Як наладжана сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, даведаліся ў Ваўкавыскім і Слонімскім раёнах

- 11:33Пресс-тур «Настаўніцкай»

Шматграннасць, змястоўнасць і інавацыйнасць заўсёды былі характэрны для сістэмы адукацыі Гродзеншчыны. Сёння ў рэгіёне стаўка робіцца на педагога, здольнага пашыраць гарызонты вучняў. Як гэта ажыццяўляецца, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася падчас прэс­-туру ва ўстановы адукацыі Ваўкавыскага і Слонімскага раёнаў.

У раёнах адбылося знаёмства з высокапрафесійным дырэктарскім корпусам і адданымі сваёй справе педагогамі.

На Ваўкавышчыне вядзецца эфектыўная метадычная дзей­насць, наладжана сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько, работа з такімі дзецьмі патрабуе пастаяннага росту і майстэрс­тва настаўніка, таму рэсурсы настаўнікаў-метадыстаў і паспяховых удзельнікаў конкурсу “Настаўнік года” (а тых, хто дайшоў да рэспубліканскага этапу, тут аж сем чалавек) накіраваны на метадычны рост калег рэгіёна.

У працяг размовы ў гімназіі № 2 Ваўкавыска дырэктар Аляксандр Лічык прадставіў сістэму работы з адоранымі навучэнцамі, якая грунтуецца на цесным узаема­дзеянні псіхалагічнай службы і настаўнікаў-прадметнікаў. Акрамя таго, тут адбылася прадметная размова з паспяховымі ўдзельнікамі конкурсу “Настаўнік года”, членамі клуба “Крыштальны журавель”, падчас якой педагогі гаварылі пра прэс­тыж сваёй прафесіі і пра тое, як конкурс паўплываў на іх развіццё.

У Краснасельскай сярэдняй школе прадставілі арганізацыю прадметна-развіццёвага асяроддзя. Дырэктар навучальнай установы Аляксандр Крупта звярнуў увагу на тое, што кожны вучэбны кабінет не проста абсталяваны сучаснай тэхнікай, а мае сваё прадметнае аблічча. Усе настаўнікі-прадметнікі пастараліся па максімуме выкарыстаць магчымасці візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, якая ў любы час можа дапамагчы або пераключыцца, або ўспомніць патрэбныя факты.

У сярэдняй школе № 2 гарадскога пасёлка Рось актыўна працуюць над развіццём спартыўнай базы і папулярызацыяй здаровага ладу жыцця. Наяўнасць басейна, спартыўнай залы, стадыёна, гімнастычнага гарадка дазваляе закладваць аснову для развіцця прафесійных спартыўных дасягненняў вучняў. Па словах дырэктара Мікалая Елізара, дзякуючы высока­кваліфікаваным педагогам, у школе рыхтуюць пераможцаў спартыўных спаборніцтваў.

Гімназія № 1 Ваўкавыска прэзентавала цэнтр эфектыўных практык па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, экспазіцыю “Без тэрміну даўнасці”, праект “Патрыятызм пачынаецца ў дзеянні”, дзе была прадэманстравана пераем­насць з раённым ваенна-патрыятычным клубам “Бастыён”. Навучэнцы правялі экскурсію ў музеі баявой славы “Іх подзвіг забыць мы не павінны”. Як заўважыла дырэктар Алена Рыбак, работа па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні но­сіць сістэмны характар.

Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі рэалізуе сеткавае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі. Акрамя таго, тут дзейнічае заслужаны аматарскі калектыў Рэс­публікі Беларусь узорнага тэатра моды “Спадчына”, развіваецца турыстычна-краязнаўчы напрамак. Дырэктар цэнтра Іна Кулак звярнула ўвагу, што ўстанова развівае некалькі напрамкаў, зыходзячы з патрэб дзяцей.

У дзіцячым садзе № 2 Ваўкавыска ажыццяўляюць праект “Апрабацыя мадэлі дзейнасці выхавальніка, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра”. Акрамя таго, у садзе працуе цэнтр па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры выхаванцаў. Загадчыца сада Святлана Бакавец адзначыла, што дзейнасць педагагічнага калектыву накіравана на выхаванне здаровага і сацыялізаванага маленькага грамадзяніна нашай краіны.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Марына Ерамейчык у самым пачатку нашай сустрэчы абазначыла, што нас чакае цікавы і насычаны дзень. Так і адбылося.

Дзіцячы сад № 1 пабудаваны ў мінулым годзе (размешчаны ў новым мікрараёне Слоніма). Як заўважыла загадчыца Галіна Трубіла, ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага навучання і выхавання: пакой патрыятычнага выхавання, басейн, камп’ютарны, музычны, спартыўны класы.

Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Слонімскага раёна працуе па запытах бацькоў. Тут аказваецца ранняя дапамога малодшым дзецям, вучэбна-карэкцыйная — больш старэйшым. Дзейнасць калектыву накіравана на дапамогу ў сацыялізацыі выхаванцаў. Па словах дырэктара Алены Валкалоўскай, выпадковых людзей у калектыве няма, бо з асаблівымі дзецьмі могуць працаваць толькі тыя педагогі, якія здольны штодзень дарыць іншым душэўнае цяпло.

Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа адметная спалучэннем традыцый і інавацый. Тут дзейнічае народны краязнаўчы музей “Дыяменты даўніны”. Разам з тым у навучальнай установе працуюць над распрацоўкай электронных прадуктаў, напрыклад, створана платформа — архіў патрыёта “Памяць. Гісторыя. Спадчына”. Яшчэ адным прадукцыйным напрамкам дзейнасці ўстановы з’яўляецца спорт, а калі канкрэтна, то баскетбол. У баскетбол тут гуляюць усе. Інакш і быць не можа, бо галоўным трэнерам з’яўляецца дырэктар школы Дзмітрый Блізнюк.

Сярэдняя школа № 9 Слоніма сустрэла выступленнем ансамб­ля барабаншчыц — было вельмі відовішчна і гучна. У школе ўжо шмат гадоў дзейнічаюць кадэцкія класы, ёсць хор кадэтаў, з’явілася традыцыя правядзення баляў. Навучэнцы з педагогамі займаюцца рэканструкцыяй гістарычных, ваенных падзей. У школе вядзецца эфектыўная работа па ваенна-пат­рыятычным выхаванні. Дырэктар Святлана Апановіч не раз падкрэс­ліла, што толькі дзякуючы апантаным педагогам удаецца прымнажаць перамогі і здабыткі.

У слонімскай сярэдняй школе № 2 прадставілі спартыўныя дасягненні навучэнцаў. У прыватнасці, падзяліліся вопытам падрыхтоўкі да спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны”. А дырэктар Людміла Лапацей не без гордасці прадставіла юных спарт­сменаў. Адметнасць іх падрыхтоўкі — цеснае супрацоўніцтва з дзіцяча-юнацкімі школамі алімпійскага рэзерву горада.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА