Як павысіць эфектыўнасць работы профільных класаў прафесійнай накіраванасці? Абмеркавалі на калегіі Мінадукацыі

- 9:38Актуально

Асаблівасці функцыянавання профільных класаў прафесійнай накіраванасці абмяркоўвалі на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Класы прафесійнай накіраванасці адкрываюцца па найбольш запатрабаваных у краіне прафесіях. І гэтая сетка дынамічна развіваецца.

У 2023/2024 навучальным годзе ў 1574 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянавалі 2212 класаў (груп) педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыя­тычнай, інжынернай і чыгуначнай накіраванасці, у якіх вучыліся звыш 20 тысяч чалавек.

Міністр адукацыі Андрэй Іванавіч Іванец у сваім выступленні звярнуў увагу на неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы профільных класаў прафесійнай накіраванасці:

— Сетка такіх класаў у краіне вялікая. Дзякуючы іх функцыянаванню, мы пашырылі для іх выпускнікоў траекторыю паступлення ва УВА без іспытаў. У сувязі з гэтым важна зрабіць акцэнт на выніковасці ўступнай кампаніі і выкананні плана набору ў профільныя УВА на адпаведныя спецыяльнасці. Каб ацаніць рэальную карціну, за ўстановамі адукацыі, дзе функцыянуюць профільныя класы прафесійнай накіраванасці, неабходна замацаваць адпаведныя профільныя ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі.

Важна максімальна выкарыстоўваць патэнцыял прафарыентацыйнай работы ў школе. Штомесяц у рамках шостага школьнага дня арганізоўваць наведванне навучэнцамі альбо ўстаноў адукацыі, замацаваных за профільнымі класамі прафесійнай накіраванасці, альбо арганізацый адпаведных профіляў.

У гэтым годзе вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці былі абноўлены, у іх узмоцнены практычны складнік, які прадугледжвае практычныя заняткі на прадпрыемствах, у ваенных часцях, падраздзяленнях па наздзвычайных сітуацыях. Праграмы распрацаваны з удзелам профільных ведамстваў і ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара