Як павысіць інклюзіўную кампетэнтнасць у дзяцей, ведаюць педагогі Пінкавіцкага дзіцячага сада

- 12:10Образование

Як павысіць інклюзіўную кампетэнтнасць у выхаванцаў, ведаюць педагогі Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння шмат гавораць пра талерантныя адносіны адно да аднаго, але далёка не ўсе гатовы да іх, — расказвае настаўнік-дэфектолаг Юлія Дубойская. — Талерантнасць выхоўваецца шляхам развіцця добрых звычак, манер і культуры міжасобасных зносін, умення жыць у свеце непадобных людзей. Многія дзеці лічаць, што ўсе вакол думаюць і адчуваюць аднолькава, але гэта, як вядома, не так. Наша задача ў тым, каб растлумачыць выхаванцам: неабходна прымаць і разумець іншых людзей такімі, якія яны ёсць. Гэта складана, але магчыма.

Каб дашкольнікі адэкватна ўспрымалі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Юлія Дубойская ўжо некалькі гадоў рэгулярна праводзіць заняткі “Незвычайныя рэчы звычайных людзей” разам з інструктарам-метадыстам па сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Святланай Цяляк. Канспекты заняткаў распрацоўваюцца з удзелам спецыяліста грамадскага аб’яднання, якое прадастаўляе матэрыялы і тэхнічныя сродкі для іх.

Падчас заняткаў у дзяцей фарміруюцца цярпімасць да ўнікальнай асобы іншага чалавека, талерантнасць мыслення і паво­дзін. Так, Святлана Цяляк знаёміць малышоў з тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, спартыўным інвентаром для асоб са слабым зрокам і невідушчых, са спецыяльнымі прыстасаваннямі для навучання іх чытанню і пісьму па сістэме Брайля.

— З выхаванцамі абмяркоўваем асаб­лівасці людзей са слабым зрокам і невідушчых, — працягвае Юлія Дубойская. — Дэманструем тэматычныя слайды з людзьмі з белым кіем у розных бытавых сітуацыях, з узорамі тактыльных шыльд і папераджальнай пліткі. Тлумачым, дзе і для чаго яны размяшчаюцца.

Каб дзеці лепш зразумелі пачутае, педагогі паказваюць ім, як паводзіць сябе пры сустрэчы з невідушчым чалавекам і як дапамагчы яму сарыентавацца на мясцовасці.

Для замацавання ведаў прапануецца гульнявая сітуацыя, дзе трэба дапамагчы невідушчаму чалавеку, у ролі якога выступае педагог, дабрацца да пэўнага месца. Пасля гэтага дзеці спрабуюць самі з дапамогай кія знайсці перашкоду на дарозе.

— Для тлумачэння асаблівасцей чытання і пісьма людзей з парушэннямі зроку паказваем універсальныя шыльдачкі з плоскадрукаваным тэкстам, прадубліраваным тэкстам Брайля, прадметы побыту з надпісамі,
выкананымі плоскадрукаваным тэкстам і тэкстам Брайля, — гаворыць Юлія Дубойская. — Прапануем таксама выхаванцам навобмацак вывучыць плоскадрукаваную прадукцыю, прадубліраваную тэкстам Брайля, і кнігі, напісаныя яго шрыфтам. Паказваем дзецям рускі алфавіт і лічбы, выкананыя па сістэме Брайля. Тлумачым спосаб напісання і чытання літар і лічбаў. Калі дазваляюць узровень ведаў і ўзрост дашкольнікаў, то яны самастойна з дапамогай прыбора для пісьма і грыфеля пішуць літары па сістэме Брайля. Калі ж дзеці не ведаюць літар, то іх запісвае педагог, а яны падушачкамі пальцаў дакранаюцца да атрыманых напісанняў літар ці лічбаў.

Вялікую цікавасць у выхаванцаў выклікаюць бытавыя прыборы з маўленчым суправаджэннем функцый: тэрмометр, падлогавыя і кухонныя вагі, наручны тактыльны гадзіннік…

Педагогі прапануюць дзецям наліць у шклянку вады, знаходзячыся ў прыцемненых акулярах. Малышы прыдумваюць розныя спосабы кантролю за тым, каб вада не пралілася. Пасля гэтага іх знаёмяць з індыкатарам узроўню вадкасці, тлумачаць яго прызначэнне і прапануюць выканаць папярэдняе заданне, але ўжо з дапамогай індыкатара.

Не пакідае дашкольнікаў раўнадушнымі і спартыўны інвентар для невідушчых. Дзеці знаёмяцца з шашкамі і шахматнай дошкай, гуляюць у “Чароўны мяшэчак”, дзе навобмацак адгадваюць колер прадметаў.

З дапамогай мультымедыйнага праектара ці інтэрактыўнай дошкі педагогі паказваюць відэафрагменты гульняў — шоўдаўна і галбола, спецыяльна распрацаваных для адпачынку невідушчых людзей. Дашкольнікі знаёмяцца са спартыўным абсталяваннем і правіламі гульняў, пасля чаго гуля­юць у іх.

— Праведзеныя заняткі дзеці абмяркоўваюць дома з бацькамі, што сведчыць пра іх эмацыянальнае ўздзеянне на выхаванцаў. Убачанае і пачутае дазваляе ім зразумець: людзі, якія адрозніваюцца па фізічных магчымасцях ад іншых, жывуць амаль тым жа жыццём, што і людзі без асаблівасцей, — падагульняе Юлія Дубойская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ