Ва ўстанове дзейнічае дашкольны атрад маленькіх ратавальнікаў “Іскаркі”. Гэта сумесны праект упраўлення па адукацыі, спорце і турызме і аддзела па надзвычайных сітуацыях Бярэзінскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дашкольны атрад маленькіх ратавальнікаў “Іскаркі” — прыклад выхавання ў дзяцей культуры бяспекі праз гульню і творчасць. Са слоў намесніка начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Веранікі Макеянковай, ініцыятыва належыць загадчыцы дзіцячага сада Іне Чорнай. Дзякуючы яе энергіі і энтузіязму, ва ўстанове рэалізуецца сумесны праект упраўлення па адукацыі, спорце і турызме і аддзела па надзвычайных сітуацыях пры садзейнічанні Мінскай арганізацыйнай структуры РДГА “БДПА” і Бярэзінскага раённага камітэта грамадскай арганізацыі “БРСМ” па навучанні дзяцей асновам бяспекі.
— Усё пачалося з традыцыі нашай установы — супрацоўніцтва з Бярэзінскім РАНС. А гэта рэгулярныя сустрэчы ратавальнікаў-пажарных з дашкольнікамі, экскурсіі дзяцей у пажарную часць, — расказвае Іна Аляксандраўна. — Асноўная мэта нашай сумеснай работы — дапамагчы выхаванцам зразумець, чаму так важна ведаць і выконваць правілы пажарнай бяспекі.

Чакаць не варта
Малышы пераканаліся, што ратавальнікі-пажарныя — людзі моцныя і мужныя, заўсёды прыходзяць на дапамогу, працуюць камандай і шануюць сяброўства. Гэта і ёсць прыклад для пераймання. Дзецям спадабалася ідэя стаць сапраўднымі сябрамі і памочнікамі прафесіяналаў. А многія прыйшлі да высновы, што, калі вырастуць, таксама стануць ратавальнікамі.
— Толькі навошта так доўга чакаць? — упэўнена Іна Аляксандраўна.
На яе думку, адна справа — уключыць вобраз ратавальніка-пажарнага ў сістэму пазітыўных каштоўнасцей дзіцяці (з каго браць прыклад), і зусім іншая — даць дзецям магчымасць увайсці ў гэты вобраз і стаць моцнымі, спрытнымі, умелымі, адважнымі і адказнымі ўжо зараз.

— Акцэнт робім на развіцці ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін, здольнасці прадбачыць небяспечныя сітуацыі і ўменні па магчымасці пазбягаць іх, а пры неабходнасці — дзейнічаць. І ніякага запалохвання — гэта самая дрэнная тактыка, — падкрэслівае загадчыца дзіцячага сада. — Дзеці вельмі ўражлівыя, і працаваць з імі трэба толькі на пазітыве.
…Мы зазірнулі ў атрад маленькіх ратавальнікаў і пацікавіліся, што рабіць, апынуўшыся ў небяспечнай сітуацыі. Старэйшыя выхаванцы нагадалі, як сябе паводзіць у выпадку пажару, як выклікаць ратавальнікаў па тэлефоне 101 і 112. Праз гульні яны лёгка засвоiлі патрэбныя веды i замацавалі неабходныя навыкi. І, што вельмі важна, дзеці асэнсавана расказалі пра важнасць гэтай прафесіі.

Ва ўстанове, дзе бяспека — на першым месцы, ва ўсім пануе атмасфера творчасці і радасці. У розных відах дзейнасці і ў самых прывабных формах дашкаляты вучацца, як сябе паводзіць пры пажары, на дарозе, на вадзе і ў лесе. Выставы, тэматычныя дні і тыдні, выступленні на бацькоўскіх сходах, сумесныя акцыі, гульні-эстафеты, тэатралізаваныя пастаноўкі, прагляд і абмеркаванне мультфільмаў, віктарыны, экскурсіі ў ПАВЧ, Цэнтр бяспекі раёна праходзяць на ўра. Конкурсы малюнкаў, вершаў, музычныя, спартыўныя забавы і іншыя мерапрыемствы праводзяцца сумесна з прадстаўнікамі РАНС і бацькамі, што асабліва прываблівае дзяцей.
Колеры талентаў
Як адзначаюць педагогі, многія бацькі іншымі вачыма паглядзелі на сваіх дзяцей. Яны ўбачылі ў іх хоць і маленькіх, але сапраўды падрыхтаваных ратавальнікаў, якія ўмеюць правільна дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі і гатовы прыйсці на дапамогу. “Іскаркі” сталі пераможцамі раённага этапу агляду-конкурсу “Азбука бяспекі на вадзе”. Усімі колерамі талентаў яны заіскрыліся на сцэне раённага Цэнтра культуры, уразіўшы гледачоў феерычным выступленнем на канцэрце да Дня ратавальніка. Захапілі спектаклем, у якім змагаліся з надзвычайнымі сітуацыямі, чыталі вершы, складалі эмблему МНС, адгадвалі загадкі, спявалі, танцавалі…
Творчыя ідэі педагогаў дзіцячага сада пад кіраўніцтвам Іны Чорнай з’яўляюцца адна за адной — і планы ў іх грандыёзныя. Але раскрываць мы іх пакуль не станем — будзе нагода зазірнуць у дзіцячы сад № 3 Беразіна яшчэ раз.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановай





