Як навука працуе на карысць школьнай практыкі

- 11:05Компетентно

Аб навуковых даследаваннях Нацыянальнага інстытута адукацыі, выкарыстанні вынікаў распрацовак у адукацыйным працэсе, карэкціроўцы вучэбных праграм карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з намеснікам дырэктара па навукова-­даследчай рабоце, доктарам педагагічных навук, дацэнтам Вольгай Зелянко.

Навуковы фундамент

— Вольга Уладзіміраўна, напэўна, многім педагогам цікава, з якой мэтай Нацыянальным інстытутам адукацыі праводзяцца навуковыя даследаванні?

Пачну з таго, што Нацыянальны інстытут адукацыі — унікальная для нашай краіны ўстанова, ключавая задача якой — комплекснае навукова-метадычнае забеспячэнне сістэм дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Паспяховае вырашэнне гэтай задачы якраз і прадугледжвае правядзенне навуковых даследаванняў, вынікі якіх дазваляюць айчыннай сістэме адукацыі паспяхова функцыянаваць і развівацца.

Гэтыя даследаванні накіраваны на атрыманне новых навуковых ведаў у галіне педагогікі, псіхалогіі навучання і выхавання. З аднаго боку, яны звязаны з распрацоўкай тэарэтычных асноў развіцця нацыя­нальнай сістэмы адукацыі, а з другога — з вызначэннем перспектыў і напрамкаў яе ўдасканалення.

Сёння наш інстытут выконвае фундаментальныя навуковыя даследаванні ў рамках падпраграмы “Адукацыя” дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы”. У фокусе — ключавыя для сістэмы адукацыі аб’екты, сярод якіх змест адукацыі, формы і метады навучання і выхавання, адукацыйнае асяроддзе, прафарыентацыя навучэнцаў, незалежная ацэнка якасці адукацыі, фінансаванне адукацыі, адукацыйны ідэал, кіраванне адукацыяй.

Вынікі даследаванняў — навуковы фундамент для выпрацоўкі адукацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. На іх аснове распрацоўваюцца прагнозныя прапановы, нацыянальныя стратэгіі, канцэпцыі, праграмы развіцця адукацыі, прымаюцца адпа­ведныя кіраўніцкія рашэнні.

— Над вырашэннем якіх навуковых задач працуюць сёння вучоныя інстытута?

Акрамя фундаментальных навуковых даследаванняў, арыентаваных, як правіла, на перспектыву, інстытут право­дзіць прыкладныя даследаванні, якія забяспечваюць сувязь педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі.

Так, агульная сярэдняя адукацыя сёння арыентуецца на тое, каб выпускнік школы быў здольны лёгка камбінаваць і прымяняць засвоеныя веды, набытыя ўменні і навыкі для вырашэння жыццёвых задач. Гэта значыць, каб валодаў функцыянальнай дасведчанасцю, ці, як яе яшчэ называюць, штодзённай мудрасцю. Нацыянальны інстытут адукацыі займаецца галіновай навукова-тэхнічнай праграмай “Функцыянальная дасведчанасць”, вынікі якой будуць адлюстраваны ў адукацыйных стандартах, вучэбных праграмах. Аўтарам школьных падручнікаў, выданняў для педагогаў адрасаваны падрыхтаваныя вучонымі метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, арыентаваных на фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў. Педагогі змогуць выкарыстоўваць вучэбна-метадычныя комплексы для правядзення факультатыўных заняткаў па фарміраванні функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў у працэсе праектнай дзейнасці.

Хачу асабліва падкрэс­ліць, што гэтае вялікае навуковае даследаванне право­дзіцца сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, Акадэміяй паслядып­ломнай адукацыі. Комплексны характар даследавання звязаны з неабходнасцю падрыхтоўкі студэнтаў педагагічных спецыяльнас­цей да фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў і ў цэлым да павышэння кваліфікацыі педагогаў.

Інтэрактыўна і арыгінальна

— Удакладніце, Вольга Ула­дзіміраўна, вынікі якіх навуковых распрацовак асабліва шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе?

— Значная частка сучаснага навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі — вынік выкананых інстытутам навуковых даследаванняў і распрацовак. Гаворка перш за ўсё аб нарматыўнай базе — адукацыйных стандартах, вучэбных праграмах. Гэта і так званыя дадатковыя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў — дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу, электронныя адукацыйныя рэсурсы і многае іншае.

Сярод вынікаў навуковых распрацовак інстытута апошніх гадоў — абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Яны дазваляюць ацэнь­ваць разам з прадметнымі адукацыйнымі вынікамі (ведамі, уменнямі, навыкамі, спосабамі дзейнасці) метапрадметныя адукацыйныя вынікі, зафіксаваныя ў адукацыйных стандартах і вучэбных праграмах. Напрыклад, уменне крытычна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, правільна інтэрпрэтаваць і выкарыстоў­ваць яе; уменне інтэграваць веды з розных прадметных галін для рашэння практычных задач.

З мэтай павышэння вучэбнай матывацыі навучэнцаў інстытут сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваў інтэрактыўныя дыдактычныя матэрыялы па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Геаграфія”. Яшчэ адзін сумесны навуковы прадукт — электронны адукацыйны рэсурс “Біялогія. VIII клас”. Гэта арыгінальныя інтэрактыўныя ўрокі, якія ўключаюць розныя па ўзроўні складанасці вучэбныя заданні і дазваляюць настаўніку біялогіі найбольш эфектыўна рэалізоўваць прынцыпы нагляднасці і даступнасці, выкарыстоўваючы інтэрактыўную панэль.

Значная частка сучаснага навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі — вынік выкананых Нацыянальным інстытутам адукацыі навуковых даследаванняў і распрацовак.

Пры вывучэнні гісторыі Беларусі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваюцца электронныя вучэбныя карты з элементамі інтэрактыўнасці, што садзейнічае ўдасканаленню картаграфічных кампетэнцый вучняў.

Для вырашэння актуальных выхаваўчых задач, звязаных з фарміраваннем у навучэнцаў пачуцця патрыятызму, гордасці за гераічнае мінулае сваёй краіны, распрацаваны інтэрактыўныя дыдактычныя матэрыялы па вывучэнні памятных месцаў Вялікай Айчыннай вайны.

Актыўна выкарыстоўваюцца педагогамі вучэбныя выданні, у якіх адлюстраваны вынікі прыкладных навуковых даследаванняў інстытута. Сярод іх — серыя дапаможнікаў для выхавальнікаў дзіцячых садоў “Сцежкі пазнання”, якая ўключае канспекты заняткаў і ілюстрацыйны матэрыял да іх. Настаўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі запатрабаваны вучэбныя выданні серый “Каляндарна-тэматычнае планаванне”, “Кантрольна-вымяральныя матэрыялы”, “Факультатыўныя заняткі”, “Кампетэнтнасны падыход”.

Вялікую дапамогу педагогам, якія вучаць і выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, аказваюць выданні, што адлюстроўваюць вынікі навуковых даследаванняў інстытута ў галіне спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі. З аднаго боку, такія даследаванні прысвечаны пытанням забеспячэння даступнасці і якасці адукацыі навучэнцаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі (напрыклад, манаграфія “Сацыяльна-адукацыйная інтэграцыя навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: тэорыя і практыка” В.С.Хруль). З другога боку, у гэтых даследаваннях усебакова разглядаецца актуаль­ная праблема рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі (дапаможнік “Фарміраванне інклюзіўнай культуры ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”).

З улікам меркавання педагогаў

— Сярод вынікаў навуковых даследаванняў інстытута вы назвалі вучэбныя праграмы. Чым выклікана іх пастаяннае абнаўленне?

— Карэкціроўка зместу вучэбных праг­рам па вучэбных прадметах абумоўлена шэрагам фактараў. Па-першае, вучэбныя праграмы павінны адпавядаць актуальным тэндэнцыям развіцця педагагічнай навукі. Па-другое, у змесце вучэбных праграм неабходна адлюстроўваць сучасныя дасягненні ў розных галінах чалавечай дзейнас­ці. Па-трэцяе, зафіксаваныя ў вучэбных праграмах адукацыйныя вынікі павінны ўключаць веды і ўменні, якія дазваляюць адэкватна рэагаваць на выклікі часу, напрыклад, разуменне шкоды, якая прычыняецца наркотыкамі псіхічнаму і фізічнаму здароўю чалавека; выкананне патрабаванняў інфармацыйнай бяспекі, сеткавага этыкету.

Акрамя таго, карэкціроўка зместу вучэбных праграм праводзіцца з улікам пастаяннага вывучэння меркавання педагогаў. Мы аператыўна рэагуем на заўвагі, якія тычацца адпаведнасці зместу вучэбных прадметаў узроставым магчымасцям і пазнавальным інтарэсам навучэнцаў. Таму вывучэнне складаных для ўспрымання тэм пераносіцца ў старшыя класы, скарачаецца вучэбны матэрыял, які не мае ярка выяўленай практычнай накіраванасці.

— Ці запатрабаваны распрацоўкі вучоных Нацыянальнага інстытута адукацыі ў іншых краінах?

— Мы па-сапраўднаму ганарымся тым, што вынікі нашых навуковых даследаванняў сёння выкарыстоўваюцца ў практыцы выкладання беларускай мовы кітайскім студэнтам. Так, у Пекінскім, Сіяньскім і Цяньцзіньскім універсітэтах замежных моў студэнты вывучаюць беларускую мову, выкарыстоўваючы дапаможнік па чытанні “Беларуская мова як замежная”. Гэты дапаможнік, а таксама манаграфія “Тэарэтыка-метадычныя аспекты навучання беларускай мове кітайскіх студэнтаў” падрыхтаваны пад кіраўніцтвам прафесара Ганны Валочка ў выніку выканання навуковага даследавання, прысвечанага распрацоўцы навукова-метадычных асноў выкладання беларускай мовы як замежнай.

Дарэчы, наш інстытут нярэдка выступае дыялогавай пляцоўкай для абмену навуковымі ідэямі паміж вучонымі розных краін. Мы рэгулярна праводзім навуковыя форумы, канферэнцыі, семінары, у якіх прымаюць удзел супрацоўнікі навуковых і адукацыйных арганізацый Расіі, Арменіі, Казахстана, Кітая і іншых краін.

Хачу падкрэсліць: даследаванні, якія праводзяцца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, накіраваны на сістэмнае асэнсаванне шляхоў развіцця адукацыі, фарміраванне фундаментальных асноў нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Кацярына РУМЯНЦАВА