Як музыка і спорт дапамагаюць раскрываць здольнасці навучэнцаў сярэдняй школы № 30 Гомеля

- 12:15Пресс-тур «Настаўніцкай»

Якімі дасягненнямі ганарацца ў сярэдняй школе № 30 Гомеля і чым адметныя два музеі ўстановы, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Усе без выключэння

Cярэдняя школа № 30 Гомеля адчыніла свае дзверы 1 верасня 1973 года. За гэты час яе скончылі больш за 2,8 тысячы навучэнцаў. З іх уладальнікамі залатых медалёў сталі 82 вучні, а сярэбраных — 70. Зараз ва ўстанове вучацца 860 хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Нашы выпускнікі авалодалі практычна ўсімі спецыяльнасцямі. Сярод іх ёсць урачы, артысты, настаўнікі, эканамісты, юрысты, ваенныя і лю­дзі творчых прафесій, нават заслужаныя дзея­чы мастацтва, бо школа мае музычны ўхіл. У 2002 го­дзе ўстанова перамагла ў конкурсе “Лепшая школа года” і ў 2019-м пацвердзіла гэтае званне, — расказала дырэктар школы Наталля Кандрацьева.

Раскрыць свае здольнасці навучэнцам дапамагае музычнае аддзяленне. На ім займаюцца ўсе без выключэння вучні, пачынаючы з 1 класа. Спачатку дзеці вучацца спя­ваць, а пасля авалодваюць і музычнымі інструментамі.

У школе вядзецца шырокая канцэртная і конкурсная дзейнасць, што і нядзіўна, бо тут створаны чатыры ўзорныя калектывы: тры фальклорныя (“Этнашкола “Традыцыя”, “Святы Пакроў”, інструментальны ансамбль “Найгрыш”) і акадэмічны дзіцячы хор “Рапсодыя”.

— А яшчэ ў нас ёсць вакальныя ансамблі “СтрангліяNEXT”, “Шчасце”, “Фантазія”, ансамб­лі скрыпачоў і цымбалістаў, салісты-вакалісты і салісты-інструменталісты, хор і ансамбль народных інструментаў педагогаў. Нашы дзеці пастаянна выступа­юць на розных пляцоўках гора­да, маюць перамогі як на  абласным, так і на рэспуб­ліканскім узроўні. Дарэчы, з 2023 года мы сталі не толькі актыўнымі ўдзель­нікамі, але і ініцыятарамі розных спраў Асацыяцыі школ Беларусі і Расіі, — падкрэсліла Наталля Ге­надзьеўна.

Па яе словах, у рамках дзейнасці асацыяцыі педагогі і навучэнцы паў­дзельнічалі ў міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, такіх як адкрыты анлайн-урок “80 гадоў вызвалення Беларусі”, фестываль школьных музеяў, конкурс твораў “Памяць ленінградскай блакады” і інш. А сёлета школа выступіла арганізатарам міжнароднага конкурсу харавых і фальклорных калектываў “На крылах вясны”.

У 30-й школе Гомеля вялікую ўвагу ўдзяляюць не толькі развіццю творчых, але і спартыўных здольнасцей. Тут з 1980 года функцыяну­юць спецыялізаваныя па спорце класы. Іх навучэнцы і выпускнікі неаднаразова станавіліся пераможцамі міжнародных і рэспуб­ліканскіх спаборніцтваў па боксе, водным пола, плаванні, а таксама ўдзель­нікамі летніх Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнамі Беларусі і Еўропы па лёгкай атлетыцы і іншых відах спорту.

— У нас створаны ўсе ўмовы, неабходныя для гарманічнага фізічнага развіцця кожнага вучня. На працягу навучальнага года працуюць секцыі па гандболе, валейболе, баскетболе, футболе і каратэ. Ёсць у нас і спартыўная пляцоўка, даступная навучэнцам круглы год. На ёй кожны вечар, з 18 да 20 га­дзін, нашы педагогі прапаноўваюць моладзі заняткі спортам, праводзяць тэматычныя мерапрыемствы, расказваюць пра розныя віды спорту і беларускіх алімпійцаў, — паведаміла дырэктар школы.

Дарэчы, карэспандэнты “Настаўніцкай” на свае вочы пабачылі, з якой ахвотай школьнікі ўдзельнічаюць у летняй спартландыі разам з настаўнікамі фізічнай культуры Сяргеем Мікалаевічам Васіленкам і Ларысай Уладзіміраўнай Шкурынавай.

Профіль

У рамках профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў у школе дзейнічаюць фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны і філалагічны напрамкі. Школьнікі актыўна і паспяхова займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Штогод яны займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскіх навукова-даследчых конкурсах. Так, летась Арцём Філюта і Аляксандр Вінакураў пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Таццяны Сцяпанаўны Даўжанок сталі дыпламантамі прэстыжнага Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу ў Санкт-Пецярбургу. А ў 2022 годзе Мацвей Лістападаў і Павел Калугін заваявалі бронзавыя медалі ў секцыі “Матэматыка” на XVIII Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных у Бялградзе.

— Вынікова выступаюць навучэнцы нашай школы і ў алімпіядным руху. Так, два апошнія гады Ягор Філюта перамагаў у заключным этапе Рэспуб­ліканскай алімпіяды па матэматыцы, а ў 2023-м такога ж выніку дасягнуў Цімур Цыбульскі ў рэспуб­ліканскім этапе алімпіяды па гісторыі Беларусі. Рэгулярна нашы вучні 4—9 класаў становяцца пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і абласных алімпіяд па рускай мове, матэматыцы і гісторыі, — канстатавала Наталля Генадзьеўна.

Політэхнічны і авіяцыйны

У школе № 30 Гомеля функцыянуюць два музеі. Адзіны ў горадзе Політэхнічны музей быў адкрыты ў 1977 годзе. Стваральнікамі музея выступілі ўдзельнікі гуртка тэхнічнай творчасці (у тым ліку і сённяшні дырэктар школы) пад кіраўніцтвам заслужанага настаўніка БССР Святланы Георгіеўны Багдановіч.

— Больш за 30 мадэлей з музея дэманстраваліся на выставах тэхнічнай творчасці ў Гомелі, Мінску, Маскве, а таксама Чэхіі, Мексіцы, Панаме. Стваральнікі экспанатаў былі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступені, каштоўнымі падарункамі, — сказала Н.Г.Кандрацьева.

Дарэчы, гарадская станцыя турызму Гомеля ўключыла Політэхнічны музей ў лік аб’ектаў для наведвання. Толькі за апошнія 3 гады ў музеі пабывалі больш за 3 тысячы чалавек, замежныя госці, знакамітыя людзі краіны і замежжа. Каб зразумець унікальнасць і індывідуальнасць гэтага музея, трэба наведаць яго і ўбачыць захопленых юных экскурсаводаў.

Паміж сабой гэтую экспазіцыю мы называем музеем касманаўтыкі. Бо нікога не пакіда­юць абыякавымі Сонечная сістэма ў мініяцюры, касмічныя караблі, атамныя электрастанцыі, лісты ад касманаўтаў з Зорнага гарадка і многія іншыя экспанаты, якія ажываюць пры выключаным святле. Менавіта ў цемры ў музеі пачынаецца сапраўднае чараўніцтва, якое прымушае экскурсантаў адкрываць раты ад захаплення. У музейным пакоі мы праводзім розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня касманаўтыкі, разам з Расійскім цэнтрам навукі і культуры, — дадала дырэктар школы.

Музей баявой славы быў створаны ў 1986 годзе ўдзельнікамі школьнага гуртка “Пошук” на чале з настаўнікам гісторыі Рыгорам Львовічам Хербіным. Экспазіцыя прысвечана баявому шляху 591-га знішчальнага авіяцыйнага палка і 79-га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка, якія адыгралі важную ролю ў баях за Гомель і вызваленні Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашлі сваё адлюстраванне і звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і настаўнікаў школы, якія абаранялі Радзіму ў гады ліхалецця, мясцовых мастакоў і іншых значных асоб.

Наш мікрараён называецца Стары Аэрадром, бо менавіта на яго тэрыторыі дыслацыраваўся 591-ы авіяполк. Для нас было прынцыпова важна займець сапраўднае крыло самалёта, якое і прадстаўлена ў экспазіцыі. У музеі праходзіць урачыстае прыняцце нашых навучэнцаў у акцябраты і піянеры. Наведваюць экспазіцыю навучэнцы розных школ горада, каледжаў і нават выхаванцы дзіцячых садоў. Дарэчы, нашы юныя экскурсаводы займаюцца яшчэ і даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у розных конкурсах. Гэта і нядзіўна, бо ў музеі захоўваецца шмат матэрыялаў пра іх родных, якія ваявалі, — адзначыла Наталля Генадзьеўна.

Эстэты і працаўнікі

Штогод вялікая ўвага ў 30-й школе ўдзяляецца і летняму аздараўленню. Так, у чэрвені працаваў выхаваўча-аздараўленчы лагер “Юныя патрыёты” духоўна-маральнай накіраванасці. Яго наведвальнікі хадзілі ў розныя храмы, знаё­міліся са святарамі і нават выпусцілі буклет пра іх.

Між іншым у 2008 годзе школа стала рэспубліканскай пляцоўкай па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей да­школьнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”.

У ліпені ва ўстанове функцыянавалі адразу два лагеры: “Асарці” — эстэтычнага напрамку і “Умелец” — працы і адпачынку.

— Змены ў або­двух лагерах былі напоўнены яркімі падзеямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, сустрэчамі з прадстаўнікамі міжведамасных структур (ІСН, МНС, Асвод, ДАІ), наведваннем выстаў, тэатраў і, канечне ж, выдатным настроем. Спадзяёмся, нашы дзеці атрымалі зарад бадзёрасці і пазітыву на доўгі час, — рэзюмавала Наталля Ка­ндрацьева.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА