Як паказаць школьнікам прыгажосць матэматыкі, ведае педагог гімназіі Чачэрска Ганна Панчына

- 9:00Главная, Образование, Школьный физмат

Педагог гімназіі Чачэрска Ганна Панчына бачыць прыгажосць матэматыкі ў выразнасці і логіцы. На ўроках і геаметрыі, і алгебры яна паказвае навучэнцам важнасць царыцы навук. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца матэматыкі любіць ра­шаць тэсты нават у водпуску, а на занятках спрытна расстаўляе матэматычныя пасткі для вучняў. А яшчэ яна захавала ўласныя школьныя сшыткі па матэматыцы за 10 і 11 клас — так спецыяліст звяртаецца да прыкладаў і метадаў выкладання заслужаных педагогаў, якія калісьці і пазнаёмілі яе з фундаментальным прадметам. Ганна Васільеўна часта робіць для сваіх выхаванцаў сюрпрызы. Напрыклад, яна можа сустрэць дзяцей не ў кабінеце, а ля яго парога, ды яшчэ і да першага званка, каб павітаць і, вядома, сабраць сшыткі для праверкі дамашняга задання. Таму гімназісты заўсёды гатовы да ўрока.

Ганна Васільеўна — педагог са стажам, яе навучэнцы добра здаюць ЦЭ (дарэчы, самы высокі бал мінулага года — 98), а выпускнікі становяцца студэнтамі прэстыжных УВА. У размове яна з цяплом прыгадала сваё юнацтва і той момант, калі сама апы­нулася перад выбарам, кім быць.

— Я вучылася ў сярэдняй школе № 39 Гомеля. У профільны фізіка-матэматычны клас да нас прыйшла геніяльная настаўніца матэматыкі Ганна Яфiмаўна Караўчанка, — расказвае педагог. — На жаль, яе агонь жыцця ўжо згас… Але яна выхавала і дала пуцёўку ў жыццё многім таленавітым і неардынарным вучням. Увесь наш клас скончыў універсітэты, у некаторых аднакласнікаў ёсць па дзве, тры вышэйшыя адукацыі. Пераканана, што ў паспяховым прафесійным лёсе кожнага вучня ёсць і заслуга Ганны Яфімаўны. Памятаю, калі я выходзіла да дошкі, яна часта казала: “Аня, табе трэба быць толькі нас­таўнікам матэматыкі!” Прызнацца, да гэтых яе слоў ніколі не задумвалася аб прафесіі настаўніка. У маё юнацтва моладзь марыла стаць эканамістамі, бухгалтара­мі — гэтыя прафесіі лічыліся самымі прэс­тыжнымі.

Ганне Васільеўне наканавана было стаць педагогам, аднак шлях да запаветнай мары быў цярністым. Пасля 11 класа яна не паступіла на матэматычны факультэт і цэлы год працавала сакратаром у абласным су­дзе. Работа ёй падабалася, была магчы­масць у далейшым паступіць на юрыдычны факультэт, але гамяльчанка вырашыла, што б там ні было, стаць студэнткай педуніверсітэта. І другая спроба аказалася паспяховай.

— У Чачэрск трапіла па мэтавым накіраванні, — працягвае суразмоўніца. — Праз паўтара года выйшла замуж і засталася тут. Першыя крокі ў прафесію рабіла ў сярэдняй школе № 2. Затым перайшла ў гімназію. Штодня адчуваю, што працуем з калегамі над агульнай мэтай: каб нашы дзеці паступалі туды, куды мараць. І калі паглядзець статыстыку, то вялікі працэнт нашых выпускнікоў вучыцца ў прэстыжных УВА Мінска, Гомеля і іншых рэгіёнаў.

Калі бачу ў дзіцяці задаткі матэматыка, не даю яму спуску, трымаю моцнай матэматычнай хваткай. Дарэчы, у гімназіі многія навучэнцы выбіраюць матэматыку для здачы ЦЭ.

Напрыклад, сёлета з двух выпускных класаў 20 чалавек плануюць здаваць цэнт­ралізаваны экзамен па прадмеце. Несумненна, для падрыхтоўкі прыкладаем шмат сіл. У профільным класе ў раскладзе гімназістаў па шэсць урокаў матэматыкі ў тыдзень, плюс двое факультатыўных заняткаў па суботах, якія вучні спраўна навед­ваюць. Васьмі заняткаў у тыдзень дастаткова, каб запоўніць прабелы, вывучыць спецыяльную літаратуру, абмяняцца цікавымі знаходкамі.

На ўроках настаўніца падае прадмет лёгка, і ў гэтым яе фішка, бо яна ведае, як утрымаць цікавасць вучняў. Матэматыка — сур’ёзны прадмет, не ўсім лёгка даецца. Многім для яе разумення патрабуецца больш часу. Акрамя таго, усе дзеці розныя па характары і тэмпераменце, да кожнага трэба знайсці падыход.

— Заўсёды з цікавасцю гімназісты ўспрымаюць лагічныя задачы, якія патрабуюць нестандартных спосабаў рашэння. Ім падабаюцца матэматычныя пасткі, калі наўмысна дапускаю памылку на дошцы. Гэта дапамагае дзецям узнавіць свае веды. Шчыра радуюся, калі адзінаццацікласнікі не саромеюцца паправіць мяне, бо гэта азначае толькі адно: яны сапраўды працуюць на ўроку, — упэўнена Ганна Панчына.

У класе часта стаіць звонкая цішыня, пануе рабочая атмасфера. Пры гэтым педагог любіць разрадзіць абстаноўку, у матэматыка выдатнае пачуццё гумару.

— Мультыборды, прэзентацыі — нічога гэтага не трэба на ўроку. Прыгожыя карцінкі не навучаць дзяцей рашаць, — лічыць педагог. — Трэба ведаць, як тэхнічна выконваць тыя ці іншыя матэматычныя дзеян­ні, і ўмець гэта рабіць. За гады практыкі сапраўды магу вызначыць, якія прабелы перашкаджа­юць пэўнаму дзіцяці прыйсці да дакладнага рашэння той ці іншай задачы. Разам з вучнем пакрокава высвятляем, з якога моманту і што стала незразумелым, далей працуем на вынік. Рашаем тэсты дыягнастычныя, рэпетыцыйныя, выпрабавальныя і тыя, што складаю я ці іншыя настаўнікі. У гэтым годзе мы ўжо далі адказы на ўсе тэставыя пытанні, якія сустракаліся пачынаючы з 2015 года, прарашалі РТ мінулых гадоў. І не спыняемся на дасягнутым. Разабралі памылкі, якія дзеці дапусцілі на РТ. Прааналізавалі і ідзём далей. Якія заданні сустрэнуцца на РТ, а тым больш на ЦЭ, ніколі не адгадвалі.

Цешыць, што мае вучні дасягаюць выдатных вынікаў. Напрыклад, на рэпетыцыйным тэсціраванні Аляксандра Захаранка атрымала 98 балаў, Аліна Халяўкіна — 96. Дзяўчынкі ўпэўнена імкнуцца ўзяць максімальны бал. Разумнічкі! А адзін вучань проста ашчаслівіў мяне сваім выні­кам у мінулым навучальным годзе. Выпускнік ад прыроды геніяльны, але вельмі лянівы, і ў яго выпадку лянота перамагала розум. Аднак на ЦЭ ён па-сапраўднаму праявіў сябе, атрымаўшы 88 балаў. Цяпер учарашні школьнік вучыцца ў сталічнай УВА на менеджара. Сумненняў няма, што такія мэтанакіраваныя дзеці заўтра стануць доб­рымі студэнтамі. Робіцца ўсё, каб выпускнікі Чачэрскай гімназіі былі канкурэнта­здольнымі і нічым не адрозніваліся ад выпускнікоў сталічных устаноў адукацыі.

Адчуваю гордасць, калі мае выхаванцы становяцца настаўнікамі і вяртаюцца ў родны Чачэрск. Напрыклад, выдатнымі матэматыкамі сталі Алена Гапеенка, Юрый Бацанаў і Уладзімір Лазавой. Дзмітрый Лашкін яшчэ вучыцца на 4 курсе педагагічнага ўніверсітэта і таксама папоўніць калектыў педагогаў.

Аб матэматыцы і выхаванцах Ганна Васільеўна можа гаварыць шмат і нават падчас водпуску не расстаецца з любімай справай:

— Муж смяецца, што, не паспеўшы ку­піць чарговы зборнік тэстаў, пачынаю яго рашаць, не выйшаўшы з кнігарні. А калі хачу маральна адпачыць, заўсёды рашаю судоку — галаваломку з лічбамі. Гэта для мяне сапраўдны рэлакс.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара