Як навучэнцам Пагародзенскай сярэдняй школы дапамагае былы выпускнік гэтай жа ўстановы

- 16:30Новости

У Пагародзенскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна захопленыя тэхнічнай творчасцю навучэнцы цесна супрацоўнічаюць з нашым былым выпускніком Андрэем Жукоўскім.

Юнакі часта бываюць на вытворчасці металапластычных вырабаў, якую арганізаваў Андрэй Міхайлавіч. Для юнакоў ён з’яўляецца прыкладам чалавека працы, аказвае кансультацыйную дапамогу ў напісанні навукова-даследчых праектаў. Так, дзякуючы яго дапамозе, вучань 11 класа Мікалай Сянюта паспяхова выступіў на абласной канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа — 2023” у секцыі “Інжынерная экалогія” з даследчым праектам “Экструдар “Экапласт”, атрымаў дыплом ІІ ступені і ў верасні 2023 года прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіця­чым тэхнапарку.

Нядаўна завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”. Сярод прызёраў у гэтым годзе ёсць і нашы вучні — 11-класнік Арцём Будрэвіч і навучэнец 9 класа Дзмітрый Віскуб, якія працавалі над тэхнічным праектам пад кіраўніц­твам А.М.Жукоўскага. На конкурсе юнакі прадстаўлялі праект “Велаэлектрастанцыя (ВЭС) — альтэрнатыўная крыніца атрымання электраэнергіі”, удзель­нічалі ў намінацыі “Энергетыка і электратэхніка. Энергазберагальныя тэхналогіі”.

Велаэлектрастанцыя была ўстаноўлена ў школе. Кожны вучань мог на перапынку пераўтварыць лішак сваёй энергіі ў электрычнасць, падзарадзіць свой гаджэт.

Была распрацавана велаэлектрастанцыя з магчымасцю пераўтварэння механічнай энергіі ў электрычную. Такі механізм эфектыўны, надзейны і забяспечвае мінімальныя страты энергіі. Для канструкцыі велаэлектрастанцыі былі выкарыстаны кампазітныя матэрыялы, якія валодаюць высокай трываласцю і лёгкасцю, што дазваляе знізіць масу станцыі і павысіць эфектыў­насць працы. Па выніках конкурсу юнакі атрымалі дыплом І ступені і будуць прадстаўляць праект на рэспубліканскім этапе конкурсу ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці.

Андрэй Міхайлавіч не стаў настаўнікам па дып­ломе, але ён стаў настаўнікам па сэрцы. Разам з вучнямі хо­дзіць у паходы, працуе над рознымі доследамі і адкрыццямі. Ён чалавек вялікай душы і шчырага сэрца, сапраўдны патрыёт, які дапамагае нам, настаўнікам, паспяхова выхоўваць моладзь.

Святлана НЕНАРТОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна
Фота аўтара