Як паспяхова сумясціць вучобу, музыку і харэаграфію, ведаюць у брэсцкай гімназіі № 3

- 14:10АРТ-квартал, Образование

Гімназія № 3 імя В.М.Верамяюк займае адметнае месца ў адукацыйнай прасторы Брэста. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З савецкага часу ў тагачаснай сярэдняй школе № 5 дзейнічалі класы з музычным і харэаграфічным ухілам, на базе якіх у 1993 годзе адкрылася нацыянальная мастацкая гімназія № 3. Ініцыятарам яе стварэння і першым кіраўніком установы стала заслужаная настаўніца БССР Валянціна Верамяюк, засна­вальніца дзіцячага народнага ансамбля песні і танца “Прыбужжа”. Шмат зрабіў для станаўлення гімназіі наступны дырэктар Анатоль Наскоў, сённяшні начальнік гарадскога аддзела па адукацыі. З 2005 года традыцыі ўстановы, закладзеныя папярэднікамі, паспяхова развівае выдатнік адукацыі Беларусі Інеса Кузьміч.

Нягледзячы на змену афіцыйнай назвы і статусу, першапачатковы эстэтычны профіль установы не мяняецца. Вучні 1—9 класаў з задавальненнем наведваюць музычна-харэагра­фічныя заняткі, а для старшакласнікаў арганізавана мультыпрофільнае навучанне.

— Наш творчы калектыў аднадумцаў заўсёды вылучаўся высокім прафесіяналізмам, — гаворыць дырэктар, якая працуе ў гімназіі больш за 30 гадоў. — Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 88% педагогаў, два настаўнікі з’яўляюцца лаўрэатамі cпецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца метадычнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу і рэсурснаму аснашчэнню прадметных кабінетаў. Так, па выніках раённага агляду-конкурсу ў 2020 годзе кабінет беларускай мовы і літаратуры адзначаны дыпломам І ступені. За высокія працоўныя дасягненні ў розных кірунках дзейнасці калектыў гімназіі неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі Брэсцкага гарвыканкама: па арганізацыі выхаваўчай работы, добраўпарадкаванні і як лепшая ўстанова адукацыі Ленінскага раёна горада. Піянерскай дружыне “Сябры” прысвоена званне правафлангавай піянерскай дружыны Брэста.

Сакрэт поспеху гімназіі — у дружным і вопытным калектыве, перадавых тэхналогіях, нястомным творчым пошуку і паважлівых адносінах да традыцый. Выхаванцы ўстановы з гонарам прадстаўляюць яе на прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і творчых конкурсах.

Асаблівая гордасць — творчыя калектывы, якія даўно працуюць у гімназіі. Сярод іх — дзіцячы народны ансамбль песні і танца “Прыбужжа” імя В.М.Верамяюк. Сёлета ён адзначыў 70-гадовы юбілей.

— Пачынаўся ансамбль з невялікага гуртка мастацкай сама­дзейнасці, які аб’яднаў агульнымі інтарэсамі каля 30 вучняў 4—7 класаў, — расказвае Інеса Кузьміч. — У 1957 годзе яго ўдзельнікі ўпершыню занялі 1-е месца ў раённым фестывалі мастацкай сама­дзейнасці школьнікаў. У 1971-м ансамблю прысвоілі званне народнага самадзейнага калектыву, а ў 2013-м — імя Валянціны Верамяюк, якая на працягу 50 гадоў з’яўлялася яго нязменным кіраўніком. Заслужаная настаўніца БССР, кавалер ордэнаў Дружбы народаў і Леніна стварыла для дзяцей цудоўную краіну шчасця, радасці, сяброўства, творчасці і сонца пад назвай “Прыбужжа”.

Калектыў — лаўрэат усіх рэс­публіканскіх аглядаў мастацкай самадзейнасці школьнікаў, прэміі Ленінскага камсамола БССР, рэс­публіканскага тэлефестывалю “Усе мы родам з дзяцінства”, рэс­публіканскіх конкурсаў “Прывітанне, свет!” і “Спяваем разам”, абласнога конкурсу фальклорнага мастацтва “Радавод”.

Сёння ў ансамблі, які штогод дае звыш 50 канцэртаў, спява­юць, танцуюць і іграюць ужо ўнукі першых “прыбужцаў”. У складзе калектыву — больш за 80 удзельнікаў ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў. У канцэртнай групе — 45 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Зараз “Прыбужжа” ўзначаль­вае яго выхаванка Ірына Раманюк. Разам з ёй плённа працу­юць хормайстар Тамара Будзюк, балетмайстар Вікторыя Шумко і канцэртмайстар Ігар Дземянюк.

Педагогаў вельмі радуе, што многія выхаванцы гімназіі паспяхова скончылі музычныя і харэаграфічныя вучылішчы і каледжы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, іграюць, спяваюць і танцуюць у аматарскіх і прафесійных калектывах краіны, а таксама выкладаюць музыку і танцы ў розных установах адукацыі.

Гімназія ганарыцца не толькі “Прыбужжам”. У 1997 годзе тут створаны народны інструментальны ансамбль “ЛАД”, ля вытокаў якога стаяў Юрый Сазанюк. На працягу апошніх 15 гадоў калектыў узначальвае Ігар Дземянюк.

Больш за 20 гадоў ва ўстанове дзейнічае дзіцячы ансамбль народных інструментаў “Дробы”, удзельнікаў якога аб’ядноўвае шчырая любоў да музычнага мастацтва. Шматлікімі дасягненнямі можа пахваліцца і ўзорны дзіцячы аркестр народных інструментаў, створаны ў 1980 годзе. Традыцыі яго папярэдніх кіраўнікоў — Пятра Дземедзюка, Аляксандра Пыліка і Аляксандра Пятрова — сёння працягвае Жанна Трацюк.

— Гэтыя калектывы вя­дуць актыўную канцэртную дзейнасць не толькі ў гімназіі і іншых школах, але і на шэфскіх прадпрыемствах, канцэртных пляцоўках горада, — адзначае Інеса Кузьміч.

Педагогаў і вучняў гімназіі № 3 добра ведаюць у Брэсце як творчых і таленавітых асоб, здольных перадаваць сваю любоў да мастацтва гледачам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА