Аздараўленне школьнікаў, цікавая арганізацыя іх вольнага часу і далучэнне дзяцей да карысных ініцыятыў — на гэтым падчас летніх канікул будзе засяроджана работа педагогаў Валожына, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У камфортных умовах
Сістэма адукацыі Валожыншчыны працягвае ўдасканальвацца, умацоўваючы матэрыяльнатэхнічную базу. У прыватнасці, яшчэ восенню, напярэдадні абласных “Дажынак”, Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Валожынскі райвыканкам дапамаглі з тым, каб абнавіць фасады навучальных устаноў, зрабіць унутраныя рамонты. Дзякуючы гэтаму, навучальны год прайшоў і для дзяцей, і для педагогаў у камфортных умовах.

— Адукацыйныя запыты, патрэбы навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў у Валожынскім раёне забяспечваюць 29 устаноў адукацыі. У гэтым годзе ў раёне школу з залатым медалём заканчваюць 13 выпускнікоў. Па выніках цэнтралізаванага экзамену двое нашых навучэнцаў атрымалі найвышэйшыя балы. Так, 100 балаў па рускай мове атрымала выпускніца сярэдняй школы № 1 Валожына Мілана Пятровіч. Яе рыхтавала настаўніца Вольга Юр’еўна Косік. Яшчэ адна сотня — у выпускніцы Ракаўскай сярэдняй школы Марты Бяляўскай. Дзяўчына паказала бліскучыя веды па беларускай мове, якую ў яе выкладала Людміла Чаславаўна Васілеўская, — расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Крыкало.
Заканамерна, што падчас летніх канікул на першы план выходзіць арганізацыя адпачынку школьнікаў. Таццяна Крыкало адзначыла, што на працягу чэрвеня на Валожыншчыне працуе 1 загарадны аздараўленчы лагер “Зімародак”. Ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць 5 лагераў працы і адпачынку, 7 дзённых і 2 кругласутачныя лагеры, а ў Івянецкай сярэдняй школе створаны спартыўна-аздараўленчы лагер.
— Аздараўленню дзяцей у раёне ўдзяляецца вялікая ўвага, як і далучэнню іх да заняткаў фізкультурай і спортам, — падкрэсліла начальнік упраўлення. — Івянецкая сярэдняя школа сёння можа пахваліцца найноўшым стадыёнам. Пры фінансавай падтрымцы абласнога ўпраўлення па спорце і турызме ў ёй з’явілася абсталяванне для правядзення ўрокаў фізкультуры, для дадатковых заняткаў спортам. Новыя бегавыя дарожкі, дзве пляцоўкі — баскетбольна-валейбольная, міні-футбольная, комплекс трэнажораў — гэта значна палепшыла якасць урокаў фізкультуры. Дзеці з задавальненнем займаюцца на ўсіх лакацыях. Сёння, у перыяд летніх канікул, спартыўная база актыўна выкарыстоўваецца для арганізацыі мерапрыемстваў у межах функцыянавання спартыўна-аздараўленчага лагера. Жадаючых наведваць лагер таксама многа. Увогуле, пуцёўкі ва ўсе лагеры ў нас былі рэалізаваны даволі хутка. І бацькі, і дзеці ведаюць, што такі адпачынак прынясе задавальненне і пойдзе на карысць.
Пад мірным небам
У сярэдняй школе № 2 Валожына аздараўленчая кампанія праходзіць пад дэвізам “Няхай будзе мірным неба над зямлёй, няхай заўсёды дзяцінства звонкае смяецца”.
Першы летні месяц ва ўстанове адукацыі пачаўся шумна і весела: школьнікаў сустрэлі лагер працы і адпачынку “ЭкаДом” і выхаваўча-аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Крынічка”.
— Падчас дзейнасці лагераў рэалізуецца праграма “Планета міру”, якая распрацавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі і да Года добраўпарадкавання, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце начальнік лагера “Крынічка” Вольга Маркоўская. — У праграме дзейнасці “Крынічкі” і “ЭкаДома” — наведванне музеяў, правядзенне акцыі “Абеліск”, якая накіравана на добраўпарадкаванне помнікаў. Таксама многа ўвагі ўдзяляем захаванню здароўя школьнікаў: арганізуем рухавыя гульні, стараемся многа часу праводзіць на свежым паветры, рабіць зарадку.

Чатыры атрады “Крынічкі” — “Смяшарыкі”, “Алімпійцы”, “Усёзнайкі”, “Дапытлівыя” — гэта навучэнцы з 1 па 6 клас. На працягу дня яны займаюцца творчасцю, фізкультурай, гуляюць у настольныя гульні. “ЭкаДом” — лагер працы і адпачынку для вучняў, якім ужо споўнілася 14 гадоў. Дырэктар школы Аляксандр Уланчык расказаў, што яго наведваюць 12 старшакласнікаў, яны працуюць на пасадцы лесу:
— Дзецям падабаецца такая арганізацыя вольнага часу. За работу ў лагеры школьнікам заплацяць грошы. Пасля таго як завершыць работу “ЭкаДом”, у школе будзе арганізавана працоўная брыгада. Яе ўдзельнікі — 10 вучняў — будуць займацца рамонтам школьнай мэблі.
Лясны квартал
Дзіцячы сад № 2 “Вясёлка” Валожына стаў першым у Мінскай вобласці, дзе 2 гады назад з’явілася новая форма работы з малышамі — дашкольнае лясніцтва.
Маленькія леснікі — гэта выхаванцы старшай групы. Загадчыца дашкольнай установы Ірына Пятроўна Ралавец расказала, што самыя першыя ўдзельнікі ў мінулым годзе выпусціліся з сада і ўжо наведваюць школьнае лясніцтва.
— Дашкольнае лясніцтва — гэта ў тым ліку важная частка ранняй прафарыентацыйнай работы, — упэўнена Ірына Пятроўна. — Выпускнікоў нашага лясніцтва задзейнічаюць у рабоце школьнага лясніцтва, каб потым яны свядома выбралі профільную УВА, якая рыхтуе кадры для лесагаспадарчай галіны.
Для педагогаў дашкольнае лясніцтва — гэта сродак эфектыўнай арганізацыі работы па экалагічным, грамадзянска-патрыятычным і працоўным выхаванні. Для выхаванцаў такая дзейнасць — разнастайная пазнавальная практыка, якая развівае працоўныя даручэнні, вучыць узаемадзейнічаць у калектыве і паказвае, як важна захоўваць прыроду роднага краю.
Ва ўстанове дашкольнай адукацыі створана экалагічная сцежка, ёсць міні-гадавальнік лясных раслін, куток лесу, станцыя “Прыродная аптэка”. А яшчэ ў “Вясёлцы” дзейнічае прыродаахоўны цэнтр, у якім сабрана абсталяванне для назіранняў і эксперыментаў. Так, дзеткі з задавальненнем вывучаюць пад мікраскопам насенне, фрагменты кветак і лістоў дрэў.
— У нашым цэнтры сабрана калекцыя насення раслін, пілавіння дрэў, пёраў дзікіх птушак, гербарый, — дадае І.П.Ралавец. — Усё гэта дзеці збіралі разам з бацькамі. Нашы педагогі распрацоўваюць дапаможнікі і гульні, дзякуючы якім на занятках заўсёды цікава і весела. Акрамя таго, педагогі сабралі і сістэматызавалі розныя дыдактычныя матэрыялы, сярод якіх прадметныя і сюжэтныя карцінкі, аўдыятэка прыродных гукаў, мультымедыйныя прэзентацыі, картатэка даследаванняў і эксперыментаў, — працягвае загадчыца ўстановы. — Пачата работа над стварэннем банка інтэрактыўных дыдактычных практыкаванняў, картатэкі назіранняў за аб’ектамі жывой прыроды, картатэкі пазнавальных апавяданняў аб прафесіях лясной гаспадаркі з пералікам пытанняў па змесце апавядання.

Дзякуючы супрацоўніцтву з работнікамі Валожынскага лясгаса, арганізуюцца выезды дзяцей у лес, у гадавальнік лясных раслін. Каляндар дашкольнага лясніцтва — гэта многа карысных спраў і цікавых мерапрыемстваў, пачынаючы ад догляду раслін на эксперыментальнай градцы і заканчваючы высадкай алей.
— Работнікі лясгаса — нашы частыя госці, — зазначае Ірына Ралавец. — Разам з імі нашы маленькія леснікі заклалі на тэрыторыі дзіцячага сада памятную алею, прысвечаную Году міру і стварэння, а ў міні-цяпліцы высеялі насенне лесаўтваральных парод дрэў — елкі, хвоі, дуба. Затым высадзілі саджанцы на эксперыментальнай градцы і цяпер даглядаюць іх.
А яшчэ ў дзіцячым садзе ёсць свой лясны квартал. Яго з’яўленне — гэта сумесная справа ўдзельнікаў дашкольнага лясніцтва “Зубраняты” і маладых спецыялістаў лясной гаспадаркі Міншчыны. Тут растуць саджанцы бярозы, розных відаў сасны, елак, дуба.
Не так даўно дзіцячы сад № 2 “Вясёлка” набыў яшчэ адну адметнасць: на яго фасадзе з’явіўся першы ў Мінскай вобласці мурал на лясную тэматыку.
— Работа дашкольнага лясніцтва “Зубраняты” — гэта не эпізадычныя мерапрыемствы, a цэласная, спланаваная круглагадовая сістэма вучэбнай, працоўнай, даследчай, прыродаахоўнай, асветніцкай і адпачынкавай дзейнасці дзяцей і дарослых, — падсумоўвае загадчыца дашкольнай установы. — Такая работа спрыяе фарміраванню ў дзяцей цікавасці і станоўчага стаўлення да прыроды, развіццю ў іх кагнітыўных, эмацыянальных і творчых здольнасцей, выхаванню любові да роднага краю.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





