вось 14-гадовая Аляксандра, наадварот, больш цікавіцца валейболам, як і 8-гадовы Міхаіл, які займаецца тэквандо.
Жыць так, каб у тваіх справах не было застою, быць адкрытай да свету і людзей, кожны дзень рабіць крыху больш, чым было ў планах. А яшчэ перамагаць сваю ляноту і звычкі, якія не даюць станавіцца лепшай, помніць пра добрыя справы, якія можна рабіць штодзень. Такімі жыццёвымі ўстаноўкамі кіруецца Юлія Казлоўская.
— Бываюць моманты, калі трэба спыніцца, каб пабыць адной, папоўніцца сіламі, — працягвае Юлія. — Раз у год я стараюся з’ездзіць на сваю малую радзіму, каб ступіць на родную зямлю, пабываць на магіле бабулі і дзядулі, пакупацца ў Ацэ. Я ўраджэнка Разанскай вобласці, там жыве мая радня. Адпачываю, калі слухаю аўдыякнігі, у асноўным пісьменнікаў-класікаў. Захапляюся алмазнай мазаікай. Нядаўна зрабіла карціну Пятра і Фяўронні Мурамскіх, а зараз працую над Сямістрэльнай іконай Божай Маці.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва педагога